РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXVIII
        
XXVIII

        
        Першую палескую вясну сустракаў тут Лабановіч. Здавалася, што засмучэнне, тая паласа тугі, што ўсю зіму не сходзілі з твару гэтага глухога кутка Палесся, цяпер прайшлі, бо штось новае і радаснае пачынала вызначацца і ў агульным выглядзе пустэляў балот, і гэтага панурага лесу, і асобных хвой і дубоў, што высока падымалі ўгару свае кучаравыя галовы або адзінока стаялі па краях лесу.
        Вясна была ранняя, як і звычайна на Палессі. У лясах на ўгрэвах снег злазіў борзда, і вызваленая з-пад снегу зямля радасна выглядала на свет жаўтавата-шэрымі плямкамі, ужо выбіваўся і леташні бруснічнік, свежы і сакавіты, сухія галінкі вераску і ягадніку. Побач чыгункі, дзе так прыемна купаліся залатыя косы сонейка, у зацішку зялёных хвой і чырванаватага маладога бярэзніку, ужо цягнулася доўгая жоўтая паласа адтаўшай зямлі. Яна шырэла з кожным днём, з кожнай гадзінай.
        А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Засыпаныя снегам шпалы, старыя трухлявыя пні даўно загубленых дрэў, гнілыя галіны – усё выглядала з-пад снегу і ўсё, здавалася, радавалася, што не апошні раз бачыла сонца. А лес, асветлены і абагрэты сонцам, пазіраў зусім-такі весела. І было штось незвычайна прыемнае ў гэтых першых светла-бліскучых іскрынках абуджэння жыцця, у гэтым зямлістым паху прэлых леташніх лісцяў, дзе-нідзе шарэўшых на зямлі. І зусім іншыя струны душы закраналіся гэтым кволым патыханнем вясны, і іншыя парыванні разам з абуджэннем прыроды калыхалі душу ціхаю, няяснаю песняю ці даўно чутаю казкаю, поўнаю хараства і чараў, і кудысь цягнулі і клікалі. Куды? Можа, да таго невядомага, заўсёды павабнага, нерасчытанага і неадгаданага, закрытага заслонаю ружовых мараў, што ніколі не зліваецца з тваімі жаданнямі? А можа, гэты смутак аб чымсьці такім, міма чаго прайшоў ты няўважна і страціў навекі? Ці гэта – адбітак вечнага нездавалення чалавека, якое выдзяляе яго з круга жывёлін і вядзе па дарозе шукання і ўтварэння лепшых стасункаў жыцця і яго хараства? Ці гэта – імкненне рассунуць граніцы свайго кругагляду, каб пазнаць непазнанае, уведаць нязведанае? Але вечныя загадкі жыцця і вечныя нашы імкненні іх адгадаць, бо формы жыцця абмежаваны, само ж жыццё не мае граніц.
        Пасля пісарскага балу Лабановіч некаторы час адчуваў сябе дрэнна. Яму было прыкра, што ён там напіўся, гаварыў розныя глупствы і нават піў за здароўе нейкай маладзіцы. Назаўтра ён раненька вырваўся з Хатовіч і бадай што ўцёк дадому. І вось цяпер, на другі дзень пасля п'янства, ён хадзіў па чыгунцы, крыху заспакоены, і ацэньваў свае паводзіны як чалавека і як настаўніка. Яму ўспаміналіся першыя дні прыезду сюды, яго намеры і планы. І цяпер усё гэта так не сходзілася адно з другім і не давала ніякага маральнага задавалення! Ён чуў нейкі неспакой душы. Яму хацелася кінуць тут усё і ісці. Куды? У свет, на новыя мясціны – і ўжо там пачынаць жыць як-небудзь іначай.
        Лабановіч акінуў вачамі ваколіцы Цельшына: цесна, цёмна і пуста. Толькі ветракі, растапырыўшы ўгары два крылы ў бок сяла, мелі такі выгляд, як бы іх уразіла нейкая навіна, і яны, у здзіўленні сказаўшы: «О-о-о!», застылі ў такім стане. Дом пана падлоўчага і высокая вяндлярня таксама выдзеліліся крыху весялей з купы гэтых саламяных стрэх сялянскіх хат. Няўжо ж яму прыйдзецца жыць тут яшчэ другую зіму, бо на лета, калі скончацца заняткі ў школе, настаўнік думаў куды-небудзь паехаць.
