РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
20. РУІНЫ
        
20. РУІНЫ

        
        Надышло лета.
        І настаў гэты дзень -- 22 чэрвеня -- сонечны й цёплы, як на замову. Такія дні дабраславяцца і гараджанамі, і вяскоўцамі, калі прырода абдорвае ўсіх раскошнай цеплынёй, няма вільгаці, адно лашчыцца лёгкі ветрык.
        Беларуская сталіца, разбураная ўшчэнт, як і мноства іншых гарадоў на акупаванай немцамі тэрыторыі, азначанай як "Ostland", прыгатавалася сьвяткаваць гэтак званы "Дзень Вызваленьня": чатыры гады таму ў ціхую сьвітанкавую часіну з заходніх берагоў ракі Буг выплюнулі сваю першую зьнішчальную сьліну гарматы, пачынаючы апэрацыю "Барбароса" -- збройны напад гітлераўскага Трэцяга рэйху на маскоўска-бальшавіцкую турму народаў.
        "Drang Nach Osten", што быў часова прытарможаны з палітычных меркаваньняў, цяпер зноў рушыў, сеючы паніку й спустошаньне наўсьцяж ад Балтыкі да Чорнага мора. А той дзень, што спусьціў з ланцуга жахлівыя руйнаваньні, нябачаныя дагэтуль у гісторыі, закамуфлёўваўся пад веху свабоды "новай Эўропы". Стары, паранены ў баях ваяка, чые амбіцыйныя пляны ўжо не былі ніякай загадкай для паняволеных народаў, мусіў зрабіць яшчэ адну спробу ўдаць за дабрадзейнага вызвольніка.
        Мэта сьвяткаваньня была дваякай: разьмяць стомленыя ад вайны маслы й прадэманстраваць на публіку іхную непахісную моц, а заадно за маскай бацькоўскай, сьвятой любові й ахвярнасьці дзеля непакорных народаў прыхаваць зласьлівую грымасу свайго мярзотнага твару.
        Ад дому 25 па Галоўнай вуліцы ў Менску пачыналася параднае шэсьце. Зранку з усіх куткоў зруйнавага гораду пацягнуліся ў цэнтар гараджане. На ўсходнім баку вуліцы, перад спускам да моста цераз Сьвіслач, была ўсталяваная новая трыбуна, аздобленая двума флагштокамі. Лёгкі ветрык часам падхопліваў два сьцягі -- адзін бел-чырвона-белы, другі са свастыкай. З заходняга боку цягнуліся ў шарэнгу кучы з уламкаў цаглін і бетонных брыкетаў.
        Каля дзесяці гадзін ходнікі былі ўжо запоўненыя змучанымі вайной, але цікаўнымі з такой нагоды, менчукамі, апранутымі ў свае лепшыя за вайной апранахі. Са спрытам павука на ўсіх карнізах і ваконных шчылінах абгарэлых будынкаў месьцілася малеча. Зьлева ад трыбуны групаваліся ў чаканьні нямецкія вайсковыя вярхі.
        Вось шматлікія вочы натоўпу прасачылі за зялёным мэрсэдэсам, што пракаціў да трыбуны. З задняга сядзеньня ўзьняўся высокі, страмкі, з даўгой бусьлінай шыяй, генэрал СС-паліцыі фон Готбэрг -- Генэральны камісар Беларусі; за ім -- на паважнай дыстанцыі -- ягоны ад'ютант.
        Генэрал нетаропка агледзеў усю зборню, прыняў рапарт ад гарнізоннага камандзіра й тады, дапамагаючы сабе кіем, пачыкільгаў па прыступках на трыбуну. Пасьля прывітаньняў і цісканьняў рук дастойнікам ён уладкаваўся па цэнтры, зьлева ад яго пасталі кіраўнікі зь Беларускай Рады, справа -- немцы. І тады ледзь заўважны ківок даўганосага правадыра прывёў у рух колы параду.
        Як толькі зашлемаваныя калёны нямецкай СС-паліцыі гусінымі крокамі пашыбавалі ўздоўж трыбуны, стала ясна, што жаўнеры, зрэшты, ня мелі намеру "разьмяць" свае маслы ў той дзень у Менску. Болей падобна, гэтыя маслы цягнулі за сабой увесь цяжар спробаў залатаць дзіркі на Дняпры, празь якія на заходні бераг сачылася плынь савецкіх войскаў, пагражаючы сэрцу Беларусі й пхнучыся на Нямеччыну.
