РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXIV
        
XXIV

        
        Златаіскрыя вобразы, як усмех вясны, момантамі ўставалі ў памяці Лабановіча, хвалявалі яго, асыпалі праменнямі радасці і разгортвалі прад ім малюнкі не так даўно мінулага дзяцінства. Яны прыходзілі самі, аб чымсі гаманілі і кудысь клікалі, пакідалі ў душы лёгкі след засмучэння. Аб чым? Аб нейкай страце, аб тым, што не вернеш і што складае скарб, дарагі скарб памяці. Ён бачыў дубы на беразе Нёмана, крэпкія, пышныя дубы з развіслымі вярхамі. На жаралістых камлях гэтых дубоў адбіла свае пячаці несупынная плынь часоў. Яму ўсміхалася светла-сіняе неба і яркім блісканнем асвятляла далёкія прыгожыя вобразы: пахучы луг, роўныя пакаты ўзгоркаў у мутна-сіняй далі, старую хвою з буславым гняздом... Бліскучы дзень, таемнае грукатанне надземных абшараў – гоман-воклік грознапавабных хмар, што шырокаю сцяною засланялі неба і выбухвалі купчастымі клубкамі бела-ружовых воблакаў... Не! Іх не зловіш, не замацуеш словамі, але імі жыве-гарыць душа!
        Лабановіч адчуваў нейкую радасць. Яму было лёгка і прыемна. Ён чуў, як моцна звязан ён з жыццём. Яму па душы было гэта адзіноцтва, гэты лес і дарога, па якой ён цяпер ішоў. Куды ён ішоў? Нікуды. Яму проста люба было пабыць у лесе, паглядзець на слаўныя адзінокія хвоі, на старасвецкія дубы па краях палянкі. Ён многа разоў хадзіў тут і цяпер дзівіўся сам сабе, як гэта не зварачаў ён раней увагі на тыя малюнкі, якія бачыў прад сабою цяпер. Вакол было ціха і глуха. Усюды ляжаў снег, але ў паветры патыхала чымся новым, і чулася скорая вясна. Лабановіч сеў на роўна спілаваны пень, сядзеў і штось думаў. Але хіба гэта былі думкі? Не, перад ім праходзілі вобразы за вобразамі, цэлы іх шнур плыў і плыў у яго ўяўленні. Так праседзеў ён некаторы час, пакуль не пачуў глухі тупат конскіх ног і лёгкае шорганне і пасвістванне вузкіх, кованых жалезам палазоў. Ён падняў галаву. Бойкі конік, што дружнаю рыссю зараз жа выскачыў з-пад навіслых ялін на прасторную палянку, борзда імчаў лёгкія прыгожыя сані, у якіх звычайна ездзіць заможная шляхта або сярэдняй рукі панкі. На высокім сядзенні, па-запраўску трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. На ёй было лёгкае футра; зімняя шапачка, надзетая крыху набок, вельмі ішла да яе твару. Здаровы холад зімы авеяў і разрумяніў ёй шчокі. Ад стройнае фігуркі так і патыхала здароўем і жыццём. Яна кінула зацікаўлены погляд на незнаёмага хлапца. Відаць, яе здзівіла гэта спатканне, а можа, нават і крыху спалохала: чаго сядзіць зімою на дарозе гэты чалавек? Яна шпарчэй пагнала каня. У колькі хвілін вазок знік з вачэй Лабановіча, зноў ускочыўшы ў лес пад шалаш калматых ялін і хвой. Але ён паспеў разгледзець і запамятаваць твар гэтае паненкі: тонкія бровы, бойкія сіняватыя вочы, пухлыя, прыгожа абрысаваныя губы. Дзяўчына была досыць прыгожая, як здалося Лабановічу.
