РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
23. У СУДЗЕ
        
23. У СУДЗЕ

        
        Раніцай паліцэйскі самаход прывёз іх ва ўнутраны двор вялізнага будынка, і празь цяжкія бакавыя дзьверы іх завялі ў драцяную клетку. Астрожная наглядчыца з паважным выразам увіхалася са сваімі штодзённымі абавязкамі са спраўнасьцю добра падмазанай машыны.
        Марыя агледзела пакой, запоўнены рознымі людзьмі, жанчыну з Арміі Паратунку, што сядзела на першай лаўцы, мужчынаў за сталамі перад крэслам судзьдзі. Бяссоная ноч ляжала цяжарам на ейных вейках. Ад рою думак, разварушаных блізкасьцю да зброі правасудзьдзя, закалацілася сэрца, ёй зрабілася нядобра.
        Вакол бальшыні жанок у клетцы віравала аўра абыякавасьці. Некаторыя перашэптваліся й хіхікалі, іншыя адно пазяхалі й нудзіліся, як быццам гэта была дзея нейкай надакучлівай драмы, якую яны ўжо бачылі сто разоў, у якой яны ўжо ведалі, як паводзіцца й што рабіць і якіх судзеяньняў, калі такія магчымы, чакаць ад іншых на гэтай шматлюднай сцэне.
        Пакой зь непамерна высокай столяй выглядаў пагражальным. Шэрагі даўгіх лавак перад памостам судзьдзі. Жоўтае сьвятло ад дзьвюх адасобленых прыладаў нейкім чынам разьвейвала мутны прыцемак, што быў у пакоі нават у сонечны дзень. На сьцяне выява з маладой, грацыёзнай, прамяністай жанчынай так не пасавала ўсяму гэтаму асяродзьдзю. Марыя ўжо ведала, што гэта маладая каралева, каранаваная кіраўнічка краіны.
        Самае апошняе, чаго Марыя чакала ад гэтага сьвету, -- капрызам лёсу сутыкнуцца з законам гэтай краіны. Было ўжо цалкам відавочна, што яе арыштавалі за прастытуцыю. Тое, што гэта жахлівая памылка, нікому не абыходзіць. Што вырашыць судзьдзя, тое і будзе. А як яна зможа яму патлумачыць, што адбылося, -- калі язык у яе завязаны чужой мовай? У іх павінен быць тлумач, напэўна павінен. Трэ было папрасіць. Мусіць жа ў гэтых людзей быць хоць кропля разуменьня й спагады...
        Вось ахайна прыбраны чалавек, мажны, сярэдняга веку -- сакратар суду -- падняўся і прамовіў афіцыйным, добра пастаўленым голасам:
        -- Калі ласка, усім прысутным устаць. Магістратны суд ідзе. Судзьдзя Фэргусан на чале.
        Высокі мужчына ў чорнай мантыі зьявіўся ў бакавых дзьвярах, падышоў да памоста, узяў малаточак і, стукнуўшы тры разы, абвесьціў:
        -- Суд пачынаецца. Клеркам падаць справы, калі ласка.
        Судзьдзя Фэргусан агледзеў натоўп, што сабраўся перад ім, паліцыянта каля дзьвярэй, потым кінуў вокам на драцяную загародку, запоўненую дзённым ураджаем кліентак. Як ён прыняўся за справы, ягоны абыякавы голас і паводзіны засьведчылі, што гэтая гульня для яго ня новая; некаторыя з тых, над кім ён вяршыў правасудзьдзе, былі ўжо надта яму знаёмыя.
        Марыя ніколі яшчэ ня бачыла, як праходзіць суд, ні ў камуністычнай, ні ў дэмакратычнай краіне. З тых кніг, дзе яна чытала аб ім, яна магла адно цьмяна сабе ўявіць, што суд -- гэта нешта накшталт бою. Зараз судзьдзя Фэргусан падаваўся ёй робатам, цалкам непранікальным і глухім да людзкіх патрэбаў тых, хто стаяў перад ім, які не дапускаў большай разумнасьці, чым гэта палягалася законам.
        Калі надышла ейная чарга, Марыя зусім згубіла жаданьне рушыць, і наглядчыца падапхнула яе далікатна за загародку. Як яна ні зьбіралася з духам, як ні падрыхтоўвалася, яна (усё ж) задрыжэла перад пранікальным позіркам судзьдзі. Яна чулася нібы голай. Так моцна, што сакратар, высокі, у гадах мужчына з савіным тварам мусіў паўтарыць пытаньне двойчы, каб вярнуць яе да рэальнасьці. Гэтак мусіць адчуваць сябе заяц, затраўлены ў пастку паляўнічымі.