        За немцамі замаршыравалі калёны толькі што створанай Беларускай Краёвай Абароны, БКА. Ня здолеўшы зладзіць з чырвонымі партызанамі, немцы дазволілі беларусам арганізаваць абмежаваныя вайсковыя атрады дзеля самаабароны й рознага роду аховы на лініях камунікацыяў. Готбэргаўскі дэкрэт аб стварэньні БКА выйшаў у сакавіку. Немцы пакінулі за сабой асноўныя правы на новую армію, пад беларускае камандаваньне маглі падпадаць толькі часткі сілай ня болей за батальлён.
        Прыказ аб мабілізацыі, хаця многімі й ігнараваны, павялічыў лік БКА недзе да пяцідзесяці тысяч чалавек. Але недахоп зброі ды вопраткі, як і праблемы арганізацыі й шкаленьня, зрабілі новую армію неэфэктыўнай ад самага пачатку.
        Тыя беларускія патрыёты, прагныя не згубіць гэтага шанцу атрымаць зброю, каб урэшце паўстаць супраць абаіх праціўнікаў -- якімі б расчараванымі ды празрэлымі яны ні аказаліся былі да гэтага часу -- усё ж вырашылі зрабіць спробу. Адразу, як немцы былі захапілі краіну, некаторыя беларускія вайсковыя кіраўнікі слушна прадчувалі, што адзіная магчымасьць у нацыі здабыцца на нейкае самакіраваньне палягае ў пабудаваньні вайсковай моцы. І хаця немцы часам і падстаўлялі вуха да патрабаваньняў беларусаў, але ніколі й ня меліся пагадзіцца зь імі аж да самага позьняга часу, калі іхныя магчымасьці пацярпелі напружаньне, што было звыш за іхную собскую сілу.
        Такім чынам, нешматлікія, нахутка шкаленыя пяхотныя ды інжынэрныя атрады рассыпаліся ўздоўж і ўпоперак усёй краіны, ствараючы ядры нерэалізаваных беларускіх мараў.
        А ў Менску была створаная школа кадэтаў, у якую набралася каля чатырох сотняў юных дабрахотаў, што хутка зазналі першыя муштраваньні. Яны меліся па часе стаць "вяршкамі" новастворанай арміі, той, што зараз і набліжалася да Готбэргавай трыбуны.
        Апранутыя ў чорную вопратку (зялёнай яшчэ не набылі), здаровыя сялянскія хлопцы -- сярэдні ўзрост якіх быў васямнаццаць -- таўклі добра адтрэніраваным крокам гарадзкі брук. Грымотныя воплескі натоўпу менчукоў паглынулі гукі вайсковай аркестры й разьнесьліся па пустых руінах вялікага гораду.
        І тут здарылася нешта нечаканае.
        Капітан, што ачольваў калёну кадэтаў, загадаў ёй спыніцца, каб рапартаваць свайму камандуючаму афіцэру, што быў на трыбуне. Сярод гэтых несьціхальных воплескаў ягоны загад ня быў пачуты дальнімі шарэнгамі. Фронт раптам спыніўся, і ззаду пачуўся град зьбітых крокаў, як дальнія шарэнгі наваліліся на патыліцы пярэднім. У суправаджэньні незадаволенага гулу натоўпу афіцер, зачырванеўшыся, хуценька салютаваў незадаволенаму палкоўніку, здаў рапарт, і чорная калёна юнакоў памаршыравала далей да Сьвіслачы.
        За кадэтамі рушылі пяхотныя ды інжынэрныя калёны й далей мужчынскія ды жаночыя атрады Саюзу Беларускай Моладзі, на зьяўленьне якіх пачуліся шматлікія шчырыя ўхвальныя воклікі гледачоў.
        
        Марыя Каравай, прыкрываючы вочы ад сонечнага бляску, выцягнуўшы шыю, аглядала і калёны на маршы, і гараджанаў вакол сябе. Нідзе ніводнага знаёмага твару!