        «Напэўна, гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры, – падумаў Лабановіч. – Ну, не такая ўжо яна цікавая, як можна было б спадзявацца». Тым не меней ён устаў і рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына. Праўда, ён пайшоў не дзеля таго, што ў гэты бок паехала завітанская красуня, ён проста падаўся дадому. Але, сказаць праўду, у яго такі была думка – а можа, ён спаткаецца з ёю. Усё ж было б цікава паглядзець на яе яшчэ раз, разгледзець лепей. Ды ўжо, калі на тое пайшло, трэба зрабіць так, каб і на мезены палец не даць падумаць ёй, што ён шукае спаткання або зацікавіўся ёю. Не, няхай на гэта яна выбачае. Ён проста зробіць так, каб гэта выйшла зусім выпадкова. Мінуўшы Сяльцо, Лабановіч надумаўся зайсці да старога Абрама выпіць бутэльку піва і крыху адпачыць.
        У Абрама была чыстая каморка, куды часамі заходзілі больш важныя госці, чым простыя цельшынцы, якія звычайна таўкліся ў агульным памяшканні-карчме, яшчэ па старому звычаю, калі Абрам трымаў шынок. Увайшоўшы ў гэту каморку, Лабановіч раптоўна спыніўся: за столікам сядзела тая самая дзяўчына, якая нядаўна праехала і аб якой ён усё ж такі думаў. Яна разглядала карталюшкі, якія падаў ёй стары шынкар, і падрахоўвала лічбіны. Лабановіч ніяк не спадзяваўся спаткаць яе тут і прыйшоў у такое замяшанне, што не ведаў, як яму быць: далей ісці ці вярнуцца назад. Панна Людміла – бо гэта была яна – зараз жа падмеціла яго нясмеласць і замяшанне, і гэта ёй, як відаць, спадабалася. Яна ўскінула на яго свае сінія вочы. Лёгкая ўсмешка бліснула на яе твары. І гэта ўсмешка як бы казала: «А я і ведала, што ты да мяне прыйдзеш». Панна Людміла была крыху знароўлена кавалерамі, бо ўсе яны ў тутэйшай акрузе лічылі сваім абавязкам аддаць ёй падатак свае кавалерскае ўвагі. Адзін толькі Лабановіч ухіляўся ад гэтага і ўпарта не хацеў пазнаёміцца з ёю.
        «Напэўна думае, што я шукаю спаткання», – падумаў настаўнік і яшчэ больш замяшаўся.
        – Выбачайце! – прамовіў ён, крута павярнуўся і выйшаў вон з каморкі.
        «Як дрэнна і па-дурному выйшла ўсё гэта, – разважаў сам з сабою Лабановіч. – Выходзіць так, як бы я збаяўся яе і збег. Фактычна гэта так і ёсць. І яна, напэўна, смяецца з мяне. І другім яшчэ раскажа». Ён моцна быў нездаволены сабою, бо трымаўся, як які-небудзь школьнік у прысутнасці дзяўчыны, што хоць і незнаёма з ім, але добра ведае яго, як ведае і ён яе. А панна Людміла, застаўшыся адна, шчыра пашкадавала аб тым, што гэты дзівак так неспадзявана знік адгэтуль, як неспадзявана і з'явіўся тут. Ёй цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які шчэ аж дасюль не быў у Завітанках. З другога боку, ёй чулася і нейкае зняважанне яе дзявочае асобы, бо ніякі кавалер не зрабіў бы таго, што зрабіў гэты пустэльнік, як у сваіх думках называла панна Людміла цельшынскага настаўніка.
        Выйшаўшы на вуліцу, Лабановіч пачуў незвычайны крык і лаянку. Супраць стараставай хаты стаяла грамада палешукоў. Усярэдзіне яе метушыліся два палешукі, пабраўшыся загрудкі. І па меры таго як пасуваліся байцы, расступалася і грамада палешукоў, даючы ім месца. Зацікаўлены Лабановіч прыбавіў кроку і накіраваўся да грамады. Першы кінуўся яму тут у вочы Лявон Шкурат. Ён быў бледны, без шапкі, адна шчака яго была акрываўлена. Але ён моцна трымаў свайго праціўніка, Кандрата Куксу, стрыечнага брата старасты. Тут жа ў якасці наглядальніка стаяў і сам стараста.
