РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
29. ВЫКЛІК
        
29. ВЫКЛІК

        
        Праз два тыдні Эрна Бэргдорф запрасіла Марыю на народзіны сваёй дачкі.
        -- Вы мусіце прыйсьці, Алена, -- сказала яна са сваёй абяззбройнай усьмешкай, калі яны сядзелі на іхным заднім дворыку.
        Маленькая Эрна сядзела ў яе на каленках, Эрык качаўся на гушкалках. Бэргдорфа не было: пэўна быў на працы.
        -- Эрна так хоча, -- настойвала місіс Бэргдорф. -- Праўда, Эрначка? Ну, скажы цёці лэдзі, што ты хочаш, каб яна прыйшла на твае народзіны.
        -- Калі ласка, місіс Алена, вы прыйдзеце? -- запыталася дзяўчынка, абдымаючы сваю найнавейшую ляльку Пэні.
        -- Добра, Эрначка, -- Марыя шчыкнула яе за ружовую шчочку. -- Хіба я магу адмовіць на такое запрашэньне. А каго ты яшчэ запрасіла?
        Дзяўчынка задумалася, тады адказала:
        -- Джэйн прыйдзе, Мэры ды Айрын... А хто яшчэ, мама?
        -- Ну, я думаю, гэта ўжо будзе добрая кампанія. Цяпер можаш лічыць яшчэ і місіс Алену.
        -- Я так рада, што вы прыйдзеце, місіс Алена, -- заўсьміхалася дзяўчынка Марыі.
        -- І я буду рада, -- Марыя таксама ўсьміхнулася ёй. -- Ну, а колькі табе ўжо будзе?
        -- Пяць! -- умомант ускінула сваю раскрытую далоньку дзяўчынка.
        -- Ай-ай, якая ты ўжо вялікая, Эрначка! Наступнай восеньню ўжо пойдзеш у садок. А мама ўжо казала табе, якія падарункі ты атрымаеш на народзіны?
        -- Не, не казала. Але я ёй гаварыла, што я хачу.
        -- Ну, і што ты хочаш? Ці гэта сакрэт?
        -- Яна хоча поўную хату лялек, -- засьмяялася старэйшая Эрна. -- Ну, дачушка, а можа ты зьбегаеш да Айрын, паглядзіш, што яна там робіць?
        -- Яе няма ўдома, мама.
        -- А дзе яна, ведаеш?
        -- Ня ведаю. Нікога няма ўдома. Можа, яны на возера пайшлі.
        -- Добра, тады ідзі пагуляй з Эрыкам на гушкалках. Хадзі, -- Эрна мякка шлёпнула ніжэй спінцы, і дзяўчынка пабегла да браціка.
        Народзіны Эрны былі прызначаныя на чацьвер папоўдні.
        Марыя ведала, што абое Бэргдорфавы дзеці й іхная маці любілі яе. Пасьля той незабыўнай гаворкі з айцом Паўлам яна ўжо сядзела зь імі два разы, як Бэргдорфы хадзілі ў тэатар. Марыя не магла не падзівіцца, як яна прывязалася да дзяцей так хутка.
        Падчас першага вечара Марыя намервалася падсунуць Бэргдорфу ягоныя ж собскія лекі. Яна так была захопленая гэтай ідэяй, што калі яна зайшла ў ягоны пакой, раптам заўважыла, што крэпка сьціскае ў правай руцэ кухонны нож. Раптоўнае разуменьне, якую жахлівую рэч яна надумала, вярнула яе да рэальнасьці.
        А рэальнасьць у той час была заблытаная. Змучаная тым становішчам, у якім яна была, ня здольная выцягнуць сябе зь лябірынту сваіх супярэчных пачуцьцяў, яна разглядала сваю цяперашнюю дылему як чарговае Божае пакараньне.
        Была на адлегласьці аднаго ўдару ад забойцы -- і не магла яго нанесьці. Ейныя рукі былі зьвязаныя і Боскімі, і чалавечымі законамі.
        Марыя часта разважала, ці ведае сам Бэргдорф пра гэты ахоўны для яго шчыт. Ведаў ён, ці яму было абыякава -- Марыі ад гэтага не было лягчэй.
        Калі б яна знайшла яго самотным, спраўджаньне помсты было б хуткім і бязьлітасным.
        Але ёсьць Эрна й дзеці.
        А тут яшчэ Мікола са сваімі заляцаньнямі.
