РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
13. ЧОРНАЯ БЕЗДАНЬ
        
13. ЧОРНАЯ БЕЗДАНЬ

        
        Ніхто не турбаваў яе у наступны дзень, але спала яна кепска. Жудасныя карціны зноў і зноў паўставалі ва ўсёй сваёй рэальнасьці. Яна абдымала й прыціскала да сябе сваю дачушку Аленку, цалавала ў носік, у ружовыя шчочкі, шаптала нешта пяшчотнае ёй на вушка. Раптам зь ніадкуль зьявіўся чалавек ў паліцайскай вопратцы, магутныя ручышчы пацягнуліся за ейнай дачушкай. Марыя змагалася, крэпка яе трымала, але ёй бракавала моцы, каб спыніць зьвяругу... Яна задыхнулася, хапаючы ротам паветра...
        Кашмар працягваўся. Цяпер цяжкі жаўнерскі бот, што бязьлітасна шпурляў дзіця па падлозе, зьнік. Зьявілася мярзотная маска "прыгожага д'ябала", яна насьміхалася й рагатала. Лютыя вочы сьвідравалі Марыю, варушыліся садысцкія вусны, і пьяна-вэзганае кантральта плявалася пагрозамі: "Паскуда! Няшчасная гідкая падаль! Сьмярдзючая хрысьціянка! Ты яшчэ будзеш вымольваць жыцьцё, цалаваць мне боты..."
        Як жа ёй пазбавіцца гэтага твару? Рукі, прагныя помсты, пацягнуліся наперад, пальцы ўпіліся ў гладкую, мяккую шыю "д'ябаліхі". Яны сьціскаюцца, сьціскаюцца... Яна зноў цяжка задыхалася, па целе выступіў халодны пот...
        Прачнулася. Абедзьве рукі сьціскаюць падушку. З жахам яна зразумела, што ледзь на задушылася. Села. Цела пакрылася потам....
        У зямлянцы было цёмна, дзьве іншыя койкі стаялі пустыя. Адна зь іх належала Пруднікавай, другая ейнай трынаццацігадовай пляменьніцы-сіраце, якая, напэўна, дапамагала зараз сваёй цётцы ў бясконцых шпітальных справах.
        Марыіна галава пацяжэла, пэўна, удвая. Цяжкі сон урэшце скончыўся, яна зразумела, што ёй трэ супакіць свае напружаныя нэрвы. Сон, які мусіў, як яна спадзявалася, даць спачын ейнай збалелай душы, зрабіў усё наадварот -- мярзотныя кашмары змучылі яе й шчэ больш знэрвавалі.
        Гэтак яна сядзела ў прыцемках, нерухомая, прыгнечаная, па-за прасторай і часам, дзе жывыя й памерлыя зь лямантам патрабавалі ейнае неабмежаванае ўвагі, і нават не спрабавала разгрэбці гэты раздрай у сваёй галаве, дзе ейныя собскія, даўно памерлыя, дзеці зблытваліся разам зь Янкавымі малышамі, забойства якіх яна бачыла шчэ колькі гадзін таму...
        "Д'ябаліха", упёршы левую руку ў бок, правай клацаючы аўтаматам, стаіць перад спалоханай сям'ёй. "Фашысцкія сабакі няшчасныя!" -- плюе яна на Янку. Марыі хацелася, каб як падкрасьціся й выдраць ад яе аўтамат. Яна пацягнулася, але ў той жа момант ейныя рукі, як быццам апёкшыся нябачным агнём, таргануліся назад. З аўтаматаў пасыпаўся агонь, грымотным залпам разьдзіраючы ёй нутро. Як дзяцей і дарослых захутала сьмяротным агнём і паваліла долу, вусны д'ябала пагардліва сплюнулі: "Няшчасныя сабакі, фашысты!"
        Які невыносны боль!
        Паступова зларадны твар растаў...
        Дрыжучы, у роспачы й самоце, Марыя зноў перажывала ўчорашнія падзеі.