        – Як вам не брыдка, мужчыны, – звярнуўся Лабановіч да грамады. – Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх!
        Некаторыя з палешукоў, якія стаялі бліжэй, прыветна ўсміхнуліся настаўніку, некаторыя падалі яму руку. Другія былі захоплены бойкаю і не звярнулі на настаўніка ніякай увагі. А Шкурат і Кукса куксілі адзін аднаго, і не знайся. Стараста, як і ўсе іншыя, таксама трымаў строгі нейтралітэт.
        – Стараста! Які ж вы начальнік? – напаў Лабановіч на Рамана. – Як жа вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога?
        Стараста правёў рукавом па носе, састроіў сваю звычайную кіслую міну і важна прамовіў:
        – Не трэба, панічок, мяшацца. Няхай сабе яны патузаюцца – самі разыдуцца. Умяшайся – горш будзе.
        – Госпадзі! Што вы за людзі такія!
        Лабановіч, праціснуўшыся скрозь грамаду, апынуўся побач з байцамі.
        – Што вы робіце, дурні?! – крыкнуў ён раз'яраным байцам і стаў паміж імі.
        – Ён маю юшку ўкраў, чорт каравы, ды яшчэ біцца са мною будзе?! – крычаў Лявон Шкурат.
        – Ты мяне злодзеем называеш, дзяркач ты смярдзючы?! Адыдзіся, паніч!
        Кандрат Кукса замахнуўся. Лабановіч і сам пачуў нейкую злосць і таўхануў яго ў грамаду, а сам схапіў Лявона і борздзенька адвёў яго ў другі бок. Палешукі ўзварухнуліся, прытрымалі Кандрата.
        – Завошта вы біліся, Лявон? – спытаў настаўнік.
        – Юшку маю забраў.
        – Якая гэта твая юшка? Калі хочаш ведаць, дык гэта казённая юшка: ты яе са школы ўзяў, як школа будавалася, – казаў усё яшчэ сярдзіты Кукса.
        – А каб яна ж згарэла была, гэтая праклятая юшка, – сказаў Лабановіч. – Ну, падумайце, паварушыце мазгамі: ці варта гэта юшка, каб з-за яе так калаціцца? Ну, колькі яна каштуе?
        – Рубель я заплаціў за яе, – адказаў Лявон.
        – Украў ты яе, а не рубель заплаціў!
        – Ну, на табе рубель, супакойся і ідзі дадому. Ляж на печ і ляжы, покі не астыне твая кроў.
        Настаўнік дастаў кашалёк, выняў срэбраны рубель і аддаў яго Лявону.
        Лявон узяў рубель і пашыбаваў у сваю хату.
        – Бярэ рубель, – з зайздрасцю прамовіў Кукса, – а каб цябе, гад, за жывот узяло.
        Лабановіч таксама пайшоў да сябе ў школу, думаючы, што ён зрабіў вельмі добра, і нават ганарыўся сваім учынкам.
        Вечарам таго ж самага дня, калі ўжо было цёмна, з вуліцы зноў пачуўся крык і лямант. Бабы плакалі і галасілі, як па нябожчыку.
        – Лявона забілі, панічыку! – сказала бабка, ускочыўшы ў пакой.
        – Хто забіў?!
        – Кукса. Узяў аскабалак і каравуліў Лявона. Як толькі той паказаўся, цопнуў па галаве, – нават не пікнуў.
        Лабановіч выскачыў на вуліцу. Там былі людзі. Сярод вуліцы на брудным снезе ляжаў нерухомы Лявон. Над ім галасілі бабы.
        – Не трэба было, панічыку, мяшацца, – аўтарытэтна зазначыў стараста, – у нас гэта не першыня, паб'юцца і разыдуцца. Набярэцца паганая кроў, трэба ж яе выпусціць, і тады ўсё ціха і лагодна.
        Лявон, праўда, быў толькі аглушан, паляшуцкі чэрап быў яшчэ досыць крэпкі, каб Лявон не мог ачухацца і падняцца на ногі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.