РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
II
        
II

        
        Старожка ўжо злёгку пахрапвала ў кухні на печы, а Лабановіч усё яшчэ не лажыўся. На стале гарэла лямпа пад светлым абажурам і ляжала разгорнутая кніга, якую чытаў настаўнік. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі, пахаджаў па пакоі і думаў. Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днях і да якой ён так доўга гатаваўся, – усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра, бо так многа новага і цікавага спадзяваўся ён спаткаць на першай сваёй дарозе незалежнай грамадскай працы.
        Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб'ездчыка, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч; гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу, і гэты выгляд самой мясцовасці, агульнага тону якой не мог яшчэ ўлавіць Лабановіч, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага.
        Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство – чалавек і прырода. Бо ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна, бо дарогі яго не вызначаны, бо формы яго жыцця і яго адносін да другіх людзей бясконца разнастайныя, канчаткова не выяўлены і ніколі не могуць стаць канчатковымі. А прырода! Колькі вялікага здавальнення дае нам яна! Бо прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце? Адно толькі шкада, што наша жыццё несузмерна малое для таго, каб начытацца гэтай кнігай.
        З такімі думкамі Лабановіч прыпыніўся каля акна. З двара пазірала цёмная, чорная ноч. Неба, абложанае нізкімі хмарамі, здавалася, усё цяжэй навісала над аголенай зямлёй. Непраглядны змрок і сыры туман спляліся густа-густа і як бы глынулі гэтую закінутую між балот і лесу невялічкую вёску.
        – Якая цемра! – жахнуўся малады настаўнік. Яму было прыемна пачуваць, што ён цяпер у гэтым цёплым і прытульным пакоіку, дзе прыветна і так мнагазначна гарыць лямпа пад белым абажурам, дзе ўсё так ціха і спакойна і нішто не перабівае думак. І тут жа паспагадаў ён і тым падарожным, якім так ці іначай прыходзіцца ехаць або ісці ў гэты глухі час ночы па цёмных і гразкіх дарогах, праз брады і грэблі сярод лясоў і балот.
        Лабановіч зноў падышоў да стала і ўзяўся за кнігу. Але думкі яго так разышліся, што ён мусіў загарнуць кнігу ды зноў стаў хадзіць па пакоіку і думаць.
        Заўтра трэба будзе заказаць старасту фурманку і паехаць да воласці забраць школьныя прыналежнасці; трэба пазнаёміцца там з настаўнікам і параіцца з ім наконт розных пытанняў, звязаных са школай; трэба таксама зайсці і да бацюшкі і запрасіць яго прыехаць сюды адслужыць малебен перад адчыненнем заняткаў у школцы. Так, гэта трэба зрабіць, бо ўжо даўно час брацца за навучанне дзяцей. Праўда, яго назначылі сюды позна. Але адкладаць няма сэнсу, бо не здолее выпаўніць праграму.
        Гадзіннік на сцяне рабіў сваю работу. Аднатонна і размерна гойдаўся маятнік у шкляной каморцы, як бы вельмі здаволены сваёй працай, што і пацвярджаў кароткім «так-так!», «так-так!». Перад тым як адбіць гадзіны, гадзіннік колькі хвілін трашчаў, рыпеў, як калодзежны журавель на марозе, і пасля такой прадмовы званіў прыемным металічным звонам.
        – А ўжо і позна, – зазначыў сабе Лабановіч.
        Гадзіннік прабіў поўнач. Настаўнік перанёс лямпу ў другі, яшчэ меншы, пакоік, дзе стаяў яго просценькі дзервяны ложак, лёг у пасцелю і чытаў «Зорныя светы і іх насельнікі».
        Шырокі малюнак недасяжных светаў раскрываўся перад вачамі маладога настаўніка ва ўсёй сваёй таемнасці і бязмежнасці. І чым больш мысль захоплівалася гэтым чароўным малюнкам і гэтымі незлічонымі светамі, раскіданымі сярод бяздонных багнаў, такіх страшных, такіх павабных, – зямля і чалавек, пагардлівы гаспадар яе, рабіліся ўсё меней і меней значнымі, нікчэмнымі. Гэта бязмежнасць зацірала зямлю, і яна гублялася ў ёй, як малюсенечкая пылінка. А якім малазначным, непрыемным з'яўляўся чалавек, яго клопат, яго штодзённыя драбніцы жыцця! Новыя думкі і настроі ахінулі маладога настаўніка. Але гэтыя думкі ўмомант разляцеліся, як вераб'і, калі ў іх вясёлы гурток паляціць каменьчык, кінуты рукою якога-небудзь падшывальца-жэўжыка; страшны і непрыемны вобраз смерці бліснуў сярод гэтых думак маладога настаўніка і разагнаў іх. На адзін момант жыццё ў ім як бы спынілася. Па яго целе прабегла дрыготка, бо гэты вобраз смерці вынік зусім неспадзявана.
