РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXIII
        
XXIII

        
        У гэты вечар Лабановіч быў у нейкім асаблівым настроі. З чаго складаўся гэты настрой, ён і сам не мог сабе вытлумачыць. Нейкае нездаваленне, няяснае адчуванне бяссэнснасці такога жыцця, якім жыве ён, пачуццё адзіноты пачынала закрадацца ў душу. Настаўнік чуў, што яму чагось не стае, чуў, што яму трэба нешта зрабіць, чымся заняцца. Чым? Ён думаў, разважаў, але добрага адказу на гэта пытанне, які мог бы задаволіць яго, не знаходзіў.
        Не! Трэба куды-небудзь пайсці, проста зняцца з месца і ісці. Але куды пайсці? Зайсці да каго? Настаўнік перабраў у памяці сваіх тутэйшых знаёмых. Ну, усё роўна, куды ні накіравацца! Ён узяў табачніцу, падлажыў тытуну, каб закурыць у часе вандравання, і стаў збірацца, не ведаючы, куды пойдзе. Добра было б даведацца да якой блізшае школы, але бліжэй як за пятнаццаць вёрст нідзе не было тут школы. Ён ужо адзеўся і сабраўся як мае быць.
        – Вам ліст, панічок, прынеслі ад старасты! – прамовіла бабка, увайшоўшы ў пакойчык.
        Зірнуўшы на канверт, на добра знаёмы характар рукі свайго блізкага сябра, Лабановіч распрануўся і пачаў чытаць.
        Бабка стаяла, падпёршы рукою шчаку, і назірала за выразам твару настаўніка. Паміж іншым, сябар пісаў, як яго падпаілі і хацелі ажаніць з адною дзяўчынаю, сваячкаю нейкага дыякана, і як яму прыходзілася выратоўваць незалежнасць свае асобы, для чаго ён збег самым нечаканым чынам і ў самую рашучую хвіліну.
        Вясёлая ўсмешка асвятляла твар Лабановіча. Гледзячы на яго, смяялася і бабка.
        – Ад каго ж, панічыку, такі ліст? – запытала цікавая бабка.
        – А гэта, бабка, піша адна паненка. Піша, што калі прыеду да яе ў сваты, то пойдзе за мяне адразу, – адказаў ён.
        – А што ж, панічыку, думаць? Абы дзяўчына была добрая, – крыху пакрыўдзіўшыся, заўважыла бабка.
        У канцы ліста сябар зрабіў прыпіску. Ён паведамляў аб смерці сябра, што разам з імі скончыў семінарыю. Гэта вестка моцна ўразіла Лабановіча. Няўжо гэта праўда? Андрэй Лабузька, той самы Лабузька, чыё прозвішча так блізка стаяла да яго прозвішча ў спісе, няўжо ён памёр? Ці можа гэта быць?
        І вобраз маладога хлопца, сакаўнога, поўнага жыцця, сілы, устаў, як жывы, перад Лабановічам. Успомніўся яму цяпер адзін пусты, нязначны выпадак, калі ён, жартліва праракаючы лёс сваіх сяброў, сказаў вясною мінулага года:
        – Ты, Лабузька, нядоўга пажывеш на свеце!
        Гэта гаварылася дзеля смеху, бо вельмі трудна вязалася думка аб смерці Лабузькі з самім Лабузькам, так многа было ў ім здароўя і жыцця!
        Лабановіч апусціў галаву і сядзеў нерухліва. Нядаўні смутна-няясны настрой цяпер забыўся. Зусім іншыя думкі выклікала ў ім гэта вестка аб смерці Андрэя. Няпэўнасць і нязначнасць людскога лёсу і гэта смерць, смерць усёмагутная і неадхільная, як злая здань, пачынала трывожыць яго і зноў ахапіла ўсю істоту.
        Лабановіч уставіўся ў адзін пункт і колькі хвілін пазіраў, не міргаючы вачамі. Патрывожанае ўяўленне вельмі жыва намалявала яму вобраз мёртвага Андрэя. Нерухлівы. Скрозь сіняватую плеўку вечка вытыркаюцца пагаслыя вочы. Губы цесна зацяты, і смерць адбіла на іх пячаць сваю. Мярцвячая бледнасць і жаўцізна разліты на твары... Гэта – чалавек! Гэта – тая неспакойная форма, у якой так часта змяняецца змест! Нейкі гаспадар пакінуў яе. Яна перш называлася чалавек. Андрэй Лабузька, а цяпер – труп!.. Дзе ж гэтыя парыванні-імкненні? Дзе яны? І куды дзеўся сам гаспадар? Што ёсць там, па другі бок?..
