РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
VI
        
VI

        
        – Міласці просім, міласці просім, – прамовіў а. Кірыл і борздымі крокамі патрусіў да дзвярэй насустрач гасцям і стаў памагаць ім раздзявацца; сам першы паздароўкаўся з Лабановічам, папрасіў настаўнікаў садзіцца, сам падстаўляў ім крэслы і наогул выказаў вельмі многа прыветнасці і ўвагі, нават радасці і дабраты.
        Айцец Кірыл быў чалавек яшчэ малады, нізенькі, шчупленькі, худзенькі, з рэдзенькаю цёмнаю бародкаю і жывымі, крыху неспакойнымі цёмна-шэрымі вачамі. Адбітак нейкай мукі адзначаўся на яго худым твары. Гаварыў а. Кірыл громка і борзда, часта смяяўся ад душы, але радасці, гэтай галоўнай уласцівасці здаровага смеху, не чулася. І варта было хоць на хвіліну яму сціхнуць, каб зараз жа цень смутку лёг на яго твар.
        – Даўно ж вы прыехалі ў Цельшына? – запытаў Лабановіча а. Кірыл.
        – А ўжо скора тыдзень будзе, а. Кірыл.
        – Што, не думалі, пэўна, папасці ў такую глуш? – зноў запытаў а. Кірыл і громка засмяяўся.
        – А вы ведаеце, а. Кірыл, – сказаў Саханюк, – калега знаходзіць, што ў нас тут большая глуш, чым Цельшына.
        – І праўду кажа, чыстую праўду, – пераконана прамовіў а. Кірыл. – Тут у нас такая яма, такая, выбачайце, памыйніца, што другой такой на свеце няма.
        – Калі я казаў, што ў вас, калега, большая глуш, то меў на ўвазе, што вы жывяце далей ад чыгункі. Якая б ні была сама па сабе глуш, але калі ты чуеш гудок паравоза, шум вагонных колаў і бачыш гэтыя роўныя або прыгожа закругленыя палоскі жалеза на шпалах, то не так тужліва адчуваеш адарванасць ад людзей і культуры, бо чыгунка з'яўляецца як бы жывым вобразам непарванай сувязі з людзьмі.
        – Калі ж вы думаеце пачынаць работу ў школе?
        – А вось я і хачу прасіць вас, а. Кірыл, прыехаць на гэтых днях у маю школу на малебен. Так бы з аўторка і пачаў.
        – Не спяшайцеся, – махнуў рукою а. Кірыл. – Вы думаеце, яны, гэта быдлё, зразумеюць, што вы для іх будзеце старацца, вучыць іх? Вы не ведаеце мужыка: зрабі яму дабро – ён адплаціць табе самай чорнай непадзячнасцю. Мужык – гультай, злодзей, п'яніца. Толькі і глядзіць, як абадраць цябе, ашукаць. Ніякай веры няма яму. Ён гатоў цябе ўтапіць, прадаць за чарку гарэлкі. Іх трэба ўзяць – во! – Айцец Кірыл згарнуў кулакі і патрос імі, паказваючы, як трэба трымаць мужыка.
        Лабановіч ніяк не спадзяваўся, каб а. Кірыл мог да такой меры не любіць мужыка, і наогул, каб у такім маленькім папку магло змяшчацца столькі нянавісці.
        – Вы папрабуйце купіць у мужыка кусок хлеба ці шклянку малака. Што, ён прадасць вам? Ніколі. Гандляру прадасць, вам – ні за якія грошы!
        Лабановіч нецярпліва чакаў, калі скончыць выліваць сваю злосць а. Кірыл, каб заступіцца за мужыка. Лабановіч быў пакрыўджан, як мужыцкі сын. Ці даўно яму самому, калі вучыўся ён у семінарыі, крычалі мешчанчукі: «Лямец, лямец! На якой бярозе ты лапці павесіў?»
        – Розгамі яго трэба сеч! – скончыў а. Кірыл і гнеўна бліснуў вачамі.
        – Я не магу згадзіцца з тым, што сказалі вы, а. Кірыл. Нават і тады, калі гэта ўсё было б праўда, – пачаў Лабановіч, – і тады нельга судзіць так мужыка. Вы кажаце – мужык скарэй прадасць гандляру, чым пану, бо пад паняцце «пан» у мужыка часта падыходзіць кожны, хто носіць цэшку або чорнае паліто. Гандляра ён ведае, з гандляром ён жыве; часам і лае яго і ў морду яму плюе. На мужыка прывыклі пазіраць, як на пчалу або на нейкую машыну, якая павінна ўсё вырабляць, усім даваць і яшчэ пры гэтым казаць і кланяцца: «Дзякую, што бераце». І ўсе так ці іначай бяруць ад мужыка: бяруць сілаю, бяруць хітрыкамі, бяруць ашуканствам. А мужыку многа далі? Паважаюць мужыка? Хто вінават, што мужык неачэсаны, што мужык цёмны і жыве па-свінску? У Святым пісанні напісана: «Якою мераю мерыце вы, такою адмерыцца і вам».
        Айцец Кірыл слухаў, апусціўшы вочы, і стукаў пальцамі па стале.
        – Вы яшчэ мала ведаеце мужыка, – спакойна адказаў а. Кірыл, – што б вы мне ні казалі, я буду цвярдзіць сваё: мала білі мужыка!
        – Вы зусім не тое гаворыце, што думаеце. Проста вы за нешта ўгневаліся на мужыка, – сказаў Лабановіч, смеючыся.
        Саханюк маўчаў.
        – А вы ведаеце, – прамовіў урэшце ён. – Нашых тутэйшых сялян ніхто нідзе начаваць не пускае.