        Яна была апранутая ў танную жоўтую сукенку, з квятастай зялёнай хусцінкай на валасах, сплеценых у закручаную на патыліцы касу. Зьлева ад яе шчабятала высокая, вельмі прыгожая, цемнавалосая дзяўчына Алена Мароз:
        -- Глянь, глянь на гэтых хлопцаў! А прыгожыя, а ладныя якія! Ёсьць з чаго выбраць! -- яна хіхікнула й таўхнула Марыю у бок.
        -- Чаму б і табе не ўступіць у Саюз? -- адказала Марыя зьедліва. -- У цябе быў бы яшчэ большы выбар.
        -- А можа, і пайду. Верка, а пайшлі разам, га? -- падміргнула яна.
        Алена Мароз пазнаёмілася зь Верай Шулавай (былой Марыяй Каравай) месяцы чатыры таму ў школе, дзе яна настаўнічала. Дзьве дзяўчыны, такія розныя па характары, пацягнуліся адна да адной, як гэта бывае з процілегласьцямі. У добрапрыстойным заходнім грамадзтве Алена б лічылася абазнанай старай дзеўкай. Легкадумная, жвавая, вострая на язык, яна мала ставілася да жыцьця сур'ёзна.
        Як бы неверагодна гэта ні гучала, але яна сказала Марыі, што выхоўвалася ў дзяржаўным дзіцячым доме. І хаця нармальнаму разьвіцьцю ейнага характару, пэўна, заміналі строгія нечалавечыя догмы камуністычнага грамадзтва, яна поўнасьцю распасьцёрла крылы й расьцьвіла падчас вайны, пасьля таго, як гэты барадаты й лысы камуністычны прарок зваліўся са свайго няпэўнага п'едэстала.
        Марыя была захоплена сваёй новай сяброўкай, тым, як яна ўмела парай добра падабраных і спалучаных словаў абяззброіць пыхлівага, утаймаваць хама, завесьці сяброўства са сьціплымі й сарамлівымі ды зрабіць хвалу высакародным. Некаторыя з ураўнаважаных нават, калі й былі аднойчы джаленыя ейным языком, былі прыхільныя да яе й любілі яе за гэта.
        Са сваімі інтэлектуальнымі й гаваркімі здольнасьцямі, адточанымі мерай асьцярожнай стрыманасьці, яна магла б стаць выдатным дыпляматам. Марыя часам, гледзячы на Аленін чортаў нораў ды ружовы падыход да жыцьця, падазравала, што гэтым адно будавалася складаная ракавіна для расчараванай, самотнай душы, што жыла ў ёй. Марыя не была ўпэўненай, бо ніколі ня мела поўнага допуску ў гэтую сьвятыню.
        Нават калі Аленіны стаўленьні да жыцьця й былі праз боль разьвітым й добра кіраваным рамяством, то й тады можна мець выгоду, навучаючыся яму, вырашыла сабе Марыя. Ніколі яшчэ яна не глядзела на жыцьцё з гэтага боку. Дзяўчына часта прымушала яе сьмяяцца, калі яна ўжо ледзь ня плакала, ці садзіла ў калюжыну таго, хто крыўдзіў яе.
        Хутка пасьля знаёмства Алена запрасіла Марыю пераехаць у ейную сьціплую кватэрку за Нямігай, дзе некаторыя цагляныя дамы пазьбеглі ўсепажыральнага вагню вайны. "Давай складзем нашыя сродкі разам, -- прапанавала Алена. -- Я мяркую, удзьвюх мы зможам эканоміць лепей, чым паасобку".
        Марыя прагна прыняла прапанову, і праз кароткі час абедзьве яны пераканаліся, што меркаваньне апраўдала сябе. Яны працавалі ўв адной школе, гатавалі разам і падзялялі мноства іншых спраў.
        Час быў ня самы спрыяльны дзеля сацыяльнага жыцьця ў Менску. Суворы ваенны лад жыцьця абцяжарваў службоўца й настаўніка, гандляра й рабочага; якія б ні заставаліся разьлікі на сацыяльна-культурнае жыцьцё, яны ўсе пасьпяхова падаўляліся камуністычным падпольлем.
