РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
VIII
        
VIII

        
        Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Дзеці смялей падыходзілі да свайго настаўніка і давалі адказы на яго пытанні. Пры гэтым часта выяўлялася прастэча і непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху.
        – Скажы ж ты, галубок, – звярнуўся Лабановіч да аднаго хлопчыка, які падышоў запісвацца. – Як ты завешся?
        Хлопчык маўчаў і пазіраў на настаўніка сваімі яснымі вочкамі. Відавочна, у гэтым запытанні яму пачулася штось падазронае: ці няма тут якое хітрасці, каб не падашукацца часамі? Запытанне, з яго погляду, было зусім нецікавае і непатрэбнае: хто ж не ведае, як ён завецца?
        Але настаўнік не адступаўся і зноў запытаў, як яго зваць.
        – Або ты не ведаеш? – у сваю чаргу спытаў хлопчык.
        – Не, не ведаю, бо каб ведаў, то не пытаўся б.
        – Ну, як жа? Іван, ды і ўсё! – прамовіў громка хлопчык з адценнем лёгкай усерджанасці.
        – А цябе як зваць? – спытаў настаўнік другога хлопчыка.
        – Лар'ён, – весела адказаў той.
        – А як завецца твой бацька?
        – Кандрат.
        – А як тваё прозвішча?
        Хлопчык закрыў рукамі твар і пачаў смяяцца.
        – Чаго ж ты, Лар'ён, смяешся?
        – Не знаю, што казаты.
        А адзін палешучок, які ўвесь час сядзеў моўчкі, запытаў настаўніка:
        – Чаму ты ўсё пытаеш, як мы завямося?
        Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер'е вучняў. Іх часта грубаватыя выхадкі ці звароты непасрэдна да яго ён прапускаў між вушэй, ведаючы той грубы асяродак, з якога яны выйшлі, і маючы на ўвазе, што з часам усё гэта згладзіцца непрыметна, само сабою, пад уплывам школьнага парадку і ладу, які будзе залежаць, галоўным чынам, ад яго самога. Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе ён стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца.
        Першыя крокі былі зроблены. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Лабановіч, крыху пагутарыўшы, пусціў іх на пераменку. А гэтым часам пад'ехаў і а. Кірыл. Зайшлі ў пакоік настаўніка, пагутарылі пра сёе-тое, пакуль пазбіраліся дзеці. Айцец Кірыл зараз жа сабраўся і разам з настаўнікам пайшоў у школу. Там ён, не затрымліваючыся, адправіў кароткі малебен, сказаў невялічкае казанне дзецям, у якім клікаў іх да навукі, да паслушэнства, і, пажадаўшы здароўя і разумення, даў пацалаваць крыж і акрапіў іх святой вадою.
        Пасля малебна настаўнік сказаў вучням перадаць сваім таварышам, каб заўтра ўсе прыходзілі ў школу, і пусціў іх дадому.
        З вясёлым шумам і крыкам выбеглі дзеці на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі галасамі, і рассыпаліся па хатах. На сваім уласным вопыце пачулі яны, што школа і настаўнік далёка не такія страшныя, як гэта складалася ў іх галаве.
        Айцец Кірыл адмовіўся застацца выпіць чаю на дарогу, бо дзень кароткі, дарога паганая. На развітанне папрасіў ён Лабановіча выкладаць Закон Божы, бо яму далёка ездзіць сюды.
        – А наконт... пенсіі мы пагодзімся, падзелім яе без крыўды.
        Настаўнік, хоць і з неахвотаю, згадзіўся.
        – Прыязджайце да нас, будзем вельмі рады, – сказаў а. Кірыл, ужо седзячы на каламажцы.
        Лабановіч застаўся адзін. У пакоіку стала так ціха, што ён мімаволі звярнуў на гэта ўвагу. І была ў гэтай цішы маркота, якую пачуў ён тут першы раз. Яго пацягнула на свежае паветра, на волю. Тут ён прыпомніў, што сын самага блізкага суседа яго, пана падлоўчага, хоць і мае хадзіць вучыцца, не прыйшоў. І не прыйшоў напэўна з тае прычыны, што падлоўчы не лічыў шляхетным пасылаць сына, не пабачыўшыся і не перагаварыўшы з настаўнікам, бо ён тут чалавек новы, незнаёмы. Сам жа падлоўчы не належаў да тутэйшага насельніцтва, патрэбы якога абслугоўвала гэта школа.
