|
XV Сябры скарысталі вясёлы свой настрой для розных смешных успамінаў і далі волю нестрыманаму смеху. – У нас сёння дзень не прапаў дарма, бо ў гэты дзень мы многа смяяліся, – заўважыў Лабановіч, – Ніцшэ вуснамі свайго Заратустры казаў: «Той дзень, калі вы не смеяцеся, прападае для вас». – У такім разе ў нас, брат, многа прападае дзён, – ужо сур'ёзна адказаў Турсевіч. – Бывала, увосень сядзіш адзін гэты доўгі вечар. За акно зірнеш – цемра. Дождж. А кроплі ўсё плюскацяць і плюскацяць пад капяжом, нібы там плача хто, і нейкія асаблівыя думкі пачынаюць валодаць табою. Заўваж, дружа, іменна асаблівыя думкі. Яны выходзяць як бы не з твайго мозгу, а табе іх насылае нехта, каго няма, але прысутнасць яго нібы адчуваецца. І вось уб'юцца ў галаву такія думкі і, бог ведае, аб чым не гамоняць табе! А вось, як гэтыя бярозы каля хаты пачнуць шумець! Ведаеш, брат! Чалавек, скажам, прывыкае да жывёлы. Гаспадару часта шкада разлучыцца з канём, ці з кароўкаю, або з сабакам не затым, што яны для яго карысны, а проста па прывычцы. Але можна прывыкнуць не толькі да жывёлы, а і да дрэва, як я, напрыклад, прывык да гэтых старых бяроз, што стаяць на шляху каля хаты. І вось кажу, калі зашумяць яны сваім голым веццем, то я чую нейкі жаль. Мне здаецца, што яны чагось смуткуюць і аб чымсі скардзяцца і што яны таксама нешта пачуваюць, іменна пачуваюць. І ў такія вечары ўжо не засмяешся... І многа ў нас такіх вечароў! – Апошнія словы Турсевіч прамовіў у нейкім засмучэнні. Лабановіч уважліва слухаў сябра і зацікавіўся ім. З гэтага боку, з боку такой тонкай чуласці і лёгкага містыцызму, ён бачыў яго першы раз, дасюль лічачы яго чалавекам пераважна рэалістычнага складу. – Тваю думку аб бярозах я хацеў бы пашырыць і паглыбіць. Я хачу запытаць у цябе – ці думаў ты калі-небудзь над тым, або проста – ці кідаўся табе ў вочы той факт, што прырода вакол нас... Я не ведаю, як выказаць маю думку... Ну, што ў яе ёсць нейкае сваё свядомае жыццё? Якое яно, я не ведаю. Можа, гэта, як у мяне, напрыклад, ёсць перажытак дзяцінства. Але і цяпер я ніяк не магу вызваліцца ад гэтага пачуцця, што прырода мае нейкае сваё свядомае жыццё. Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю, да якіх мяне не горне, я не магу з імі зжыцца, прывыкнуць да іх. Я зварачаў увагу на тое, што ёсць такія мясціны, дзе птушкі не хочуць гняздзіцца і спяваць, а стараюцца абмінаць іх. – Ёсць, брат, штось такое, – сказаў Турсевіч. – І вось, брат, як пачнеш на адзіноце думаць, чорт ведае да чаго дадумаешся. Накруціш свае нервы так, што пачынае цябе жудасць пашыбаць. І ўсе гэтыя таямніцы, можа, не больш і не менш як вынік туга накручаных струн-нерваў. – Мы прывыклі, дружа, – мякка сказаў Турсевіч, – адбаярвацца агульнымі выразамі там, дзе наш розум не можа адолець, пераступіць нейкія парожкі, якія адгароджваюць ад яго тое, чаго мы не ведаем. І ў адных выпадках мы гаворым: «Гэта – нервы». У другіх: «Аб гэтым ужо і закон так кажа, значыцца, тут трэба спыніць свой розум»; або – «Гэта злучэнне акалічнасцей», «Пад такою планетаю радзіўся» і многа іншага глупства. І часта які-небудзь незразумелы факт мы тлумачым яшчэ больш незразумелымі злучэннямі слоў і думаем, што сказалі нешта надта разумнае, а другія згаджаюцца з гэтым і здавальняюцца. А між тым усе гэтыя сляпыя агульныя выразы вельмі шкадлівы, бо яны звязваюць уніклівую думку чалавека, заспакойваюць і закалыхваюць яе, як закалыхваюць крыклівае дзіця, і не даюць ёй ходу там, дзе трэба разгарнуць дзейнасць, каб дашукацца прычыны. І, такім чынам, праз сям'ю, а потым і праз школу, наш розум прывучаецца пасіўна ўспрымаць такія з'явы, якія далёка не даследжаны і не растлумачаны. Дзяцей часта асякаюць старэйшыя ў сям'і, калі яны прыстаюць з запытаннямі, то вельмі наіўнымі, то часамі занадта замыславатымі. А несвядомыя настаўнікі ў школах таксама забіваюць у вучнях усё тое, што не ўкладаецца ў асадкі падручнікаў або выходзіць за межы знаўства саміх педагогаў. А гэта, усё разам узятае, вядзе да таго, што мы падпадаем пад абладу слоў і не маем волі для пратэсту супраць гвалтоўнасці над нашым розумам. Лабановіч слухаў сябра, згаджаўся з ім, як бы Турсевіч выказваў яго ўласныя думкі. Разам з гэтым і нейкае засмучэнне закрадалася яму ў душу. – Ведаеш, брат, – сказаў ён. – Вельмі добра хоць зрэдку сустракацца з жывым чалавекам, пагаманіць, адвесці душу. А то жывеш у глушы, дзе жывога слова не пачуеш, жывеш адзін. І думкі розныя бываюць; мігатнуцца ў тваёй галаве, як цень на зямлі ад лёгкай хмаркі, і забудуцца, як бы асуджаныя на зніштажэнне. А гэты дробны клопат штодзённага жыцця, нецікавага, часта пустога і нікчэмнага, прыніжае цябе, выціскае з цябе ўсё больш вартоўнае. І вось цяпер, калі я крыху адышоўся ад свайго Цельшына і зірнуў на яго збоку, то гэта глуш, што цікавіла мяне спярша, пачынае здавацца варожаю і наводзіць на мяне нейкае засмучэнне, як бы я ў ёй або яна ва мне чуем непрыяцеля. Чым болей я жыву там, тым больш пачуваю, што затрымацца там на доўгі час у мяне не хопіць сіл. Лабановіч замоўк і задумаўся. Вочы яго сталі нерухлівымі і пазіралі ў адзін пункт. Перад ім устаў вобраз панны Ядвісі. «Не, брат: не ведаеш ты, чым мне мілая гэтая глуш, ды я табе пра гэта не скажу», – думаў Лабановіч. Турсевіч, залажыўшы за спіну рукі, хадзіў ад сцяны да сцяны і таксама аб чымсьці думаў. – Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш, – прамовіў Турсевіч. – Вось ты вазьмі: якія-небудзь дваццаць вёрст раздзяляе нашы месцы, а якая розніца! Тут зусім іншае: не той выгляд прыроды. Мы заўтра пройдземся, паглядзім... Ніяк, брат, няможна раўняць Случчыны з Піншчынаю. І дзеці ў школе не тыя. У іх больш сардэчнасці, больш, ведаеш, гэтай чалавечнасці, а твае палешукі – проста звяркі. Далёка за поўнач сядзелі сябры. Многа ўсякіх пытанняў было паднята і абмяркована імі. Усё, што думалася на адзіноце, што так ці іначай займала і цікавіла іх, усё гэта выявілася цяпер і давала многа матэрыялу для гаворкі. Але не хапіла і гэтай доўгай