        Цяпер у памяці ўсплыў закрываўлены пагардлівы твар гордага маладзёвага кіраўніка: "Пацукі гнілыя! Бальшавісцкія шакалы! Вас жа людзьмі назваць нельга! Прыйдзе дзень, наш народ скіне расейскіх і нямецкіх паразітаў са свайго карку й здабудзе свабоду!"
         Высокі й крэпкі, стоячы пагрозьліва на ўвесь рост, ён адчайна й бязьлітасна высьцёбваў сваіх катаў. Высакароднае ўвасабленьне вялікіх нацыянальных герояў з далёкае даўніны.
        Пэўна што гэтак жа трымаўся непараўнаны Кастусь Каліноўскі, чый голас сягае праз гады: "Змагайся за сваё, братка мой, Беларус! З-пад маскальскай шыбеніцы кажу я табе: тады й толькі тады здабудзесься ты на волю й долю, калі маскаля над табой ня будзе!"
        Вось у сьмяротнай цішыні тысячы: шляхта, сяляне, рабочыя -- затаіўшы дых, прыкаваўшы свае вочы да гордага, годнага шляхціча, што стаіць перад пятлёй. Вялікі сын зямлі, насычанай крывёю й потам ягоных паплечнікаў, што ўзышлі на вяршыню ейнае змагарнае гісторыі. У велічнай сваёй славе пазірае ён на сваіх катаў, пераможаны фізічна, але не адзінокі, бо ў самы гэты момант ён увасабляе ў сабе памкненьні мільёнаў прыгнечаных. Гэта ён вызначыў для іх мэту й шляхі, і з тае пары прыгнятальнікі так і не змаглі задушыць прагу народу да поўнае свабоды. Няўмольны ў сваёй пагардзе да мучыцеляў народу, ён ведаў, што празь ягоную ахвяру народзяцца іншыя змагары.
        Яму было ўсяго дваццаць шэсьць, калі ён стаяў перад шыбеніцай. Адзін з наймаладзейшых сярод вялікіх, ён мусіў быў валодаць дарам Прадбачаньня.
        У тыя далёкія часы каты усё яшчэ вяршылі свае зладзействы на людзях з усімі неад'емнымі атрыбутамі гэтае д'ябальскае справы: гучныя, для навядзеньня жаху, барабаны; бездакорныя рухі выканаўцаў "законнага" зладзейства, з каменнымі тварамі марыянэткі ў вайсковай вопратцы, з аголенымі штыхамі, гатовыя да любой нечаканасьці; натоўп разьзяўротаў на запруджанай плошчы.
        Запозна гаспадары з крывавымі рукамі зразумелі, што іхныя дзеяньні далі асечку. З крыві пакутнікаў, закатаваных прылюдна, вырастала новае пакаленьне мсьціўцаў. Зьдзяйсьняльнікі генацыду замянілі прыбраныя з прылюдных плошчаў шыбеніцы на канцэнтрацыйныя лягеры й газавыя камэры для расправы зь людзьмі бязь ліку. Безьліч адзінкавых і масавых жахлівых брутальнасьцяў апошніх войнаў і перыядаў нялёгкага міру зьневажалі і законы, і агульначалавечыя асновы. Ніводны чалавек -- незалежна ад узросту й полу -- ня быў захаваны ад рук катаў.
        Маладзёвы кіраўнік Янка быў, напэўна, зьлеплены з тае ж гліны, што й ягоны палымяны суайчыньнік Каліноўскі. Жывучы ў іншых гістарычных умовах, ён змог падняцца й павесьці іншых. У сваёй працы з моладзьдзю ён аддаваў перавагу будаўніцтву, а не разбурэньню. Прыстаўлены да сьмяротнай сьцяны дэгенэратыўнай д'ябальскай сілай ув асобе камуністкі Лары, ён трымаўся як мужны й высакародны ваяр.
