РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XI
        
XI

        
        Работа ў школе наладзілася.
        Малады настаўнік укладаў у яе сваю душу і сэрца. Кароткія зімнія дні праходзілі незаметна, іх не хапала на тое, каб як след правесці работу. Як толькі добра развіднялася і была магчымасць весці лекцыі, Лабановіч ішоў у школу, размеркаваўшы сваю работу між чатырох груп.
        Многа патрабавалася ўмення на тое, каб кожная група была занята і не сядзела без работы. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Удзень вучні распускаліся на паўтары гадзіны для абеду. Пасля лекцыі зноў ішлі да самага вечара, пакуль не цямнела. Часта са старэйшымі вучнямі лекцыі вяліся вечарамі пры лямпе. Потым настаўнік яшчэ доўга сядзеў над сшыткамі і папраўляў іх. Маладых сіл было многа; здавалася, ніколі не вычарпаеш іх, і расходваліся яны так, як расходуе з восені заможны, але маладасведчаны і непрактычны гаспадар багаты збор ад свае нівы.
        Але ў сваёй рабоце чэрпаў малады настаўнік і поўную чару высокага задавальнення, назіраючы, як дзеці набіраліся знання, лёгка асільвалі тое, што яшчэ ўчора здавалася ім незразумелым і трудным. Больш разбітных і здольных любіў ён той любасцю, якая можа быць толькі ў настаўніка да сваіх выхаванцаў. Ім і дазвалялася шмат таго, чаго не павінны былі рабіць звычайныя вучні, бо ў Лабановіча ў школе наогул быў строгі парадак. Хоць патуранне было і шкодна з педагагічнага боку, Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. З другога боку, трэба сказаць, што ад лепшых вучняў і вымагалася болей. І нейкая ўцеха брала маладога настаўніка, гледзячы на гэтых маленькіх змыслых палешучкоў.
        Скончыўшы навучанне і перагледзеўшы работы вучняў, Лабановіч часта падводзіў падрахункі дню; пры гэтым разважаў ён і аб тым, як абысці тыя пахібы і памылкі, якіх так трудна бывае пазбегнуць у школе маладому, малавопытнаму настаўніку. Усе тыя спосабы, якія так гладка і проста апісаны ў методыках, часта зусім не падыходзілі і не адпавядалі ўмовам школы, трэба было тут жа выдумляць іх самому. А колькі часу прыходзілася траціць на тое, каб дастасаваць мову дзяцей да кніжнае мовы! І колькі смешных і непажаданых выпадкаў вынікала на грунце гэтага непаразумення ў школе, дзе мова мацеры зневажаецца і забіваецца!
        Часамі Лабановічу здавалася, што школа адстае, што вынікі дасягнуты нязначныя і што, наогул, ён няважны настаўнік. Трэба ўжыць тут штось новае, трэба аджывіць школу, бо спосабы яго заняткаў так застарэлі, што напэўна перасталі быць цікавымі для дзяцей. У такія мінуты настрой яго спадаў, яму рабілася не па сабе.
        «Трэба будзе даведацца да Турсевіча і пабачыць, як ён вядзе сваю справу», – падумаў Лабановіч і цвёрда вырашыў у першае ж свята паехаць да свайго старога настаўніка.
        Ён абдумаў маршрут. Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз'езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Ад станцыі яго сябар жыў за вярсты дзве, а язды паўстанцыі. Калі ж не ўдасца паехаць машынай, дык у яго – маладыя ногі, да хады прывычныя. Развязаўшы пытанне такім чынам, Лабановіч заспакоіўся і хацеў засесці за кнігу.
        Якраз увайшла бабка.
        – А што, панічыку, чай піць будзеце?
        – Чай? – спытаў настаўнік і заспяваў:
        
        
         Чай, чай,
         Прымячай,
         Куды чайкі ляцяць!
        

