РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXI
        
XXI

        
        Прайшоў нейкі час.
        Малады настаўнік шмат перажыў, перадумаў. Цэлыя вечары праседжваў ён у сялянскіх хатах, прыглядаючыся да жыцця палешукоў. Яго тут прымалі і спатыкалі прыветна, з ахвотаю падтрымлівалі гутарку аб розных справах. Але гэтыя гутаркі не выходзілі за межы тых пытанняў, якія закранаў сам настаўнік, бо палешукі – людзі паважныя, сталыя, асцярожныя, не адразу і не кожнаму расчыняюць сваю душу, бо ўжо, мусіць, сама прырода Палесся палажыла на іх сваю адзнаку. Бясконцыя балоты вучылі іх мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу, бо так лёгка тут напаткаць небяспеку: на звера натрапіць, згубіць дарогу або папасціся ў рукі сярдзітым леснікам графа Патоцкага. І толькі выпадкова ўдавалася пачуць якое-небудзь няўмысля ўроненае сакавітае слова, прыказку або цікавае параўнанне. Старыя, аздобленыя сівізною, маршчынамі і пачэснымі лысінамі дзяды, жывыя летапісы цельшынскай гісторыі на працягу многіх дзесяткаў гадоў, да душы падабаліся Лабановічу. Гэта былі тыя слупы, тыя падмуркі, на якіх трымаліся традыцыі сялянскай старажытнасці. Гэта былі самавукі-аграномы, тлумачальнікі розных прыгод жыцця. Яны ведалі, у які дзень, у якую нават часіну трэба выязджаць з сахою на поле, пры якіх умовах трэба сеяць тую ці іншую збажыну. Ім досыць пабачыць першы вырай журавоў, каб сказаць, які будзе авёс. У залежнасці ад вышыні лёту знаходзіўся і рост аўса: высока ляціць вырай – высокі вырасце і авёс. Кожны такі дзед меў свой асаблівы, выразны твар.
        Вось хоць бы гэты дзед Мікіта. Сівы, як голуб. Востры погляд, калючыя вочы, гатовыя пранізаць. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Але што за дока быў дзед Мікіта ў маладыя гады! І не было ў сяле роўнага яму. Такія штукі выкідваў дзед Мікіта, якіх цяпер ніхто не патрапіць, бо хіба цяпер такі народ? Ды што маладыя гады? Нават і зараз, нягледзячы на свае восемдзесят год, дзед Мікіта за пояс маладога заткне. Вось толькі няхай падгуляе, няхай ачнецца ў ім яго маладая бунтоўная кроў, – не выцерпіць, прасуне рукі ў камяні-жарнавікі і пойдзе з гэтымі камянямі, як з лёгкімі кацёлкамі, упрысядкі па хаце. І цяпер яшчэ баяцца дзеда Мікіты, бо ён – знахар-чараўнік, хоць знахарствам не займаецца; але калі што ўгневіць дзеда, тады пазнае ён сілу дзедавых чараў. Мікіта – чалавек нелюдзімы, удзень яго бадай што і не спаткаеш на людзях, і жыве ён адзін, як воўк, даўно пахаваўшы сваю старую і адбіўшыся ад дзяцей.
        Дзед Мікіта і іншыя роданачальнікі Цельшына дабрахоць уступілі свае правы больш маладым і здаровым, самі ж ужо стаялі збоку ад грамадскіх спраў. Першае: яны ўжо ўнеслі свае падаткі грамадскаму будаўніцтву; другое: як ні ціха, як ні маларухома было вясковае жыццё, але старыя прадстаўнікі яго, дзяды-палешукі, знаходзілі ў ім цяпер многа чаго такога, што не адпавядала іх поглядам. І толькі ўжо ў незвычайна важных выпадках прымалі яны ўдзел.
        Вось тады, калі вынікала якая заблытаная справа агульнавясковага характару, злазіў з печы зусім стары ўжо дзед Мікодым, выходзіў на вуліцу і голасна зазначаў:
        – Вы не думайце таго – праўда не скварка, з кашаю не з'ясі. Выйдзе наверх яна, родная, бо ўжо сама зямля прысягала небу не пускаць адгэтуль цёмнай, заблытанай праявы.
        Звычайна ж дзяды сядзелі больш дома або на дварэ корпаліся. У царкву яны бадай што ніколі не хадзілі, ды царквы ў Цельшыне, апрача каплічкі на могілках, не было. А дома маліцца Богу не выпадала – больш награшыш, чым намолішся. Апрача таго, маліцца іх не вучылі. І наогул, ніхто ў Цельшыне не ўмеў маліцца як трэба. Кожны маліўся так, як зносіў яго розум. Адзін раз у год, на Благавешчанне, прыязджаў сюды бацюшка з Малевіч. Тады ўжо ўсе цельшынцы і неслі свае грахі яшчэ больш грэшнаму а. Мадэсту, які быў вельмі заўзяты п'яніца і лаяльнік. Напэўна за гэта і пакараў святы Ілья малевіцкую царкву, пабіўшы перуном яе вежу. А можа, і другі грэх а. Мадэста мог пацягнуць за сабою такую кару, бо ён сушыў жыта за царскімі дзвярамі, а ў святую нядзельку перад набажэнствам зазвычай хадзіў на балота трасці бучы з рыбаю сваіх парафіян. Раз, ходзячы па балоце, уваліўся ён дзесь у апарыну па самы пояс. Царкоўны стараста, які таксама хадзіў разам з бацькам на раздабыткі, стаяў і спакойна пазіраў, як а. Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног.