        Не было нікога, акрамя зьбітай і зламанай Марыі, сьведкам забойства маладзёвага кіраўніка Янкі й ягонай сям'і. Ён зусім не меркаваў, што там мог быць яшчэ адзін партызанскі закладнік, хто мог бачыць, як ён паміраў. Ягоныя паводзіны не былі ні заплянаванымі, ні абдуманымі загадзя. Злосныя, шалёныя выкрыкі, накіраваныя на пагарджаных ворагаў, не былі разьлічаныя на тое, што народ іх пачуе. Адное што, як мог, так і ганьбіў і лаяў мучыцеляў сваёй сям'і й свайго народу.
        ...Аднаўляючы наступнай раніцай усе падрабязнасьці, Марыя зразумела, што яна сталася сьведкай нечага выключнага.
        Пэўна, калі б мелі такую магчымасьць, многія, што страцілі надзею, змаглі б пабачыць, што ўсё ня так ужо й кепска ў гэтым сьвеце; ня трэба так незваротна губляць надзею на лепшае заўтра, калі сярод зьгібелага, азьвярэлага людзтва можна напаткаць маленькую, але такую бліскучую зорку, як Янка. Так, ёй дасталася адно караценькае мігценьне гэтай зоркі, але ў момант ейнае найвышэйшае ўспышкі, калі яна гарэла найбольш ярка.
        Марыя любіла гісторыю. Колькі разоў яна разважала над паводзінамі змагароў і пакутнікаў у момант, калі яны стаялі перад сваімі катамі. Настаўніцкія й гістарычныя кнігі былі нязьменна скіраваны на агульнапрыняты расповед аб людзях пры ўладзе, даволі часта падаючы падзеі па-рознаму.
        А на самай справе, як гэтыя людзі сябе паводзілі? Колькі там было прыдуманага і колькі рэальнага?
        Гіганцкія дрэвы, калі падаюць, грамыхаючы, ламаюць ўсё вакол сябе -- тое ж можна сказаць і пра людзей. А як жа наконт малых і непрыкметных?
        Чалавечая натура такая крохкая й супярэчлівая, то можна наўпрост зрабіць здагадку, што ёсьць тыя -- бальшыня, напэўна, -- хто, стоячы перад шыбеніцай ці расстрэльнай шарэнгай, будуць поўзаць і цалаваць катам боты, абы захаваць сваё жыцьцё. Але ёсьць і іншыя -- напэўна, мала, -- хто будуць мужнымі, вялікімі, гераічнымі ў сваіх сьціплых і натуральных паводзінах.
        Марыя пабачыла аднаго зь іх і дзякавала Богу за такую магчымасьць. Яна была захоплена й зачарована Янкам. Ейная вера ў свой народ адрадзілася, і воля супрацьстаяць д'ябальскай навале такім чынам узмацнела.
        Надзвычайным, вядома, было тое, што Янка гаварыў як бы ад імя ўсіх прыгнечаных людзей. Калі б ён меў выключна сваю карысьць наўвеце, наколькі б па-іншаму ён дзейнічаў і па-іншаму выглядаў у Марыіных вачах. Ён гаварыў за сябе ды за Марыю, за кожнага зь мільёнаў, каго там не было. Карысьць дзеля ўсіх ягоных суайчыньнікаў была вяршэнствам для яго. Гэта, без сумнёву, было самасьвядома, што й джаліла бязьлітасна ягоных мучыцеляў. Бо ў той момант, нават калі й падсьвядома, яны пэўна што разумелі сваю нікчэмнасьць, марнасьць, усю ліхадзейнасьць таго, што яны рабілі. Вось яны -- гатовыя пакараць сапраўднага сына свайго народу, што ўзвышаўся над імі ў сваім справядлівым гневе, высьцёбваў іх як падонкаў, як юдаў сваіх жа суайчыньнікаў. Ягоная высакародная ўспышка, як бліскавіца, прабіла іхнае найдалікатнейшае месца. Як што ў іх засталася хоць кропля чалавечага, яны мусілі ясна зразумець сказанае, хаця нельга спадзявацца, што яны ўсьвядомяць собскую нікчэмнасьць.
