РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
IX
        
IX

        
        Пан падлоўчы быў родам дзесь з Гарадзеншчыны і паходзіў, як ён казаў сам, са старога дваранскага роду. Тутэйшае жыхарства лічыла яго палякам, сам жа пан падлоўчы з гэтым не згаджаўся.
        «Я – ліцвін», – з нейкаю гордасцю зазначаў пан падлоўчы і сваю належнасць да ліцвіноў даводзіў, паміж іншым, і тым, што яго прозвішча – Баранкевіч – мела канчатак на «іч», тады як чыста польскія прозвішчы канчаюцца на «скі»: Жулаўскі, Дамброўскі, Галонскі. Даведаўшыся, што прозвішча новага настаўніка Лабановіч, падлоўчы пры спатканні з ім прыметна выказаў адзнакі здавальнення, як гэта бывае тады, калі нам на чужыне прыходзіцца спаткацца з земляком.
        – То і пан – ліцвін! – весела сказаў ён маладому настаўніку і пастукаў яго па плячы. Сваё ліцвінства ён падкрэсліваў пры кожным зручным выпадку, кажучы: «Мы, ліцвіны, любім піць гладка!»
        Лабановічу, калі ў яго чарцы заставалася недапітая гарэлка, ён таксама казаў:
        – А яшчэ ліцвін!.. Ну, які ж ты пасля гэтага ліцвін! – Пан падлоўчы з дакорам пазіраў у вочы настаўніку: – Не псуй ты мне, братка, кампаніі!
        Калі ж гэты аргумент не памагаў, то пан Баранкевіч прыводзіў другі:
        – Ты лепш, браток, падашукай маю жонку, але не ашуквай мяне за чаркаю гарэлкі.
        Трэці аргумент, самы моцны і ўжо самы апошні, быў такі:
        – Пі! Пі, кажу, бо, далібог, вылью за каўнер!
        Гаварыў падлоўчы Баранкевіч найбольш добраю беларускаю моваю. І трэба адзначыць, што ён ні ў якім разе не быў п'яніца, ён проста любіў выпіць «з добрымі людзьмі», а сам адзін і чаркі не выпіваў. Але і ў кампаніі «добрых людзей» ніколі не перабіраў меры. У яго была тут пэўная граніца, якой ён ніколі не пераступаў і за якую яго нельга было вывесці ніякімі сіламі. Што ж тычыцца яго ліцвіналюбства, дык яно яшчэ выяўлялася і ў тым, што ён вельмі любіў літоўскія калдуны. І гэтых калдуноў, як запэўняў пан падлоўчы, ён з'еў аднойчы сто сорак штук.
        – Разумеецца, пры гарэлцы, – дадаваў пры гэтым Баранкевіч.
        Першы раз Лабановіч зайшоў да падлоўчага вечарам таго ж самага дня, калі хадзіў гуляць на чыгунку.
        Баранкевіч спаткаў суседа-настаўніка прыветна і павёў яго ў чыстую палавіну дома, дзе ён звычайна прымаў гасцей. Пакой быў прасторны, чысты, акуратна выбелены. Каля аднае сцяны стаяла канапа і вялікі просты стол каля яе, засланы белым настольнікам. На невялічкім століку недалёка ад канапы стаяла скрыначка, музычны струмант, якую падлоўчы і пускаў у работу, каб забавіць гасцей. Апроч яшчэ аднае канапкі каля другой сцяны і некалькіх простых крэслаў, у пакоі гэтым больш не было нічога, і ён выглядаў пуставата.
        – Сядайце, паночку, – папрасіў Баранкевіч госця і патрактаваў яго моцнаю папяросаю.
        Гаспадар і госць разгаварыліся, прычым пан падлоўчы быў першы чалавек тут, ад якога Лабановіч пачуў добрае слова наконт гэтага месца, якое мела той вялікі козыр, што ляжала каля чыгункі. Прайшоўшыся колькі разоў па пакоі, пан падлоўчы гукнуў, павярнуўшыся да другое палавіны дома:
        – Габрынька!
        – Зараз, татка! – адгукнуўся ў глыбі дома звонкі дзявочы галасок.
        Следам за гэтым пачуліся лёгкія і частыя крокі, і ў пакой увайшла малодшая дачка пана падлоўчага. Такімі ж борздымі крокамі падышла яна і да госця, працягнула яму сваю яшчэ дзіцячую руку, зрабіўшы прысяданне, якое Лабановіч бачыў першы раз. Ён нават спалохаўся: яму здалося, што гэта маленькая паненачка прысела ад таго, што ён наўмысля наступіў ёй на нагу.
        – Чэсю! – зноў гукнуў падлоўчы.
        Крыху счакаўшы, скробаючы ботамі, у пакой увайшоў меншы сын Баранкевіча, хлопчык гадоў дзевяці, даволі панурага выгляду, з вялікаю кучараваю галавою і прыгожым тварам. Паздароўкаўшыся з настаўнікам, Чэсь моўчкі сеў каля кахлянае печы і адтуль, як ваўчок, прыглядаўся да настаўніка.
        Папрасіўшы прабачэння, падлоўчы адлучыўся, пакінуўшы Лабановіча з дачкою і сынам.
        Панна Габрыня, смуглая, строгая і сур'ёзная дзяўчынка-падлетак, звярнулася да Лабановіча з прыветнаю ўсмешкаю:
        – Пан любіць музыку?
        – Вельмі люблю, – прамовіў Лабановіч.
        Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла яе і пусціла.
