РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXV
        
XXV

        
        Выходзіла так, што стараста казаў праўду. Гэтага здання, напэўна, трымалася і ўсё цельшынскае насельніцтва... І які чорт падбіў яго прыткнуць і свае тры грошы? Каб не гэты паганы рубель, нічога такога і не выйшла б. Добра яшчэ, што ўсё гэта так скончылася. А мог Лявон і не падняцца. І так яго на руках у хату занеслі.
        Лабановіч хадзіў па пакоіку і разважаў над гэтым здарэннем. Яму было крыўдна тое, што сам ён – мужык, а не ведаў мужыцкіх звычаяў і зрабіў па прыказцы: «Уткні мяне, Божа, куды мяне не трэба». І, наогул, трэба зазначыць, што ён не ўмее трымаць сябе з людзьмі. Узяць хоць бы яго сустрэчу з паннай Людмілай... Яму сорамна стала перад самім сабою. Ён нават пачаў сам сябе лаяць, кпіць і насміхацца з сябе. «Дурань ты, брат, дрэнь! Думаеш, што ты разумны, а ўся цана табе – шчарбаты грош... Кавалер!.. Тфу!» З гэтымі думкамі ён прыпыніўся каля люстэрачка. На яго пазіраў другі Лабановіч, надзьмуты і зняважаны. «Ух, рыла!» – прамовіў Лабановіч свайму адбітку і адышоўся. Прыпыніўшыся другі раз каля люстэрка, ён ужо глянуў крыху ласкавей на сябе і спагадна прамовіў: «Нічога, брат, не наракай на мяне: як-небудзь будзем жыць на свеце». Яму тут прыпомніўся адзін чалавек, якога ён ведаў, калі быў яшчэ малы. Гэты чалавек меў звычай размаўляць з сабою самім. Ён гаварыў: «Эх, Паўлючок! Кінь ты ўжо гэтыя згрызоты. Ці ты адзін такі на свеце?» Думкі яго пайшлі ў другім кірунку, і непрыметна настаўнік зноў пагадзіўся сам з сабою. Да яго зноў вярнуўся добры настрой, і, стоячы каля люстэрачка, ён сам сабе строіў міны, сам сабе падсмейваўся. Каб хто пабачыў збоку, то, напэўна, падумаў бы, што настаўнік крануўся з розуму.
        У гэты момант дзверы з кухні адчыніліся, і ў пакой увайшла бабка.
        – Што, бабка, добрага скажаш?
        – А нічога, панічыку... Ажыў Лявон.
        – Ну, дзякаваць Богу, а то ён мяне вельмі напалохаў. Думаў, што не ўстане.
        – Гэ, панічыку, ці так яшчэ біліся! Бывала, даўней як завядзецца бойка – усё сяло калоціцца. Пабяруць калы і пачнуць матлашыць адзін аднаго. Проста страхоцце. А гэта, панічыку, глупства!
        – З чаго ж гэта бойка паўставала?
        – Панапіваюцца, панічыку, і б'юцца. Ну, вядома – мужыкі. Зімою работы мала, абрыдне так сядзець і пачнуць біцца. Проста калы аб галовы ламаліся... – Бабка змоўкла і другім голасам сказала: – Прыехалі нашы паненкі. Толькі што з раз'езда прыйшлі.
        Відаць было, што дзеля гэтае навіны бабка і прыйшла сюды.
        – А я, бабка, заўтра раненька-раненька ў воласць пайду.
        – А можа б, вам стараста падводу даў?
        – Не, бабка, пайду памалу. Цяпер Масленіца, часу ёсць, можа, і падначую там.
        – А што ж, панічыку, прайдзіцеся. Толькі ж ножак вашых шкада.