        Тады Марыя ўбачыла другі бок мэдаля. Вядома, Янка мусіў ведаць, што гэтыя драпежнікі разумелі адно мову загадаў і зброі. Чаму тады зрабіў так, як зрабіў? Марыя ведала, што кіраўнікі Саюзу Беларускай Моладзі не насілі зброі. Напэўна, і ў Янкі яе не было. Пэўна, калі б і была, ён разумеў, што бой быў бы прайграны раней, чым пачаўся б. Ён, бадай, мог зрабіць такі выбар у слабым спадзяваньні, што ўратуе сваю сям'ю, калі хаваўся на гарышчы... Чаму ён не перавёз іх з гэтай зоны, дзе кішэла партызанамі? Магчыма...
        Занадта шмат гэтых "магчыма", каб разабрацца ва ўсім. Заблытаесься зусім у спробах знайсьці адказы на ўсе "чаму" і "для чаго" што да чалавека, якога зусім ня ведаеш. Вядома, Янка ня быў дурнем і ведаў, што толькі канчатковы вынік, а не паводзіны самі па сабе, вырашаюць гэтую вайну.
        Сумненьні зноў ахапілі яе.
        Яшчэ даўно, да шалёнага ціску афіцыйнага камуністычнага рэжыму ў выглядзе піянэрыі ды камсамолу, Марыя пастаянна малілася. Ейная набажная маці старанна выконвала ўсе рэлігійныя абрады ды Марыю выхоўвала ў тым жа духу. Ёй было вельмі вусьцішна, калі яна даведалася, што Марыя падставіла сваё вуха д'ябалу. Як часта яна запалохвала Марыю, што аднойчы Бог пакарае яе за ейныя недаравальныя грахі.
        Цяпер Марыі прыпомніліся матчыны папрокі.
        Гвалт тых часоў нарабіў-такі шкоды: вернасьць дзяцей да бацькоў была разбурана. Рэжым і партыя -- што, зрэшты, адно й тое ж -- узяліся раскалоць сямейнае ядро. Не засталося месца ні для рэлігіі, ні для таго, што яны назвалі забабонамі. Гэтыя так званыя "перажыткі" буржуазнага мінулага належала было тэрмінова выкараніць і пакончыць зь імі назаўсёды. "Зьнішчыць старое, каб будаваць новае" -- вось быў дэвіз.
        Паколькі бязбожны рэжым зразумеў, што старое пакаленьне не адпавядае дый ня здольнае ўспрыняць "самую правільную" ідэалёгію, пабудаваную на нянавісьці й разбурэньні ўжо ўсталяваных чалавечых каштоўнасьцяў, то ён накіраваў сваю зброю на моладзь. Моладзь выхоўвалі й падбухторвалі, спанукалі й прынаджвалі крочыць наперадзе, у першых шарэнгах разбуральных сілаў рэжыму. Гэта маладыя рукі скідалі крыжы з Божых храмаў; юныя вусны прамаўлялі блюзьнерскія пародыі са сцэн на вясковых плошчах і гарадзкіх клюбах, высьмейваючы Творцу, высьцёбваючы вернікаў, падпіхваючы ўсіх ісьці за сатаной. Бесьперапынная камуністычная прамыўка мазгоў прасякала кожны прадмет у навучальных установах. Нельга было атрымаць добрых адзнакаў, пакуль не авалодаеш жаргонам камуністычнае ідэалёгіі. Тыя ж, хто жадаў апынуцца ў намэнклятуры гэтага драпежніцкага грамадзтва, мусіў жыць у абдымках з атрутнай зьмяёй і ўдаваць, што яму гэта вельмі даспадобы.