        Лабановіч жахнуўся. Ён як бы пачуў, што нехта неадхільны, грозны і няўмольны замахнуўся над ім цяжкаю булавою і вось-вось апусціць яе на галаву. А ён такі мізэрны, такі нікчэмны, што нават голас пратэсту, нават голас просьбы не можа сарвацца.
        Бабка пазірала на настаўніка. Яе таксама ахапіў нейкі страх; такая відочная змена зрабілася раптоўна з «панічом», і выгляд у яго нейкі дзіўны.
        Яна павольненька адступіла на крок, бліжэй да дзвярэй, не зводзячы з яго вачэй. Крыху пастаяўшы, яна паківала сама сабе галавой і ціхенька выйшла з пакойчыка. Стоячы за дзвярамі ў кухні, яна колькі хвілін прыслухоўвалася. Але настаўнік трымаўся ціха. Бабка крыху заспакоілася.
        Лабановіч устаў і прайшоўся па пакоіку. Думка аб неадхільнасці смерці моцна ўзрушыла яго і засела ў мазгах.
        «Калі б я сказаў каму: асцерагайцеся мяне – я нашу ў сабе смерць, напэўна, на мяне паглядзелі б, як на вар'ята, і ва ўсякім разе спужаліся б, – падумаў Лабановіч. – І тым не меней гэта так. Але чаму ж людзі аб гэтым не думаюць?.. А можа, і думаюць і напэўна многа думаюць, толькі думкі гэтыя трымаюць пры сабе, бо што казаць пра іх таму, хто і сам мае такую ж долю?»
        Ранейшыя думкі аб смерці зноў прыйшлі цяпер яму ў галаву. Часамі ідзеш у дарозе. Дарога трудная, ногі баляць, а дадому яшчэ далёка. І думае падарожны: «Будзе ж такі момант, калі я ступлю на парог свайго дома, і скончыцца мая дарога». «Таксама будзе, – разважаў Лабановіч, – такі момант, калі я ступлю апошні крок майго жыцця, апошні момант, а там – смерць, там – канец!.. А далей што? Далей – цёмная і жудасная ноч нябыту. А калі гэта так, то ці варта наогул жыць? Жыць, каб памерці?»
        Паставіўшы такое пытанне, Лабановіч задумаўся. Ён ніяк не мог пагадзіцца з думкаю аб смерці. У гэты момант яна была для яго найбольшым ворагам на свеце і як бы засланіла сабою ўсё, здушыла яго, замкнула ў нейкі цёмны і цесны круг.
        Ніхто не хоча паміраць, ніхто. Тут яму ўспомнілася панна Ядвіся. Колькі разоў чуў ён ад яе, што яна вельмі хацела б памерці. Лабановіч ніколі не даваў ёй у гэтым веры, бо цвёрда быў пераконаны ў тым, што кожнаму хочацца жыць, як бы яму цяжка ні жылося на свеце. Нават глыбокая старасць не хоча ісці ад жыцця. І сказанні народа пацвярджаюць гэта. Як вядома са Святога пісання, Матусал жыў больш за ўсіх на свеце. У часе сканання з'явіўся яму Бог і спытаў:
        – Вось ты меў доўгі век. Скажы ж мне, як здоўжылася табе жыццё?
        – Мне здаецца, што я ўвайшоў у дзверы аднаго дома, прайшоў праз яго і выйшаў у другія – так уяўляецца даўжыня майго жыцця.
        – Ну, а ці хацеў бы ты яшчэ жыць?
        – Хацеў бы, Божачка.
        Падумаўшы, Матусал запытаў:
        – Божа! А ці трэба ўміраць другі раз?
        – Трэба, – адказаў Бог.
        – У такім разе я не хачу жыць болей.
        Людская мудрасць, такім чынам, зазначае, што страх смерці мацней жыцця, мацней самое смерці. А самагубцы? Жыццё дае многа прыкладаў, калі людзі самі накладаюць на сябе рукі. Як зразумець гэта?
        Калі чалавек любіць жыццё, дык што змушае яго на самагубства. Кажуць, у чалавека слабая натура, яму бракуе сілы змагацца з нягодамі жыцця. Калі і сапраўды натура яго слабая, скуль жа гэта сіла перамагчы страх смерці і падняць на сябе руку?.. Нейкая недарэчнасць. Адно супярэчыць другому.