        Дом пана падлоўчага глянуў на Лабановіча яшчэ раз і яшчэ; скараючыся нейкаму пачуццю і голасу, ён звярнуў з чыгункі і накіраваўся дадому, паглядаючы то на высокі крыж каля школы, то на дах пана падлоўчага. Падыходзячы бліжэй да іх, настаўнік пайшоў павольней, як злодзей, кідаючы позірк на вокны. Ступіўшы яшчэ колькі крокаў, ён спыніўся: у акне з-за вазонаў кланялася тая галоўка, якую яму так прыемна было бачыць. Настаўнік прасвятлеўся і рашуча адкінуў клямку на дзверцах веснічак свае суседкі.
        – З таго часу як вы закахаліся ў панну Людмілу, ужо не хочаце да нас зайсці, – сказала панна Ядвіся, не то шуткуючы, не то сур'ёзна.
        Лабановіч глянуў ёй у вочы, у гэтыя акруглыя цёмныя і такія слаўныя, выразныя вочы, на яе чорныя тонкія бровы, якіх ён не бачыў ні ў аднае дзяўчыны, ні ў кога на свеце. Здаецца, ніколі не адводзіў бы ад яе сваіх вачэй! Ён падумаў: «Ніхто цябе не бачыць, ніхто не ведае, якая ты слаўная і мілая, – і дадаў: – Дурні яны!»
        – А, – сказаў Лабановіч у парыванні нейкай радасці, а ўнутрах яго ўсё дрыжала, – ці толькі свету, што ў панны Людмілы? А вы мне вось што скажыце: калі ўжо вы перастанеце харашэць? Можна было б ужо і спыніцца.
        Усе думкі аб помсце панне Ядвісі, усе тыя калючыя словы, якія ён думаў не так даўно кінуць ёй, – усё цяпер знікла нібы гэтыя вочы і бровы адвялі іх і пахавалі навекі.
        Ядвіся сказала:
        – А калі вы перастанеце быць такім панурым і злосным?
        – З таго самага часу, як вы аб гэтым запыталіся.
        – Не люблю я панураў, – сказала Ядвіся. – Усё здаецца, што яны накінуцца і біць пачнуць.
        – Што зрабіць? Часамі чалавеку так цяжка бывае, так наваліцца на яго гора, што нехаця ляжа чорны цень на твары.
        – А якое ў вас было гора? – спытала Ядвіся.
        – Не пытайцеся: ніякага ў мяне не было гора. Хіба вы наведзяце яго на мяне, але гэтага я вельмі не хацеў бы.
        – Я? Што я для вас значу?
        – Усё! – адказаў настаўнік.
        – Праўда? – ціха спытала Ядвіся.
        – Гатоў пабажыцца, аб заклад пабіцца, – пачаў сыпаць Лабановіч словамі, узяўшы жартлівы тон, каб жартамі прыкрыць тое, што ішло ад самага сэрца.
        Панна Ядвіся, як сарна, скокнула да печкі, дзе стаяў пусты кошык. Схапіўшы кош, яна падбегла з ім да Лабановіча і прамовіла:
        – Сыпце ў кош сваё красамоўства!
        Яны смяяліся, шчаслівыя, як дзеці.
        Ядвіся раптоўна стала сур'ёзнаю.
        – Скажыце, – прамовіла яна, – каб я вас аб чымсі папрасіла, ці зрабілі б гэта для мяне?
        – Усё, што можна зрабіць, зраблю.
        – Зробіце?
        – Зраблю.
        Панна Ядвіся апусціла вочы, потым паволі ўзняла іх на настаўніка.
        – У Гарадзеншчыне ў мяне ёсць адна дзяўчына, – ну, вам усё роўна, хто яна. Ёй трэба выйсці замуж. Разумееце? Ёй проста трэба павянчацца, каб у дакументах мець іншае прозвішча. Нашто – гэта таксама вам нецікава. Дык ці згадзіліся б вы павянчацца з ёю?
        Ядвіся гаварыла самым сур'ёзным чынам.
