РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXXVI
        
XXXVI

        
        Ціхая ноч ляжала над Палессем.
        Аднатонную песню вялі колы вагонаў. Бясконцы рой залатых іскраў выпускаў паравоз, агністаю паласою вызначаючы сабе дарогу. Ціха гулі і судрыгаліся балоты побач чыгункі, дзе бегла машына. Раскаціста і гучна грымелі салаўі: звону іх песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў. Месцамі ўзнімаўся белаваты туман і нерухома звісаў над маладымі асокамі і цёмнымі абрысамі разложыстых купчастых лазнякоў. І калі спынялася машына на станцыях і паўстанках і заціхаў шум поезда, з балот даносіліся хвалі незвычайна мяккіх зыкаў крахтання жаб. Нейкі невыразна маркотны і разам з тым прыемны гоман стаяў над балотамі, як бы яны апавядалі гэтай ціхай ночцы і гэтым людзям, што не спалі, адвечную скаргу сваю і смутак свой...
        Ізноў шуміць машына, ізноў заліваюцца салаўі.
        Вось і станцыя. Дарога скончана. Далей у свет пабяжыць машына.
        Лабановіч выйшаў з вагона, крыху пастаяў, падумаў і, не заходзячы на станцыю, пайшоў па палатне дарогі. У галаве яшчэ стаіць шум вагонных колаў, а экзамены, гэтыя новыя ўражанні ўсё блёкнуць і блёкнуць. Пачынае развіднівацца, разам з гэтым абуджаецца Палессе. Далёка ў лесе такуе цецярук, як бы нехта багамольны чытае там малітвы. Яшчэ больш гучна, яшчэ з большым натхненнем правяць салаўі раннія літанні. Як падзяку небу, як дым пахучай смалы, узносяць угару балоты свае туманы, і, здавалася, адпраўляюць набажэнства гэтыя лясы, ахінуўшыся тонкімі тканкамі пары. Усход святлее, ціха грае і пераліваецца гэта ясната, залатая багра – шчаслівы ўсмех дня, – каб дыяментамі разбіцца на свежых маладых лісціках, на чысцюткіх кроплях расы і запаліць іх бляскам найдарожшых каменняў.
        Дзесь уперадзе пагруквае, як бы пасмейваецца і перамаўляецца з рэйкамі дрызіна, і гэты вясёлы смех адбіваюць сцены лесу, што стаіць побач чыгункі. Едуць рабочыя, палешукі-хлопцы. Яны вясёлыя, перакідаюцца жартамі і крэпка налягаюць на тоўстыя палкі, падганяючы дрызіну. Збоку дзесь голасна і музычна выводзіць трэлі пастухова труба; балоты падхватваюць голас трубы, нясуць яго далёка па краях лесу і кідаюць невядома дзе. Залаты пажар сонца залівае верхавіны лесу.
        Настаўнік падыходзіць да пераезда, паварочвае ўправа ў лес і выходзіць на дарогу, што ідзе на станцыю з яго вёскі. Колькі часу ідзе ён між маладых хвойнікаў, выходзіць на круглую палянку, дзе калісь спаткаўся з паннаю Людмілаю. Адгэтуль ужо блізка вёска. Але раніца такая слаўная, у лесе так добра, што ён садзіцца на пень і слухае, як спяваюць дразды, як дзесь на ўзлессі кукуе зязюлька. Ён думае, чым зоймецца цяпер, калі так многа вольнага часу, колькі пабудзе яшчэ ў школе. Напэўна, яшчэ досыць доўга і, ва ўсякім разе, не будзе спяшацца, пакуль тут яшчэ застаецца і панна Ядвіся. Чым бліжэй ён да яе, тым з большаю сілаю ажываюць у ім пачуцці, тым жывей устае прад ім гэта слаўная дзяўчына. Ён падымаецца, ідзе далей.