        Лабановіч зацікавіўся гэтым пытаннем, яму хацелася як бы стаць на месцы гэтых самагубцаў і паглядзець іх вачамі на справу жыцця і смерці. Цікава тут яшчэ адна акалічнасць: кожны самагубца мае нахіленне да таго ці іншага спосабу самагубства – адны страляюцца, другія вешаюцца, трэція топяцца, кідаюцца пад машыну, труцяцца, рэжуцца брытваю. А ўсе, наогул, імкнуцца выбраць найболей лёгкі спосаб расквітання з жыццём. І яшчэ некаторыя з іх маюць звычай пакідаць перад гэтым запіскі, кароценькія, а то і доўгія. Лабановіч нядаўна чытаў у газеце запіску аднаго самагубцы. Ён пісаў: «Каб не так страшна было ўміраць, трошкі выпіў».
        Нечакана для самога сябе, Лабановіч чамусь доўга затрымаў свае думкі над самагубцамі і самагубствам, непрыметна пачаў уваходзіць у ролю самагубцы.
        «А што такое смерць? Момант – і больш нічога няма. Тады і думаць аб смерці не прыйдзецца, і нічога чалавеку не трэба будзе», – разважаў ён.
        Нічога не помнячы і не даючы сабе яснага адказу ў тым, што ён робіць, нічога не ведаючы, што ён будзе рабіць, Лабановіч адчыніў шуфлядку ў стале. У самым канцы шуфлядкі, завалены паперамі і кнігамі, ляжаў рэвальвер, просценькі, на шэсць патронаў рэвальверчык. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з гэтага рэвальверчыка.
        Цяпер гэты рэвальвер у яго вачах меў зусім другі выгляд і значэнне. Узяўшы яго ў рукі, настаўнік аглядзеў рульку, адкуль выглядала куля.
        «Вось толькі прыставіць да віска, паціснуць дужку, узвёўшы гэту брамку, – і болю не пачуеш!.. Не, боль, напэўна, будзе, але ўсё гэта зробіцца так борзда, што мозг не паспее вызначыць выніку падзеі».
        Нейкія злачынныя думкі навялі як бы туман на маладога хлопца і прычаравалі яго да свайго страшнага круга.
        Ён зноў узяў рэвальвер. І цікава: нейкую ўладу меў цяпер гэты рэвальвер над настаўнікам. Яго прыцягала і гэта кулька, што выглядала з рулі, як галоўка нейкага гада. Ужо колькі разоў пазіраў ён на яе. Але раптоўна нейкі промень асвятлення бліснуў у галаве. Ён адкінуў ад сябе рэвальвер. Халодны пот выступіў на лбе. Цяпер толькі заўважыў Лабановіч, што рукі яго трэсліся, як бы па яго душы прабег нейкі віхор, усё засцілалася нейкім туманам. Ён пачуў вялікую палёгку, нібы пасля цяжкае хваробы, а ўсё тое, што пранеслася так нядаўна перад ім, здавалася нейкім сном.
        – Панічыку! – пазвала бабка, толькі што ўвайшоўшы на парог пакойчыка. – Мусіць, вы, панічок, нядобрае пісьмо атрымалі?
        Настаўнік моцна здзівіўся.
        – Чаму ты, бабка, так пытаеш?
        – Відаць было, панічыку, па вас, – прамовіла яна, акінуўшы яго бачлівым поглядам. – І ведаеце, панічыку, – таемна прамовіла бабка, – я ізноў вам шаптала! Шаптала, далібог, шаптала! Вы любіце шуткаваць з мяне і з маіх шэптаў, а я ўсё ж шаптала вам, бо мне стала вас шкада.
        – А проці чаго ты мне шаптала? – запытаў зацікаўлены настаўнік.
        Бабка глядзела на яго колькі хвілін.
        – Каб адхіліліся ад вас нядобрыя мыслі, – ціха прамовіла бабка, гледзячы настаўніку ў вочы; яна як бы хацела штось адгадаць у іх.
        Лабановіч пачуўся так, як бы яго злавілі ў чымсі непрыемным. Непрыемна было і тое, што бабка ў гэты момант мела над ім перавагу.
        «Цікава», – падумаў настаўнік.
        Цяпер нябожчык Андрэй як бы адышоўся ад яго, а разам з ім адышліся і думкі аб смерці.
        «На свеце, мусібыць, усё робіцца шмат прасцей, як гэта нам здаецца», – заключыў ён свае думкі аб смерці.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.