        Яна стала знэрваванай і расьсеянай. Нядаўна ў шпіталі яна настолькі была занятая сваімі праблемамі, што зусім згубіла пільнасьць, пабіла некалькі талерак, пасьля чаго кухонны загадчык папярэдзіў яе, што яшчэ раз такое, і яе звольняць.
         А Мікола, як аказалася, меў цалкам сур'ёзныя намеры і ніяк ня мог зразумець, што там за прычыны, што зрабілі яе такой халоднай і абыякавай да яго. Ён рабіўся ўсё больш настойлівым. Марыі не хацелася адпіхнуць яго зусім, бо ён вельмі ёй падабаўся, але падзяліць зь ім свае праблемы яна не магла.
        Паколькі завяршэньне ейнай "місіі" пагразла ў багне ейных супярэчных пачуцьцяў, сумнёваў, самавінавачаньняў, ёй нічога не заставалася, як пакорна чакаць выпадку, каб пабачыць, як дзейнічае "чароўная і загадкавая рука Боская".
        І яна дачакалася.
        
        Надышоў той чацьвер, бяседа з нагоды народзінаў маленькай Эрны.
        Ёган Бэргдорф, пэўна, добра рассупоніў папружкі сваёй каліты, бо пасьля вітальных прыпевак па-нямецку й па-ангельску, запальваньня сьвечак на вялізным торце вочкі маленькай Эрны расплюшчыліся шырака ў захапленьні, як яна распакавала падарункі ды знайшла там усё, чаго яна жадала. Ейны тварык сьвяціўся шчасьцем, яна весела шчабятала, з гонарам паказваючы свае новыя скарбы сваім тром шаноўным госьцейкам.
        Марыя падарыла ёй дзіцячую кніжку з карцінкамі і амаль зачырванелася, калі Эрна разгортвала ейны пакет: тая ледзь зірнула на тое, што было самым звычайным падарункам. І усё ж, спануканая мамай, яна ўзнагародзіла Марыю ўдзячнымі абдымкамі.
        Скончылася бурная цырымонія распаковак падарункаў, і дзеці пасунуліся з новымі цацкамі ў пакой для гульняў.
        Эрна прынесла засмажаную індзюшку ды іншыя далікатэсы, а Бэргдорф са шчасьлівай бацькоўскай усьмешкай урачыста напоўніў чаркі ды падняў тост за здароў'е маленькай Эрны й за ейную бліскучую будучыню.
        За першай чаркай хутка пайшла й другая. Бэргдорфы пілі, але Марыя ледзь прыгубіла сваю.
        Як гэта часта бывае, пасьля ладнай закускі, падмацаванай добрай выпіўкай, людзі за сталом пераходзяць да абмеркаваньняў надзённага й вечнага. Сямейныя сьвяткаваньні звычайна прыцягваюць увагу гасьцей да гаспадарскіх тэмаў. Бэргдорфы не аказаліся выключэньнем з правіла.
        Шчасьлівая й захмялеўшая Эрна нясьведама пацягнула курок, хаця й ускосным шляхам, для спраўджаньня Марыінай "місіі".
        -- Дзеці такія пацешныя! -- сказала яна ў запале, задаволеная сваім выкананым мацярынскім абавязкам, -- Яны прыносяць столькі радасьці й шчасьця!
        Бэргдорф ухваліў заўвагу сваёй жонкі цёплай усьмешкай, як Марыя тымчасам сядзела змрочная, гледзячы проста перед сабой. Але п'яная рожа забойцы насупраць стала адразу вывела яе з хвіліннага забыцьця. Яна сядзела, як на вугалях, раздражнёная, робячы магутныя высілкі, каб трымаць на твары маску задаволенасьці.
        І тады Эрна завярнулася проста да яе:
        -- Алена, вы неяк сказалі мне, што ў вас былі дзеці. А што зь імі сталася?
        Яна й не здагадвалася, што сама запаліла той бікфордаў шнур, які хавала ў душы Марыя на гэткі выпадак.
        -- Так, Эрна, -- ахвоча падхапіла Марыя. -- У мяне былі двое: хлопчык такога ж узросту, як ваш Эрык, і дзяўчынка -- паўтары гадкі.
        -- Ну, што, што сталася зь імі? -- нецярпелася Эрне.
        Марыя перавяла дых.
        Ёй падалося, што яна заўважыла, як нэрвова дрыгнуў мускул на самазадаволеным твары Бэргдорфа. Ён паёрзаў на сваім крэсьле, у шэрых, замыленых алкаголем вачах зьявілася зьбянтэжанасьць.
