РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXVII
        
XXVII

        
        Панна Людміла ўжо колькі разоў памыкалася падысці да Лабановіча, бо страціла надзею на тое, што ён калі-небудзь падыдзе да яе сам. Ёй проста было цікава пабачыць, што ён за чалавек. «Ну і бервяно нейкае!» – сама сабе зазначыла панна Людміла. Тым не меней яна папрасіла прабачэння ў свайго кавалера і з мілаю ўсмешкаю падскочыла да Лабановіча.
        – Можна каля вас прысесці? – спытала яна салодкім галаском.
        – Проша, проша! – прамовіў Лабановіч і падставіў ёй крэсла.
        – Вы як бы за штось гневаецеся на мяне, праўда?
        – О не, барані Божа! – горача прамовіў шчаслівы настаўнік. – Хіба на вас можна гневацца? Дый за што?
        – Ну, скажыце мне праўду: чаму вы ніколі да нас не зайшлі?
        – Я жыву ўсё ж далёка ад вас, з вамі да сённяшняга дня быў незнаёмы, і так не было здарэння.
        – А яшчэ якія былі прычыны? – дапытвалася панна Людміла.
        – Другіх прычын я вам не скажу.
        – А яны былі?
        – І пра гэта прамаўчу.
        – Ну, скажыце! Ах, які вы нядобры.
        – Што зрабіць? І нядобрыя людзі жывуць на свеце.
        – Не, вы – добры! Я чула, што вы добры.
        – Мала што хто гаворыць. Ды яшчэ ці гаворыць?
        – Дык вы мне не верыце?
        – Я і сам сабе не веру.
        – Вось гэта міла! Як жа гэта вы сабе не верыце? – пытала панна Людміла.
        – А вось бывае так, што думаеш адно, а робіш другое, хочаш жыць так, а жывеш іначай.
        – А чаму гэта так выходзіць?
        – А таму і выходзіць, што чалавек па сутнасці сваёй часта змяняецца. На яго мае ўплыў надвор'е, людзі, асабліва ваш брат...
        – А які ўплыў мае на вас наш брат?
        Лабановіч падумаў і адказаў:
        – І добры і кепскі.
        – Ха-ха-ха! – засмяялася панна Людміла. – Няўжо на вас мае ўплыў, як вы кажаце, наш брат? Не верыцца нешта. Вы, выбачайце, дапраўды нейкі... святы.
        – Я ведаю, – з ноткай лёгкага засмучэння сказаў Лабановіч, – што паненкам святыя не падабаюцца, хоць, праўда, святым я з'яўляюся з вашага пункту погляду...
        – Не, не! Вы не крыўдзіцеся, прашу вас. Я толькі хацела сказаць, што вы... ну, зусім не такі, як іншыя, не такі ў лепшым сэнсе.
        – Вельмі вам дзякую, але, зняўшы галаву, па валасах не плачуць. І крыўды тут ніякай няма. Людзі часта ўсё жыццё б'юцца і думаюць аб тым, каб святым стаць, а мне гэта лёгка далося.
        – О! Маладзец прафесар велькіх букваў, – жартаваў пан падлоўчы, падышоўшы да іх. – Адзін завалодаў паннаю Людмілаю.
        – Гэта я завалодала прафесарам, проста гвалтам узяла яго, не пытаючыся, ці рад ён гэтаму, ці не рад, – адказала панна Людміла.
        – Выбачайце, – усміхнуўся Лабановіч і глянуў ёй у вочы так, нібы ён ведае шмат болей таго, як думае панна Людміла. – А ці так гэта?
        Дзяўчына на момант замяшалася, потым ускінула на яго свае бойкія вочы і сказала:
        – Ой, хітры ж вы, хітры!
        – А як вы думаеце: святасць і хітрасць не шкодзяць адно другому?
        – О не! Вам яны не шкодзяць.
        – Ну, гэта іншае пытанне, але ці можна быць святым, астаючыся і хітрым?
        – У пытаннях святасці я нічога не разумею, – адказала панна Людміла. – Але пакінем аб гэтым. Скажыце, чаму вы тады так борздзенька ўцяклі, памятаеце, у Абрама?
        – Я ніяк не думаў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка... Скажу вам праўду: я не хацеў, каб вы падумалі, што я зайшоў туды дзеля таго, каб пабачыць вас.