        Гэткай тады была тая задушлівая атмасфэра, у якой падлеткам мусіла расьці Марыя Каравай. Ня так скора яна зразумела, што ня можа быць ніякага прымірэньня паміж асновамі матчынай веры ды камуністычнай догмай. Яны адна адну выключалі. Марыя лагодзілася са школьнымі парадкамі й удавала, што трымалася прынятых дактрынаў. Некаторы час яна нават перастала маліцца.
        Цяпер, у няволі ў чырвоных партызан, яна, ці то слушна, ці не, разглядала нядаўнія ды сёняшнія выпрабаваньні як выкупленьне за цяжкія грахі свайго мінулага. Матчыны ўгаворы й перасьцярогі цяпер падаліся ёй у іншым сьвятле.
        А як жа з гэтай дзеўкай Ларай? Ці ня ёсьць яна ўвасабленьнем сатаны, які вымагаў зь яе выкупу за свае былыя правіны? Маці аднойчы гаварыла ёй, што Бог дзейнічае ўв адносінах да сваіх людзей празь людзей. Хіба не магчыма, што Ён абраў гэтую прыгожую чалавеканенавісьніцу быць прыладай дзеля Марыінага выкупленьня?
        Калі так -- што ёй тады зрабіць, каб вымаліць у Бога выбачэньня й міласьці? Некалі даўно маці гаварыла яшчэ, што Бог міласьцівы й даруе без умоваў, што ён гатовы прыняць блудных дзяцей у свае абдымкі ў любы час, як яны вяртаюцца па ягоную ласку.
        У прыцемках партызанскае зямлянкі на засмучоным Марыіным твары спакваля заварушыліся вусны.
        Усё забытае з далёкага дзяцінства трэ было аднавіць. Марыя разумела, што няма неабходнасьці дакладна паўтараць напісаны тэкст. Просты зварот, нават сваімі словамі, Бог таксама можа пачуць. Ніякіх завучаных паўтораў нечыіх думак, адно толькі сваё з душы...
        Але нават калі яна размаўляла з Богам, абрыўкі нядаўняга мінулага не давалі ёй спакою. Сатана й тут намаўляўся заявіць пра сябе. Калі Бог сапраўды такі літасьцівы, як падаецца, як жа Ён дазваляе, каб нявінныя немаўляткі гарэлі ўв агні, каб забівалі дзетак і жанчын, каб багалюбных людзей зьнішчалі, як паразітаў?
        Ат, пэўна, Бог -- гэта проста той хлопец з бліскучымі вачыма, што на Янкавай іконе... Калі ён такі ўсемагутны, такі ўседаравальны й літасьцівы, чаму б Яму не спусьціцца сюды на зямлю й не ўсталяваць тут мір, і парадак, і справядлівасьць?
        Ах, бадай, немагчыма знайсьці горшага пекла, чым гэтая Богам забытая, загіблая краіна!..
        Сумнёвы авалодалі ёй. Больш не было ніякага сэнсу. Яна ўжо не магла разгледзець ніякае рысачкі сьвятла ў канцы танэля, які б мог вывесьці яе з гэтае чорнае бездані сваёй унутранай калатні, пакуль гэты неўтаймаваны змоўшчык супраць Творцы на Нябёсах тымчасам бадзяўся тут паблізу, на мяжы хаосу, замахваючыся біць...
        Так і ня змогшы вырашыць свайго ўнутранага канфлікту, што падкідаў паліва да ейнага эмацыйнага агню, яна зьнясілена здалася, паставіўшы на сябе крыж. Змучаная й разгубленая, забурылася з галавой у набітую сенам падушку. Хацелася плакаць, але сьлёз не было. Яна ляжала нерухома, слухаючы гукі знадворку й біцьцё свайго сэрца.
        Ах, як бы яна хацела, каб гэтае сэрца спынілася, і яна б магла сысьці згэтуль так лёгка й спакойна!
        Гэтак, у цяжкай дрымоце, яна ляжала, забыўшыся на час і прастору, намагаючыся адмежавацца ад суцэльнага сьвету...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.