РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XX
        
XX

        
        Панна Ядвіся была ў незвычайна вясёлым настроі. Яна і малая Габрынька пойдуць заўтра на раз'езд, сядуць на машыну і паедуць у госці. У Гарадзеншчыне ў іх былі сваякі, і татка дазволіў паехаць туды тыдні на два пагасцяваць. Габрынька кружылася каля мачыхі, жартавала, смяялася такім вясёлым дзіцячым смехам, што нават пераважна смутная і заклапочаная пані падлоўчая не магла захаваць свой звычайны настрой і таксама смяялася.
        – Адстань, адстань: ты ўжо не дзіця.
        Пані падлоўчай, здавалася, было крыху нялоўка, што панна Габрынька так дурэе пры чужым чалавеку. А гэты чужы чалавек быў Лабановіч.
        Але Габрынька не зварачала на гэта ўвагі. Яна выдумала кароценькі вершык і раз-пораз дэкламавала яго сваёй мачысе:
        
        
         Мама така слічна,
         Слепа, дыхавічна.
        

        
        – От распуста, – ківала галавою пані падлоўчая, зварачаючыся да настаўніка.
        – Я буду пісьменніцай. Хачу напісаць аповесць, як на Палессі жылі дзве прыгожыя краскі-панны і што з гэтага выйшла, – смяялася Габрынька.
        – А што з гэтага выйшла? – пацікавіўся Лабановіч.
        – Выйшла тое, чаго ніхто не спадзяваўся! Гэтыя дзве красуні пакахалі аднаго маладога паніча і кінуліся яму на шыю. А ён, небарака, з гора пайшоў і ўтапіўся ў Целяшовым Дубе.
        – Габрынька, устыдзься! – прамовіла пані падлоўчая.
        А Габрынька ўся хадзіла ад смеху. Таксама смяялася і панна Ядвіся, крыху засаромеўшыся такой непасрэднасці, прастаты і смеласці жартаў свае сястры.
        – У вас, як бачна, ёсць здольнасці пісьменніцы, – смяяўся і Лабановіч. – Але чаго ж ён, гэты ваш паніч, тапіцца пайшоў?
        Габрынька хітра зірнула на сястру. Ядвіся, відавочна, зацікавілася яе жартам і, смеючыся, адказала за сястру:
        – Мусіць, той паніч спалохаўся свайго шчасця.
        Немаведама чаго, сёстры пераглядаліся і перасмейваліся. Проста ім было весела, іх цешыла і радавала гэта паездка, змена ўражанняў, новыя месцы, новыя знаёмствы.
        Лабановіч пачуў нейкае засмучэнне. Скуль яно, ён не ведаў і сам. Ці не з таго, што панна Ядвіся так радуецца? Як відаць, яе нішто не прымацоўвала тут, ніхто не цікавіў, і яна з лёгкім сэрцам гатова была змяняць гэту глуш Палесся на кожнае новае месца, бо сэрца яе было вольнае, а можа, шукала другога сэрца, каб забіцца яму ў адзін тон? А можа, гэта сэрца было ўжо там?
        І пачуванне адзіноты закралася ў душу настаўніка: ён тут – чужы і лішні. І смешнымі цяпер здаліся тыя думкі, якія яшчэ так нядаўна цешылі яго маладое сэрца.
        Пані падлоўчая выйшла. У пакоі засталіся адны дзяўчаты. Каля печы пад канапаю ляжаў стары Негрусь і зрэдку павільваў хвастом, калі міма яго праходзіла панна Ядвіся.
        – Я ні разу не бачыў вас у такім добрым гуморы, – сказаў да яе Лабановіч. – Вы сёння такая вясёлая, як ніколі.
        – А вы хацелі б, каб я плакала? – спытала яна.
        – Не, я гэтага зусім не хацеў бы. Але, як я заўважаю, у вас тут няма нічога такога, аб чым вы маглі б пашкадаваць. І калі б вам напаткалася такое здарэнне, што вы маглі б ніколі сюды не варочацца, вы і ніколечкі аб гэтым не пашкадавалі б.
        – О не! – прамовіла панна Ядвіся.
        На хвілінку яна як бы аб чымсі задумалася. Твар яе стаў сур'ёзны. Але ў момант вока выраз яе перамяніўся, уваччу забліскалі іскаркі смяшлівасці і хітрасці.
        – О не! Вы памыляецеся! – сказала яна. – У мяне тут ёсць нехта такі, каго мне вельмі цяжка пакінуць і аб кім вельмі непакоіцца маё сэрца.
        Лабановіч замёр у салодкім і разам трывожным чаканні. Панна Ядвіся акінула яго бачлівым поглядам. Яна раптоўна ўсхапілася і накіравалася да Негруся.
        – Негрусь, мілы мой Негрусь! – сказала яна і лашчыла сабаку, прытуліўшы да яго сваю шчаку. – Мы разлучымся з табою на цэлыя два тыдні!
