РАЗДЗЕЛ VII Пра жыццёвую неабходнасць грунтоўнага вывучэння стараславянскай граматыкі і алфавіта, пра без пяці хвілін дактароў навук, якія таксама бываюць асламі, і адну дапамогу, якая прыйшла непапраўна позна Мы сядзелі з Хілінскім на беразе става, там, дзе ўпадала ў яго Альшанка. Вельмі шырокі ў гэтым месцы стаў сям-там парыў, стаялі над ім маленькія і рэдкія слупы туману, ледзь падсвечаныя нованароджаным сонцам. Вудзілі. Праўдзівей, вудзіў адзін ён, хаця не часта, але падсякаючы то плотку, то невялікага галаўня. Ужо дзесяткі з два такіх сноўдалі ў яго вядзерцы, часам без дай прычыны пачынаючы ліхаманкава, як па камандзе, брохаць. – Усё ясна, – сказаў ён, выслухаўшы мяне. – І ясна, што Лапатуха павінен быў загінуць пасля лекарскага заключэння Лыганоўскага. Нехта збаяўся таго, што да чалавека вернецца псіхічная раўнавага. – З тых, што прысутнічалі? – Чаму? Кожны з іх мог расказаць пра гэта камусьці са сваякоў ці знаёмых. – Лыганоўскі такі з’ехаў. – Ну так. Сказаў: “Калі кожнае маё слова на гэтай цудоўнай і высокамаральнай старонцы будзе весці да такіх вынікаў, дык я знікаю, і няхай яны тут жывуць па сваіх норавах і звычаях. Мне да іх цяпер, што Кутузаву да Англіі”. – А што было Кутузаву да Англіі? – Ну, калі мы надта ўжо насіліся і панькаліся з новай саюзніцай, дык ён сказаў “пфуй” і імператару і такой палітыцы і дадаў нешта ў сэнсе: “А по мне так хоть сейчас же провались этот остров – я бы и не охнул”. – Т-та-ак, гуманнасцю тут фельдмаршал не вызначыўся. – І ўсё ж я нікога не бачу з прысутных там, хто мог бы такое ўчыніць, каго мінулае звязвала б з гэтым няшчасцем. – Мы яшчэ вельмі мала знаем. І таму не можам прадбачыць і прадухіліць учынкі гэтага або иншых. І ты маеш рацыю: маглі камусьці і расказаць. – “Прадухіліць”. А тут праз гэтае няведанне гінуць і гінуць людзі. Вы не загінулі ўчора толькі дзівам. – Думаеш, штучны абвал? – А як жа. Упаў кавалак муру там, дзе ламалі. І тут да сатрасення далучылася сіла, прыкладзеная да пліт. Шмаргануў. На гэты раз акунька. – Кінь, – нечакана папрасіў ён. – Кінь. Не твая гэта справа. І гэта пачынае рабіцца вельмі небяспечным. У наступны раз для цябе гэта можа не скончыцца так удала. А тут яшчэ твой нервовы стан. Кожны можа сказаць, што справай займаўся псіх. Даверу не будзе. — І няхай не будзе. – Ува мне раптам прачнуўся гумар шыбеніка, чаго я ад сябе аніяк не чакаў. – Тут столькі разумных, што абавязкова патрэбен хаця адзін вар’ят. Калі не Лапатуха, то няхай ужо буду я. — Ну-ну. Вар’яты часам павінны выказваць парадоксы. І ерэтычныя меркаванні. Нават замахвацца на аўтарытэты. Асабліва калі да гэтага грашылі перадавымі поглядамі. — Ну так. Звышчалавечая пагарда да лаянкі і ўхваленняў... І куды ж гэта я ўваліўся, куды трапіў? І ў якую ж банду бандзюкоў могуць завесці чалавека перадавыя погляды? А многія ж лічаць свае погляды перадавымі. А