        Ув опэрным тэатры пасярод самай опэры пад сцэнай разарвалася бомба. Тры акторы загінулі, бальшыня астатніх ды колькі наведвальнікаў былі параненыя. А падпольныя камуністычныя выданьні віталі гэтае барбарскае забойства як чарговую перамогу ў паралізаваньні беларускай нібыта буржуазнай культуры ды абясшкоджваньні фашыстоўскіх калябарантаў. Сцэну й залю направілі, тэатар адчыніўся зноў, але аматары опэры мелі за лепшае сядзець у хаце далей ад небясьпечных мейсцаў.
        Бясконцыя забойствы беларускіх і нямецкіх кіраўнікоў, з Генэральным камісарам Вільгэльмам Кубэ на чале сьпісу, спарадзілі страх сярод людзей у адміністрацыях, тэатрах, адукацыі й выдавецтвах. Марыя, тая наагул, з-за свайго кашмарнага мінулага, глядзела на гэтую крывавую бойню безь ніякай зацікаўленасьці. Адылі Алена паводзілася, быццам жыцьцё было нармальна ружовым і гладзенькім. Аднойчы Марыя наважылася завесьці гутарку зь сяброўкай на гэтую тэму.
        -- А чаго ты баісься, мілая? Ну каму да нас, няшчасных, справа? -- усьміхнулася Алена шчыра. -- Нават калі нас і заб'юць аднаго дня, дык што? Памятаеш, як сказаў Максім Багдановіч аднойчы?
        Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог,
        А вядуць яны ўсе да магілы.
        І бязь ясных надзей, без трывог,
        Загубіўшы апошня сілы,
        Мы сайдзёмся, спаткаемся там
        І спытаем сябе: для чаго мы
        Па далёкіх і розных пуцях
        Адзінока йшлі ў край невядомы?
        І чаму пасьпяшаліся так,
        Напружаючы ўсе свае сілы,
        Калі ціха паўзушчы чарвяк
        Ўсё ж дагнаў нас ля самай магілы?
        ...Бр-р! Які эпілёг для гэтай тузаніны, якую нехта празваў жыцьцём! Які прыкры жарт!
        Алена скрывілася й з агідай змахнула зь сябе нябачнага здаравеннага валасатага чарвяка, што зьбіраўся яе зжэрці.
        Марыя глядзела на яе, захапляючыся сілай ейнай праніклівасьці й красамоўства. У такія часы Марыя дзівілася, ці ейная сяброўка ўспрымала калі ўсур'ёз нават Бога.
        Лёгкі цень на Аленчыным твары разышоўся ў сяброўскай, але загадкавай усьмешцы:
        -- Калі Бог ствараў гэты супярэчлівы сьвет, Ён жа не запрасіў будучых ягоных жыхароў на нараду. І вось мы вымушаны ў ім жыць. Філосафам насуперак -- нам насамрэч скарацілі сілу інтэлекта, і мы ня ў стане зразумець усю глыбіню прычын людзкіх учынкаў. Лепшае з таго, што мы можам зрабіць цяпер, -- гэта прыстасоўвацца ў гэтай калатні ды старацца ўбачыць сонечны бок жыцьця, бо як бы мы ні хацелі, мы ня зможам паправіць ягоных законаў ці замяніць карэняў людзкіх паводзін.
        -- Хацела б я глядзець на сьвет тваімі вачамі... -- зь лёгкай прыкрасьцю адказала Марыя.
        -- А што замінае? -- адпарыравала Алена.
        Марыя ўтаропілася ў яе, як можна часам утаропіцца ў абы-што, калі канцэнтруесься на пошуках у сваёй душы ці далёкіх падзеях. Ці адказаць ёй на гэнае пытаньне? Хіба зможа гэтае дзяўчо спасьцігнуць усё бяздоньне тугі тае маткі, што двойчы выкараскалася з магілы і ўсё яшчэ залізвае раны ад сваіх незваротных згубаў?
        Колькі ўжо разоў парывалася Марыя расказаць сваё мінулае, але кожнага разу стрымлівалася. Хіба яна стала недаверлівай да людзей, не да канца шчырых? Яна падазравала, што Алена ніколі не была зь ёй адкрытай напоўніцу. Досьвед з Калпаковым-Бэргдорфам пакінуў незагоены шнар на ейным сэрцы. Яна працягнула руку, каб дапамагчы няшчаснаму вярнуцца да жыцьця, а гэтую руку адсеклі...