        – Чаго пазіраеш, падла пранцаватая? Цягні мяне!
        Тады толькі паварушыўся стараста і вызваліў з балота а. Мадэста.
        У гэту нядзельку а. Мадэст зрабіў забастоўку і не пайшоў служыць абедню.
        – Што, бацюшка, можа, час званіць на абедню? – пытаў яго дома стараста.
        – А ні дзлэнг! – крыкнуў а. Мадэст. – Як Бог да мяне, так і я да Бога!
        І ўсё ж такі, нягледзячы на ўсё гэта, цельшынцы адчувалі нейкую патрэбу так ці іначай мець сувязь з небам і царкоўнасцю, хоць гэта сувязь была больш фармальная і павярхоўная.
        Лабановіч доўга не мог забыць аднаго здарэння, калі рэлігійныя патрэбы вызначыліся асабліва самабытна. Настаўнік яшчэ спаў салодкім сном. Была раніца, толькі што разднела. У кухні, поруч з пакоікам настаўніка, дзе ён спаў, стаяў глухі шум ад галасоў цельшынскага жыхарства. Гэты шум часамі гусцеў і павялічваўся, але голас бабкі спыняў яго, бо бабка не хацела трывожыць «паніча». Лабановіч прачнуўся і стаў прыслухоўвацца. Дзверы з двара то адчыняліся, то зачыняліся. У кухні тупалі, штоўхаліся; грукалі збаны, глякі і бутэлькі, а ўвесь гэты шум пакрываўся і заглушаўся шумам вады. Вада лілася з вёдзер у цэбар. Настаўнік адзеўся. Адчыніўшы дзверы, ён убачыў поўную кухню палешукоў і паляшучак, дзяўчат, маладых і старых кабет. Усе яны праціскаліся да цэбра і бралі адтуль ваду. Старожка кіравала ўсёю гэтаю справаю і падлівала ў цэбар ваду. Убачыўшы настаўніка, усё гэтае зборышча спаткала яго вельмі прыветнымі ўсмешкамі.
        – Што гэта, бабка, тут робіш?
        – Ваду, панічок, свянцоную даю.
        – Ах, праўда! – прамовіў настаўнік. – Сёння ж Вадохрышчы. Хіба бацюшка свянціў?
        – Не, панічыку. Памятаеце, прыязджаў бацюшка хатовіцкі служыць малебен у школе? Вось засталася ад малебна вада. Я пераліла яе ў бутэлечку, а цяпер, бачыце, мы разбавілі яе, і людзі бяруць свянцоную ваду.
        – Дык гэта ж трэба да царквы паехаць ды на Іардань пайсці і адтуль вады набраць.
        – Далёка, панічыку, ездзіць, – важна і аўтарытэтна прамовіў стараста.
        – Усё роўна, – махнуў рукою Сцяпан Рылка, той самы, што калісь вазіў настаўніка да воласці.
        На працягу гадзіны часу ўсё сяло набрала сабе свянцовай вады. Бабка ў гэты дзень адчувала сябе найважнейшаю асобаю ў сяле.
        Колькі разоў заклікаў Лабановіч цельшынцаў да школы. Ва ўсе хаты разносілі вучні весткі аб тым, што вось у такі вечар настаўнік запрашае жыхароў у школу, дзе ён будзе гаварыць і чытаць. На першы вечар народу наваліла поўная школа, нават месцаў не хапала. Як-ніяк, гэта ўсё ж такі было цікава для палешукоў. Палешукі, галоўным чынам сталыя людзі, важна селі на лаўках, а дзяўчаты і маладыя хлопцы збіліся каля дзвярэй, пашчыпваючы адны другіх і перасмейваючыся.
        Калі ўсе сабраліся і пазаймалі месцы, прыйшоў настаўнік. У кароткіх словах ён выясніў слухачам, дзеля якое мэты сабраў іх сюды, і ў аснову свае прамовы палажыў тую думку, што чалавек павінен імкнуцца, каб жыццё было добрае і карыснае, якім чынам можа паляпшацца яно, як трэба ісці чалавеку, каб гэта паляпшэнне было сапраўдным і значным. Ён стараўся зацікавіць слухачоў, прыводзіў жывыя прыклады з іх жыцця, праўдзівыя, простыя і зразумелыя. Ён добра падгатаваўся да прамовы, гаварыў гладка, часамі з натхненнем. Але яго вельмі здзівіла, што дзяўчаты зусім не слухалі і больш цікавіліся сваімі кавалерамі, чым яго прамоваю. Старыя палешукі хоць і слухалі, але то той, то другі шырока расчынялі сківіцы і пазяхалі. А ў канцы прамовы Максім Цялушка зазначыў:
        – Усё гэта праўда, панічок. Але куды ўжо нам вучыцца? Няхай хіба яны вучацца, а мы ўжо так дажывём.
        Пры слове «яны» Максім паказаў рукою на вучняў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.