        – Тым прыемней будзе часіна спаткання пасля разлукі, – сказаў Лабановіч і ўстаў. – Ну, зычу вам усяго найлепшага: шчасліва заехаць, весела гуляць і лёгка перанесці разлуку з тым, аб кім так непакоіцца ваша сэрца.
        Гаворачы гэта, Лабановіч чуў нейкую крыўду, і, як ні сіліўся захаваць яе, гэта крыўда вызначалася на яго твары.
        – Куды ж вы? – спытала Ядвіся.
        – У мяне, бачыце, ёсць адна работа. Вам жа трэба збірацца ў дарогу – не буду вам замінаць... Бывайце здаровы!
        Ядвіся нічога не сказала. Яна толькі вінавата і як бы пужліва заглядала яму ў вочы. Можа, яна каялася ў сваім апошнім, праўда, грубаватым жарце, але прызнацца ў гэтым чамусь не хацела.
        – А можа, вы заўтра пройдзецеся з намі на раз'езд? – спытала Лабановіча Габрынька.
        – Нашто турбаваць пана настаўніка? – прамовіла Ядвіся. – Татка заўсёды пасылае з намі лесніка Грыгора.
        Што гэта? Новая абраза ці панна Ядвіся проста не хоча яго кампаніі? А можа, яна не хоча мець сведку свайго спаткання з Сухаваравым?
        Вясёлы настрой пакінуў Ядвісю, і яна засталася маўкліваю, замкнёнаю.
        – Зразумела, – сказаў Лабановіч, – панне Ядвісі будзе шмат прыемней пайсці ў кампаніі Грыгора і Негруся, які напэўна сам назавецца ў праважатыя.
        Пачуўшы сваё імя, Негрусь у здавальненні колькі разоў вільнуў хвастом.
        Лабановіч развітаўся і выйшаў. На душы ў яго было цяжка і смутна. Ясна, што Ядвіся насміхаецца з яго. А калі і зварачала на яго ўвагу, то толькі з тае прычыны, што тут – глуш, жывога чалавека няма. А ён, як неразумнае дзіця, не бачыць нічога. Ён сам наводзіў на сябе прыемны туман самазманства, ён сам закалыхваў сябе ружовымі думкамі і салодкім летуценнем. Ну, што ж? Трэба глыбей увайсці ў сябе і там шукаць крыніц радасці і здаровага пачуцця. І трэба, наогул, узяць сябе ў рукі. Пара яму выкінуць усё гэта з галавы і сэрца, пакуль вобраз дзяўчыны яшчэ не засеў там настолькі глыбока, што з ім будзе трудна змагацца. Няхай не падумае яна, што яму без яе свет зачынен.
        Колькі разоў прайшоўся Лабановіч па сваім пакоіку.
        «Не, – думаў ён, – гэтак далей жыць нельга. Апрача школы і чыста асабістых інтарэсаў, ёсць яшчэ і другія – чыста грамадзянскія абавязкі. Трэба бліжэй стаць да народа, прыгледзецца, як ён жыве і чым ён жыве. Трэба пашырыць рамкі свае работы, трэба вынесці гэту работу за межы чыста школьных пытанняў».
        Лабановіч накіраваўся ў школу, падышоў да кніжнае шафы. На адной палічцы стаяла колькі дзесяткаў тоненькіх кніжачак спецыяльна для народа. Выданні гэтыя былі шчупленькія і наогул пустыя. Тут пераважна былі кніжачкі, выданыя рознымі камітэтамі і гурткамі цвярозасці, або сінодскія выданні. Разгледзеўшы гэту кніжніцу, Лабановіч нічога не знайшоў у ёй цікавага, асабліва для тутэйшага насельніцтва, і вырашыў выбраць больш цікавую, на яго погляд, тэму для гутаркі з палешукамі. Аб чым жа гутарыць? Трэба звярнуць увагу на сялянскі побыт, паказаць сялянам, як жывуць другія людзі і як яны дайшлі да лепшага стану жыцця.
        Лабановіч усё больш і больш захопліваўся сваёю тэмаю. У галаве складаўся план прамовы, і вынікалі ў яго ўяўленні ўсё новыя і новыя факты. Ён зачыніў шафу, пайшоў у свой пакоік і сеў за стол, каб зрабіць накід плана прамовы.
        На гэты час увайшла бабка.
        – А вы, панічок, усё пішаце.
        – Пішу, бабка.
        – А ці чулі вы, панічыку, што Курульчука перамяшчаюць ад нас?
        – Перамяшчаюць? – спытаў Лабановіч. – Чаму ж яго перамяшчаюць?
        Лабановіч задумаўся. Яму стала чагось шкада. Нейкая адзінота ахапіла яго, і гэты цесны краявід, здавалася, яшчэ звузіўся і стаў больш цесным.
        – Нелады ў іх з дарожным майстрам, – растлумачыла старожка прычыну выезду Курульчука.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.