РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXXIII
        
XXXIII

        
        Назаўтра атрымаў Лабановіч пакет. Інспектар паведамляў, калі і дзе назначаюцца экзамены, куды настаўнік павінен прыбыць са сваімі вучнямі. Экзамены назначаліся на панядзелак па Вялікадні, а ехаць трэба было па чыгунцы вёрст за пяцьдзесят... У той жа самы дзень, калі было атрымана гэта паведамленне, прыйшлі і вучні.
        Тут яны ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка. Гэтыя тры дні, якія заставаліся да экзаменаў, пайшлі на паўтарэнне курса.
        Гэтымі ж днямі даведаўся Лабановіч, што Ядвіся збіраецца выехаць з Цельшына, калі не назаўсёды, то ва ўсякім разе на доўгі час. Гэта вестка моцна засмуціла настаўніка. Ён адразу пачуў, што перад ім як бы ўжо расчыняецца нейкая пустота, і гэтыя пышныя малюнкі зазелянеўшага Палесся, узбуджанага вясною, поўнага спеву, шуму і жыцця, патускнелі ў адзін момант і як бы адыходзілі ад яго. Усё, здавалася яму, мела цяпер такі выгляд, як бы хацела сказаць яму: «У цябе гора, але мы ў гэтым не вінаваты», і пачынала жыць сваім клопатам, сваімі інтарэсамі, зусім для яго чужымі, а ён заставаўся адзін як ёсць.
        Яшчэ адна акалічнасць засмучала яго: вестку пра ад'езд пачуў ён не ад самой Ядвісі, а ад бабкі. Разам з тым была надзея, што гэта, можа, яшчэ і не зусім праўда. Ён вырашыў сягоння ж пастарацца пабачыць Ядвісю і пагаварыць з ёю. Цяпер толькі пачуў, як дорага яна і якая будзе невыказная страта, калі прыйдзецца тут жыць без яе. Не, тады ён не застанецца тут! Уяўленне ўжо малявала асірацеўшы двор і пакой пана падлоўчага, і ён незвычайна востра пачуў тыя настроі, якія агорнуць яго тады, калі ўжо не будзе мілай суседкі.
        Пасядзеўшы да самага вечара ў школе з вучнямі і крыху адцягваючыся заняткамі і блізкімі экзаменамі, ён пусціў дадому хлопцаў і пайшоў на кватэру. Зірнуўшы на дом пана падлоўчага, ён згледзеў Ядвісю на ганку. Яна сядзела за столікам, на якім стаяла швейная машына. Панна Ядвіся штось шыла. «Напэўна гатуецца ў дарогу», – тужліва зазначыў сабе настаўнік.
        Лабановіч надзеў шапку і выйшаў на двор. Борзда перакінуўшыся праз знаёмы яму пералаз, ён узышоў на ганак пана падлоўчага. Ядвіся была сур'ёзная і як бы крыху чымся заклапочаная. Тут жа сядзела і пані падлоўчая, таксама з шыццём у руках.
        – Што ж у пана чуваць добрага? – спытала пані падлоўчая.
        Лабановіч паведаміў ёй аб экзаменах.
        – Калі ж вы паедзеце? – запыталася Ядвіся і ўскінула на яго свае цёмныя вочы.
        – Умовіліся з хлопцамі ехаць у суботу вечарам.
        Панна Ядвіся прыпыніла сваю работу і задуменна кудысь пазірала.
        – Люблю я гэту станцыю, – прамовіла яна.
        Пані падлоўчая выйшла – яе паклікалі.
        Лабановіч сядзеў моўчкі і думаў.
        Вечар быў ціхі, ясны і цёплы. Цень ад хаты пана падлоўчага паволі закрываў палісаднічак і свежыя клумбачкі з краскамі, нядаўна пасаджанымі, і пасуваўся па вуліцы. Бойкія вераб'і чылікалі на хаце і снаваліся па палісаднічку.
        – Што вы сёння нешта не ў гуморы? – запыталася Ядвіся і глянула на настаўніка.
        – Скажыце вы мне, праўда ці не: я чуў – вы збіраецеся кудысь паехаць адгэтуль надоўга?
        Панна Ядвіся ніжэй нахіліла галаву. Лабановіч пачуў, што адказ для яго будзе невясёлым. Не падымаючы вачэй, яна ціха сказала:
        – Так, збіраюся паехаць.
