РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXXII
        
XXXII

        
        На чацвёрты дзень Вялікадня вярнуўся Лабановіч у сваю школу. Яшчэ вечарам таго ж самага дня, калі цельшынцы здавалі свае грахі а. Мадэсту, надумаўся ён паехаць дадому, каб крыху праветрыцца і хоць на кароткі час адысціся ад круга тутэйшых уражанняў і сваіх настрояў. Але на першыя ж дні свят яго моцна пацягнула сюды, бо быць блізка ад Ядвісі і бачыць яе хоць зрэдку стала яго патрэбаю. Едучы назад, ён не спаў дзве ночы, а па дарозе, апрача таго, яму прыходзілася віншаваць таго-сяго са святым Вялікаднем і, разумеецца, крыху падвіншавацца. Утомлены бяссоннымі начамі і выпіўкаю, ён пачуў сябе вельмі добра, улёгшыся на сваёй пасцелі, і зараз жа заснуў крэпкім-крэпкім сном.
        Даведаўшыся, што прыехаў сусед, пан падлоўчы праз паўгадзіны, прымасціўшыся пад акном, дзе спаў настаўнік, барабаніў кулаком у раму і клікаў:
        – Прафесар велькіх букваў! О, прафесар! Чуеш? Уставай піць гарэлку!
        Лабановіч спаў крэпка і нічога не чуў. Падлоўчы быў падвыпіўшы і не адступаўся. Яго кулак часцей і шмат мацней пачаў барабаніць па сярэдняй раме. Шыбы зазвінелі, а з некаторых пасыпаўся кіт.
        Падлоўчы Баранкевіч, звярнуўшы на гэта ўвагу, засмяяўся і прамовіў сам сабе:
        – Чорт яго бяры, прафесара: павыбіваю яму вокны!
        Лабановіч на гэты раз пачуў грук і скрозь сон дагадаўся, што яго будзіць падлоўчы, але расчыніць вочы і падняць галаву проста не меў сілы. Калі ж грук пачаўся з новай сілаю, ён громка прамовіў:
        – Га-а!
        – Уставай, прафесар! – гукаў з двара Баранкевіч.
        Лабановіч узняўся, адчыніў фортку і стаў прасіцца:
        – Пане суседзе, не спаў тры начы – не магу!
        – Што за «не магу»? Зараз жа адзявайся, бо, далібог жа, прыйду і павалаку так, як ты цяпер ёсць. А будзеш упірацца, то паклічу Рыгора і Язэпа і, далібог, прывалачом вось так, як цяпер ляжыш. А ў мяне і паненкі ёсць.
        Лабановіч убачыў, што ад падлоўчага не адчэпішся, і стаў адзявацца. Памыўшыся халоднаю вадой, ён крыху асвяжыўся і прыйшоў да памяці. Ён пералез добра знаёмы яму пералаз і ступіў на ганак пана падлоўчага. Негрусь па свайму сабачаму звычаю забрахаў разы тры, павільваючы хвастом, як бы хочучы сказаць: «Гэта я так сабе брашу, без злосці».
        – А што? Збаяўся: прыйшоў-такі! – спаткаў «прафесара» падлоўчы ў сваім пакоі.
        Даўжэразны стол, якога раней настаўнік не бачыў у пана падлоўчага, стаяў каля сцяны, прыпёрты да яе шчыльна адным сваім краем. Гэты стол, як ёсць, быў завален пірагамі, бабкамі, мясам розных гатункаў і рознага прыгатавання. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Шынкі, як падушкі, абтыканыя зелянінаю, ляжалі важна зялёнымі ўзгоркамі.
        На дзябёлым крэсле старасвецкай работы сядзеў чыгуначны майстар Грыгарэц, з шырачэзнаю спінаю, дубовага складу чалавек, ніколі ў жыцці не ведаўшы страху перад гарэлкаю. Ён быў тоўсты, крэпкі і меў выгляд навоя, на які толькі што навілі кросны ў дванаццаць губіц. Рыжая і ўжо з лысінаю галава яго насілу пакручвалася направа і налева на кароткім, але незвычайна тоўстым карку. Маленькія вочкі яго ўжо замасліліся, але ён не касаваўся перад чаркамі і ліў іх, як у бочку. Тут жа была і панна Людміла са сваім братам Анатолем. Анатоль, паздароўкаўшыся з настаўнікам, зараз жа пайшоў шукаць прыпынку для свае галавы, у якой цяпер малаціла нейкая малатарня. Людміла толькі правяла яго балесным поглядам. Яна была адзета ў лёгкую шаўковую блузку колеру льнянога цвету і выглядала вельмі прыгожаю і цікаваю. Ядвіся таксама была адзета з густам. На ёй была чырвоная атласная кофтачка, якая вельмі ішла да яе смуглага твару, а пышныя цёмна-каштанавыя валасы былі перахвачаны чырвонаю ж, як жар, стужачкаю. Габрынька стаяла каля музычнае скрыначкі, з якой нядаўна грымела музыка.