        Азіраючыся пазьней, але занадта позна, Марыя тады толькі зразумела, як ёй было пашанцавала, што Лёс падарыў ёй у сяброўкі Алену Мароз. Этыка гэтае дзяўчыны, заземленая да самага дна, настолькі паўплывала на яе, што сапраўды гаіла, як той бальзам, ейнае хворае сэрца. Алена зьявілася на гарызонце ейнага жыцьця ў той самы адпаведны час, калі Марыя вагалася на мяжы поўнага зьнясіленьня. Яна не настаўляла й не ўгаворвала, яна проста вяла Марыю за сабой сваім ладам жыцьця й жыцьцёвай філязофіяй. "Вось я, глядзі, -- здавалася, казала яна. -- Я не анёл, але ў мяне ёсьць формула, якая дапаможа пазьбегнуць пасткі й утрымацца на небясьпечных грэбнях ваенных хваляў. Хадзем са мной!"
        Хто ведае, што было ў Аленіным мінулым? Марыя не хацела ўзаемных корпаньняў у душы. Калі тая жыла проста паводле правіла "жыві ды давай іншым жыць", Марыя хацела трымацца яго.
        Празь месяцы чатыры, як яны жылі разам, Марыі палягчэла. Яна нанова навучылася ўсьміхацца й хутка перастала бачыць жыцьцё адно зь ягонага чорнага боку.
        Адно, як ні старалася Алена, яна так і не змагла падняць Марыіну цікавасьць да іншага полу. Урэшце яна здалася. Па выходных сама яна зьнікала на ноч, ці дзьве. Яна не рабіла сакрэту з таго, што спала з кімсьці пастаянным. І Марыя здагадвалася, якая магла быць рэакцыя, калі б яна нават паспрабавала намякнуць, ці маральна гэта, ці не. Алена дала зразумець, што ейныя паходы са сваім каханцам мелі чыста эгаістычныя матывы; яна ня бачыла нічога непрыстойнага ў падарунках і нагодах падвоіць ці патроіць свае ўзноскі да іхнай агульнай кухні. Такая негалосная дамоўленасьць задавальняла Марыю.
         Сама Марыя так і не змагла зашыльдавацца ад свайго мінулага. Шкадаваньні й разгубленасьць пастаянна згрызалі ейны хісткі душэўны спакой. Прыхаваныя пачуцьці ўвесь час намагаліся вырвацца навонкі. Алена нагадвала аб той будучыні, якой яна мусіла шукаць. А якая яна, будучыня?
        Часам, калі Алены не было, яна зачыняла дзьверы, і тады ў самоце давала волю сваім сьлязам. Потым стомленая й млявая, так і не адчуўшы палёгкі, яна спрабавала падмацаваць сябе дзеля гэтай няпэўнай будучыні...
        Алена ж ніколі не вярталася да свайго мінулага, ніколі не спускалася ў глыбіні дэпрэсіі. Занадта добра, каб быць праўдай, але Алена была ўвесь час побач, як анёл-ахоўнік, гатовая кінуцца на дапамогу, як толькі паклічуць.
        Прывіды мінулага наведвалі Марыю часта. Нават зараз, калі яна стаяла ў натоўпе, гледзячы на прышчавата-юных кадэтаў у чорнай вопратцы, яна, здаецца, убачыла бацькоўскую постаць інспэктара Трахімовіча са змрочным тварам, тонкімі вуснамі, які настойваў: "Час пачынаць адстрэльвацца!"
        Пару тыдняў таму Віцебск і Гарадок былі праглынаныя чырвонай навалай. Абцуговая апэрацыя зрабіла немагчымымі ўсе спробы грамадзян эвакуявацца. І як цяпер там Трахімовіч з жонкай? Дзе зараз ейная дарагая сяброўка Юстына са сваім ваяўнічым сынком? Можа, ужо ўсе замкнёныя ў скоцкіх вагонах па дарозе ў Сібір? Шчэ горш -- Марыя сьцепанулася ад думкі -- цалкам магчыма, застрэленыя адразу на месцы як фашыстоўскія калябаранты. Генэральны інспэктар Заркевіч на ейнае пытаньне змог адказаць адно, што ніхто нічога пра іх ня чуў. Пра Калпакова-Бэргдорфа яна таксама нічога не дазналася. Гэты пэўна ды ўцёк.