        
        Бабка падперла рукамі шчокі і пачала смяяцца.
        – Смешны вы, панічок, далібог!.. Ах, няхай бы вы здаровенькі былі!
        – А ведаеш, бабка, што я надумаўся?
        – Бог вас ведае, панічок.
        – У гэтую нядзельку, бабка... ці там нікога няма? – ціха і таемна кіўнуў настаўнік у бок кухні.
        – Няма, панічку! – ціха адказала бабка, нарыхтаваўшыся пачуць нешта вельмі цікавае.
        – Дык нават, бабка, не ў нядзельку, а ў суботу нанач надумаўся я паехаць у госці да таго паніча!
        – А я ж, панічок, думала, што вы скажаце пра іншае, – сказала, смеючыся, бабка. – Чаму ж, панічок, не паехаць? Вядома, збярэцеся...
        Дзверы ў кухню стукнулі, і туды хтось увайшоў.
        – Гэта, мусіць, бабка, да цябе хтось лячыцца прыйшоў.
        Бабка борздзенька павярнулася і ў дзвярах спаткалася з Чэсем.
        – Татка прасіў, каб вы зайшлі да нас, – прамовіў Чэсь Лабановічу.
        – Добра, Чэсь, я зараз прыйду. У вас там, можа, хто ёсць?
        – Пан Сухавараў з раз'езда.
        – Ах, Чэсь! Як жа гэта ты такую штуку мне ў школе ўдраў? – прыпомніў Лабановіч, як Чэсь, седзячы на лекцыі славянскай мовы, скруціў паперку ў трубачку і засунуў яе ў вуха Кандрату Кругламу.
        Чэсь апусціў галаву ў знак свае віны і стаяў панурыўшыся.
        – Не рабі ты, брат, так ніколі.
        Чэсь выйшаў. Крыху счакаўшы, выйшаў і Лабановіч.
        За сталом у падлоўчага сядзеў памочнік начальніка раз'езда, пан Сухавараў, нежанаты, яшчэ малады хлопец, адзеты ў парадны мундзір; ён падкручваў свае чорныя вусікі. На канапе насупраць яго сядзела панна Ядвіся. Яна была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Панна Ядвіся выглядала вельмі цікаваю і прыгожаю. Цёмныя вочы яе з доўгімі мігаўкамі як бы рассыпалі прамені. Яна была вясёлая і ў добрым настроі.
        Лабановіч падышоў да яе і паздароўкаўся.
        Панна Ядвіся пазнаёміла яго з памочнікам і запыталася:
        – Што гэта вас не відаць?
        – А я, бачыце, крыху закапаўся ў школе...
        – Уяўляю сабе, якая непрыемнасць сядзець увесь дзень з гэтай вясковай дзятвой. Нанясуць лапцямі гразі, дух цяжкі, – прамовіў Сухавараў.
        – Пан Лабановіч закахаўся ў сваю школу, – сказала Ядвіся.
        – А можа, у вас, панна Ядвіга? – запытаў памочнік і ўскінуў на яе свае алавяныя вочы.
        Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Ён лічыў сябе вельмі цікавым кавалерам, з якім такому настаўніку змагацца ніякім чынам немагчыма.
        – О не! У пана Лабановіча ёсць больш шчаслівейшая ад мяне.
        Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху.
        – Пан Лабановіч аддаў сэрца сваёй бабцы!
        Сказала і залілася самым вясёлым сардэчным смехам. Таксама смяяліся і малая Габрынька, і Сухавараў. Смяяўся і пан падлоўчы, які ў гэты момант прыйшоў да гасцей.
        А Ядвіся яшчэ дадала:
        – Сядуць з бабкаю каля стала і варкуюць да самай поўначы.
        «Аднак жа ты ахвотніца смяяцца», – падумаў настаўнік і таксама адказаў жартліва:
        – Ну, што ж? Палюбіць маладую і прыгожую кожны патрапіць, а вось закахацца ў старую, гэта ўжо рэч іншая.
        – Так, так, – сказаў Сухавараў, – на гэта трэба мець асаблівы талент.
        – У пана Лабановіча і ёсць гэты асаблівы талент, – прамовіла Ядвіся.
        – Што гэта, паночку, яна да вас прычапілася? – спытаў пан падлоўчы.
        – Не ведаю, – адказаў Лабановіч. – На свеце, пане-суседзе, бывае так, што хто каго любіць, той таго і чубіць.
        – Ха-ха-ха! – засмяяўся пан падлоўчы. – Што, Ядвіська, дастала?
        А Ядвіся, як і нібыта таго, спакойна, нават сур'ёзна запыталася:
        – А хіба ж ужо бабка чубіла вас, пане настаўніку?
        – Брава! Брава! – запляскаў у ладкі памочнік.
        Падлоўчы Баранкевіч громка засмяяўся.
        – Дык вас, пане настаўніку, бабка чубіць? – спытаў ён, не перастаючы смяяцца.
        За гэтым агульным смехам Лабановічу не ўдалося нічога адказаць, і верх застаўся за паннаю Ядвісяю.
        Размова пайшла па другім кірунку, і гаварыў болей памочнік. Гаварыў ён гладка і востра і часта выклікаў вясёлы смех сваіх слухачоў і слухачак. Панна Ядвіся часта ўскідала на яго свае цёмныя выразныя вочы з-пад тонкіх дужак броваў. Лабановіч маўчаў. У яго было такое пачуццё, як бы ён быў тут зняважаны і пакрыўджаны. А пан Сухавараў вельмі зацікавіў Ядвісю Вільняю і тэатрам. Сам ён крыху спяваў, але толькі пад гітару. Другі раз абяцаўся ён прыйсці з гітарай, бо панна Ядвіся яго вельмі прасіла. За ўвесь гэты час яна ні разу не глянула на свайго суседа – Лабановіча.
        – А ты, Ядвіська, калі ласка, заспявай, – звярнуўся пан падлоўчы да дачкі.
        – Пан Сухавараў смяяцца будзе, – прамовіла Ядвіся, апусціўшы вочы, а потым ускінуўшы іх на памочніка.
        – Што вы? Што вы? – усхапіўся Сухавараў, просячы яе заспяваць.
        Ядвіся адышла далей у куток каля кахлянай печы і заспявала:
        
        
         Ці я ў полі не калінаю была?..
        

        
        Голас у яе быў малады, свежы, сакавіты. Спявала яна з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне.
        Лабановіч слухаў гэтыя спевы, і нейкі жаль ахопліваў яго. Яму хацелася падысці да дзяўчыны і запытаць яе: «Скажыце, якое гора ў вас на сэрцы?»
        Сухавараў многа і доўга хваліў панну Ядвісю, а яна стаяла, апусціўшы вочы, і, здаецца, чакала слова ад Лабановіча. Настаўнік сумыслу не сказаў нічога.
        Развітваючыся пасля вячэры, панна Ядвіся была сур'ёзная і не папрасіла суседа заходзіць да іх вечарамі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.