        Мяккія, ласкавыя гукі стройным сугалоссем паліліся па пакоі, напаўняючы яго прыемным звонам і навяваючы якіясь добрыя, ціхія чары. Няясныя вобразы ўсплывалі самі сабою, аб чымсі казалі і клікалі невядома куды, а на сэрцы аставалася пачуванне ўтраты чагось далёкага, чаго ўжо не вернеш ніколі і аб чым можна толькі ўспамінаць. Усе ж дробязі жыцця, увесь будзённы клопат, мут душы – усё гэта знікала, адступала перад чарамі хараства. Скуль жа гэты смутак? Аб чым ён? Ці не ёсць гэта тое няяснае адчуванне хараства жыцця, якое так бязлітасна, так груба папіхаецца нагамі, таго хараства, што падымае чалавека над балотам людское сумятні?
        Хвілін праз колькі вярнуўся пан падлоўчы, а потым прыйшла пані падлоўчая – другая яго жонка. Гэта была кабета ціхая, забітая, бо пан Баранкевіч, як даведаўся Лабановіч потым, у сям'і быў чалавек жорсткі.
        Габрыня зараз жа выйшла і хутка вярнулася з сястрой, стройнаю чарняваю дзяўчынаю, гадоў шаснаццаці, з тонкімі, прыгожа абрысаванымі брывамі. Выраз яе цёмных акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і тая сталасць, што рабіла ўражанне, быццам дзяўчына многа перадумала і перажыла.
        Размову вялі галоўным чынам падлоўчы з настаўнікам, а ўсе іншыя слухалі і толькі зрэдку ўстаўлялі сваё слова. Было відаць, што прысутнасць падлоўчага стрымлівала іх, прымушала трымацца нейкіх граніц, якія з'яўляліся вынікам практыкі сумеснага жыцця.
        Баранкевіч вельмі ўспагадна ўспамінаў настаўніка, якога змяніў Лабановіч.
        – Што мне падабаецца ў пана Турсевіча, дык гэта тое, што ён умеў паставіць сябе ў кожным коле грамадства і меў свой асабісты гонар, – сказаў падлоўчы.
        – Турсевіч – гэта мой настаўнік і мой зямляк, аднае воласці. Я лічу яго адным з выдатнейшых настаўнікаў і працаўнікоў. Ён не толькі вядзе добра справу ў школе, але і многа працуе над самім сабою; чалавек многа чытаў і многа думаў. Гэта адзін з тых маіх сяброў, якіх я вельмі шаную і паважаю.
        – Як жа, паночку, ён быў панскім настаўнікам? Здаецца, розніца ў вашых гадах не такая вялікая? – запытаўся Баранкевіч.
        – Ён старэйшы ад мяне гадоў на чатыры. Калі ён скончыў першую школку, то я яшчэ пачынаў толькі вучыцца. Ён цэлую зіму быў маім дарэктарам, маім і маіх братоў.
        – А, хіба што так.
        – Дык пан добра знае пана Турсевіча? – спытала пані падлоўчая. – Ах, які гэта быў рэдкі чалавек! – дадала яна і зірнула на мужа, як бы хочучы прачытаць на яго твары, ці добра яна сказала.
        – Пан Турсевіч у школе быў строгі, – адгукнуўся малы Чэсь з-пад кахлянае печы.
        Баранкевіч павярнуў галаву ў бок сына і, смеючыся, прамовіў:
        – А што ж з вамі іначай зробіш? Дай вам волю, дык вы і школу павернеце, і толку з вас ніякага не будзе.
        Паненкі засмяяліся.
        – Я вось буду прасіць пана настаўніка, каб цябе часцей на калені ставіць ды яшчэ грэчкі падсыпаць.
        – У пана настаўніка і грэчкі няма, – сказала Ядвіся і ўскінула на настаўніка свае вясёлыя смяшлівыя вочы.
        Лабановіч зірнуў на яе. «Слаўная дзяўчынка», – падумаў ён.
        – Ну, то я прышлю, цэлую асьміну прышлю, – сказаў падлоўчы.
        – Чэсь будзе такі добры ў мяне вучань, што да грэчкі ў нас не дойдзе. Праўда, Чэсю?
        Сёстры зноў засмяяліся. Чэся яны зналі лепей і, як відаць, схіляліся да погляду таткі наконт грэчкі.
        Чэсь жа ўгнуў галаву, не зусім пэўны ў тым, што для яго справа можа абысціся без грэчкі.
        – Ну, як там гарбата? – спытаў Баранкевіч жонку.
        Пані падлоўчая зараз жа ўстала, кіўнула Габрыні і выйшла разам з ёю.
        Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю, якую так добра ўмеюць прыгатаўляць у Беларусі, і селі піць чай. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў.
        Пасля гэтага паненкі пачулі сябе вальней. Яны смяяліся, жартавалі, распытвалі настаўніка аб усім: ці быў ён у воласці, з кім там пазнаёміўся і як каго знаходзіць.
        – А вы не знаеце панны Марыны? – запытала настаўніка Ядвіся.
        – А хто яна такая? – спытаў Лабановіч.
        – А тут на будцы ёсць адна панна.
        – Я сёння спаткаў адну вельмі прыгожую дзяўчыну якраз на чыгунцы. Можа, гэта і ёсць панна Марына?
        – Так, гэта яна, – прамовіла Ядвіся, распытаўшыся, як яна выглядае.
        Паненкі на развітанне колькі разоў напаміналі Лабановічу, каб ён часцей заходзіў да іх.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.