|
VII Дзервяная сцяна аддзяляла кватэру Лабановіча ад школьнае залы, і, каб папасці туды, трэба было толькі адчыніць нізкаватыя дзверы. Як толькі разднела і ўзышло сонца, пачалі збірацца вучні. Кожны іх крок, кожны рух і вымаўленае слова чуліся ў кватэры настаўніка. Яшчэ ўчора прайшоўся стараста Раман Круглы па вёсцы, заказваючы сялянам пасылаць у школу дзяцей. То таму, то другому, спаткаўшыся на вуліцы, гаварыў ён: – Пасылайце заўтра дзяцей у школу! Пры гэтым стараста рабіў сур'ёзную міну і, наогул, меў начальніцкі выгляд. Яго чырвоны кажух з шырокім, як засланка, каўняром з'яўляўся ў розных месцах вуліцы. Калі патрэбныя старасту асобы не сустракаліся, ён падыходзіў да акна, стукаў пальцамі ў шыбы: – Гэй, Кандрат! Падыдзі-тка сюды! Калі Кандрата не было ў хаце, стараста падзываў Алену або Параску і таксама строга казаў: – Пасылайце заўтра дзяцей у школу! Выпаўніўшы свой абавязак, Раман зайшоў у школу. – Дома паныч? – ціха запытаў Раман старожку. – Дома, стараста, дома! – крыху нараспеў прамовіла бабка. Лабановіч чуў гэту размову. – Заходзьце, стараста, заходзьце! Стараста разоў два затрубіў носам. Дзверы ад кухні рыпнулі. Адна палавіна іх адчынілася, а другая затрэслася ад націску шырокага пляча старасты. Ступіўшы крокі два, Раман перайшоў увесь пакоік-спальню і апынуўся на парозе другога. Кожны яго крок адбіваўся на падлозе мокраю плямаю, а на велізарных лапцішчах ён нёс столькі гразі, што добраму гаспадару і на сахор не выбраць. – Ну, як маецеся, стараста? – Хвала Богу; паныч як здароў? – Вось што, стараста: не называйце вы мяне панічом, бо я не паніч, і бацька мой такі ж самы мужык, як і вы. Лабановіч папрасіў старасту прысесці на канапу, бо кволае крэсла, якіх тут было ўсяго толькі два, наўрад ці вытрымала б яго связістае і дзябёлае тулава. Стараста, па звычаю ўсіх палешукоў, меў доўгія валасы. Рыжая бародка, вузкая і выгінастая, і крыху хмурны погляд спадылба рабілі старасту падобным да званковага караля. Звярнуўшы ўвагу на яго здаравецкі склад, на шырокую расхлістаную грудзіну, на якой яшчэ значыліся сляды летняга загару і адбіткі вятроў, Лабановіч мімаволі ўспомніў яго бацьку Рыгора, які, як зазначыў Сцяпан Рылка, браў старасту на рукі, як хлапчанё. «Крэпкі народ, хоць і жыве ў балотах», – падумаў Лабановіч. – Дык ужо вучыцімеце? – Так, стараста, трэба пачынаць. – Ну, я ўжо заказаў, каб пасылалі хлопцаў у школу. – Чаму ж толькі хлопцаў? Трэба, каб і дзяўчаткі хадзілі. – Дзе яны пойдуць? – махнуў рукою стараста. – Скажы ім пра школу, дык будуць смяяцца; вельмі дзіўным ім гэта пакажацца. Хоць бы хлапчукі ўсе пайшлі. Лабановіч, наколькі мог, тлумачыў старасту, што і дзяўчаткам таксама вучыцца трэба, і даводзіў, скуль гэта патрэба вынікае. Стараста слухаў, прыплюшчыўшы вочы, і толькі згаджаўся: – Гэта так, панічок... – Гэта вы справядліва кажаце. – А вядома, так. – Што праўда, то праўда. Але настаўнік бачыў па твары старасты, што ўсе аргументы зусім не пераконвалі яго ў тым, што дзяўчатам трэба навука. Што навука трэба мужчынам (а навуку стараста разумеў, як уменне чытаць, пісанне ж – ліха яго бяры, без яго можна абысціся лягчэй!), стараста не спрачаўся. Справа службы вымагала хадзіць у воласць. А там надаюць яму цэлую кучу розных папер і загадаў. То трэба было павесткі на суд даставіць па прыналежнасці, то нядоімку сыскаць з каго, то лісты перадаць. У гэтых выпадках у старасты быў асобы парадак. Ён клаў павесткі з павесткамі, лісты з лістамі, нядоімкі з нядоімкамі. І тут галаве яго прыходзілася папрацаваць нямала. Ён распытваў у воласці, каму павесткі, і тут жа складаў іх у такім парадку, у якім іх трэба перадаць, беручы пад увагу адлегласць. Скажам, павестка для Мікіты Цялушкі, які жыў з гэтага боку вуліцы. Яго павестка клалася першаю, а за ёю ішла другая, трэцяя і так далей. Пасля гэтага стараста запамінаў тых асоб, каму павесткі прызначаліся. Таксама і нядоімкі. На лісты быў іншы парадак. Перш за ўсё іх было нямнога, і канверты былі розныя па колеру і па велічыні. Вось гэты ў сінім канверце