        – А хіба вам так непрыемна было пабачыць мяне?
        – Вот вы і злавілі мяне. Цяпер выкручвайся як хочаш, – сказаў, смеючыся, Лабановіч.
        – Вы мне кажыце праўду, чуеце? Чыстую праўду, – горача наступала панна Людміла.
        – Я проста не хацеў падманваць вас.
        – Што гэта значыць? Я нічога не разумею, – крыху нахмурыўшыся, сказала панна Людміла. – У чым вы маглі мяне падманваць?
        – Усяго ведаць няможна, бо часта веданне разбівае наша шчасце.
        – Цяпер я ўжо зусім не разумею вас.
        – А вы больш размаўляйце з разумнымі людзьмі, – параіў ёй Лабановіч.
        – А чым жа я вінавата, што вакол мяне дурні?
        Лабановіч засмяяўся.
        – Кепскага ж вы здання аб вашых кавалерах, і я на гэты раз вам вельмі рады, што не ў іх ліку.
        – Аб чым гэта галубкі варкуюць? – запытаўся Сухавараў, падыходзячы да іх. Яму было крыху не па сабе, што панна Людміла аддавала перавагу Лабановічу, а не яму.
        – Проша сядаць, – паказала панна Людміла яму месца каля сябе.
        Сухавараў сеў, залажыў нагу на нагу і пакруціў свой чорны вусік. Але пагаварыць яму так і не ўдалося: гаспадыня запрашала гасцей за стол. Госці ўздыхнулі лягчэй і, няспрытна топчучыся і аказваючы знакі ўвагі адзін другому, рушылі ў другі пакой. Праз увесь доўгі стол цягнуўся цэлы рад бутэлек гарэлкі. Лабановіч сядзеў поруч з Максімам Гарошкам і Дубейкам. Яго суседзі былі добрыя выпівакі і кампанейцы па частцы закусвання. Кожная новая чарка дадавала больш руху, ажыўлення, развязнасці. Шум, смех, жарты поўнілі пакой. Пілі за здароўе пісара, пісаравых дачок. Сухавараў падняў чарку за каханне, Дубейка за панну Людмілу. Госці ўставалі, стукаліся чаркамі, разлівалі гарэлку. Ураднік запрапанаваў заспяваць «Боже, царя храни...». Госці мусілі падняцца, рад быў хто ці не рад гэтаму.
        Максім Гарошка незвычайна ўпадабаў свайго суседа Лабановіча і, развязаўшы язык, плявузгаў рознае бруднае глупства.
        – Да кожнае бабы падкаціцца можна, – гаварыў Максім Лабановічу. – Я іх натуру ўжо добра ведаю. З выгляду здаецца – «ані вэзь», брыкаецца, абражаецца, а скончыць тым, што прыгорнецца да цябе.
        – Ну, ведаеце, па некалькіх патаскухах нельга судзіць аб усіх, – сказаў Лабановіч.
        – Нашто браць патаскух? – Максім зірнуў на суседа. – Няхай гэта будзе між намі. Мне матушка наша жалілася на свайго бацьку Кірылу: «Такі ён, кажа, хваравіты, слабенькі. Нічога не можа. Проста шкада яго». Ну, і я пашкадаваў нашага бацьку, – прамовіў Максім і захіхікаў.
        – Няўжо гэта праўда? – спытаў Лабановіч і паглядзеў на Максіма.
        – А вы думалі я – Юзаф прыгожы? Вы, прафесарка, як бачу, яшчэ не адукованы ў гэтым сэнсе чалавек, – сказаў Максім і засмяяўся.
        – А хіба для гэтага трэба спецыяльныя курсы скончыць? – спытаў Лабановіч.
        – Не, для гэтага трэба мужчынам быць, – адказаў Максім.
        – А не проста разбэсціцца?
        – Пры чым тут разбэшчванне? Прырода, брат, вымагае гэтага.
        – Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Вось вы нідзе не служыце, бацька ваш ужо стары, яму трэба ўтрымліваць вас, а вы скажаце: «І прырода вымагае таго, каб ён клапаціўся пра мяне».
        – Разумеецца. Хіба я прасіў яго, каб ён пусціў мяне на свет? А пусціў, няхай і корміць, няхай патурбуецца... Слухай, прафесар, давай вып'ем на «ты»?
