РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXIX
        
XXIX

        
        – Бабка, дома паніч? – пытала панна Ядвіся старую Мар'ю.
        – Не, паненачка, кудысь выйшаў нядаўна.
        Ядвіся падышла да дзвярэй, прыслухалася, як бы не верачы бабцы і баючыся быць злоўленай, потым ціхенька адчыніла іх, ускочыла ў пакойчык, азіраючы яго цікавым поглядам. Яна падышла да пісьмовага стала і палажыла туды маленькі букецік першых вясенніх красак. Потым узяла асадку, адарвала вузенькую палоску паперы, крыху падумала. На яе губах заблукала ўсмешка, і яна напісала: «мілы», паставіла тры кропкі і дадала другое слова «дурань». Паперачку з напісанымі словамі залажыла ў разгорнутую кнігу, яшчэ раз азірнулася і выскачыла ў кухню.
        – Глядзі ж, бабка, не кажы панічу, што я тут была. Барані Божа, бабка, не кажы! – сказала і бягом кінулася на двор. Скора дзесь з двара пачуўся яе голас. Яна спявала нейкую песню.
        Бабка ціха ўсміхнулася сама сабе і прамовіла ўголас:
        – Вясёлая, харошая паненка! – і аб чымсі задумалася.
        Праз хвіліну бабка сама ўвайшла ў пакойчык. Ёй хацелася дазнацца, якую штуку выкінула там паненка.
        – Красачак прынесла, няхай падумае пра мяне.
        Бабка ўзяла ў рукі букецік, паглядзела на яго, паднесла да носа і палажыла зноў на стол. Яна чагось уздыхнула і выйшла.
        Гэта было на захадзе сонца.
        Калі ўжо добра сцямнела, прыйшоў Лабановіч. Ён запаліў лямпу. Пры яе святле заўважыў кветачкі.
        «Хто ж гэта палажыў іх сюды?» – спытаў ён сябе самога і стаў разглядаць букецік.
        Вечар быў цёплы і ціхі, Лабановіч падышоў да акна і расчыніў фортку. Вокны пакояў пана падлоўчага былі цёмныя. Там, значыць, нікога не было; можа, яшчэ рана. З двара далятаў сюды шум сельскае вуліцы. Дзесь у канцы вуліцы пілікала скрыпка, там жа чуўся радасны смех дзяўчат і іх крык і піск. Відаць, за імі ганяліся хлопцы, лавілі і дурэлі з імі. Потым дзяўчаты хорам спявалі «вяснянкі». Звонкія, маладыя галасы будзілі спакой гэтага ціхага вечара, і водгулле іх замірала дзесь у соннай цішы балот.
        На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі, пераліваліся, як бы там трапяталі крыльцамі нейкія дыяментныя матылі. І было штось незвычайна важнае і велічнае ў гэтым далёкім харастве недасяжных зор і ў гэтай маўклівасці цёмнага бяздоннага неба, і перад велізарнасцю і тайнасцю яго заціхаў дробны клопат зямлі.
        «Колькім людскім пакаленням свяцілі гэтыя зоркі! – разважаў настаўнік. – Людскія пакаленні даўно сышлі з твару зямлі, і вецер даўно параздзімаў іх магілы і разнёс па свеце прах касцей іх, а яны, спакойныя зорачкі, кожную ясную ночку будуць свяціць сваім немяцежным бляскам, неўспагадныя на ўсе мітусенні і трывогі ўсхваляванай душы чалавека. А мы перабудзем свой век, колькі нам прызначана, гэты страшэнна кароткі міг, малюпасенечкае звенца ў бясконцым ланцугу жыцця, і ніякага следу не захаваюць па нас бязлітасныя часы. І ці варта так прырастаць да гэтага жыцця, да гэтага нязначнага моманту ў ходзе часаў?»