        Яна ўздыхнула ледзь прыметна, падняла галаву і паглядзела доўга-доўга на настаўніка.
        – А вы б хацелі, каб я не ехала?
        – Я ведаю, вам тут цяжка, – сказаў настаўнік, – і пэўна там, дзе думаеце вы жыць, вам будзе лепей. І тут ужо не прыходзіцца лічыцца з тым, як бы я хацеў. Але калі вы выедзеце адгэтуль, то я тут болей не застануся.
        Ледзь прыметная радасць прабегла па яе твары. Ядвіся борзда ўскінула на яго цёмныя вочы і, смеючыся імі, зусім ужо весела прамовіла:
        – І вам не шкада будзе панны Людмілы?
        Лабановіч маўчаў.
        – Скажыце, – прамовіў ён, – як даўно надумаліся вы выехаць адгэтуль?
        – О, я ўжо даўно думала! Яшчэ і вас тут не было.
        – А чаму вы са мною ніколі аб гэтым не гаварылі?
        – А што мне было гаварыць? – сказала яна. – Вы і так смяяліся многа з чаго такога, што я гаварыла.
        – А калі вы думаеце ехаць? – спытаў ён.
        – Я і сама не ведаю: гэта будзе залежаць ад таткі. Запражэ каня, скажа ехаць, тады і паеду.
        – І можа стацца так, што я вярнуся з экзаменаў, а ластавачка ўжо вылецела ў вырай?.. Скажыце мне, нашто гэта ластавачка вясною ў вырай вылятае?
        – Што ж? Як прыходзіцца! – прамовіла яна. – Чаго гэта вы сёння так павесілі нос? Як бы ў вас за пазухаю свечка, якую вы мне павінны на скананне даваць?.. Я б раіла вам пайсці да панны Людмілы... Праўда, яна цікавая панна?
        – Проціў яе грэх сказаць што-небудзь: слаўная дзяўчына!.. Чаму вы раіце мне схадзіць да яе?
        – Чаму? Самі ведаеце чаму: як толькі вашы ногі пераступяць парог яе дома, то душа ваша пападзе да яе ў палон.
        Лабановіч усміхнуўся.
        – Вы нават і гэтага не забылі.
        – Хто вам казаў легенду аб палескіх прыгожых паннах? – запытала панна Ядвіся, палажыла сваю работу на стол і глянула на настаўніка.
        – Гарэлка пана падлоўчага з аднаго боку...
        – І панна Людміла – з другога, – падказала Ядвіся.
        – Што вы мяне ўсё паннаю Людмілаю папракаеце?
        – Я не папракаю і не думаю нават, але панне Людміле вельмі спадабалася гэта легенда.
        – А вам яна спадабалася?
        – Каб яна для мяне казалася, тады і мне спадабалася б, а чужое любіць – толькі сэрца пераядаць.
        – Ну, вы мяне, панна Ядвіся, хочаце ўсердаваць, але вам гэта не ўдасца. А покі што бывайце здаровы.
        Лабановіч затрымаў яе руку і з нейкаю просьбаю ў голасе сказаў ёй:
        – Вы не выедзеце, покі я не вярнуся?
        – Калі я паеду, я і сама яшчэ не ведаю. А можа, і зусім не паеду.
        – А вы пад машыну не будзеце кідацца? – ціха спытаў ён яе, усміхаючыся.
        – Не буду, – яшчэ цішэй прамовіла яна, азірнулася і апусціла вочы.
        Ён умомант нахіліўся да яе і пацалаваў крэпка-крэпка. І, п'яны ад гэтага пацалунка, борзда выйшаў з палісаднічка. А панна Ядвіся сядзела, нахіліўшы галаву, і аб чымсьці моцна-моцна задумалася.
        У нядзельку раненька, на ўсходзе сонца, настаўнік са сваімі вучнямі, правёўшы ноч на станцыі, садзіўся ў вагон. Прабілі тры званкі, гучна і адрывіста азваўся паравоз, абуджаючы ранічны пакой бясконцых балот, і поезд зрушыў з месца. З шумным шыпеннем выпускаючы пару, усё быстрэй і быстрэй бег паравоз, і ў нейкую своеасаблівую, глухую музыку злівалася тухканне цяжкіх ног поезда.
