РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXII
        
XXII

        
        Зрабіўшы яшчэ адну ці дзве такія спробы і заўважыўшы, што з кожным разам лік слухачоў памяншаецца, Лабановіч махнуў рукою. Але што было рабіць і чым яму заняцца? У будныя дні з ранку да вечара ён быў у школе. Але прыходзілі доўгія зімнія вечары. Куды было падзець гэты вольны час? Ён садзіўся за чытанне, зубрыў на ўсякі выпадак розныя падручнікі, пісаў лісты да сяброў, таксама закінутых у глухія куткі Беларусі; нават паспрабаваў весці дзённік, куды запісваў свае думкі, настроі і перажыванні. Спярша гэты дзённік яго моцна захапіў, і Лабановіч сядзеў над ім цэлымі гадзінамі. Разумеецца, у дзённіку самае важнае месца адводзілася адной дзяўчыне. Боязь, каб дзённік не папаў каму-небудзь у рукі і не расчыніў таямніцы яго душы, прымушала шукаць адмысловыя спосабы і формы запісаў, ужываць розныя алегорыі. Але праз тыдзень пісанне было закінута, бо самому аўтару яно здалося вельмі наіўным і смешным.
        А што ж гэта дзяўчына, якая так моцна парушыла спакой маладога настаўніка, што думала яна? А яна загасцілася ў Гарадзеншчыне і, як відаць, не вельмі спяшалася дадому. Такая няўвага з боку Ядвісі крыўдзіла і абражала яго. Лабановічу хацелася, каб яна хутчэй вярнулася сюды, не з тае прычыны, што ён зараз жа збярэцца і пабяжыць да яе. Не, зусім не. Ён проста хоча паказаць ёй поўную няўважнасць да яе асобы. Ён нават колькі разоў пройдзецца ўдзень каля яе вокан, але і галавы не паверне ў яе бок і знаку не дасць, што яна цікавіць яго, што яму без яе цяжка і сумна. Ён толькі нацешыцца сваёю помстаю, але нічога не скажа аб гэтым.
        У святочныя дні было яшчэ горай, бо яшчэ больш было вольнага часу. Лабановіча цягнула ў людзі, але ён цвёрда пастанавіў нікуды не хадзіць. Дый куды, сказаўшы праўду, пойдзеш? Курульчука няма, на Прыпяць перабраўся. Лабановічу вельмі шкада было Курульчукоў. Аб Марыне асталіся адны толькі чыстыя і прыемныя ўспаміны. Часамі малады настаўнік наракаў сам на сябе, чаму бліжэй не пазнаёміўся з ёю. Такая была мілая і слаўная дзяўчына, і напэўна было ў яе найлепшае сэрца. Што ж замінала яму бліжэй стаць да Марыны?.. «Эх, – сказаў ён сам сабе, – так лепей». Да пана падлоўчага таксама не хацелася цяпер заходзіць, хоць ён, праўда, заклікае, і Лабановіч раней ні разу не адмовіўся сесці з ім за стол, каб добра выпіць і закусіць знамянітымі літоўскімі калдунамі.
        Падвыпіўшы, падлоўчы быў у гуморы; ён успамінаў тады свае маладыя кавалерскія гады, свой жывы і гарачы нораў, свой спрыт да паненак.
        – Я не ведаю, што цяпер за кавалеры, – казаў зневажальна пан Баранкевіч, – ні рыба ні мяса. Я, бывала, на галаве хадзіў! Падыдзеш да паненкі і так і гэтак. Бывала, у морду табе дасць – ну, і нічога. Хіба гэта абраза для кавалера, калі часамі заробіш ад паненкі па мордзе?.. Не, трэба табе, пане прафесару, з паннаю Людмілаю пазнаёміцца. А то сядзіш ты тут, як пень на дарозе... Калі-небудзь мы паедзем з панам да Завітанак, трэба ж крыху разварушыцца ды павучыцца, як каля паненак ходзіць.
        – Куды ж ужо мне патыкацца да завітанскае красуні, – сказаў Лабановіч, – каля яе ўжо вельмі завозна.
        – То што?.. Гэ! Бывала, толькі і сунешся туды, дзе кавалеры кішаць. Вось тут-та і ўся цікавасць, каб іх паадціскаць, насы ім усім нацягнуць і да сябе паненку прывабіць.
        Падлоўчы не прамінаў здарэння навесці апавяданне на гэтакую тэму, дзе яму самому прыходзілася выступаць у якасці шчаслівага кавалера, які браў верх над усімі іншымі.
        Пані падлоўчая, давольная і шчаслівая, слухала гэтыя выдатнасці свайго грознага мужа і, нібыта не верачы, казала:
        – Ну, ты ўжо скажаш.
        – А мне што? – важна зазначаў Баранкевіч. Ён быў глыбока пераконаны ў праўдзе ўсяго расказанага і ў правільнасці свайго кірунку ў гэтых справах. – Я не любіў каля паненак кісялём сядзець.
        Потым падлоўчы падыходзіў да музычнае скрыначкі, заводзіў тыя кружкі, якія яму асабліва падабаліся, і падпяваў басам, у такт мелодыі памахваючы рукою. Другія кружкі заводзіліся спецыяльна для таго, каб аддацца смутным успамінам далёкага мінулага. Пан падлоўчы тады сядзеў нахмураны, цяжка соп носам і думаў. Пасядзеўшы крыху такім чынам, ён падымаўся з месца і ішоў у свой пакой на супачынак.