        І нейкая туга ахапіла настаўніка. Аб чым? Мабыць, аб тым, што такая мізэрная і нязначная людская доля, людское жыццё. Ён апусціў галаву над сталом і сядзеў нерухліва. Лёгкі і раптоўны шолах каля шыбы акна абудзіў яго. Ён узняў галаву, і ў гэты момант на стол упала некалькі такіх жа самых красачак, што былі і ў букеце. Відаць, некаторыя з іх не папалі ў фортку, а толькі лёгенька крануліся шыбак і засталіся за акном. Разважанні аб нязначнасці людскога жыцця былі таксама раптоўна распуджаны чыёюсь рукою, што кінула гэтыя краскі.
        Лабановіч борздзенька кінуўся да форткі. Але там было ўсё ціха. І толькі шумлівая і многагалосая вуліца правіла маладыя гімны гэтаму жыццю.
        – Няўжо гэта Ядвіся? – спытаў сам сябе настаўнік. – Бабка! – гукнуў ён.
        – А што, панічыку?
        – Ты не спіш яшчэ?
        Дзверы скрыпнулі. Прыйшла бабка.
        – Ці ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак?
        Бабка перш прыкінулася, што нічога не ведае, а каб пераканаць у гэтым настаўніка, узяла краскі і стала разглядаць іх. Але, як ні хітрыла бабка, настаўнік прачытаў на яе твары, што яна прыкідваецца.
        – Ой, бабка! Грэх табе, старэнькай, хлусіць і падманваць. Не любіш ты мяне і не шкадуеш. Я ўжо і па той прычыне не паверу табе, што ты – знахарка. Ты павінна ведаць.
        – Ой, панічыку! Ну, хто ж вам можа прынесці красачак, як не паненка?
        – Якая паненка і чаму паненка, а не якая-небудзь маладзіца?
        – Хто ж іх, панічыку, ведае, хто да вас лепей горнецца: ці паненкі, ці маладзіцы, – усё яшчэ хітрыла бабка. Але ёй самой неўтрыванне было, каб не сказаць, і яна пачала смяяцца. – Паненка, панічыку, сама сюды забягала і палажыла іх вам. Толькі яна, панічыку, прасіла, каб я вам не казала.
        – Злаўлю яе калі-небудзь.
        – Злавіце, панічок, злавіце! – прамовіла бабка, гатовая нават памагаць свайму панічу злавіць паненку.
        – Чаму ты, бабка, не ідзеш на вуліцу песні спяваць?
        Бабка паглядзела на настаўніка, ці ён праўду кажа, ці жартуе.
        – Няма, панічыку!.. Адспявала я ўжо сваё.
        – А ці шкада табе свае маладосці?
        – А што яе, панічыку, шкадаваць? Ці шкадуй, ці не шкадуй – не вернецца назад.
        – А ці хацела б ты вярнуць яе?
        – Э, панічок! Ніколі я пра гэта і не думаю. Нікому яна не варочаецца.
        – Дык трэба, бабка, карыстацца ёю і ўзяць ад яе ўсё, чым яна міла і люба!
        – Так, панічок, што цяпер страціш, таго потым не знойдзеш.
        Гэта размова зусім не цікавіла бабку, і яна колькі разоў пазяхнула. А ўрэшце сказала:
        – Ужо ж, панічок, і позна. Заставайцеся здаровы!
        Бабка даволі пасунулася ў кухню на сваю печ, адкуль хутка пачуліся нейкія мармытанні, не то яна сама з сабою размаўляла, не то малілася Богу.
        У сяле яшчэ доўга спявалі песні, ды дзесь з двара даносіўся брэх патрывожанага сабакі. Апознены месячык загарэўся залатым пажарам за тым панурым лесам, што стаяў з боку чыгункі, і павольна ўзнімаўся над заспакоенаю зямлёю. Ноч цішэла і глушэла і цяжэй налягала на зямлю. Настаўнік яшчэ доўга сядзеў каля акна, і розныя думкі падымаліся ў яго галаве. Спаць не хацелася, і ён доўга варочаўся, пакуль сон замкнуў вочы. На століку каля ложка ляжаў букецік завяўшых красак.
        Вясна ўступала ў сілу. Снегу ўжо зусім не было ў палях. Ажылі балоты. Жаласна застагналі кнігаўкі, цяжка лятаючы над вадою. Высока ў небе звінелі жаваранкі. Абсохшая зямля пачынала іскрыцца зялёным аксамітам кволай пахучай траўкі. То той, то другі з вучняў пакідаў школу.
