РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XVI
        
XVI

        
        Шырокі гасцінец з двума радамі старых бяроз збягаў з горкі раўнюсенечкаю сценкаю кудысь на захад, і чым далей, тым, здавалася, гусцей стаялі гэтыя развіслыя тоўстыя дрэвы, усё болей і болей зніжаліся яны, а потым зліваліся ў адзін шнур і замыкаліся сабою самімі, як бы ўпіраліся ў лес і хаваліся за лінію небасхілу.
        Ёсць штось незвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасвецкіх шляхах Беларусі. Шырока і размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы, губерні і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, свежых матываў і таемных здарэнняў абяцаюць яны вачам і сэрцу падарожнага! З якой незвычайнай сілай парываюць яны да сябе і як моцна дакранаюцца да струн душы! Якая ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў і якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны? Ці не гэта, нікім не выказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі і запісвалася агнявымі літарамі людское крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што ішлі і ехалі па гэтых шляхах і думалі свае думкі? Ці не ён, гэты летапіс часаў, так глыбока западае ў тваю душу, каб адбіцца ў ёй, знайсці свой пэўны вобраз і форму і грознаю маланкаю жахнуць цёмную ноч няволі, што звісла над краем? А можа, гэта таемная і страшная бясконцасць блукання па свеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сімваламі якіх з'яўляюцца гэтыя шляхі, авявае душу тваю невыразным хваляваннем і кліча яе зліцца з бяскрайнасцю зямлі? Ці то – няясны адбітак вечнага нездавалення людскога, таемны покліч да шукання іншых форм жыцця, несвядомае імкненне да лепшае долі? Ці то – парыванне душы разбіць нейкія граніцы і вырвацца на бязмежныя прасторы яшчэ нідзе неіснуючай волі?
        Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назбіраныя і напісаныя часамі на камлях вашых прысад?
        – Зірні, ты зірні: якое гэта прыгоства! – казаў Турсевіч сябру, паказваючы з ганка свае кватэры на роўны шлях і на ўвесь малюнак, што раскрываўся перад імі. – Які разгон, які прастор! Які вясёлы тон малюнка і колькі ў ім разнастайнасці! А вось гэтыя бярозы каля мае хаты: паглядзі, якія яны слаўныя!
        – Я аднаго не разумею, – сказаў Лабановіч, любоўна агледзеўшы краявід. – У нас столькі прыгоства, столькі багацця форм і фарбаў, і край наш вялікі і разнастайны, а мы не бачым, не хочам гэтага бачыць. Аб нашым краі злажыўся погляд як аб краі бедным, заняпалым. І нідзе ты ў падручніках геаграфіі не знойдзеш больш-менш сталага апісання Беларусі. Што такое наша Беларусь? А гэта, бачыш, заходняя акраіна Расеі. Чым яна слаўная? Нічым. Вось балоты ёсць, ды яшчэ на ўвесь свет вядомая хвароба – каўтун. І мы з гэтым легкадумна згаджаемся, мы ўсё гэта прымаем на веру, бо, як ты сказаў праўду, над намі пануе шаблон, шаблон пустых слоў, пустыя выразы, чужыя формы думак і чужы змест іх. Выходзячы з гэтага, мы адварочваемся ад свайго роднага, не шануем яго, мы стыдаемся яго! – слова «стыдаемся» Лабановіч прамовіў з націскам, пры гэтым выраз яго твару змяніўся, а ў вачах загарэўся агеньчык нейкай злосці. У ім абудзіўся цяпер, хутчэй інстынктыўна, чым свядома, пратэст супраць зневажання і прыгнечання правоў народа, і ён, як сын гэтага народа, з якім чуў цесную сувязь, стаў на абарону яго правоў.
        – Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я – англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, расеец і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы – беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх. Мы ведаем такое здарэнне з адным нашым знаёмым настаўнікам, да якога прыехала з дому матка. У яго былі госці. Ён пры гасцях не пасмеў пазнаць свае мацеры: «Ідзі ты, кажа, кабетка, на кухню: там цябе накормяць».
        – Гэта – свінства! – адклікнуўся Турсевіч і плюнуў з нейкаю агідаю. – Баяўся мужыком здацца і выявіў сваё поўнае хамства.
        Сябры некаторы час ішлі між прысад, а потым звярнулі на дарожку, гладка ўезджаную сялянскімі санямі, і пайшлі ў бок чыгункі.
        – Я хачу паказаць табе даўнейшыя могілкі, – сказаў Турсевіч і павёў сябра ў невялічкі лясок на ўзгорку недалёка ад дарогі.
        Дзе-нідзе на гэтых могілках тырчалі рэшткі крыжоў, панура нахіленых над зямлёю, і невялічкія гарбкі, закрытыя снегам. Між высокіх дрэў стаяла дзервяная каплічка з пабітымі вокнамі. Яна была пабудавана ў асобым стылі і мела арыгінальны выгляд. Яшчэ і цяпер па глухіх кутках Случчыны, напэўна, захаваліся такія каплічкі. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Дзервяны дашок яе прагніў і зяўраў чорнымі дзіркамі. Ухапіўшыся за выступ падваконня, Лабановіч зазірнуў у сярэдзіну каплічкі. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Усярэдзіне каплічка мела яшчэ досыць свежы выгляд, але ўсё ў ёй было пахмурным і страшным, і самі сцены, здавалася, сурова пыталі: «Чаго табе трэба тут, пустацікавец? Якое ты маеш права парушаць спакой гэтае святыні?»