        -- Дваццатага ліпеня, -- бубнеў манатонным голасам сакратар, -- прысутная тут Марыя Каравай, асоба бяз вызначанага мейсца жыхарства, бяз сродкаў да існаваньня, была заўважана ў раёне вуліц Дандас і Джарвіс. Яна сноўдалася там некалькі гадзінаў, чапляючыся да мінакоў. Калі Джон Сміт, паліцэйскі канстэбль, задаў ёй пытаньні, пэўнага тлумачэньня сваім паводзінам не дала. Прысутная Марыя Каравай была затрымана й абвінавачана ў бадзяжніцтве.
        -- Марыя Каравай, ці пагаджаецеся з абвінавачаньнем? -- запытаўся сакратар.
        -- Я... -- Марыя запнулася. -- Я нічога не разумею.
        -- Вы не разумееце па-ангельску?
        -- Так.
        -- На якой мове вы размаўляеце?
        -- Па-беларуску, па-расейску й па-нямецку.
        -- Вашамосьць, ці можам мы мець ваш дазвол запрасіць тлумача?
        Судзьдзя кіўнуў, і тады з лавы падняўся лысы, з выглядам навукоўцы, мужчына й падышоў да Марыі.
        -- Містэр Сарочка, калі ласка, запытайцеся ў гэтай жанчыны, ці пагаджаецца яна з абвінавачаньнем.
        Перакладчык пасьля тлумачэньня абвінавачаньня сказаў Марыі, што яна мусіць прызнаць сябе вінаватай ці невінаватай. Адчуваючы на сабе позіркі ўсіх прысутных, Марыя не магла паварушыць языком, пакуль ад яе зноў не патрабавалі заявы.
        -- Невінаватая, -- прамовіла яна ўрэшце.
        -- Тады, місіс Марыя Каравай, ці можаце вы расказаць нам сваімі словамі, што адбылося? -- запытаўся сакратар.
        -- Вашамосьць, -- нерашуча пачала Марыя, зачырванеўшыся. -- Я ня ведаю, за што мяне арыштавалі. Я прыехала сюды толькі ўчора раніцай на цягніку з захаду ды хацела знайсьці сябра майго дзядзькі. Я не знайшла яго па тым адрасе, які мне даў дзядзька. Пэўна, ён пераехаў. І я разгубілася, я ня ведала, што рабіць. Я падумала, што калі б я змагла сустрэць людзей, што гавораць на маёй мове, то яны б мне дапамаглі як-небудзь. Вось чаму я зьвярталася да людзей на вуліцы. Нічога не атрымалася. Я зусім згубілася, стамілася й тады села ў парку на лаўку. А тут да мяне падселі двох п'яных, сталі чапляцца да мяне. Я намагалася зразумець, чаго яны хочуць, і тады падышоў паліцыянт, нешта запытаўся й арыштаваў мяне. Вось дакладна, што здарылася са мной, містэр судзьдзя. Бог чуе, гэта -- праўда.
        Калі містэр Сарочка ператлумачыў ейныя словы, Марыя адчула палёгку, што яе ўрэшце пачулі. Яна затаіла дых і з трывогай глядзела на судзьдзю. Падалося, што па ягоным твары прабег цень весялосьці, і калі ён загаварыў, голас ягоны гучаў ужо ня так сувора.
        -- Вы кажаце, місіс Каравай, што вы прыехалі з захаду?
        -- Так.
        -- Як доўга вы жывеце ў гэтай краіне і адкуль вы родам?
        -- У гэтай краіне я жыву амаль два гады. А прыехала зь Беларусі.
        Судзьдзя папрасіў ў памагатага дакумэнты.
        -- Гм... гм, -- мармытаў ён, падпёршы рукой сваю мудрую шчаку, пакуль разглядаў ейны эміграцыйны пашпарт. -- А якая ёсьць мэта вашага прыезду ў Таронта, місіс Каравай?
