РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
10. ДВУБОЙ
        
10. ДВУБОЙ

        У міжчасе прыгожая, сьвежая, спакусьлівая, хцімая Лара хадзіла па руках. Ёй не бракавала ўвагі з боку чарады ейных кавалераў, многія з каторых намагаліся зацягнуць яе ў суседні лясок -- як бы пагуляць на прыродзе. А Лара так і цешылася са сваёй распусты, цалкам непрыстойнай для навучэнкі тутэйшай школы. Наўмысна -- без сумневу -- хлопцы вялікадушна частавалі яе гарэлкай.
        Але падчас разгару п'янай гулянкі нехта спытаў яе, дзе ж Віктар; умомант схамянуўшыся, яна паазіралася вакол і, зьмяніўшыся з твару, злосна, вульгарна сплюнула:
        -- Чорт! Напэўна ж тая курва пацягнула яго кудысь ў лес! Гэй, хлопцы, хадзем пашукаем яе? От, правучу я яе, гэтую правільную дзяваху, гэтым разам!
        Ніякіх спануканьняў больш не спатрэбілася. Быццам прагучэў прагна чаканы сыгнал. Ігрышча, што мелася зараз адбыцца, па відовішчнасьці абяцала перамагчы той канцэрт, што вытужвала зь сябе агітбрыгада.
        А тымчасам у цяньку пад кронай вялізнага дуба, безь ніякай ліставай заслоны ад прагных, цікаўных вачэй, напалову лежачы, абапіраючыся на локці, Віктар і Марыя гаманілі сабе й сьмяяліся.
        Апранутая ў тую амаль стандартную квятастую сукенку, што безь ніякага выбару маглі дазволіць сабе савецкія пакупацелькі, Марыя ўсё адно была вельмі прывабнай для Віктара. Яму найперш падабаліся ейная сьціпласьць ды поўная адсутнасьць у ёй той ганарлівасьці, што выяўлялася ў іншых самаўпэўненых дзяўчатах, ад якіх ён ужо пасьпеў так стаміцца. Больш за тое, яна была досыць разумнай і кемлівай -- якасьць такая рэдкая сярод дзяўчат-падлеткаў -- каб падтрымліваць цікавую размову й цешыцца з добрага жарту ці байкі, якіх у Віктара, здаецца, было поўна на ўсе выпадкі жыцьця.
        Марыі хлопец падабаўся. Ён неяк вылучаўся сярод звычайнай, дуркаватай школьнай чарады. Ён расказваў ёй шмат цікавага аб розных далёкіх мясьцінах, што бачыў у сваіх паездках па краях, якія называў "наша необъятная родина". Высокае становішча "снабженца" ягонага бацькі на чыгунцы дазваляла ім шмат вандраваць.
        Марыя падазравала, што Віктар пазнаў ужо колькі дзяўчат, хаця ён ніколі не падыходзіў да яе чыста з такім намерам наўвеце. А яна ня мелася ні завабіць яго, ні адштурхнуць, хаця думка, каб прыняць Ларын выклік, часта спакушала тое каліўца ганарлівасьці, якім яна ўсё ж валодала.
        Было адно ў Віктары, што інтрыгавала яе й палохала. У ягоных шматлікіх гісторыях, байках і анэкдотах даволі багата было зьедлівага, хвосткага ўв адносінах да ўсемагутнай сілы ў краіне -- да Камуністычнай партыі. Але Марыя не адважвалася вышукваць вытокі Віктаравай дзёрзкасьці. Тая шчырасьць, зь якой ён паведамляў ёй усе свае антырэжымныя выпады, часам прымушала яе падазраваць, што ён прынаджваў яе адкрыць ейныя собскія меркаваньні што да гэтай тэмы. Ва ўсякім разе, чулася яна спакайней зь ім сам-насам, чым пры людзях, хаця б каб нейкі небясьпечны жарт раптам не сарваўся зь ягонага языка. Адылі пры людзях Віктар не дазваляў сабе такой разьвязнай свабоды і трымаў язык за зубамі.