        «Я памру! – падумаў малады настаўнік. – Будзе такі час, калі я стану нежывым, трупам!»
        На кароткі міг ён як бы адлучыўся ад сябе самога і зірнуў на сябе збоку, як старонні, другі чалавек, і жыва ўявіў сабе той момант, калі ён будзе нерухомым трупам.
        «Фу! Як гэта прыкра і непрыемна! – падумаў Лабановіч. – А горай за ўсё гэта тое, што перад смерцю мы бездапаможныя і слабыя і не маем спосабу адхіліць яе ад сябе або хоць аддаліць час яе прыходу. Ад яе не адмолішся, ад яе не адкупішся нічым. Я памру. Маладым, пажылым ці старым, але факт той, што памру, бо я, як і ўсё, што мае ў сабе пачаткі жыцця, падлягаю смерці, бо ўсё на свеце, толькі што зарадзіўшыся для жыцця, ужо мае ў сабе адзнакі і пячаць смерці. І людзі звыкліся з гэтым, і нікому нават і ў галаву не прыходзіць выказаць свой пратэст проціў смерці і весці з ёю змаганне, як бы ўжо даўно-даўно ўмовіліся прызнаць над сабою яе ўладу, лічыць гэту ўладу справядліваю і законнаю. А яна, гэта смерць, кожны дзень ходзіць вакол, кожную хвіліну нішчыць і маладзенькія і старыя формы жыцця. І мы не зварачаем на гэта ўвагі, і толькі тады яна робіць моцнае ўражанне, калі ўмірае хто блізкі або калі наваліцца мор і людзі пачынаюць уміраць агулам. Тады чалавека ахоплівае жах, і ён губляе галаву. І вось што цікава. Калі парушаюцца драбязговыя правы, то чалавек гатоў грызціся за гэта і кусацца зубамі; там жа, дзе разбіваецца сама аснова, прынцып, ён пакорна згінае сваю галаву і моўчкі падстаўляе яе пад абух».
        «Цьфу! Якая гэта агіднасць! – думаў далей малады настаўнік. – Жывеш, складаеш планы, чагось шукаеш, чагось дабіваешся, спадзяешся, а прыйдзе час – і ты будзеш труп, гніль, спажытак чарвей».
        Гэтыя думкі парушылі спакой Лабановіча і пакінулі пачуванне нейкага нездавалення і непрыемнасці.
        Ён звярцеў папяросу, стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Гэта яму крыху і ўдалося, бо Лабановіч быў хлопец крэпкі, моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэта жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся.
        «Чаму я пачаў думаць пра смерць? Скуль узялася гэта думка?» – запытаў сябе Лабановіч і пачаў дашуквацца сувязі, якая павінна быць паміж думкаю аб смерці і тымі думкамі, што так ці іначай былі прычынаю яе ўзнікнення. Прыпомніўшы ўвесь ход сваіх разваг, настаўнік ніяк не мог знайсці гэтай сувязі, і гэта акалічнасць яго крыху здзівіла і зацікавіла.
        «Я чагось не ўзяў пад увагу, нейкі вобраз ці думка проста зніклі з памяці, і ад таго факт гэты мне здаецца крыху незразумелым і дзіўным, хоць, наогул сказаўшы, на свеце нічога дзіўнага няма».
        А гадзіннік на сцяне несупынна вёў сваю справу: размерна ківаўся хадун-маятнік і кожны свой крок адзначаў кароткім «так-так!», усё так жа рыпеў перад тым, як прабіць, і ў свой час меладычна званіў.
        Лабановіч патушыў лямпу.
        Цемра і ціш напоўнілі маленькі пакойчык. З двара ў акно пазірала чорная ноч і завешанае густымі хмарамі-валокнамі цёмнае неба. Было ціха і глуха. Праз некалькі хвілін каля дзвярэй у кухню скрабнула мышка. Як відаць, яна знайшла дзесь скарыначку хлеба і барабаніла ёю аб падлогу.
        Лабановіч стараўся заснуць, але яму штось не спалася. Як толькі заплюшчыў вочы, перад ім, як жывы, усплыў малюнак дарогі, якою ён ехаў да станцыі: несканчоныя балоты і цэлыя статкі стажкоў на іх, грэблі, брады, старыя хвоі, што горда ўзвышалі свае макушы над лесам, і наогул увесь гэты краявід, поўны свайго асаблівага хараства і невыразнай цікавасці... «Калі хворы чалавек пачынае думаць аб вялікай дарозе, то гэта ёсць прымета таго, што гэты чалавек не ачуняе», – прыпомнілася невядома калі і дзе і кім выказаная думка.
        «Усё гэта – глупства», – падумаў настаўнік і павярнуўся на другі бок.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.