        -- У майго дзядзькі жонка -- камуністка, містэр судзьдзя. Яна цэлы час атручвала мне жыцьцё, пакуль я жыла зь імі, і ўрэшце прымусіла дзядзьку -- зрэшты, мяккага, лагоднага, але бязвольнага чалавека -- выгнаць мяне з хаты. Мне нічога больш не заставалася, як паехаць сюды з надзеяй, што тыя людзі, чый адрас даў мне дзядзька, дапамогуць мне знайсьці працу й жытло. Але яны, напэўна, пераехалі, так што я засталася фактычна на вуліцы, містэр судзьдзя...
        Марыя перавяла дых і цяжка зглынула.
        -- Прашу вас, калі ласка, дапамажэце мне, містэр судзьдзя. Я хачу працаваць і жыць, як усе добрыя людзі. Я не хачу нікому быць цяжарам.
        Судзьдзя глядзеў на яе, маленькую, годную жалю постаць жанчыны ў бядзе. Ён відавочна быў заклапочаны.
        -- У вашай справе, місіс Каравай, няма нічога незвычайнага для нашага гораду, -- ён пракашляўся, -- за выключэньнем таго, што некаторыя жанчыны едуць сюды з разлікам на лёгкае жыцьцё.
        Ён павагаўся. З запытаньнем у вачах Марыя глядзела на гэтага ўладнага чалавека, ад якога залежала ейная бліжэйшая будучыня.
        -- Я мушу пераканацца, што вы ня з тых.
        Тады запрасілі даць паказаньні паліцэйскага канстэбля, што арыштаваў Марыю. Марыя з трывогай глядзела на яго, намагаючыся адгадаць, пра што тут ідзе.
        Урэшце судзьдзя зьвярнуўся да Марыі:
        -- Цяпер цалкам відавочна, што адбылася памылка, місіс Каравай. Спадзяюся, вы разумееце гэта і прабачыце нам за прычыненыя вам невыгоды. Аднак вы самі прызнаеце, што вы ў Таронце новапрыбылая й ня маеце ніякіх сродкаў да існаваньня. Гэта мой абавязак выправіць памылку й як сьлед дапамагчы вам з вашай просьбай.
        Марыя праслухала гэта праз тлумача й ейная душа яшчэ больш захвалявалася. Замест таго, каб выдаць ёй незаслужанага кухталя, гэты чалавек, які адпачатку падаўся абыякавым, цяпер абяцаў ёй дапамогу.
        Уздыхнуўшы з палёгкай, яна паглядзела на грацыёзную жанчыну на партрэце з удзячнасьцю, што напаўняла зараз ейнае пакутнае сэрца. Ніколі нават у марах не магла б яна ўявіць сабе бесстароньняга закону, які б прапанаваў ёй руку дапамогі менавіта тады, як гэтая дапамога была ёй так безнадзейна патрэбнай.
        Судзьдзя падаў знак жанчыне з Арміі Паратунку, перахіліўся праз памост і абмяняўся некалькімі словамі зь ёй. Потым зьвярнуўся зноў да Марыі:
        -- Вы ня ведаеце ангельскай мовы, місіс Каравай, і ня маеце нікога ў горадзе, хто б мог вам дапамагчы. Таму мы мяркуем зьвярнуцца ў царкву вашае этнічнае групы й папрасіць іх паапекавацца вамі. Але гэта спатрабуе нейкага часу. А пакуль вось місіс Фіндлэй, афіцэрка Арміі Паратунку, прапанавала вам сваю дапамогу. Вы пойдзеце зараз зь ёй. Вам прапануюць жытло й харчаваньне да таго часу, як вас возьмуць пад апеку кіраўнікі вашае царквы. Будзе гэтак добра для вас, місіс Каравай?
        Хмуры выраз ягонага твару цяпер замяніўся на амаль пяшчотную, бацькоўскую дабразычлівасьць. Марыя гатова была кінуцца да чалавека ў чорнай мантыі й з удзячнасьцю зацалаваць яму рукі.
        -- Так, містэр судзьдзя, дзякуй вам. Дабраславі вас Гасподзь...
        Марыю выпусьцілі з-за загародкі.
        Судзьдзя Фэргусан кіўнуў місіс Фіндлэй, і тая падышла да Марыі й узяла за руку:
        -- Пайшлі, даражэнькая, са мной.
        Увечары, цалкам упэўненая ў тым, што дабрадзейная Боская рука скіравала гэтых людзей дапамагчы няшчаснай нябозе з далёкай краіны, Марыя прыняла купальню й прыгатавалася да спакойнага сну. Перш чым яна заснула мёртвым сном у чыстай пасьцелі, яна шчыра падзячыла Богу й Ягонай велікадушнай дапамозе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.