        "Час пачынаць адстрэльвацца", -- настойваў ён. Каму пачынаць? Гэтым маладзёнам, у якіх шчэ малако на вуснах?
        Даўгая нашкаляваная калёна беларускай моладзі з задранымі галовамі вярнула яе да прывіда маладзёвага кіраўніка Янкі. Ці ведаюць гэтыя хлопцы, што іхная арганізацыя спарадзіла такога невядомага пакутніка? Сплываючы крывёю, на мяжы свайго канца ён усё ж кінуў выклік тым нікчэмным гадаванцам чужнікаў -- які ж гэта чалавек! Як бы ён быў зараз да месца ў гэтай стройнай калёне!
        ...А вось ягоныя двое дзетак трымаюцца за матчына крысо... Яны былі пазбаўленыя права на жыцьцё за тое, што іхны бацька змагаўся за правы для ўсіх.
        Марыю захапіла парыўнае жаданьне выскачыць зараз на сярэдзіну гэтай пыльнай вуліцы й спыніць калёну. Яна мусіць спыніць іх і расказаць пра Янку!
        "Паслухайце, родненькія хлопцы й дзяўчаты! Вы ж памятаеце Янку Белага? Ён жа быў сярод вас. Я была там, калі забівалі яго разам зь сям'ёй. Пабачыўшы гэта, я памірала зь імі тысячу разоў. Спынецеся! Не маршыруйце ў гэтую бездань і паслухайце мяне! Кіньце вы свае рыдлёўкі, кніжкі, алоўкі -- і вазьміце зброю. Хіба вы ня бачыце, там набліжаецца чырвоная мясарэзка? Гэта плоць вашае бацькаўшчыны скормліваюць ёй. Змагайцеся! Бярыце зброю! Дняпроўскія дамбы абрынуліся, і крывавая навала ідзе сюды. Хочаце падзяліць Янкаў лёс? Не? ...Дык ідзіце, спяшайцеся, бярыце зброю!"
        "Не... Я ня маю права... Гэтак нельга... Што гэта я кажу? Уседаравальны Бог забараняе забіраць жыцьці іншых... Але таму мы, беларусы, так і пакутуем!.. Бо мы паводзім сябе, як слабыя авечкі, калі вакол адныя воўчыя зграі. Пакуль адныя грувазьдзяць горы сродкаў вайны ды разбурэньня, мы ўсё наважваемся будаваць і сеяць і зьбіраць ураджаі; у сваім жыцьці мы кіруемся Боскімі запаветамі; мы занадта зручныя для іншых; так, мы самі сабе наканавалі Лёс. ...Дзеткі мае любыя, анёлікі мае, матулечка мая! ...Сярод абветраных папялішчаў у Шулах ляжаць вашыя непахаваныя костачкі, а мне, вашай матулі, бяздомнай, напалоханай і разгубленай, не знайсьці спакою на гэтай зямлі, што дала мне жыцьцё..."
        З аднаго пагляду Алена здагадалася, што Марыя зноў чамусьці ляціць ў сваю ненармальную дэпрэсію. Яна хацела супакоіць яе, але атрымала непрыязны адказ. Пасьля параду Марыя, не сказаўшы нічога сяброўцы, сышла некуды прэч. Неўтаймаванае жаданьне сысьці з гэтага дзярлівага сьвету, выплакаць сваё няўцешнае сэрца авалодала ёю...
        
        Павольна цяклі змрочныя воды Сьвіслачы, вакол -- што ў вадзе, што на беразе -- валяліся горы ўламкаў. На процілеглым беразе валтузілася ў вадзе купка малечы, плёскалася й весялілася.
        Марыя перайшла мост. Мокрымі вачыма яна агледзела ўсю як на далоні панараму разбурэньняў.