        Максім наліў чаркі. Выпілі.
        – Ведаеш, брат, што, – пачаў Максім, – я табе такую маладзіцу расстараюся, што з ёю пазнаеш ты радасці раю.
        Лабановіч быў ужо досыць п'яны. Яму было лёгка і весела. Перад вачамі снаваўся нейкі прыемны туман і ўсё афарбоўваў у ружовы колер. І гэты самы Максім, і Дубейка, Сухавараў, і наогул усе, праўду кажучы, добрыя людзі. Максім яшчэ зусім малады, ён – хлапчук. А што ён за бабамі ганяецца, ды хто ж гэтага не робіць? Ды Максім і іншыя маюць смеласць адкрыта сказаць аб гэтым, а ён, Лабановіч? Ён шмат горшы ад іх, бо свае брудныя мыслі аб кабетах трымае пры сабе. А ці мала часу забіралі ад яго гэтыя думкі? Ён помніць спатканне з незнаёмаю жанчынаю, што ішла да яго, а ён прагнаў яе. Хіба ён добра зрабіў? Колькі разоў ён каяўся ў гэтым, і мыслі аб ёй распалялі яго. А каму ён аб гэтым казаў? Нікому. А чаму? Ясна чаму: яму, бруднаму ў такой жа меры, як і ўсе мужчыны, а можа, і больш таго, хацелася паказацца чыстым, нявінным, лепшым ад іншых. А ён... проста – манюка, хітрэц, фарысей, ашуканец, прыкіда, фальшываманетчык, бо выдае сябе не за тое, што ён ёсць... Ха-ха-ха! Ён – пустэльнік, ён – святы!..
        Мутнымі вачамі ён акінуў гасцей. Уваччу ўсё калыхалася і траілася. І невядома адкуль перад ім з'явіўся вобраз панны Ядвісі. «Ядвіська, мілая, слаўная!» – казаў ён у сваіх думках. Ён схіліў галаву і штось думаў. Потым раптоўна павярнуўся да Максіма.
        – Максім Грэк! Вып'ем, брат?
        – Вып'ем, прафесар.
        – За здароўе тае маладзіцы, з якою можна пазнаць радасці раю!
        – Брава, прафесар!
        Лабановіч ужо зусім ап'янеў. Праўда, цвярозых тут і не было, апрача паненак – яны былі толькі вясёлыя, – і Саханюка, які гарэлкі не піў. Тым не меней Максім і Лабановіч выдзяляліся сярод гэтае кампаніі. Яны громка гаманілі, разводзілі рукамі і цалаваліся.
        Саханюк непрыметна падышоў да калегі.
        – Слухайце, калега: зойдзем на мінутку да мяне!
        – Чаго? Не пайду. Я яшчэ піць хачу. Хачу пахаваць цельшынскага педагога, бо ён – фальшывы.
        – На адну мінутачку, калега. Выйдзем.
        – Саханюк! Мілы мой Саханючок! Ты – мой старэйшы брат. Я пакараюся табе... Але... Стой! Ты, брат, хіцёр, Саханючок: я ведаю, ты хочаш ад мяне пад п'яную руку падпіску ўзяць, што я аддаю табе гарцы.
        – Гарцы ж ты мне і так аддасі як падарунак к вяселлю.
        – Праўда, праўда, брат! – схамянуўся Лабановіч. – Жаніся, брат!.. Аддам табе гарцы, бо ты – чалавек, а не яловы пень, як думаў я раней.
        Саханюк пад руку прывёў Лабановіча ў сваю кватэру.
        – Куды ты мяне прывёў і нашто прывёў? Я хачу да паненак пайсці. Максім Грэк, свіны ты чалавек, дзе ты?
        – Праспіцеся, калега. Ну іх! Будуць пальцамі паказваць і трубіць на цэлы павет – рады на язык падняць нашага брата.
        – Эх, Саханюк, Саханюк! Ты і гарцы мае бярэш, ты і чэсць нашу настаўніцкую бароніш. Ты крануў маё сэрца. Жыві ж, Саханюк, на многія леты. Жаніся, брат, пладзіся, напаўняй пінскія балоты і валодай імі, – гаварыў Лабановіч з канапы, ледзьве варочаючы языком.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.