        Дарога выходзіць з лесу на грэблю. За грэбляю відаць Сяльцо, карчма старога Абрама, капліца, высокія дзікія грушы, а за сялом, нерухома падняўшы крыллі, стаяць два ветракі, захоўваючы ўсё той жа выраз здзіўлення. Ён праходзіць грэблю, мінае карчму і хвілін праз пяць адчыняе дзверы і ўваходзіць у кухню.
        Каля печы стаіць з вілкамі ў руках старожка, прыстаўляе гаршчочак.
        – Дзень добры, бабка!
        – Дзень добры, панічок! – прыветна адказвае бабка. – Хіба ж, панічыку, вы пяхотам прыйшлі?
        – Так, бабка, на пары сваіх прыехаў.
        – Любіце вы хадзіць, панічыку. Няхай бы таварнага пачакалі ды да раз'езда ехалі б.
        Бабка чымся заклапочана і як бы нават засмучана.
        – А як жа вам, панічок, там Бог паводзіў? – пытае яна.
        – Добра, бабка. Хлопцы выдатна паздавалі экзамены. Можна сказаць – лепш ад усіх школ.
        Бабка весялее. Відаць, і ёй прыемна гэта навіна, і яна сапраўды рада ёй. Але зноў чагось засмучаецца і ціха ўздыхае.
        – Што ты, бабка, як бы нечага зажурылася?
        – Не, нічога, панічыку, – кажа яна.
        Лабановіч ідзе ў свой пакойчык, раздзяваецца. Следам за ім туды ўваходзіць і бабка.
        – Можа, вам чаю, панічыку, паставіць? – пытае яна.
        – Хіба пастаў, – згаджаецца ён.
        – Паехала ж, панічыку, наша паненка, – ужо зусім смутна прамовіла бабка.
        Лабановіч пачуў, як сціснулася яго сэрца. Колькі моманту пазірае на бабку. Яму робіцца цяжка-цяжка на душы.
        – Паехала, панічок, паехала! Учора і паехала. Яшчэ сюды забягала. «Кланяйся, кажа, бабка, свайму панічу!» Паехала, панічок, – у засмучэнні кажа бабка,
        – Ну, што ж, – стараючыся быць спакойным, гаворыць Лабановіч. – Можа, ёй там лепш будзе.
        – Я ж пайду самавар ставіць.
        Бабка выходзіць. Настаўнік застаецца адзін, садзіцца каля стала, сціскае галаву і моцна-моцна задумваецца.
        Паехала!..
        Ён колькі хвілін думае над гэтым словам. Звычайнае, простае слова. А колькі гора і смутку для яго сэрца ў гэтым слове!
        Паехала!.. Нават і не развіталася з ім. А як многа хацеў ён сказаць ёй у гэтыя апошнія дні! Чаму так здарылася?
        Ён устае і ідзе ў другі свой пакойчык, глядзіць праз акно на дом, на палісаднічак пана падлоўчага, на ганак, абсаджаны дзікім вінаградам. На гэтым ганачку ён бачыў яе апошні раз. А цяпер ні там, ні ў гэтым доме яе няма. Там цяпер пуста, і ўсюды стала пуста.
        Вуліца жыве сваім звычайным жыццём. Дзве кабеціны-паляшучкі, убраныя па-святочнаму, аб чымся гутараць, спаткаўшыся на сярэдзіне вуліцы. На прызбе каля старасты сядзяць мужчыны з люлькамі, па вуліцы перабягаюць свінні і пужаюць вясёлыя гурткі верабейчыкаў. Усё гэта так нецікава, усё гэта так далёка ад яго і так чужое яму.
        Ён чуе страшэнную адзіноту. Штось перахватвае яму горла. Цяжка, невыказна цяжка.