трэба аддаць Гаўрылу Жалезнаму, у белым – Язэпу Нырку, а гэты памяты і засалены – удаве Тэклі... Ну, калі і пераблытаеш іх, не такая ўжо бяда: самі разбяруць, калі будуць чытаць паклоны. Гэта ўжо хутчэй бабы патрапяць. Забраўшы ўсе паперы, стараста колькі хвілін стаяў і разважаў, як бы сам сабе здаваў экзамен. Можна было сорак разоў аклікаць яго ці страляць за колькі крокаў ад яго – усё роўна нічога не чуў тады стараста. Здаўшы экзамен, Раман весялеў, з твару сходзіла напружанасць, у якой часта адзначалася пакута, і ўжо звычайным чалавекам ішоў, куды яму было трэба. А калі ў яго памяці гублялася якая-небудзь шрубка, стараста раптоўна спыняўся сярод вуліцы, пазіраў на паперы, пазіраў доўга і напружана. Пры гэтым ён пакручваў галавою і часта страчваў надзею адшукаць гэтую згубленую шрубку. Тады ён зноў вандраваў у воласць і нёс на сваім твары выяўны смутак. Дзіцячыя галасы гучнелі і мацней даносіліся да кватэры настаўніка. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Выпаўненне аднае школьнае праграмы яго не здавальняла, і сваё галоўнае назначэнне як настаўніка Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з'явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі – як выніклі? у чым іх прычыны? І наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома. У гэтым абуджэнні крытычнае думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Бо калі чалавек пачне разважаць, дашуквацца прычын таго стану, у якім ён знаходзіцца, ён напэўна не пагодзіцца са сваёю доляй і будзе старацца адваяваць сабе лепшае месца на свеце. І калі ў чалавека раскрыюцца вочы, ён сам сабе выбера дарогу і сам за сябе будзе несці адказ. Навязваць жа людзям сваю волю, вымагаць ад іх, каб яны рабілі іменна так, а не іначай, мы не маем права, бо хто можа паручыцца за тое, што мы не памыляемся? Гэтым і тлумачыцца той факт, што розныя правадыры, якія захоплівалі жарам свайго пераканання людскі натоўп і вялі яго за сабою, – вялі толькі да тае граніцы, ад якой пачыналіся перашкоды. Натоўп не разумеў гэтых перашкод, адольваць іх у яго не было ахвоты. На гэтым пункце вынікалі непаразуменні. Правадыр з гарчэчаю ў сэрцы казаў: «О сляпы, нікчэмны натоўп, статак жывёлін!» А натоўп крычаў: «Ты – ашуканец! Пабіць цябе каменнямі!» Ужо колькі разоў паглядаў настаўнік на гадзіннік, думаючы, ці не пара яму ў школку. Праўда, сёння толькі пачатак, толькі збор дзятвы; ён пакуль што азнаёміцца і зробіць запіс у журнал. Усё ж такі на сэрцы будзе спакайней: будуць зроблены хоць сталыя крокі да работы. А дзеці, крыху асвойтаўшыся, пачыналі гусці смялей і весялей. Часамі чулася іх беганка па лаўках, смех і крыкі. Некаторыя ціхенечка падыходзілі да дзвярэй кватэры настаўніка і з найвялікшаю цікавасцю заглядалі ў шчылінкі. Таксама забягалі яны і ў кухню, нібыта напіцца вады. Яны баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі: – А што, бабка, ён сярдзіты? І калі Лабановіч паказаўся ў кухні, яны, як мышы, загледзеўшы ката, кінуліся наўцёкі. Старожка залілася вясёлым доўгім смехам: яе вельмі насмяшылі дзеці і іх страх перад настаўнікам. Яна пераказала Лабановічу, як распытвалі пра яго вучні, паціраючы свае вушы, як бы раней пагадзіўшыся з тым, што іх будуць круціць. У школьнай зале вучняў было дзесяткі два. Як толькі з'явіўся там Лабановіч, яны завілі з усіх канцоў школы і цясней збіліся ў гурт, як спалоханыя авечкі, і ўжо адтуль пазіралі на свайго настаўніка, як на якое дзіва. Значна большая частка іх былі новыя. Усе вучні былі абуты ў лапці, насілі, як і старыя палешукі, суконныя світкі, чорныя або светлыя. Грудзіны, як і ў бацькоў, былі расхлістаны. Настаўнік павітаўся, адказ на прывітанне далі колькі хлопчыкаў, якія ўжо вучыліся ў школцы. – Што ж вас так мала? – спытаў іх Лабановіч. – Яшчэ прыйдуць, – адказаў адзін са старэйшых. – Заўтра будзе болей, – дадаў другі. – А вы, дзеткі, яшчэ першы раз прыйшлі да школкі? – мякка прамовіў настаўнік да малых. Тыя спусцілі вочы, і толькі адзін, самы храбры, прамовіў кароткае: – Але.
|
|