ў каго сумленне атрафіраванае – тыя ўсе сябе ў перадавых лічаць. Вынаходзяць газы, атам, прэнг, шавінізм, гістарычныя ўчынкі, эшафоты. І вучаць тае маралі, толькі калі ведаюць, што на яе махнулі рукой... Адкрываюць, адкрываюць тое, да чаго нікому няма справы. А вот звычайнага сродку ад зубоў, ад галаўнога болю ды, урэшце, ад радыкуліту, калі ў чалавека азадак баліць... Чалавецтва крыкам ад гэтага крычыць, а ім слабо. Яны корпаюцца ў глаголіцах... – Ну-ну. Ты даеш. Проста пурытанскі... Ды раптам так і ўтаропіўся ў мяне. – Ты што, марскога змея ўбачыў? Ён, відаць, нават занепакоіўся, бо я нібы скарчанеў, утаропіўшыся ў адзін пункт. Мая вуда паспяхова сплыла б на сярэдзіну става, каб ён не перахапіў яе. – Ну вось. Вось і ў цябе. Ды глядзі, як павёў асцярожна... А, чорт! Ды што ўрэшце з табою? Але тут я пачаў калаціцца ад смеху. Спачатку ціхага, а пасля зусім ужо нясцерпнага і нястрымнага. – Ды што з табой, хлопча? Сапраўды ты з глузду з’ехаў, ці што? – Ідыёт! Ідыёт! – Згодзен, але чаму? – Я сказаў... ой... пра глаголіцу. – Не ты першы. – І толькі тут мне стукнула ў галаву... Мы шукалі пад трэцяй вежай. – Правільна. «ВЕДЗЕ» трэцяя літара, што ў кірылічным алфавіце, што ў глагалічным. – Так. І ў глагалічным... ах-ха-ха!.. «АЗЪ», А – першая літара і мае пад цітлам значэнне адзін, «БУКЫ», Б мае значэнне – два, а «ВЕДЗЕ», В мае значэнне – тры... Ой, трымайце мяне! І нас ледзь не засыпала і не забіла пад трэцяй вежай. – Та-ак. Не бачу нічога смешнага. Своеасаблівы гумар. – Справа ў тым, што і «АЗ, БУКЫ, ВЕДЗЕ» – сапраўды адзін, два і тры. Так у глаголіцы. Але ў кірыліцы – не мае лічбавага значэння. І ніколі не мела, як Ж, як дзвервь (ђ), як Ш, Щ, Ю і іншыя. Не мела. – Як-як? – А вось так. І, значыць, S ступ уніз, гэта азначе 6, а не восем ступ уніз. Б і Ж не мелі ў старажытнай Беларусі лічбавага значэння. А – першая вежа, Б – ніякая, разумееш ты, ніякая. А В – гэта другая вежа ад кутняй. І, значыць, памыліліся не толькі мы, але і тыя, што хацелі нас засыпаць. Яны нічога не ведалі, яны толькі сачылі за намі. А ўсё, што мы... ох... яно пад другой вежай. Я знямог ад смеху, зусім знясіліўся: – А божа мой! Ёлуп! Ёлупень! Асёл раменныя вушы. – Нічога, асёл на чатырох нагах дый то спатыкаецца. – Ну досыць. Я больш не дазволю гэтаму аслу спатыкаца. Мулам мне зрабіцца, калі гэта не так. З гэтага моманту я цвёрда вырашыў, што ніхто, нішто і ніколі ў аслы мяне не запіша. Гісторыя калісьці пакажа, так гэта ўсё здарылася ці не так. Яшчэ толькі адно. Пакуль мы дайшлі да месца, дзе нам трэба было разыходзіцца, я перадаў Хілінскаму ўсе свае меркаванні па гэтай справе. Няхай перадае далей каму захоча. Я не хацеў далей рызыкаваць. Ці мала што магло здарыцца са мною ў гэтым ідыёцкім кутку? Ён слухаў уважліва, а потым, нічога не каменціруючы, сказаў толькі нейкім нібы безуважным голасам: – Падобна