        – Вось што, дзеці, – сказаў раз вучням настаўнік, – сёння па абедзе прыходзьце з рыдлёўкамі. Будзем капаць ямкі, а заўтра ўсе пойдзем у лес, прынясём маладых дрэўцаў і абсадзім нашу школу.
        Дзеці адзін перад другім спяшаліся запэўніць настаўніка, што яны прынясуць рыдлёўкі, і з вясёлым дзіцячым гоманам, як пчолкі з вулля, высыпалі з школы на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі, шчаслівымі галасамі.
        Пасля абеду дзеці весела беглі з рыдлёўкамі ў школу і таксама заяўлялі аб гэтым настаўніку, забягаючы да яго на кватэру. Нават маленечкі Паўлюк Рылка, самы меншы ў школе, горда нёс рыдлёўку, згінаючыся ад яе цяжару.
        Настаўнік прыйшоў у школу і павёў дзяцей на двор. Разам з вучнямі размеркавалі месцы для ямак, потым настаўнік назначыў работу вучням, падзяліўшы іх на гурткі, і сам выкапаў першую ямку, каб паказаць дзецям, як гэта трэба рабіць.
        – Што гэта вы робіце?
        Панна Ядвіся непрыметна падышла да Лабановіча.
        Гэты так добра знаёмы яму голас прывёў яго ў нейкае трапятанне. Сэрца застукала мацней.
        – Хачу па сабе вам памяць пакінуць.
        – А хіба ж вы паміраць збіраецеся? – засмяялася Ядвіся.
        – Я памёр ужо, – трагічна прамовіў Лабановіч.
        – Дык гэта вас хаваць тут будуць? – жартавала яна. – Можа, пабегчы пасклікаць баб, каб паплакалі па вас?
        – А вы хіба не заплачаце па мне?
        – Дык вы ж усё роўна чуць не будзеце.
        – Ах, выбачайце! – апамятаўся Лабановіч. – Вельмі дзякую вам за букецік і за тыя красачкі, што праз фортку ўляцелі.
        Панна Ядвіся прыкінулася вельмі здзіўленаю і як бы нічога не разумела.
        – Які букецік?
        – А той самы, што ўчора вы на стол палажылі.
        – Ваша бабка – ілгарка, і самі вы – ілгар, – запратэставала Ядвіся. – Больш ніколі да яе не пайду, і ў вашу кухню не ступіць мая нага...
        – І ў маю фортку не паляціць ні адна краска?
        Панна Ядвіся павярнулася і кінулася бягом у свой двор, потым яна спынілася і пайшла зноў да Лабановіча.
        – Слухайце, вы бралі кнігу, што ў вас на стале разгорнутая ляжала?
        – Не, не браў.
        – Вы не хлусіце?
        – Я, здаецца, нікому яшчэ ў форткі не кідаў красак, каб мне лгаць.
        Панна Ядвіся чагось засмяялася, ніколечкі не пакрыўдзіўшыся.
        – Хочаце? Пойдзем сёння гуляць?
        – Пойдзем, пойдзем! – падхапіў настаўнік. – Вы, можа, не паверыце, а ў мяне, чэснае слова, была гэта самая думка, толькі я не адважваўся сказаць вам.
        – Дык вы заходзьце да нас.
        – Абавязкова і з вялікай прыемнасцю.
        Яна зноў памчалася ў свой двор. Дзеці шумелі, гаманілі, спрачаліся, хвалілі свае і ганілі чужыя ямкі.
        Лабановіч стаяў шчаслівы, аб чымсі думаў, і ледзь прыметная вясёлая ўсмешка блукала ў яго вачах і на губах.
        «Чаму гэта пытала яна пра кнігу? – падумаў Лабановіч. – Ці не палажыла яна чаго туды?»
        А гэтым часам панна Ядвіся кралася з другога ходу, каб тайком выняць з кнігі тую паперку, дзе яна напісала: «Мілы... дурань», чаго Лабановіч не агледзеў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.