        Пайсці ў Хатовічы Лабановіч надумаўся раптоўна. Яму трэба было так ці іначай адгукнуцца на бабчыну навіну, і ён проста адказаў, што пойдзе ў воласць, бо, сказаць праўду, вестка аб тым, што вярнуліся суседкі, яго такі ўсхвалявала. Настаўніку было і прыемна, што Ядвіся тут, блізка, каля яго, але ён не хацеў паказаць гэтага. З другога ж боку, яму таксама трэба паказаць Ядвісі і нават бабцы, дый сабе самому, калі ўжо на тое пайшло, што панна Ядвіся яго ўжо і не так цікавіць. Апрача гэтага, ён яшчэ не забыў тую крыўду, якую прычыніла яму панна Ядвіся, калі выказвала свой жаль з прычыны разлукі з Негрусем. Але трэба сказаць, што гэта крыўда цяпер жыла толькі ў памяці, а не ў сэрцы яго. Хіба можна так доўга трымаць крыўду на Ядвісю? І якая гэта крыўда, каб хто запытаўся? Хіба Ядвіся сказала гэта сумыслу, каб абразіць яго? Але ж трэба і характар паказаць, і выявіць станоўкасць і цвёрдасць сваю.
        Не! Гэта ён добра прыдумаў: што б там ні было, а ў Хатовічы ён пойдзе.
        На гэтай думцы Лабановіч затрымаўся канчаткова.
        Вось толькі пытанне: як рана ён пойдзе ў дарогу? Ці не лепш пайсці крыху пазней і гэтым даць магчымасць Ядвісі пераканацца, што ён ужо напэўна ведае аб яе прыездзе і тым не меней ідзе ад яе. Ён нават пастараецца пайсці тады, калі яна будзе стаяць каля акна або выйдзе на двор, а ён пройдзе з такім выглядам, нібы гэта стаіць не яна, а якая-небудзь Параска, да якой яму вельмі мала справы. А калі прыйдзецца і спаткацца з ёю, то што ж? Ён скажа: «Дзень добры!» Нават і пагаворыць з ёю аб самых звычайных драбніцах. Так, толькі так!.. Яму стала нават чагось весела.
        Назаўтра, як толькі разднела, Лабановіч быў ужо на нагах. Ён колькі разоў паглядаў на дом пана падлоўчага, але там было ўсё яшчэ ціха. Настаўнік хадзіў нецярпліва па сваім пакоіку і курыў адну папяросу за другою, прыслухоўваючыся да гукаў, што ішлі са двара пана падлоўчага. Ён ужо як мае быць нарыхтаваўся ў дарогу: сабраў курэцкія прылады, паставіў у куток свой кій і, выбраўшы зручны момант, выйшаў з дому.
        Цельшынская школа стаяла на рагу дзвюх вуліц. Адна вуліца, прасторная, роўная, шырокая, ішла на чыгунку, другая, невялічкая, бегла ў поле і зараз жа канчалася, перайшоўшы ў дарогу. На перасеку гэтых вуліц, каля саменькай школы, стаяў высачэзны крыж. Ён заўсёды прыцягаў да сябе ўвагу настаўніка і рабіў на яго моцнае ўражанне. Гэты высокі пануры крыж і гэта закінутая сярод палескіх трушчобін школа стаялі, як сіроты, і, здавалася, цесна туліліся адно да другога, як бы ў іх была адна доля. Лабановіч выйшаў на прасторную вуліцу. Па правую руку да вуліцы падыходзіў частакол двара пана падлоўчага. У куточку дворыка, каля самае вуліцы, стаяла студня. Ступіўшы колькі крокаў па вуліцы, Лабановіч згледзеў так добра знаёмую постаць Ядвісі. З вядзерцам у руцэ яна скоранька ішла да студні. Нейкая дрыготка прабегла па яго жылах, а сэрца ў грудзях застукала мацней. Як пахарашэла яна за гэтыя тры тыдні. Ён чуў, што яго моцна цягнула да яе. Але ён стараўся быць спакойным і не выказваць ёй таго, што адчуваў у гэту хвіліну.