        – Хто не пускае?
        – Другія мужыкі.
        – Ды што ж? Не спрачаюся, вашы мужыкі могуць быць і дрэннымі, але з гэтага не следуе, што і ўсе мужыкі нікуды нягодныя. Тая ж самая паншчына, аб якой шкадуе а. Кірыл, псавала іх, бо, як пацвярджаюць факты, былі такія паны, што гналі сваіх мужыкоў і падбівалі іх на кражу ў сваіх суседзяў-паноў.
        На гэтым месцы гутаркі ўвайшла матушка. На яе твары была прыветная ўсмешка. Паздароўкалася, села і, звярнуўшыся да Лабановіча, запытала:
        – Былі ў пісара?.. Ну, як вы знаходзіце пісаранак?
        – Прызнацца, я і не разгледзеў іх, бо мы вельмі мала былі там.
        – А праўда, Саша – харошанькая?
        Айцец Кірыл паморшчыўся і махнуў рукою.
        Лабановіч адказаў:
        – Нічога сабе дзяўчына.
        – Вось бачыце, шкада толькі, што вы ад нас далёка, а то б зачасцілі за Алеськаю?
        – А хіба тут няма каму гэтай справай заняцца? Вось мой калега, напрыклад?
        Саханюк і бацюшка засмяяліся.
        – Не, я ўжо зусім страціў там ласку, дзякаваць Богу.
        Айцец Кірыл засмяяўся яшчэ грамчэй.
        – Наш настаўнік кажа: «Не на таго прасцяка напалі!» – сказаў ён.
        – Апрача таго, я чуў, што ў яе жаніх ёсць ужо.
        – Ці мала на свеце дурняў, – зноў дадаў а. Кірыл.
        Матушка вяла сваё:
        – Ну, то што? Хіба жаніхам свіней не падкладаюць?
        – Гэта было б не па-хрысціянску.
        – Затое ж па-кавалерску.
        – З паліцыяй мець справы небяспечна, – зазначыў а. Кірыл.
        – Глуш там у вас, вучыцелька!
        – Усе вы, панове, у глушы жывяце, а глушы баіцеся. І ў глушы людзі жывуць. Мне, матушка, нават падабаецца такая глуш.
        – Праўда, у пана падлоўчага дочкі падрастаюць, – гнула матушка сваю лінію, – і кажуць, старэйшая вельмі прыгожая, ужо зусім паненкаю выглядае.
        – Не ведаю: не быў у іх.
        – Што гэта вы так мала паненкамі цікавіцеся?.. О, хітруеце вы, вучыцелька!
        – Ёсць тут цікавіцца чым, – зноў буркнуў а. Кірыл.
        Матушка ўстала, узяла папяросы, сама закурыла і гасцей патрактавала. Айцец Кірыл не курыў, але набіваць папяросы любіў і цяпер узяўся за гэту работу.
        У пакой увайшла служанка – паляшучка, крэпкая чырванашчокая дзяўчына.
        – Да вас, бацюшка, Апанас Каваль прыйшоў; просіць хворую прычасціць.
        – Хто ў яго хворы?
        – Жонка.
        – Скажы, зараз іду, – сказаў а. Кірыл. – Я скора вярнуся – тут блізка, а вы, калі ласка, пачакайце мяне, – звярнуўся ён да гасцей.
        Айцец Кірыл надзеў цёплую расу, узяў крыж і ўсе патрэбныя рэчы і выйшаў.
        – Эх, папоўская служба! – уздыхнула матушка. – Нават і адпачыць няма калі. А ён слабы, хворы, ногі чуць цягае. Народ у нас, вучыцелька, грубы, дзікі. Вось вашы, вучыцелька (слова «вучыцелька» матушка выводзіла ласкальна ад «вучыцель»), цельшынцы зусім іншыя людзі. А нашых вам ніхто не пахваліць. Вы ведаеце такое здарэнне? Айцец Кірыл – гэта ўжо гады два таму назад – быў на сенакосе. Распусціў сена, сушыць. А едзе адзін наш – ёсць тут такі грубіян – проста па бацюшкавым сене! Айцец Кірыл і кажа, падышоўшы: «Ці табе, кажа, дарогі няма, ці не можаш аб'ехаць, што ты па сене з канём топчашся?» А той, нічога не гаворачы, схапіў бацьку за валасы і давай церабіць! Прыходзіць мой бацюшка; як глянула ж на яго – аж у яго каўтунікі павырываны! Так і лезуць, так і лезуць!
        Матушка апавядала гэта проста, нават з нейкім гумарам.
        – Народ наш, трэба сказаць праўду, грубы, дзікі. Аднаго толькі ўрадніка і баяцца, аднаго яго паважаюць. А хто ўжо лепш можа дагадзіць ім, як не а. Кірыл? – зноў казала матушка. – І зямлю ім аддаў, і сенакос, і лякарствы дае, і добрым словам памагае. Ніколі ні ў чым ім не адмаўляе.
        Праз паўгадзіны вярнуўся а. Кірыл, утомлены і хмурны.
        – Ну, як жа іх, гадаў, не лаяць? – у гневе прамовіў а. Кірыл. – Чорт ведае чым кормяць хворую, і гаворыш ім, прыказваеш, не – сваё робяць!.. А гразь!.. Свінні, свінні!
        Крыху супакоіўшыся, а. Кірыл сказаў да матушкі ціха:
        – Зашлі ты ёй цераз Параску чаго.
        – А ўсё-такі, а. Кірыл, вы многа лепшы за тых, хто пра народ гаворыць высокія словы.
        Айцец Кірыл махнуў рукою:
        – Вось што, дрэгі: будзем абедаць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.