        Для максымальнага эфэкту Марыя вырашыла выпаліць усё цалкам.
        -- Абое маіх дзетак разам з маёй маці былі забітыя падчас вайны чалавекам, якому мы былі ратавалі жыцьцё. Усе мы чацьвёра былі расстраляныя гэтым п'яным вырадкам. Адно дзівосным паваротам лёсу я сама выкараскалася жывой з нашае магілы.
        Зьдзіўлены вокліч Эрны перакрыў шумныя галасы дзяцей у суседнім пакоі. Яна замёрла, утаропіўшыся ў Марыю з поўным недаверам.
        Бэргдорфава рука, што была пацягнулася за бутэлькай, завісла над сталом. Падчас Марыіных словаў злосныя іскры зьявіліся ў ягоных вачах, якім, здавалася, стала няўтульна ў вачніцах. Але ён трымаў сябе ў руках.
        -- Ах, Алена, прабач... Я ня ведала... Ня варта было мне пытацца, -- вінавата спахапілася Эрна. -- Прабач... Я кажу... калі табе цяжка, ня будзем гаварыць аб гэтым... -- яна ўскінула вочы на мужа, але была настолькі ўзрушаная такім паваротам гамонкі, што нават не заўважыла пераменаў у ім.
        -- Не, чаму ж, -- адказала Марыя, -- Я магу расказаць.
        Яна спустошыла сваю чарку да дна, каб наддаць сабе сьмеласьці.
        -- Божа мой, гэта мусіць быць цэлая гісторыя! -- адарыла спагадлівым паглядам Марыю Эрна. -- Расказвай.
        -- Як я казала табе раней, майго мужа мабілізавалі ў войска перад самай вайной. Я засталася адна з сынам Валодзем і з мамай. Потым нарадзілася нашая Аленка. Мой муж так і не пабачыў сваёй мілай дачушкі... Мы жылі ў вёсцы, я працавала ў мясцовым шпіталі. Зарплата ў мяне была нішчымная, але неяк выжывалі... Тады пачалася вайна, немцы рушылі на Беларусь. Нашая вёска знаходзілася побач вялікага гасьцінцу, па якім адыходзілі савецкія войскі. Гэта было проста перапалоханае людзкае мора. Аднойчы сярод белага дня на іх наваліліся нямецкія самалёты. Адбылася вусьцішная бойня. Быццам вялізным секачом паласавала па людзкіх калёнах... А позна ўначы -- я ўжо клала дзяцей спаць -- мы з мамай пачулі, як быццам нехта пастукаўся ў дзьверы, і тады як нешта грымне там -- ну, што мех з бульбай паваліўся на ганку. Мы асьцярожна адкрылі дзьверы -- аказалася, гэта паранены савецкі жаўнер. Зусім слабы, скрываўлены, ледзь дабраўся да хаты й зваліўся непрытомны ля парога. Мы ўсьцягнулі яго сабе ў хату... Мы лячылі яго, як маглі, хадзілі за ім, хавалі ад немцаў... Ён быў малады, прыгожы. Казаў, зь Ленінграду. Пісараў -- ягонае прозьвішча...
        Марыя пачала зь цяжарам, але чым далей, ейны ціхі, усхваляваны голас набіраў цьвердыні. Адно часам яна спынялася, бы ўзгадваючы падрабязнасьці. Хаця эмоцыі ўсё болей і болей забіралі яе, але ейная заўсёдная ўжо пільнасьць падказвала зьберагаць казырную карту напасьля. Яна вырашыла, што поўнае выстаўленьне Бэргдорфа ягонай жонцы зараз прынясе Эрне й ейным дзецям непапраўны боль. Ёй падабалася гэтая жанчына, і яна падазравала, што місіс Бэргдорф і не здагадвалася, як ейны муж усьцілаў свае ваенныя шляхі людзкімі касьцямі й шчодра паліваў іх нявіннай крывёю. З гэтых жа прычын яна й замяніла сапраўдныя імёны прыдуманымі.
        Тымчасам, як Бэргдорф усё ёрзаў на крэсьле, кідаючы Марыі зьнішчальныя позіркі, Эрна слухала зацікаўлена.
        -- Ну, і што далей было? -- увесь час падганяла яна.
        -- Ён меў вельмі цяжкое раненьне ў жывот. Мы хавалі яго ў закінутай лесьнічоўцы, у лесе, цэлае лета даглядалі яго....
        -- І вы кармілі яго і хадзілі за ім увесь гэты час?