на тое, – і дадаў пасля паўзы: – І вось яшчэ што. Гэта табе пажытак для разважанняў. “БТ” ніколі, з самага заснавання ларка, кіяскёру не адпускалі. Што мне было да “БТ” і да гэтага небаракі? Мяне ўразіла іншае. – Дык, значыць, пошукі ідуць? Іх не кінулі? – Ат, – адмахнуўся ён, – нічога я не ведаю. Шчука неяк абмовіўся. Я думаў, гэта табе будзе цікава... Калі не – прабач. Праз дзень ціхі наш прыстанак ператварыўся ў стоўпатварэнне вавілонскае. Сноўдалі паміж Альшанамі і Альшанкай розныя машыны і розныя людзі. Прыязджалі нават з Кладзенскага і са сталічнага музеяў. Завіхаліся вакол руіны, фатаграфавалі, абмервалі. Мяне гэта не датычылася. Я зрабіў сваё і на гэты раз спадзяваўся, што без памылкі. Я проста рабіў тое, што і дагэтуль. Разам з хлопцамі са школы, Шаблыкам і Змагіцелем, разам з археолагамі (дзе прыбыль, там памагатых гібель) выносіў смецце і друз. На гэты раз з другой вежы. Гэта частка яе, частка замураванай некалі брамы, абвалілася ў той дзень, выклікаўшы абвал і над намі. Тыя, прыезджыя, накшталт славутых гогалеўскіх пацукоў, “панюхалі ды і пайшлі прэч”. Прашу ў іх прабачэння. Усе тыя дні я, нібы прадчуваючы нешта нядобрае, прабываў у самым дрэнным настроі. Хацелася раўці і кідацца на людзей. Баюся, што нават вочы ў мяне наліліся крывёю, як у бычка. Прыходзілі і адыходзілі мясцовыя. Часам на ўзгорку людзі збіраліся нават у маленькія паасобныя купкі, дзе ажыўленыя, а дзе і змрочныя. Нібы нейкі дух неспакою і трывогі павіснуў над Альшанкай. – Ну што, наклёўваецца нешта? – спытаў Нічыпар Альшанскі. Стаяў ён наводдаль разам з Вячоркам, Высоцкім і Ганчаронкам. І хаця, адгробшы чарговую порцыю рознай парахні, на глыбіні шасці ступ ад “мацерыка”, мы сапраўды толькі што знайшлі выбіты на камені контур карабля, я адказаў унікліва: – А чорт яго ведае. Тут такая галаваломка, што нельга быць пэўным ні ў чым... Можа, нешта і знойдзецца, а хутчэй за ўсё, не. Я не хацеў рассыпаць амаль завершанага ўзору ў сваім калейдаскопе. Магчыма, я памыляўся, але я не хацеў сапсаваць справы аніводным неабдуманым учынкам, аніводным неасцярожным словам. Да вечара мы расчысцілі амаль усю пляцоўку. Я ўжо нават прыблізна бачыў, дзе пліты на падлозе драбнейшыя. Там можна было дапусціць існаванне замураванага лаза. Таму я спецыяльна не даў рабіць хлопцам раскопку да канца. – Досыць на сягоння. Заўтра з раніцы зоймемся зноў. Яны бурчалі. Азарт ёсць азарт, асабліва калі справа падыходзіць да канца. – Нічога, нічога. Пакіньце крыху прыемнага чакання і на заўтра. — Прыемнага, – досыць здзекліва сказала Сташка. – Нічога там прыемнага не будзе. Проста хочацца хутчэй дакапацца. Я пазмрачнеў: — Калі нават я маю рацыю, то адзін дзень нічога ўжо не дасць і нічога ўжо не зменіць. Калі нават здагадкі правільныя. Таму што людзі, мы, у гэтым выпадку спазніліся з дапамогай. На добрыя тры з паловай стагоддзі.
|