        – Тут, пане мой, паненкі адны сядзяць, а ён спаць заваліўся, – адчытваў Лабановіча вясёлы падлоўчы.
        Падышоўшы да Людмілы, Лабановіч спыніўся і сказаў ёй:
        – Чаму вы, панна Людміла, не перахрысціліся, убачыўшы мяне?
        Ядвіся зірнула на Лабановіча, потым на Людмілу, Людміла, асвятліўшы свой твар усмешкаю, пазірала на яго, штось прыпамінаючы, а потым весела засмяялася.
        – Аднак жа вы злапомны.
        – Зусім не, – адказаў настаўнік, – я толькі хацеў вам напомніць, што, угледзеўшы «святога», трэба перахрысціцца.
        – Ну, годзе табе тут любошчы разводзіць, – падышоў падлоўчы і ўзяў настаўніка пад руку. – Вып'ем!
        – Ой, паночку, за што вы на мяне ўгневаліся? З раю ў пекла цягнуцца? – скардзіўся Лабановіч, гледзячы на паненак.
        – І ў пекле паненкі ёсць, ды яшчэ такія, якіх і ў раі не знойдзеш, – прамовіў падлоўчы і, пакланіўшыся паненкам, папрасіў прабачэння, што забірае ад іх кавалера.
        – Але нічога, – заспакоіў ён іх, – пан прафесар шмат цікавейшы будзе, вярнуўшыся ад стала.
        Падлоўчы Баранкевіч наліў чаркі.
        Грыгарэц вельмі спрытна кульнуў сваю чарку; здавалася, што ён яе і не піў, а так толькі ўскінуў галаву, каб паглядзець, як высока столь у пакоі падлоўчага. Закусваючы, ён штурхануў локцем Лабановіча і ціха прамовіў:
        – Ну, як наконт маладзічак?
        Настаўнік нічога не паспеў сказаць, бо перад ім ужо стаяла другая чарка.
        – Выпі, тады будзеш закусваць. Мы тут, пане мой, мардаваліся, а ён сабе спаць палажыўся.
        І гаспадар прымусіў яго выпіць яшчэ чарку.
        Лабановіч пабег да паненак, запрашаючы іх да стала.
        – Пойдзем! – прасіў ён іх. – Я раскажу вам гісторыю, як на Палессі такія, як вы, прыгожыя дзяўчаткі з'явіліся.
        Паненкі зацікавіліся і ўсталі. Ён узяў іх пад рукі і пайшоў разам да стала. Наліў па чарцы віна і вельмі ўпрашаў выпіць, называючы іх дыяментамі Палесся, божымі летуценкамі. Яму было надзвычайна весела, язык развязаўся, ён забаўляў паненак; яны слухалі і смяяліся.
        – Ну, а гісторыю калі скажаце? – пыталі яны.
        – А вось як віна вып'еце!
        Дзяўчаты выпілі.
        – Ну, слухайце... Стварыў Бог Палессе і пайшоў аглядаць балоты. Доўга хадзіў Бог, і стала яму маркотна. І стварыў ён дзяўчыну незвычайнага хараства і сам залюбаваўся ёю. Вочы ў яе былі, як у панны Ядвісі, і такія ж самыя пышныя валасы. Бровы... – тут Лабановіч глянуў на бровы панны Людмілы, а потым на бровы Ядвісі.
        – Усё ў яе было, як у панны Ядвісі, – сказала панна Людміла і хітра ўсміхнулася.
        – Не, не ўсё – адказаў Лабановіч – бровы былі, як у Габрынькі, губы і рот – як у вас. Доўга пазіраў на яе Бог, а потым сказаў: «Не, няможна цябе пакідаць людзям: яны будуць калаціцца з-за цябе». Паставіў яе Бог на сваю руку і дзьмухнуў. Дзяўчына рассеялася і зрабілася хмаркаю. «Ты будзеш хадзіць над Палессем век-векам, і ад тых людзей, на якіх упадуць твае кроплі, будуць раджацца красуні». І вы, – сказаў Лабановіч паненкам, – маеце ў сабе тыя кроплі і радзіліся дзеля таго, каб на Палессі не маркоціліся маладыя хлопцы.
        – Ну, годзе табе казанні казаць, – спыняў яго падлоўчы.
        Лабановіч ужо не спрачаўся і піў многа. Гарэлка ўрэшце страціла над ім сваю сілу, ён піў ужо сам і падліваў другім.
        – Слухайце, – спытала Людміла, – чаму вы ніколі да нас не зойдзеце?