ночы, каб пагаварыць пра ўсё. – Скажы ты мне, братка Максім, – пытаў сябра Лабановіч, ужо лежачы з ім у пасцелі. – Для чаго чалавек на свеце жыве? З некаторага часу мяне цікавіць гэта пытанне. Аб гэтым пытаў я нават і сваю бабку. – Ну, для чаго ж жыве?.. А чорт яго ведае, для чаго ён жыве, – прамовіў Турсевіч. Сябры громка засмяяліся. – Тут ужо, брат, нейкая філасофія. І я думаю, што немцу, напрыклад, такое запытанне і ў галаву не прыйдзе. – Чаму? – А таму, што немец – чалавек практычны. Вырашэнне ж гэтага пытання не дае ніякага практычнага рэзультату. – Значыцца, немец не ведае, чаго ён на свеце жыве? – запытаў Лабановіч. – Ну, каб такі кілбаснік ды не ведаў! Сябры зноў засмяяліся. – Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых, – сказаў Турсевіч. – Гэта, брат, ён так павінен жыць. Але мы бачым, што жывуць людзі зусім не па гэтаму правілу і пляваць яны хочуць на дабро або на нейкую там карыснасць. А справа тут стаіць зусім проста, і ў гэтым сэнсе ёсць толькі адна мерка, якая падыдзе да кожнага: жыве чалавек для таго, каб у жыцці як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе. – Пастой, брат, ты, здаецца, нясеш нейкую «ерась». Што ж, па-твойму, вывуджвае які-небудзь праўдзівы хрысціянін, што адрокся ад зямлі з усімі яе дарамі і дабротамі і ідзе ад людзей, каб заставацца на адзіноце з Богам? Як прыложыш ты да яго сваю мерку? – О, хрысціяне – народ вельмі змыслы, і да іх ашчэ дакладней прыстае гэта мерка. Яны, бачыш, маюць вельмі шпаркі разгон і шырока расчыненую губу. Іх не здавальняе зямля і наогул гэты свет (хоць і зямлёю яны таксама не грэбуюць). Ім давай рай, вечнае збавенне, бясконцую радасць і дабрабыт. А на сваё жыццё на зямлі яны пазіраюць як на спосаб латвей дастасавацца да банкету на тым свеце. – Ты занадта агаліў сэнс жыцця, – сказаў Турсевіч, – і тым самым зневажаеш чалавека. Ёсць людзі, што жывуць ідэямі агульнага дабра. За свае ідэі яны ідуць у астрогі, на высылкі; за гэтыя ідэі іх крыжавалі, давалі атруту, палілі на кастрах. Тут ёсць нешта большае, чым асабістая выгада і вывуджванне карысці для сябе. І няможна выводзіць з аднаго прынцыпу дзейнасць якога-небудзь жуліка і дзейнасць чалавека, што працуе ўсё жыццё для іншых. – Гэта толькі здаецца так на першы погляд, – стаяў на сваім Лабановіч, – а прынцып адзін для ўсіх. Справа толькі ў тым, якія ўжываць спосабы, якімі дарогамі ісці і як разумець гэты прынцып. Але каго ты ні возьмеш: ці то будзе вучоны, які вышуквае новыя законы жыцця і пракладае новыя дарогі, ці які-небудзь выдумшчык – Эдысан, ці паэт, ці мастак, ці прапаведнік новага вучэння, ці самаахвярны дзеяч, вечны служка выключна для другіх, – усе яны выходзяць з таго ж самага прынцыпу. Не трэба толькі змешваць мэту з тымі дарогамі, якімі гэтая мэта дасягаецца. – А ўсё ж такі я з табою не згаджаюся, – адказаў Турсевіч. – А калі ж у спрэчках згаджаюцца? Згодзішся, як аб гэтым добра падумаеш. А цяпер давай хіба спаць, бо, здаецца, пачало ўжо развідняцца.
|
|