        Лабановіч звычайна сядзеў яшчэ колькі хвілін і слухаў паню падлоўчую. Яна парывалася сказаць вельмі многа, яна хацела расчыніць сваю душу, выліць з яе ўсю тугу, увесь смутак свой, але словы ўпыняліся, не адпавядалі думкам, што імкнуліся знайсці найболей дакладную форму і не знаходзілі. Колькі разоў падкрэслівала пані падлоўчая, што яна вельмі паважае пана Лабановіча і лічыць яго як бы за роднага. Няскладна і перарывіста зазначала яна непаслушэнства і свавольства Чэся, зварачаючы ўвагу на тое, што ёй, як мачысе, вельмі трудна з ім справіцца, але яна цярпліва нясе свой крыж і незаслужана церпіць з-за хлопца.
        Гаварыла пані падлоўчая ціха, задыхаючыся і кідаючы баязлівыя погляды ў той бок, куды пайшоў Баранкевіч. У няскладных, балючых і палахлівых словах было многа недаказу; у іх чуўся страх і сорам гэтага спавядання перад чужым чалавекам; адчувалася мітусенне яе душы, неадпаведнасць таго становішча, якое яна займае ў сям'і пана падлоўчага, з тым, на якое давала ёй права паходжанне і выхаванне.
        Лабановічу прыкра было слухаць такія скаргі, бо яны як бы ставілі яго ў ролю суддзі і прымушалі так ці іначай умяшацца ў чужое жыццё, а гэтага яму не хацелася. З другога боку, таксама і шкада было паню падлоўчую: відочна, ёй было тут цяжка. Але разам з гэтым і нейкае варожае пачуццё супраць пані падлоўчай падымалася ў Лабановіча. Для яго было незразумела, як яна так пакорна, без усякага змагання, пагадзілася са сваёю доляю і не мае сілы скінуць з сябе гэты крыж жыцця.
        – А скажыце, калі ласка, – не ўтрымаўся раз Лабановіч, – што звязвае вас з сям'ёю пана падлоўчага? Вы тут – чалавек вольны. Цяжка вам, вы чуеце несправядлівасць, – што ж вас можа ўтрымаць ад таго, каб кінуць гэта жыццё і стаць вольным чалавекам?
        На твары пані падлоўчай адбіўся жах. Гэта думка, як відаць, ні разу не прыходзіла ў яе галаву. Нерухомая і маўклівая, сядзела яна за сталом, сціснуўшы рукамі галаву. Потым пані ўсміхалася нейкаю кіслаю ўсмешкаю, як бы хочучы сказаць, што ўсё гэта – глупства і што аб гэтым не варта было і гаворку пачынаць, а жыць на свеце наогул цяжка і наогул трэба пагадзіцца са сваёй доляю. Лабановіч сказаў тады ёй нешта такое, што так ці іначай магло палепшыць настрой, развітаўся і пайшоў з дому Баранкевіча.
        Яшчэ адно здарэнне прыпомнілася цяпер настаўніку. Неяк на гэтых днях, па часе размовы з паняй падлоўчай, зайшла яна вечарам да яго. Пані была моцна ўсхваляваная і заплаканая.
        – Выбачайце, калі ласка, што я зайшла да вас, – прамовіла яна, – але я вас вельмі паважаю і лічу вас за роднага... Божа мой! Што мне рабіць? Што рабіць мне? Няма сілы больш цярпець!
        Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру, але не распытваўся аб гэтым, і сама пані падлоўчая чамусь не гаварыла, не вінаваціла свайго мужа, а толькі казала, як ёй цяжка наогул.
        – Што ж вам можна параіць? – запытаў Лабановіч. – Калі маеце куды паехаць, то што ж? Паедзьце. Я б на вашым месцы не пагадзіўся б з такім жыццём. Якое ж гэта жыццё?
        – Вы ведаеце натуру пана падлоўчага?
        – Я чуў. Ну, што ж паробіш, калі ў чалавека такая натура?
        – Ох, мой паночку! Як трудна яму ўнаравіць! Ну, няхай я нягодная, але ж ён і першую жонку ў магілу ўвагнаў і мяне ўгоніць. – Пані падлоўчая плакала. – І ўсё я вінавата. Чэсь кепска трымае сябе – я ў адказе. То робіш не так, то ходзіш не гэтак! Што б ні выйшла, усё я вінавата.
        Лабановіч не ведаў, што сказаць, якую даць параду. Пані падлоўчая выплакалася, вылажыла з душы ўвесь свой смутак і гора і крыху заспакоілася. Усміхаючыся скрозь слёзы, прасіла яна Лабановіча нічога нікому не казаць. Яна яшчэ раз сказала, што толькі з ім пагаманіла аб гэтым, бо лічыць яго вельмі добрым, зусім родным чалавекам, развіталася і выйшла, просячы прабачэння.
        Лабановіч пачуўся лягчэй, бо яму вельмі цяжка было слухаць гэту споведзь, тым болей што ён тут не мог даць ніякае дапамогі. Апрача таго, яму наогул было прыкра слухаць усе гэтыя згрызоты ці ўмешвацца ў чужое жыццё.
        «І вось жа будзе цярпець і нікуды не паедзе, – думаў Лабановіч пра паню падлоўчую. – А што, напраўду, прымацоўвае яе тут?»
        Лабановіч задумаўся. І была ж у людзей маладосць, былі ў іх светлыя надзеі на жыццё. Па сваім гусце будавалі яны шчасце, перажывалі пачатак нейкай прыгожай казкі, і чым скончылася гэта казка? І ці не складае часамі і ён, Лабановіч, цяпер сваю казку?
        Ізноў успомнілася панна Ядвіся. Яму стала цяпер ясным і зразумелым, чаму яна так ірвалася адгэтуль хоць на колькі тыдняў, абы хоць забыць і адысціся ад гэтага бруду жыцця, ад атруты дамашніх праяў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.