        – Добра, што вы запыталіся цяпер, – адказаў настаўнік, – бо я толькі тады і кажу праўду, калі добра вып'ю. Дык слухайце: буду казаць праўду. Я затым і не хадзіў да вас, што баяўся вас, бо душа мая чуе: тады, калі мае ногі пераступяць парог вашага дома, яна пападзе да вас у палон.
        – Я вельмі шкадую, – смеючыся, прамовіла панна Ядвіся, – што ніколі не чула вас тады, калі вы добра вып'еце.
        – Эх, панна Ядвіся, панна Ядвіся! – як бы ў нейкім незвычайным засмучэнні прамовіў настаўнік. – Калі я гавару з вамі, то тады я не толькі «добра выпіўшы», але і п'яны – і, стала быць, яшчэ большую кажу вам праўду.
        – Хіба ж я бочка з гарэлкаю? – засмяялася панна Ядвіся.
        – Вы – той напітак, які п'юць толькі багі.
        Адным словам, Лабановіч стараўся развясельваць дзяўчат.
        Падлоўчы хадзіў перавальваючыся, і здавалася, што яму вельмі было цяжка падымаць ногі. Але ён быў незвычайна вясёлы і, павярнуўшыся да Людмілы, заспяваў:
        
        
         Ксёндз бэрнадын у касцелі -
         Ха-ха-ха-ха!
         Відзеў собе анелі!
         Тра-ля-ля-ля!
        

        
        Але далей ён чамусь не спяваў, як яго ні прасілі.
        – Габрынька! – скамандаваў ён. – Зайграй нам што-небудзь!
        Пад звонкія і меладычныя гукі музыкі сарваўся з месца Грыгарэц і пайшоў тупаць і прытупваць. Здавалася, што гэта не чалавек танцуе, а нейкі добра ўкормлены вяпрук убег у пакой і ў нейкай свіной радасці разгуляўся тут і пайшоў выбрыкваць розныя вепручыныя выкрунтасы. Пайшоў танцаваць і пан падлоўчы са сваёю жонкаю. Усе вельмі хвалілі пана падлоўчага і паню падлоўчую. Праўда, танцаваў ён спрытна. Потым Баранкевіч пайшоў у танцы з паннаю Людмілаю.
        Грыгарэц пад шум танцаў кудысь знік. А калі агледзеліся, што ён прапаў, пан падлоўчы сказаў:
        – О, злодзей! Ведаю я, куды ён пайшоў! – І, як відаць, трохі яму пазайдросціў.
        Анатоль, праспаўшыся, зноў увайшоў у пакой. Гэта быў высокі малады хлапец, не падобны да свае сястры. Яны з настаўнікам падселі да стала і пачалі зноў піць, як бы гарэлкі ў вочы не бачылі.
        – Ну, Толя, ці не пара нам дамоў? – падышла да іх Людміла.
        – Гуляйце: Вялікдзень раз на год бывае, – сказаў ёй Лабановіч.
        – Ну, хто вам больш падабаецца з хатовіцкіх маладых людзей? – спытала яна Лабановіча.
        – Усе слаўныя хлопцы, – адказаў ён.
        – Ну, гэтым вы мала сказалі.
        – А што мне пра іх казаць? Я больш цікаўлюся дзяўчатамі.
        – Ну, а хто ж вам больш падабаецца з паненак?
        – Калі аб гэтым пытаецеся вы, то я павінен сказаць вам – вы.
        – Не, вы скажыце праўду.
        – Хто цяпер гаворыць праўду? Нават і «святыя» і тыя пачынаюць ілгаць.
        – А я ведаю, хто вам не толькі падабаецца, але каго вы і кахаеце.
        Лабановіч паглядзеў ёй у вочы, паглядзеў доўга і сказаў:
        – Так, вы ведаеце.
        – А па чым вы ведаеце, што я думаю?
        – Па вашых вачах прачытаў.
        – О, пані! – падхапіў падлоўчы. – Наш прафесар шаптаць і варажыць умее.
        – Ну, паваражыце мне! – панна Людміла працягнула Лабановічу руку.
        – Пані, – адказаў за яго падлоўчы, – наш прафесар па каленях гадае.
        Людміла засаромелася, ускочыла і села на канапу.
        Пан падлоўчы качаўся ад смеху, пазіраў на «прафесара», а вочы яго казалі: «Вось як трэба з паненкамі гаварыць!»
        Ад'язджаючы дамоў, Людміла доўга ціснула руку настаўніку, заглядала яму ў вочы і казала:
        – Памятайце, я чакаю вас у Завітанкі.
        – На тое ж яны і Завітанкі, каб у іх завітаць, – адказаў Лабановіч і моцна паціснуў ёй руку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.