        -- Так. Гэта было няпроста, мушу сказаць. Ведаеш, хаваючы варожага жаўнера, мы рызыкавалі жыцьцямі ўсёй сям'і, нат зь дзецьмі ўлучна. Калі б нас злавілі, пазабівалі б усіх... Часам было так страшна, так вусьцішна... мы спаць не маглі па начах. Але насілі яму ежу, як мага пазьней, калі сьцямнее, каб ніхто ня ўбачыў... Бадай, некаторыя з суседзяў усё ж здагадваліся, ці нават ведалі, але ніхто так і ня выдаў нас немцам. Такія ў нас людзі, яны заўсёды гатовы падтрымаць адоленага, нават рызыкуючы жыцьцём. Напэўна, гэта таму, што мы так доўга ў паняволеньні й ненавідзім усіх прышлых гаспадароў, але занадта слабыя, каб разарваць ланцугі сваімі сіламі...
        -- І што далей? Вы выгадавалі яго...
        -- Так. Гадавалі, даглядалі... І ня ведалі тымчасам, што выхадзілі сабе забойцу.
        -- Мой Бог! Што ты гаворыш! Як гэта сталася? Расказвай.
        -- Ачуняў ён хутчэй, чым я меркавала. Але, паправіўся, зрабіўся здаровым, што конь. ...Каб зьбянтэжыць яшчэ больш маю няўпэўненасьць, ён пачаў заляцацца й цягнуць мяне ў ложак.
        -- І не кажы, -- пасьміхнулася Эрна.
        Марыя ўспрыняла ейную рэпліку адхілена, глянула на бледны твар Бэргдорфа й працягвала:
        -- Так што я вырашыла прыйсьці ды паглядзець, які ёсьць сапраўды ягоны стан, днём, калі сьветла. Хатка была пустая, але ён мусіў быць недзе побач. І зьявіўся, калі я ўвашла ўжо ў хату. На гэты раз ён вырашыў узяць мяне сілай. Мне давялося борацца зь ім...
        -- Які падонак! -- скрывілася Эрна, уся ўважлівая да Марыі, забыўшыся на свайго Ёгана.
        -- Мне ўдалося вырвацца: я ўваліла яму праміж ног... І пакуль ён курчыўся, зьбегла, крыкнуўшы напасьледак, што не жадаю яго больш бачыць.
        -- Угу... відавочна, што ён і паправіўся, і добра ад'еўся на вашых харчах, -- не ўтрымалася Эрна, каб не хіхікнуць.
        -- Во-во, -- кіўнула Марыя. -- Ну, вось... Наступным днём я прыйшла паціху пераканацца -- ён сышоў. Мы з мамай падзякавалі Богу. Ня проста было выканаць гэты хрысьціянскі абавязак, ведаеш... зь немаўляткам на руках... немцы паўсюль, вайна...
        -- Ты ўсё яшчэ працавала ў шпіталі? -- запыталася Эрна.
        -- Не. Тады я ўжо выкладала ў школе. Яшчэ перад вайной я здабылася на вышэйшую адукацыю. ...Настаўнікаў не хапала, так што я вяла чатыры клясы адначасова.
        -- Ну, й што з тым Пісаравым?
        -- Каб лягчэй зразумець, што здарылася далей і чаму, я мушу трошкі ўхіліцца ад тэмы. ...Мушу патлумацыць, што сама нашая краіна падчас вайны была проста пеклам. Сталін скідаў нашкаляваных апэратыўнікаў для арганізацыі партызанскай вайны за лініяй фронту. Яны зьбіралі дэзэртэраў і вялі мабілізацыю сярод тутэйшых сялян у партызанскія атрады. Немцы ў сваю чаргу сталі праводзіць нечувана брутальныя карныя апэрацыі сярод мясцовага насельніцтва, што выклікала, трэба сказаць, хуткае павелічэньне чырвоных партызанскіх атрадаў. Немцы стараліся ўтрымліваць гарады й мястэчкі, абаранялі камунікацыйныя лініі да фронту -- скажам, займаліся самааховай. Калі яны саслаблі, то таксама пачалі шукаць дапамогі тутэйшых. Беларусы -- народ недаверлівы й неактыўны, мала хто зь іх пайшоў служыць да немцаў у шуц-паліцайскія атрады. Але затое ўсялякая шваль ды мярзотнікі ўзрадаваліся такой зручнай нагодзе... Хутка стала зразумелым, што заміналі яны акупацыйным уладам ня меней, чым дапамагалі. У вэрхале вайны ўся гэтая мярзота ўспрымала сваю вайсковую вопратку ліцэнзіяй на забойствы, гвалт і рабаваньне мірнага, безабароннага насельніцтва. Былі спаленыя сотні вёсак разам зь людзьмі жыўцом... Немагчыма дагадзіць абаім гаспадарам, асабліва, калі жывеш у памежнай зоне, дзе ўлады перахлёстваюць адна адну. Тутэйшыя людзі зрабіліся проста мішэньню для рэпрэсіяў і вымяшчэньня злобы з абаіх бакоў.