        Ён падыходзіць да стала, бярэ паперу, чарніла, садзіцца, нахіляецца над лістком паперы і думае. Трэба напісаць ёй, трэба выліць з сэрца ўвесь гэты жаль. Ён думае, як звярнуцца, як назваць яе, але не знаходзіць адпаведнага слова і піша:
        «Вас ужо няма тут. Вы паехалі, разам з сабою забралі ўсё, што звязвала мяне з гэтым месцам, з гэтым кутком Палесся. Цяпер ён не жыве для мяне, бо ўсё тое, што прыдавала яму прыгоства і нейкую чароўнасць, забралі вы. Я тут адзін, усё тут стала няміла для мяне, як бы тое, што раней гарнула і вабіла мяне, памерла і знікла. І толькі цяпер я адчуў сваю вялікую страту. Мне так хацелася пабачыць вас, пачуць ваш голас, ваш смех, глыбока зазірнуць у вашу душу і даведацца, якое гора ляжала ў ёй. Цяпер жа, пішучы вам, я толькі хачу прынесці вам падзяку за тое, што вы аздобілі маё жыццё тут, што вы былі тою яснаю, чыстаю зоркаю, якая свяціла мне ў гэтай цемры жыцця, радавала мяне і ўхіляла ад рознага бруду, і калі ў мяне захавалася жывая іскра, то толькі дзякуючы вам...»
        Настаўнік перачытаў напісанае і падумаў: «Усё гэта выходзіць не так, як бы хацелася». Ён задумаўся. «А куды пасылаць?» – спытаў ён сябе самога і не мог даць адказу.
        Бабка прынесла самавар.
        – Гатоў, панічыку, чай: выпіце ды спачывайце сабе, бо вы ж з дарогі.
        – Добра, бабка, я зараз буду піць.
        Ён выйшаў на двор.
        Бабка, пазіраючы на яго, паківала галавою. «Па паненцы нудзіцца», – зазначыла яна сабе.
        Зірнуўшы на маладую грушку, Лабановіч заўважыў, што вяршок яе быў зломан і гаротна нахілен да зямлі.
        – Гэта яна зламала, – прамовіў сам сабе настаўнік, – нашто яна зрабіла так? Няўжо яна хоча, каб я выкінуў яе з сэрца?
        Яшчэ большы жаль ахапіў яго. Ён хацеў зрэзаць адломаны вяршок.
        – Э, усё роўна! – сказаў ён і адышоўся.
        Спаць у гэты дзень ён не лажыўся. Ён пачаў перабіраць кнігі, складваць паперы, прыводзіць іх у парадак. У адной кнізе знайшоў невялічкі лісцік паперы, напісаны рукою Ядвісі. Яна пісала:
        «Бывайце здаровы. Я сумыслу пастаралася, каб вы мяне тут не засталі, хоць мне і хацелася яшчэ хоць раз, апошні раз, пабачыцца з вамі. Але я падумала сабе: усё роўна, ехаць мне трэба, ехаць жа тады, калі вы былі б тут, мне было б яшчэ цяжэй... Панна Людміла чакае вас – зайдзіце да яе».
        І больш нічога не напісала.
        Лабановіч доўга пазіраў на гэту паперку. Нават не напісала, куды едзе, і сама не падпісалася...
        І чаму ўсё гэта так скончылася? Чаму?.. І няўжо гэта канец?
        Ён яшчэ доўга сядзеў і разважаў. На вочы набягалі слёзы.
        Ён згарнуў запісачку разам са сваёю і палажыў у кішэню.
        Пад вечар прыйшоў стараста прыняць школу. Лабановіч тлумачыў яму, дзе якія дакументы і што ён здае. Стараста нічога не цяміў, але выгляд меў такі, як бы для яго ўсе гэтыя справы былі добра знаёмы.
        Назаўтра напісаў Лабановіч прашэнне аб перамяшчэнні і стаў збірацца ў дарогу. Бабка часта ўваходзіла ў пакойчык і, як родная матка, падбірала за ім розныя рэчы.
        – Разлятаюцца мае галубкі, – тужліва прамовіла бабка, – не вернецеся вы, панічыку, сюды! – І яна ў вялікім засмучэнні падперла рукою шчаку.
        Вечарам, праводзячы настаўніка, бабка заплакала.
        Садзячыся на фурманку з двума чамаданчыкамі, настаўнік сказаў у сваіх думках:
        «Адзін раздзел кнігі прачытан і загортваецца!.. Ну, што ж? Гайда далей!»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.