        Цяпер, седзячы пад дубам, Віктар якраз заканчваў адзін са сваіх лупцавальных вершаў разгромным ударам -- і яны абое рагаталі да душы.
        -- А чула вось гэты? -- працягваў хлопец, задаволены тым, што меў такую прыемную й уважліваю слухачку. -- Пра аднаго партыйнага недарэку, якому далі магчымасьць выступіць перад натоўпам вызваленых заходніх беларусаў? ...Ты ж ведаеш пра тых няшчасных нашых кроўных братоў, што задыхаліся ў польскім ярме? Урэшце нашае слаўнае сонца ўзышло й над імі... Ну дык вось. Гэты таварыш на нейкіх урачыстасьцях ускараскаўся на трыбуну, напыжыў грудзі й з поўным апломбам балбатаў нешта цэлы час і так бурна жэстыкуляваў, што ў яго разбалеліся рукі. Тады пасьля некалькіх зацяганых лёзунгаў ён вырашыў не губляць зручнага моманту й дабавіў яшчэ адзін: "Жители Воловичей! -- зароў ён на поўныя грудзі. -- Присоединяйтесь к всеобщему продвижению мировой революции! Восемь миллиардов угнетенных рабочих и крестьян ждут вашей помощи в освобождении их от ярма капитализма!" Людзі яму папляскалі, як і іншым прамоўцам, і адно няшмат зь іх заўважылі абсурднасьць таго, што ён сказаў. Задаволены сваім дэбютам у якасьці Цыцэрона, таварыш зьлез з трыбуны, дзе адзін зь сябраў схапіў яго за руку, моцна затрос яе й сказаў: "Ты сказаў больш, чым проста прамову!" -- "Што ты маеш на ўвазе?" -- спытаўся заінтрыгаваны прамоўца. "Ну дык, -- засьмяяўся сябар, -- адным коўтаньнем языка ты павялічыў сусьветнае насельніцтва амаль на шэсьць мільярдаў".
         Марыя зноў засьмяялася.
        Якраз у гэты момант з-за дрэваў зьявілася шумная кампанія іхных аднакляснікаў з Ларай на чале. У гэты ж момант Віктараў прыгожы загарэлы твар скрывіўся ад прыкрасьці. Марыя ж заставалася зусім спакойнай, хаця й крыху зьдзіўленай. Лёгка было здагадацца зь першага ж пагляду, што Лара, якая йшла наперадзе гэтай кампаніі зь нейкай незвычайнай бравадай, была п'янай, як, зрэшты, і ўсе астатнія.
        Віктар і Марыя сядзелі, гледзячы на нечаканых гасьцей. Лара ўрапт спынілася за некалькі крокаў перад Марыяй і, пагардліва гледзячы на яе, зараўла:
        -- Сука паскудная! Ці ж я не казала табе трымацца далей ад майго хлопца, а ты не паслухалася... Ну, ты ў мяне паплачаш!
        Не пасьпела Марыя ачомацца, як Лара маланкава прыскочыла, хацела схапіць Марыю за горла. У момант, адхіляючыся ад гэтага раптоўнага нападу, Марыя рванулася назад.
        Быццам зьмяёй укушаны, Віктар падскочыў і хуценька далучыўся да астатніх, што з улюлюканьнямі й насьмешкамі ўжо зарганізавалі рынг вакола сваіх найпрыгажэйшых аднаклясніц. Нехта адзін, праўда, паспрабаваў умяшацца, але астатнія стрымалі яго. Сьвіст, спануканьні, задаволеныя воклічы суправаджалі гэтую бойку. Бессаромна й з захапленьнем хлопцы абмяркоўвалі розныя часткі дзявоцкіх целаў, што адкрываліся іхным вачам.
