РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
22. ДЗЯДЗЬКА
        
22. ДЗЯДЗЬКА

        
        Аднаго дня, у хмарную, непраглядную нядзелю, раніцай стаяла Марыя на заднім ганку вялікага фэрмэрскага дому й хацела плакаць.
        Яна хацела, але як ні намагалася, сьлёзы не зьяўляліся, а горла сьціскаў камяк.
        Здарылася тое, што мусіла было здарыцца. Яна ведала гэта, і таму была гатова да такога ўдару. Але пілюля ад гэтага ня стала саладзейшай, чым іншыя ў мінулым. Глеба сышла з-пад ног, і яна зноў была між небам і зямлёй.
        Ейныя вялікія, блакітныя выразныя вочы блукалі па даляглядзе, па ўсім ільняным полі да самага небакрая, відавочна не зважаючы на ягоную чароўную прыгажосьць, так і не знаходзячы, на чым спыніцца.
        На памяць прыйшлі іншыя карціны з далёкага мінулага: гожанькая дзяўчынка, што ганяецца за каляровымі матылькамі й руплівымі пчолкамі, углядаецца ў далікатныя лугавыя кветачкі з такім захапленьнем, з такой цікаўнасьцю й прадчуваньнем дзіва, на якое здольныя адно дзеці. Бесклапотны час прабягаў незаўважна; сонечныя дзянькі дзяцінства не азмрочваліся ніякімі турботамі. Пасярод квітнеючых паплавоў яна сама была, што прывабная кветачка.
        Ільняное поле справа межавалася раўнюткай лініяй з пшанічным, якое цягнулася бясконца, і зелень ягоная ля самага небакрая зьлівалася з ружова-шэрым небам. Марыя ведала, што ляжыць там, далей. Шмат разоў яна хадзіла туды надвячоркам. Маленькае сьцяпное мястэчка зь вялізнымі элеватарамі драмала там удалечыні.
        Цалкам нерухомая, яна, адылі, відаць, ня ведала, што рабіць з рукамі. Крэпка сплёўшы й выкручваючы сабе пальцы, яна выдавала тым самым сваю знэрваванасьць. У міжчасе яна чула два галасы знутры дома, што перакідваліся ў гарачай спрэчцы. Потым мужчынскі прыглушаны голас запнуўся у няўпэўненасьці; і з хуткасьцю вострай брытвы ўварваўся жаночы фальцэт. Перапалка пацягнулася з той жа сілай, покуль тымчасам Марыя на заднім ганку наглядала надыходзячую нядзельную раніцу.
        Недзе далёка зазванілі царкоўныя званы. Марыя падумала, ці не схадзіць ёй у царкву, але тут жа адкінула гэтую думку. Чужыя рэлігійныя звычаі ды чужая мова -- гэтага ўжо замнога ўв адзін дзень.
        У дзяцінстве Марыя заўсёды захаплялася царкоўнымі званамі, што даносіліся зь мястэчка. Яна хадзіла ў царкву, разам з маці, заўсёды ўражаная веліччу старажытнага мураванага будынка. Цалкам захопленая й ашаломленая велікапышнасьцю вакол яе, яна сачыла за галубамі, што ляталі высака ўнутры пад нябесна-блакітнымі купаламі. З фрэсак на яе глядзелі разнаякія анёлы й сьвятыя, у той час як уся ейная істота была зачараваная непараўнальнымі ўзвышанымі гукамі хору зьнедкуль зьверху. Ёй падавалася, што гэта гукі зь нябёсаў трапяткімі павольнымі хвалямі спускаліся долу, тымчасам як сівабароды, багата апрануты сьвятар чытаў малітву ля каляровага, бліскучага аўтара.
        Потым прыйшлі да ўлады бязбожныя людзі. Чамусьці -- чаму, дзяўчынка так і не магла зразумець -- яны ўзяліся высьмейваць Бога, цэрквы й вернікаў, што наведвалі іх. Адной нядзельнай раніцай царкоўныя званы не зазванілі. Калі яна запыталася ў маці, чаму званы ня звоняць болей, пачула лаканічнае тлумачэньне, што зьявіўся сатана, і з гэтага часу Бог знаходзіць прытулак у набожных людзкіх сэрцах. Цяпер настальгія тых далёкіх часоў зноў закранула датклівыя струны Марыінага сэрца.
        Спрэчка ў хаце скончылася. Відаць, як і шмат ужо разоў раней, фальцэтны голас перамог. Празь некалькі хвілінаў цяжкія крокі падышлі да дзьвярэй, з тонкім рыпам яны расчыніліся, і крокі спыніліся ў нерашучасьці.
        -- Марыйка, даруй, -- прамовіў ззаду грубаваты дзядзькаў голас. -- Я зрабіў усё, што мог, каб патлумачыць ёй тваё становішча. Бяз толку. Яна ня хоча нічога разумець. Я стараўся, ты ж бачыш. Зрабілася яшчэ горай, яна паставіла пытаньне рубам: ці ты, ці яна. Ты ж разумееш, што гэта значыць?
        Марыя не адказала. Нават не завярнулася. Ведала, што, калі й паспрабуе паглядзець проста ў гэтыя шэрыя вочы, яны ня вытрымаюць ейнага пагляда й адвернуцца. Усё ж недзе глыбака ў душы ейнага дзядзькі было пачуцьцё віны й сораму.