        -- Божа мой, як гэта жахліва, -- прашаптала Эрна.
        -- Напрыканцы наступнага лета па ўсёй нашай акрузе зрабіўся вядомым адзін надта крыважэрны паліцай, нехта Шварц. Адно ягонае імя наводзіла жах на няшчасных сялян. І ён, і ягоныя ваякі, як ніхто, славіліся найвялікшым уменьнем у гвалце, рабаўніцтве ды выпальваньні цэлых вёсак зь людзьмі жыўцом. ...І вось аднойчы ўзімку давялося і мне сустрэцца зь ім.
        Марыя спынілася, ускінула галаву й пранізьлівым паглядам кінула выклік Бэргдорфу.
        Ён адвёў вочы й пацягнуўся за бутэлькай -- пабаяўся вытрымаць ейны абвінавальны пагляд. Але ён падаваўся спакойным.
        -- Ёган, -- завярнулася да яго Эрна, -- налі і мне. Ой, я чую, гэтая гісторыя занадта для мяне... А ты вып'еш яшчэ, Алена?
        Марыя перадала ёй сваю чарку. "А ці не хацелася б яму напоўніць гэтую чарку атрутай?" -- падумалася ёй.
        Падлюга відавочна ўтрымліваў сябе ў руках, бо Эрна так нічога яшчэ й не заўважыла.
        Яна перадала чарку Марыі, кінула туды кавачак лёду:
        -- Ну, і што далей?
        -- А далей... Гэта была чыстая, месячная марозная ноч, калі ўсё вакол добра бачна... Маці выйшла на двор па дровы ды ўбачыла двох саней зь людзямі, што ехалі ў нашую вёску. Яна падумала, што партызаны, і пабегла ў хату папярэдзіць мяне. А я з хворай дачушкай на руках.. Ну, што... Тады мы пачулі грукат ботаў у сенцах, дзьверы расчыніліся, уваліліся тры мужыкі. І наперадзе стаіць -- хто б вы думалі? -- сам Пісараў у паліцайскай вопратцы.
        -- Божа мой! -- усклікнула Эрна.
        Марыя зрабіла паўзу, каб даць стравіць гэтае, і пацягнула з чаркі, сьвідруючы вачыма Бэргдорфа.
        -- Трэба было бачыць, як была рада мама запрасіць чалавека, які быў некалі часткай нашага жыцьця. Яна рушыла да яго, хацела абняць. А ён са сваім аўтаматам наперавес паводзіўся, бы ён тут вяршыцель жыцьцяў і сьмерцяў. Дый п'яны ён быў. Як пхне яе, што яна чаго не павалілася, ды як раўкне: "Я ня Пісараў, дура ты старая! Мяне завуць Шварц". ...Мы што аслупянелі. Во гэта наш Ваня, аказваецца, той самы -- Шварц! ...А што ён хоча ад нас цяпер? ...Жах пераразэў аж да костак -- у мяне ж дзеці на руках! ...Мама паспрабавала яго ўлагодзіць, але ён зноў шпурнуў яе долу ды запатрабаваў -- зараз скажу дакладна ягоныя словы -- "Дзе твая дачушка, недатыка гэтая?"
        А я была за перабіўкай, калыхала Аленку на руках. Мяне як жахнула: вось чаго ён -- прыпомніў, як я не дала яму. Не было часу й раздумаць, што рабіць, ажно ён ужо ўваліўся за перабіўку, убачыў мяне, згроб ручышчамі. Я баранілася, як магла, мама прыбегла, цягнула яго. Ён вырваў маю дачушку з рук, кінуў долу й ботам шпыняў яе прэч. Мне зрабілася цёмна ўваччу, я самлела. Як маё дзіця залямантавала на падлозе, я чаго не звар'яцела. Ды куды ж зь ім управіцца? І тут мяне перацяла чаргой з аўтамата, як маланкай па ўсім целе. І ўсё: зрабілася цёмна...