        Віктарава плячо затрэсла нечая рука, і голас дзяўчыны прамовіў:
        -- Віктар, сыдзі ты адсюль. Гэтта ж з-за цябе ўсё; як ты можаш стаяць тут і рагатаць?
        Не павярнуўшы нат галавы, каб не прапусьціць і хвіліны нечаканага такога гледзішча, хлопец адказаў:
        -- Яшчэ чаго! Проста дзіцячая валтузьня. Не пазабіваюцца ж яны.
        Несумненна, ён цешыўся з гэтае бойкі. Напэўна ж мусіў усё занатаваць у сваю багатую памяць, абсмакаваць там усе ёмкія дэталі, каб потым яны маглі ўзбагаціць скарбонку ягоных баек.
        За падзеямі выявілася, што дзяўчаты былі амаль што роўныя па сілах, хаця й няроўныя па досьведу. Натхнёная нянавісьцю, Лара губляла сілы ў бязладных рухах, тады як Марыя -- хаця й была ўжо захопленая злосьцю -- выглядала ўсё ж такі не згубіўшы розуму. Яны коўталіся па траве, кола гледачоў рухалася сьледам за імі. Пасьля зацяглай валтузьні, якая такі зьнясіліла яе, Марыя неяк вызвалілася й толькі хацела нанесьці цяжкі ўдар, як Лара, разьюшаная, што тая цыганка, завярнулася й выдрала ў Марыі жмут валасоў.
        Гоман узбуджанага натоўпу аддаваўся рэхам у лесе, перамагаючы нават гукі маладзёвай аркестры на трыбуне. Маёўшчыкі пачулі, што нешта незвычайнае там робіцца, і многія рушылі да месца падзей. Рынг вакола бойкі ўсё набухаў і таўсьцеў.
         Цяпер Лара вырашыла даць хады сваім пазногцям. Умомант упільнаваўшы навіслую пагрозу, Марыя схапіла Ларына запясьце й моцна крутнула яго. Другой рукой яна зашчаміла вялікі палец той рукі, што трымала ейныя валасы. Ларына хватка саслабела. Зь сілай адпхнуўшы Лару ад сябе, Марыя паднялася на калені й рэзка замахнулася. Моцны ўдар выцяў Лару поўнасцю. Што той спрактыкаваны баксёр, Марыя наносіла кухталёў, не даючы Лары падняцца. Кроў з носу запэцкала ружовую сукенку, размазалася па твары. Зараз яна паходзіла на разьятраную суку, што хапала паветра й не была здольная нанесьці адказнага ўдару.
        І тут над усім гэтым вэрхалам пачуўся ўладны голас. Натоўп расступіўся й прапусьціў у сярэдзіну двух хлопцаў унушальнай камплекцыі. Сакратар Гарадоцкага камітэту камсамолу Антон Ніжнік камандным голасам запытаўся:
        -- Што ў вас тут дзеецца? ...Дзеўкі -- б'юцца?! Ну, гэта ўжо... зусім!
        Цяпер ужо на нагах Марыя глядзела на гэтую самапрызначаную ўлюбёнку хлопцаў усёй школы. З замазаным крывёю тварам, на якім абазналася сумесь злосьці й прыніжэньня, з раскалмачанымі валасамі, цяжка дыхаючы, Лара ляжала на траве.
        -- Сука! -- прахныкала яна. -- Ты ў мяне яшчэ паплоцісься, няважна, дзе й калі.
        Гэтая пагроза, праўда, ня выклікала ніякай сымпатыі з боку натоўпу. Няма нічога больш агіднага, чым выгляд дзяўчыны, зьняважанай, прыніжанай, зьбітай і што крычыць яшчэ аб адплаце. Лары-мілага-анёла больш не было; перад вачыма наглядальнікаў выявілася нізкая, амаральная жывёліна. Нават найлепшыя ейныя сябры дарма шукалі нейкай сымпатыі да яе ў сваіх сэрцах; не маглі яны знайсьці таго, чаго й так было няшмат.