        -- Ня ведаю, што й рабіць, -- працягваў ён, стоячы ў яе за сьпінай. -- Праўда, ня ведаю. Не хачу цябе крыўдзіць... пасьля ўсяго, што ты перажыла. Але гэта робіцца ўжо невыносным, гэтак болей ня можа... разумееш мяне... -- ён прынізіў голас. -- Яна ж ненавідзіць цябе...
        Голас змоўк, але Марыя так і не завярнулася, каб не заглядаць у твар няшчаснаму старому фэрмэру.
        Гадоў сорак таму без граша, але з жаданьнем пачаць усё аднова, ён пасяліўся ў Канадзе. Сёньня па ўсіх мерках ён мог бы ўважацца за багача, што валодае вялізнай, уладкаванай зернавой фэрмай і таўстым мехам грошай у банку. Але цёмны й неадукаваны, ён так і не навучыўся мець задавальненьня ад свабоднай, здаровай працы. Спагадлівасьць ягоная разрывалась паміж зьедлівай жонкай і гаротнай пляменьніцай, і Лявон аказаўся няздольным даць рады сваім пачуццям.
        Бог няроўна дзеліць, падумала Марыя. Адзін чалавек цяжкім шляхам прыходзіць да ўсьведамленьня вартасьці свабоды й простых жыцьцёвых рэчаў: здаровага цела, адзежы для яго, сытага страўніка -- але ня можа здабыцца на гэта ці абрабаваны іншымі; другім жа дадзена ўсяго гэтага ў збытку, але Бог зробіць яго сьляпым ці дурным. І абое пакутуюць.
        Марыіны мутныя вочы блукалі па краі пшанічнага поля. Урэшце, сьляды самашкадаваньня зьніклі зь ейнага гладкага, загарэлага твару, вусны падцягнуліся ўв адну тонкую лінію, і на твары зьявіўся цень пагарды. Як яна завярнулася да дзядзькі й заглянула проста ў ягоныя блакітныя пустыя вочы, Лявон нэрвова заміргаў і адвёў вінаваты позірк, быццам дзіця, якому зараз вымавяць за шкоду.
        -- Не пераймайцеся, дзядзька, -- сказала яна роўным голасам. -- Я ўсё разумею. Больш за тое, я чакала, што гэтак будзе. ...Але ад гэтага не лягчэй. Ня ведаю я, куды мне йсьці і што рабіць. Якая, зрэшты, розьніца... -- зглынула яна камяк. -- Мяне так шмат шпынялі па гэтым жыцьці, што я ўжо прывыкла, што той бяздомны сабака...
        І ў гэтых апошніх словах чуўся ўвесь боль, уся горыч ейнага стану. Ня здолеўшы сказаць яшчэ нешта, яна адвярнулася зноў глядзець на летні краявід.
        -- Марыя, дзетка, я дапамагу табе. Толькі сыдзі, разумееш?
        -- Так, дзядзька.
        Лявон панізіў голас да шэпту:
        -- Я дам табе грошы й адрас майго сябра ў Тароньце. У яго там сям'я, дзеці. Мы калісьці працавалі разам. Я ўпэўнены, яны дапамогуць табе, пазнаёмяць зь іншымі добрымі людзьмі ў горадзе, пэўна, і працу знойдуць. Пабачыш, тое гарадзкое жыцьцё, можа, яшчэ лепей для цябе будзе. Пэўна што. Глядзіш, і мужыка там знойдзеш, замуж выйдзеш і...
        Усё гэта ён прагаварыў на адным дыханьні, быццам сьпяшаўся хутчэй выслабаніцца ад гэтага.
        -- Заўтра падвязу цябе да цягніка. Мовы табе хопіць, каб даехаць, а там, з тваёй адукацыяй, я ўпэўнены, ты ўладкуеш сваё жыцьцё. Усё будзе добра.
        -- Будзе... -- рэхам паўтарыла Марыя дзядзькавы словы.
        Што б яны там ні значылі... Добра так і не было ў мінулым. Ейнага перапоўненага кубка горычы хапіла б на некалькі чалавек. Але не было ніводнага, каб падзяліцца.
        Заўтра зноў панясе яе па плыні, самотную, згубленую ў гэтым вялізным раўнадушным сьвеце душу, бурамі гнаны маленькі вадаплаў, які прагне адно бясьпечнай, спакойнай гавані.
        -- Божа, дапамажы Ты мне, -- прашаптала яна на гук адыходзячых дзядзькавых крокаў.
        І тады ўсплыла старая думка, што хавалася дагэтуль недзе ў завулках ейнай памяці.
        Гэтта ж ў Таронце жыве забойца ейных дзяцей і маці. Хіба ня Бог скарыстаў Ліду, каб вывесьці яе на шлях да свайго лёсу? Ці ня ёсьць такі паварот адказам на ейныя гарачыя малітвы?
        Узбуджаная трывогай і няпэўнасьцю гэтага рызыкоўнага парынаньня ў няведамае, якое чакала яе наперадзе, усю рэшту нядзелі Марыя правяла ў нэрвовых зборках, рупліва пазьбягаючы сустрэч з варожай гаспадыняй гэтага дома.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.