        Марыя спынілася пераняць дых. Яна падзівілася, ці зможа давесьці да канца сваю гісторыю, ці хопіць у яе вытрымкі, або раптам кінецца на таго вырадка, што сядзіць проста насупраць.
        Эрна паглядзела на Ёгана й, заўважыўшы, што ён неяк дзіўна трымаецца, спыталася з трывогай:
        -- Што ты, Ёган? Ты не выносіш гэткіх аповедаў? -- і тады мяккім голасам, -- Ну, мілы, ты ж быў на вайне, ты ж бачыў, як гінуць людзі... Што з табой, Ёган?
        -- Н-не, нічога-нічога... -- пракхекаўся Бэргдорф, вінавата гледзячы на Эрну. -- Усё ў парадку.
        -- Ну, а як жа ты выжыла? -- зьвярнулася зноў да Марыі Эрна, прагная пачуць канец гісторыі.
        -- Ачуняла я ў партызанскім шпіталі. Была, пэўна, некаторы час беспрытомная; зь мяне вынулі дзьве кулі, я згубіла шмат крыві. ...Там, відаць, была засада на банду Шварца, але гэты вырадак уцёк. Мне сказалі, што мае дзеці й маці загінулі, дом згарэў.
        Настала доўгае маўчаньне.
        Было чутна, як у суседнім пакоі валтузіліся дзеткі ў сваіх няхітрых, вясёлых гульнях.
        Бэргдорф набіў і запаліў люльку.
        -- А як ты ўцякла ад партызанаў? Ты ня бачыла, ня чула больш нічога пра Шварца? -- запыталася Эрна.
        -- Гэта доўга расказваць, як я ўцякла ад партызанаў, пасьля таго як паправілася. А Пісарава-Шварца я больш ня бачыла. Чула, што ён зьбег ад наступу Чырвонае арміі, і потым яго бычылі цэлым і здаровым у Нямеччыне.
        -- Божа Ўсемагутны! -- усклікнула Эрна. -- Вось жа скурнік! Пэўна ж, недзе зараз жыве.
        Вось ён! -- вырашыла Марыя. Вось доўгачаканы, пасланы нябёсамі момант, каб нанесьці ўдар.
        Эрна -- мілае, наіўнае дзяўчо -- сама ўсадзіць нож.
        Марыя прамовіла з расстаноўкай, гледзячы проста Бэргдорфу ў вочы:
        -- Чаму ж не. Пэўна што -- жыве. Пэўна, нават ажаніўся і дзетак мае.
        Маўчаньне.
        -- Вось ты падумай, -- загаварыла разважліва Эрна. -- Сапраўды, ён можа і ажаніўся, і мае любую жоначку, і пару дзетак, як у нас... І ўвесь час удае зь сябе богабаязнага, прыстойнага мужа й добрага бацьку -- і ягоныя жонка й дзеці ня маюць аніякага ўяўленьня аб тым, што іхную сям'ю спарадзіла такая пачвара... месца якой адно на шыбеніцы, за ногі падвешаным!..
        Вумніца, малайчына! -- падумала Марыя. Табе можна паапладзіраваць -- эх, каб можна было.
        Ну, што? Цяпер -- ваш выхад, містэр Бэргдорф.
        -- Заткніся! Ты..! -- раўкнуў той, ускочыўшы на ногі, раз'ятраны, гатовы кінуцца на жонку, як паранены мядзьведзь.
        -- Ёган! Ды што з табой? -- ахнула Эрна.
        Ягоны выбух стаўся такім нечаканым, што яна, пэўна, мусіла заклапаціца, ці здаровы ён, урэшце.
        -- Табе нядобра, ці што? -- запыталася яна матчыным голасам.
        На бацькоўскі рык прыбеглі дзеці з пакою для гульняў і пасталі цяпер у дзьвярах, няўцямныя, чаго гэта бацька так узьвіўся.
        Зразумеўшы зараз жа, што ён чаго ня выдаў сябе, Бэргдорф прамармытаў нешта й пайшоў з гасьцёўні. Эрна праводзіла яго трывожнымі вачыма.
        -- Прабач, Эрна, -- загаварыла Марыя. -- Я ня ведала, што твой муж такі чульлівы. Ня трэ было...
        -- Ах... Я часам думаю, што ён, пэўна, прайшоў усе кругі пекла на гэнай вайне. Каб ты толькі ведала, які ён добры, пяшчотны, далікатны. Не пакрыўдзіць і мухі... Відаць, нацярпеўся на той вайне. Ніколі ня хоча гаварыць аб ёй...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.