        Лабановіч і верыў, і не верыў. Калі гэта ўсё праўда, то, значыць, для Ядвісі ён зусім не патрэбны чалавек. І яму стала так горка і непрыемна. Ён апусціў вочы і, памаўчаўшы, прамовіў з прыметнаю ноткаю нездавалення:
        – Аб жаніцьбе, якая б яна ні была, я думаю столькі, колькі думаеце і вы аб леташнім снезе.
        У гэты час у пакой увайшла Габрынька, і размова наконт жаніцьбы на тым і скончылася.
        – Ну, кажыце, як вам гасцілася? – звярнуўся да яе настаўнік.
        Габрынька з жартам і ажыўлена апавядала, як ім было там добра і як не хацелася ехаць сюды. Ядвіся маўчала. Лабановіч слухаў Габрыньку і стараўся не пазіраць на Ядвісю. А яна ўвесь час не зводзіла з яго вачэй. А потым ціхенька выйшла, нічога не сказаўшы. Яна доўга не прыходзіла і вярнулася тады, калі Лабановіч ужо выйшаў і накіраваўся да сябе на кватэру.
        Настрой у яго быў самы паганы. Ён проста не мог знайсці сабе прыпынку, не ведаў, за што ўзяцца. Прайшоўшыся колькі разоў па пакоіку, ён узяў паперу і пяро і сеў пісаць ліст свайму семінарскаму сябру Янку Тукалу.
        «Мілы Янка!
        «Дзе ты, мілы, белабрысы? Дзе ты? Адгукніся! Як без цябе тут гарую, прыйдзі падзівіся». – З гэтае песні пачаў ён, змяняючы яе тэкст. – Абрыдла, брат, мне тут. Усё прыгледзелася і прыелася. Пачынаецца вясна. Разам з ёю ва мне абуджаецца і нейкі дух бадзяння. От бы забраў пад паху свае манаткі, пайшоў бы куды вочы глядзяць. Скончыцца работа ў школе, паеду дадому. На другі год думаю перабрацца куды-небудзь далей у глыб Палесся. Я пачынаю аналізаваць самога сябе і вынікамі застаюся незадаволены. Тая звычайная работа, якую мы павінны весці ў школе, мне здаецца мала вартоўнай, і калі толькі ёю абмежаваць сваю дзейнасць, то гэта значыць рабіць вельмі мала, бо будзеш заўсёды чуць нейкі недахват. І тады трэба будзе на ўсё махнуць рукою, а каб было весела, прыйдзецца звярнуцца да карт, гарэлкі і праз колькі гадоў зрабіцца поўным вахлаком, што звычайна на кожным кроку і робіцца. Я чую, што ў мяне няма грунту пад нагамі, бо я не намеціў сабе пэўнага плана работы. Я, брат, тая муха, што папала пад шкляны каўпак: і свет вакол відаць, і месца ёсць выбіцца з гэтага каўпака, але няма здольнасці папасці ў выйсце. І не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма. Можа, каму выпадкова і пашчаслівіцца знайсці дарогу з гэтага каўпака, але пераважная большасць пападае ў сыроватку і трапечацца ў ёй, покі не захлынецца. Яшчэ нічога, калі ўсяго гэтага не заўважаеш і думаеш, што так і трэба. Але вельмі цяжка пачуваць, што цябе пачынае зацягваць балота, і ты ведаеш, што ў гэтым балоце твая грамадзянская смерць. І калі б мяне спытаў хто, што мне найболей кінулася ў вочы і зрабіла мацнейшае ўражанне за першы год настаўніцтва, я вызначыў бы гэта так: павольнае ўміранне душы і зацягванне цябе балотам... Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Няхай жыве вандроўніцтва!
        Як я табе і казаў, ва мне з незвычайнаю сілаю абудзіўся дух бадзяння. Я не знаходжу сабе спакойнага месца, мяне кудысь цягне і парывае. Часамі проста хочацца зашчаміць сабе галаву і плакаць. «Маркотна жыць на гэтым свеце, панове». Цяпер толькі зразумеў я, якую праўду казаў Гогаль».
        Напісаўшы гэты ліст, Лабановіч прылёг на канапу і задумаўся... «А ўсё гэта я лгу: не тыя прычыны майго нездавалення і смутку». І перад ім ізноў усплыў вобраз Ядвісі, і зноў аб ёй, толькі аб ёй, пачаў думаць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.