        Радасць, праўдзівая радасць адбівалася на твары Ядвісі; гэта радасць свяцілася ў яе цёмных вачах, яна снавалася на яе губках, такіх мілых, такіх прыветных!.. Чорт бы вас пабраў, дзяўчаты: баламуціце вы нашага брата, і годзе!
        Але Лабановіч узяў сябе ў рукі. Нават і ценю радасці не паказаў ён, што ўбачыў дзяўчыну. Параўняўшыся з ёю – а Ядвіся стаяла і чакала яго, – ён досыць прыветна сказаў:
        – Дзень добры!
        Панна Ядвіся адказала яшчэ прыветней на яго прывітанне.
        – Ну, як жа вам гасцілася? – запытаў Лабановіч, але запытаў так, як пытаюць тады, калі трэба сказаць хоць што-небудзь: без усякага пачуцця і цікавасці да таго, аб чым пытаўся.
        – Ох, як было весела! – адказала Ядвіся. Яна хацела яшчэ штось сказаць, але ўтрымалася. – А як вы тут жылі?
        – Жыў вельмі добра: чытаў, пісаў, вучыў, сам вучыўся, хадзіў гуляць і пачуваўся як не трэба лепей.
        – А куды ж вы сабраліся?
        – Надумаўся да воласці даведацца.
        – І нічога тут не шкада вам пакідаць? – спытала Ядвіся, і вочы яе засмяяліся хітраю ўсмешкаю.
        Сэнс гэтага пытання быў ясны для іх абаіх.
        Лабановіч на момант апусціў вочы, потым паглядзеў на Ядвісю.
        – Вас мне шкада пакідаць, – адказаў ён не то праўдзіва, не то з насмешкаю – разумей, як хочаш.
        Яму нават зусім не хацелася цяпер ісці ў Хатовічы, але варочацца назад ужо не было як.
        – Ну, бывайце здаровы! – пакланіўся ён і пайшоў.
        – А вы скора думаеце вярнуцца? – спытала Ядвіся.
        – І сам добра не ведаю. Пабачу там, – адказаў Лабановіч, ужо адышоўшыся на колькі крокаў. Ён яшчэ раз пакланіўся і зачасціў так шпарка, як бы хацеў паказаць гэтым, што яму няма калі размаўляць з ёю.
        Увесь час размовы з Ядвісяю Лабановіч чуў, што робіць нейкую гвалтоўнасць над сабою, што гаворыць зусім не тое, што думае і што пачувае сапраўды.
        «Чаму я, як злодзей, таюся ад яе і ад людзей? – думаў, ідучы вуліцаю, настаўнік. – Чаму не сказаць ёй, што я так шчыра і так моцна палюбіў яе. І праўда: чаго я так віляю, нашто замятаю свае сляды, збіваю яе з тропу? Нашто гэта лганнё? Няўжо так робяць і іншыя? Проста няма ў мяне смеласці. Я баюся тае абразы, якая будзе для мяне тады, калі яе сэрца не адгукнецца майму сэрцу... А ўсё ж такі гэта каханне ёсць нейкая хвароба, боль і пакута. Яно захапляе ўсяго, не дае спакою, параджае нейкія няясныя парыванні і вялікі смутак».
        У лесе было ціха і спакойна. Гэты спакой паволі сходзіў і на падарожнага. Ён ішоў, мінаў засыпаныя снегам грэблі і балоты і ўсё думаў аб Ядвісі. Як жывы, вобраз яе стаяў у яго ваччу.
        Панна Ядвіся прымеціла, што настаўнік за гэты час як бы асунуўся і пахудзеў. У яго вачах яна расчытала нейкія новыя для яе думкі і нейкую затоеную тугу. І сама яна задумалася, і цень засмучэння пралёг на яе маладым і свежым твары.
        Аб Андрэю так многа думала яна ўсе гэтыя дні, да яго так моцна рвалася яе думка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.