        Пасля абеду Лабановіч сабраўся прайсціся. Ён выйшаў на двор. На вуліцы было столькі гразі, што перайсці яе ў настаўніка не хапіла адвагі, і ён павярнуў на поле, дзе стаялі два ветракі, і зараз жа выйшаў на вузкую сцежку, якая вяла на чыгунку. Гэта было адзінае месца, дзе можна было хадзіць, не баючыся гразі. Узышоўшы на чыгунку, настаўнік прыпыніўся, як бы разважаючы, у які канец накіравацца. Вакол было ціха. Далёка беглі ўздоўж дарогі высокія тэлеграфныя слупы з белымі гугачкамі і роўна нацягнутым дротам. Ветру не было, а дрот бесперастанку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным, як казка гэтых панурых лясоў і балот Палесся. З боку раз'езда чыгунка, пралёгшы спачатку раўнюсенечкаю сценкаю, праз вярсту рабіла залом і гублялася дзесь у лесе. У процілеглым баку дарога ішла роўна на далёкай адлегласці. Было нават відаць, як выступаў з далечы дамок трэцяй будкі. Адтуль ледзь прыметна пасоўвалася чалавечая постаць. І трудна было вызначыць, куды яна ідзе: сюды ці ў другі бок. Гэтая малюсенькая фігурка адна, здавалася, ажыўляла гэты пануры і ціхі краявід, дзе ўсё як бы знікла або прытаілася.
        – Пайду насустрач, – вырашыў Лабановіч.
        Фігурка была так далёка, што мела выгляд тоненькага маленькага калочка. Яна ішла сюды, але трудна было адгадаць, хто гэта быў: мужчына ці кабета. Адлегласць між Лабановічам і фігуркаю змяншалася.
        Мінуўшы яшчэ колькі слупоў, настаўнік мог пазнаць, што гэта была кабета, і ён перастаў ёю цікавіцца, а пачаў разглядаць лес і балоты побач дарогі, мосцікі, рачулкі і ўсё, што больш-менш кідалася ў вочы. Настаўнік зусім забыўся аб тым, што яго перш так зацікавіла, звярнуў на гэта ўвагу толькі тады, калі між ім і тым, хто ішоў яму на спатканне, была адлегласць толькі ў два слупы. Цяпер ён заўважыў, што гэта была высокая, стройная дзяўчына, вельмі добра, нават з густам адзетая.
        Дзяўчына здалёк колькі разоў бачліва акідвала поглядам незнаёмага маладога хлопца, а падышоўшы бліжэй, апусціла вочы. Лабановіч таксама не лічыў далікатным разглядаць яе. Але як толькі яны параўняліся, дык зірнулі адно на аднаго, і погляды іх спаткаліся. Незнаёмая дзяўчына, як бы спалохаўшыся, зноў борздзенька апусціла свае чорныя як смоль вочы. Лабановіч, зблізку ўбачыўшы яе твар з бліскучымі прадаўгаватымі вачамі, злёгку здрыгануўся: дзяўчына была незвычайна прыгожая. Прайшоўшы крокі тры-чатыры, Лабановіч азірнуўся, каб яшчэ раз глянуць на яе. Тое самае зрабіла і зацікавіўшая яго дзяўчына. Яна, мусіць, не спадзявалася выдаць сябе такім чынам, і з губ яе сама сабою збегла прыемная і павабная ўсмешка, пасля чаго дзяўчына пайшла шпарчэй і ўжо не аглядалася.
        Лабановіч, як прычараваны, стаяў колькі хвілін і ўсё пазіраў на яе. Яму было прыемна, нейкая радасць разлівалася ў крыві. Ён пайшоў далей, думаючы аб гэтай незнаёмай дзяўчыне. Яе чорныя вочы, белы твар і гэта чароўная ўсмешка так і стаялі перад ім, як намаляваныя. «Хто ж бы гэта была такая?» – пытаў ён сябе. Гэта, напэўна, з будкі, тая дзяўчына, аб якой казала яму бабка. Відаць, яна ішла ў вёску да крамніка, каб купіць чаго. «Трэба было, – думаў ён, – пазнаёміцца і правесці яе да вёскі». Ён пачынаў наракаць на сябе за сваю нясмеласць. Іншы на яго месцы знайшоў бы дваццаць зачэпак, каб звярнуцца да яе далікатна і проста і такім чынам пазнаёміцца, супраць чаго яна, напэўна, нічога не мела б.
        Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», Лабановіч прыйшоў да пераканання, што ён зрабіў добра, не зачапіўшы дзяўчыны. А вось калі зноў спаткае яе, як сёння, адзін на адзін, тады няіменна павітаецца, бо яны ўжо як бы крыху знаёмыя. Дайшоўшы да трэцяй будкі, Лабановіч вярнуўся назад у надзеі, што ён зноў сустрэне дзяўчыну на дарозе. Ён прайшоў адну будку і другую, мінуў ужо і пераезд каля свайго сяла, але дзяўчыны нідзе не спаткаў. Ці не пайшла яна на раз'езд, сабраўшыся куды-небудзь паехаць? А можа, яна зусім не тутэйшая і больш ніколі не з'явіцца тут? Але ў яго душы надоўга застанецца гэты прыгожы вобраз дзявочае красы. Лабановічу стала чагось шкада, як бы ад яго нешта адарвалася і знікла.
        У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Уся мясцовасць змяніла выгляд, як бы замкнулася ў сабе самой, аддаўшыся выключна сваім думкам і свайму настрою, а ўсё іншае для яе стала чужым і нецікавым. Лабановіч дайшоў да сцежачкі каля ветракоў і накіраваўся ў школу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.