        Марыя -- са ўскудлачанымі валасамі, з адарваным рукавом -- глядзела на яе амаль адлучана.
        Віктар падышоў да Марыі й узяў яе за руку. Рэзка завярнуўшыся, дзяўчына паглядзела на яго пільна, быццам бачыла ва ўпершыню. Віктар нават сьцепануўся з таго, што пабачыў у гэтых мілых блакітных вачах, поўных папроку й пагарды.
        -- Ты!.. -- працэдзіла яна скрозь зубы, ня ў стане сказаць што яшчэ. -- Прэч ад мяне!
        З гэтага папярэджаньня, вымаўленага пагрозьлівым хрыплым шэптам, Віктар зразумеў, што згубіў надзейнага сябра.
        -- А ну-ка, пайшлі з намі; будзем з гэтым разьбірацца, -- загадаў Ніжнік, аглядаючыся па чарзе то на адну, то на другую. -- Які сорам! Камсамолкі, а паводзяць сябе, як... Ай-я-я-й...
        
        "Культуру -- в массы" на самой справе пацярпела поўнае фіяска. Пайшла прахам уся спадзёўка сакратара гаркама сабраць ураджай дзеля галачкі ў справаздачах.
        Цяпер усе яны: сакратар партыі, гаркам камсамолу й кіраўніцтва гарадоцкай школы шукалі казла адпушчэньня.
        Хлопец, што нёс плякат са Сталіным і ў такі велічны момант кінуў яго недзе за трыбунай, аказаўся сынам падкулачніка. Ягоны бацька, перад тым як яго загналі ў калгас, быў гордым уладальнікам ажно дзьвюх кароў, каня й нейкага кавалка зямлі, тады быў прызнаны рэжымам за занадта багатага, а таму "ворагам народу".
        Хлопца зараз жа выгналі са школы. На ўсю сваю будучыню ён атрымаў тое, што яны называлі "волчий билет", папоўніўшы той вялізны кляс недабранадзейных, для якіх прафэсійны й сацыяльны рост у гэтым Маскоўскім каляніяльным сьвеце быў заблякаваны клясавым паходжаньнем ці проста выпадковай памылкай.
        На так званым "товарищеском суде" ў школьнай залі, у якую набілася паўнютка вучняў, іхных бацькоў, кіраўніцтва школы, партыі й камсамолу, Лара з Марыяй павінны былі каяцца ў сваіх грахах. Людцам нізкім і самадавольным сярод прысутных была добрая нагода абсмакаваць гідкія падрабязнасьці з жыцьця дзьвюх дзяўчын, асабліва Лары, у гэтым публічным выпалоскваньні бялізны.
        Але многія мужныя душы падтрымалі Марыю й сьведчылі аб ейным добрым характары й паводзінах. Дзяўчына, хаця згарала сама ад глыбокага сораму, з задавальненьнем дазналася, што мае шмат добрых сяброў.
        Юнак, што быў прычынай іхнай бойкі, Віктар Вясёлка, трымаўся як адважны герой дня. І хаця яму й не хацелася вызначацца, але пад прымусам партыйных маральных судзьдзяў ён выказаў сваю падтрымку Марыі.
        Такім чынам Лара пацярпела другую, больш жахлівую, паразу, чым у тую нядзелю ў лесе.
        Абедзьвюм дзяўчынам зрабілі вымовы; Лары прызначылі выпрабавальны тэрмін на адзін год, каб яна зьмяніла свае паводзіны.
        Але ўсё пайшло на вецер.
        Гэта быў апошні раз, калі яе бачылі да таго, як пачаўся той вялікі катаклізм пад назвай Другая ўсясьветная вайна. Здаецца, ніхто так і не даведаўся, куды яна падзелася, хаця хадзілі погудкі, што яна апынулася ў Віцебску й чулася там няблага. З такім зьнешнім выглядам і адсутнасьцю й каліўца грызотаў сумленьня -- што ж за дзіва.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.