        За сьпінай зьвягалі й дзынькалі трамваі, а наперадзе даліна руінаў распасьціралася аж да Камароўкі, дзе ў далечыні натапыраныя старыя хаты, што цудам пазьбеглі агню, завяршалі кругагляд. Уздоўж Галоўнай вуліцы цягнуліся шматпавярховыя цагляныя шкілеты таго, што некалі было жылымі дамамі. На захадзе, на другім баку Сьвіслачы, далёка на гары круглы, у форме вясельнага каравая, велічны будынак Тэатру опэры й балету каранаваў сабой усё гэтае царства спустошанасьці. Ён выглядаў курганам сярод сьціплых магільных камянёў...
        Амаль некрануты й пусты цяпер, тэатр хаваў у сабе прывіды мінулага. Аднаго дня -- пэўна ўжо скора -- той дэспат, на чый загад узгарузьдзілі гэты вялізны магільнік, верне сабе сваю былую калёнію. І тады штучныя вобразы натхнёных партыйцаў вернуцца на сцэну сьпяваць хвалу сучасным Нэронам ды чытаць казані тым, хто асьмельваецца мець думкі, іншыя за партыйныя догмы. Маршыруючы калёнамі, са сваімі ненавіснымі песьнямі на пасьмяглых вуснах зьявіцца гэтая галота на суседзкія могілкі шнарыць па руінах і распачне тут новую эру свайго камуністычнага раю.
        "Рай" гэты нічога добрага ёй, як і ейнай сяброўцы Алене, як і ўсім беларускім настаўнікам, не варажыў. Напэўна ён азначаў вандроўку ў Сібір, ці папросту расстрэл на месцы...
        Марыі не хацелася вяртацца ў спустошаную кватэру да спакаваных валізкаў, да мітусьлівай Алены... Ёй хацелася прайсьціся на разьвітаньне па горадзе перад адыходам на захад, дзе, зрэшты, іх таксама ніхто не чакаў...
        З гэтай журботнай задуменнасьці яе раптам выпхнула чорна-белая птушка з даўгім хвастом. Сарока, што ўладкавалася на вытаркнутай з кучы лам'я жалязяцы ад былога ложка, затрашчала на ўсё сваё птушынае горла. Марыя падышла бліжэй і зазірнула ўнутар кучы. Чатыры шырака разьзяўленыя жоўтыя дзюбкі на кончыках выцягнутых чатырох шыек патрабавалі ежы. Відаць, даўно не было тут катоў. Прырода запаўняла сабой тое, што пакінуў чалавек.
        Няўмольнае жыцьцё брала сваё нават тут. Сям-там сярод гэтай вялізнай пустэлі жалезабетоннага лам'я зелянелі агароджаныя маленькія плямкі. Дзівачныя пудзілы прытулілі на сваіх плячах вераб'ёў. Гэтыя агародзікі, квітучыя сьведкі чалавечай трываласьці, быццам аазісы ўдыхалі жыцьцё ў гэтую рукатворную пустэльню.
        Дзевяць стагодзьдзяў таму працавіты народ, што пабудаваў на гэтым месцы горад, назваў яго Менскам -- горадам, дзе мяняюць тавар, горадам, дзе ствараюць. Потым заваёўнікі перайначылі яго на Мінск. Ім варта было назваць яго Бойня-градам -- то бок тым, чым яны яго зрабілі...
        Ужо надвячоркам Марыя прыйшла на тое месца, дзе некалі стаяў Педагагічны інстытут. Невымоўнае пачуцьцё настальгіі нахлынула на яе сярод тых таполяў, што некалі былі сьведкамі першых праяваў каханьня яе й Валодзі. Дрэвы заўважна падрасьлі ад тых замілавальных часоў; а група разбураных будынкаў, дзе некалі вучыліся й месьціліся студэнты, выяўляла сабой спустошанасьць і пагібель.
        Куды раскідалі вятры вайны ўсіх тых, з кім пасябравала яна тут?
        Пэўна што, некаторых зь іх ужо няма сярод жывых. Каторыя -- таксама, як і яна -- туляюцца выгнаньнікамі па сваёй роднай зямлі; гэныя -- усё яшчэ сьціснутыя мёртвай хваткай крыважэрнага асьмінога вайны...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.