        – Каб я ўмеў маляваць, – сказаў Лабановіч, – я перанёс бы яе на паперу.
        – Цікавая каплічка, – згадзіўся і Турсевіч. – Вось я і прывёў цябе сюды, каб паказаць яе. І ведаеш, якое было тут нядаўна здарэнне. Адзін тутэйшы абывацель з шляхты быў на паляванні. Сабака выгнаў ліса. Ліс схаваўся пад алтар каплічкі. Паляўнічы пачаў капацца і забіў ліска. Аб гэтым даведаўся бацюшка, падаў на суд за абразу святыні. Адным словам, завязалася цэлая громкая справа.
        – А ведаеш, і мне не шкада, што гэтага паляўнічага на суд падалі, – адказаў Лабановіч. – Разумеецца, справа тут не ходзіць аб абразе, але сам па сабе гэты выпадак моцна скрабе сэрца: бедны звярок думаў знайсці сабе тут ратунак.
        Сябры моўчкі ішлі з могілак. Відаць было, што кожнага паасобку займалі свае думкі. Лабановіч чуў нейкае засмучэнне і неспакой. Яго штось не здавальняла і кудысь цягнула. Магла быць тут прычынаю і тая акалічнасць, што, як яму здавалася, Турсевіч лепей вёў сваю школьную працу, і наогул яго школа рабіла ўражанне больш паспяховай школы. А можа, таксама мела значэнне іх скорая разлука, бо цяпер яны ішлі на станцыю, адкуль ён мусіць паехаць у сваю глуш.
        – Што, брат, прыціх? – запытаў яго Турсевіч. – Чаго зажурыўся?
        – Не заўсёды ж і вясёлым быць, – адказаў Лабановіч. – Ведаеш, брат, як пабачыў я тваю школу, твае заняткі, то мая школа ў параўнанні з тваёю нікуды не гадзіцца.
        – Ха-ха-ха! – засмяяўся Турсевіч. – Ніколі твая школа не будзе адставаць, раз ты ёю так моцна цікавішся і прымаеш блізка да сэрца. Гэта ў цябе яшчэ з непрывычкі, з першага года. А я пераконан, што твая школа шмат лепш стаіць за многія.
        – Што я табе хацеў сказаць, – прамовіў Лабановіч, – давай вясною, як скончацца заняткі ў школах, паходзім па Беларусі, азнаёмімся з ёю бліжэй. А свае назіранні запішам, збяром багаты матэрыял. Прыцягнем яшчэ ў сваю кампанію якога-небудзь фатографа, здымкаў цікавых наробім... Апрача смеху... Гэты план, разумеецца, распрацаваць трэба. Я толькі думку падаю.
        – А што ты думаеш? Гэта было б цікава. Аб гэтым, брат, трэба падумаць сур'ёзна, яй-права!
        – Ты ведаеш, – з жарам падхапіў Лабановіч, пачуўшы падтрыманне сябра, – гэта была б цікавейшая рэч! Мы б абышлі шмат школ, бліжэй пазнаёміліся б з настаўніцтвам, абудзілі б цікавасць да свайго краю. А самае важнае – мы раскатурхалі б соннае балота нашага настаўніцтва, бо жыць так, як жывём мы, адарваныя адзін ад аднаго, жыць без жывой ідэі, ведаць адну толькі цесную школу і траціць час на карты і папойкі, што звычайна робіць наш брат, так жыць нельга, бо для гэтага трэба наўперад задушыць у сабе голас сумлення, голас доўгу перад народам.
        – Вучыцца нам, брат, яшчэ трэба многа, – зазначыў Турсевіч. – Я, напрыклад, думаю ў інстытут падавацца.
        – І я чую, што трэба вучыцца, але сэрца маё ніяк не ляжыць да інстытута. Бо што такое інстытут? Гэта тая ж самая казарма-семінарыя, розніца толькі ў тым, што інстытут канчаткова заб'е ўсё яшчэ больш-менш жывое ў нашай душы, чаго не забіла семінарыя, і з настаўніка зробіць сухога кашчэя-чыноўніка.
        Лабановіч у глыбі душы пачуў нейкую непрыязнь да сябра, бо, як яму здалося, Турсевіч штось задумаў, нязгоднае з тымі поглядамі, у якіх, як увесь час лічыў Лабановіч, яны не разыходзяцца.
        І ўжо да самае станцыі сябры ішлі моўчкі, замкнёныя ў сабе саміх. Развіталіся яны сардэчна.
        – Не забывай жа мяне, – сказаў на развітанне Турсевіч.
        – Цяпер, брат, твая чарга даведацца свайго старога месца і старога прыяцеля, – адказаў Лабановіч.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.