        Лабановіч стаяў каля расчыненага акна. Штось прыемнае і радаснае ўлівалася яму ў душу ад гэтых новых малюнкаў і ад гэтага размашыстага бегу машыны. Борзда адыходзіла назад станцыя з высокаю вадакачкаю, закрываючыся свежаю зеленню раслін. Рассыпаючы сноп залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над прасторамі зялёнага палескага мора. Хутка вынікалі і беглі ўсё новыя і новыя малюнкі гэтага зачараванага краю. Балоты з густымі зараслямі лазы, кустоўніка і маладой асакі рассцілаліся шырачэзнымі круглымі абшарамі, па краях якіх ледзь віднеліся зубатыя цёмныя палоскі лясоў. Балоты канчаліся, побач дарогі ўставалі высокія сцены бору, бор перасякаўся вясёлымі палянкамі; там-сям віднеліся на іх людскія будынкі, а бярвенні гэтых будынкаў, асветленыя сонцам, здаваліся маршчынамі на разумнай галаве чалавека, які многа думае і разважае. Вясёлыя палянкі абводзіліся аправаю пышна-зялёных хвойнікаў на жоўценькім пясочку. Нейкім прыветам, ласкаю і цішынёю патыхала ад гэтых сакавітых хвойнікаў, ад гэтых людскіх будынкаў. А як прынадна і прыгожа павіваліся і беглі ў хвойнік каляінкі вясковых дарожак і сцежак, па якіх так рэдка пракоціцца сялянская цялежка! А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна купчастых хвоях у полі! Чымся родным, мілым, даўно знаёмым веяла ад аксамітных абрусаў маладога жыта і ад кволых бледна-зялёных усходаў ранніх аўсоў!
        Лабановіч стаяў каля акна, як прычарованы, і не адводзіў вачэй ад самавітых, простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага хараства і жыцця, стаяў да таго часу, пакуль машына не стала набліжацца да тае станцыі, дзе трэба было выходзіць.
        Выйшлі з вагона і пайшлі шукаць школу. Школа была не вельмі далёка ад станцыі, і шукаць яе прыйшлося нядоўга. Тры вучні і чацвёрты настаўнік узышлі на ганак школы і спыніліся.
        Школа была замкнёна. Лабановіч пастукаў, крыху пачакаў, але нікога там не чуваць было. Пастукалі яшчэ раз. Таксама ніхто адтуль не адклікаўся. Урэшце Лабановіч угледзеў званок. Пазваніў. Зараз дзесь усярэдзіне адчыніліся дзверы і пачуліся крокі, досыць рашучыя, і з-за дзвярэй чыйся голас, таксама строгі, прамовіў:
        – Хто?
        – Цельшынская школа.
        Дзверы зараз жа адчыніліся і паказалі фігуру гаспадара-настаўніка. Трахім Пятровіч Грынько, мужчына гадоў пад трыццаць пяць, толькі што памыўся. Валасы яго былі прычэсаны набок, адна дугавідная пасма валасоў тырчала над ілбом і надавала Грыньку выгляд вучонага чалавека, а рэдкія доўгія вусы рабілі яго строгім настаўнікам.
        – Што ж гэта так рана? – спытаў Грынько, пазнаёміўшыся і павітаўшыся з калегам.
        – Няхай сабе хлопцы агледзяцца і азнаёмяцца са школаю. Часу ў нас хапае, – адказаў Лабановіч.
        – І то праўда, – ужо больш мякка прамовіў Грынько. Як відаць, у гэтым ходзе калегі Грынько заўважыў значную долю педагагічнай стратэгіі і адразу прасякся да яго павагаю.
        Вучняў увялі ў школу.
        – Ось тут можаце сабе сядзець, хадзіць і спаць, – сказалі ім настаўнікі, а самі пайшлі ў пакой Грынько.
        Кватэра тутэйшага настаўніка зразу кідалася ў вочы кожнаму чыстым выглядам і сваім убранствам. На сценах віселі розныя фатаграфіі, малюнкі ў прыгожых аправах, мяккая, абітая чырвоным плюшам мэбля, каберац каля стала, прыгожы абрус, – усё казала за тое, што Грынько жыў панам. У яго была цэлая гаспадарка: дзесяцін тры агарода, столькі ж сенакосу, была карова, свінні, на двары хадзіла рознае птаства пад пільным і дбалым наглядам гаспадыні.
        Лабановіч у параўнанні з Грыньком быў горкі пралетар, і ён нават са знявагаю паглядзеў на свой сурдут, які ён купіў у Курульчука за два рублі з палавінаю і ў якім ён, асабліва ззаду, вельмі змахваў на местачковага рабіна.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.