РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXVI
        
XXVI

        
        – А! Вось і вы! Міласці просім! – спаткаў а. Кірыл Лабановіча.
        Айцец Кірыл, як заўважыў настаўнік, неяк асунуўся, толькі вочы яго былі яшчэ больш жывыя, больш неспакойныя.
        – Што ж гэта вы, вучыцелька, так закапаліся ў вашай глушы? – пытала яго вясёлая, румяная матушка. – Ну, як жа вам жывецца?
        – Дзякую, матушка. Жыву памаленьку ды паціхеньку.
        – Ну, кажыце: у каго вы там закахаліся?
        – Чаму вы думаеце, што закахаўся?
        – Ну, як жа гэта можа быць, каб малады хлопец быў не закаханы?.. Ой, вы ўсё хітруеце! – пастрашыла матушка пальцам. – Там дзесь, у Цельшыне, знайшлі вы сабе мілую... Не гаварыце мне: па вачах бачу.
        – Праўда, матушка, вы не памыліліся...
        – А што! – падхапіла матушка. – Хто ж ваша мілая? Ну, скажыце?
        – Старасціха Алена, – прамовіў Лабановіч.
        Айцец Кірыл і сама матушка громка засмяяліся.
        – А я думаю, ці не дачка пана падлоўчага? Што ж вы вочы апусцілі?
        – Ну, матушка, калі буду жаніцца, дык вас за сваццю вазьму, – сказаў Лабановіч.
        – Вазьміце, вазьміце! Такую высватаю вам жонку, што цэлае жыццё дзякаваць будзеце. Вы незнаёмы з дачкою каморніка?
        – Гэта з паннаю Людмілаю? Не, незнаёмы.
        – Яна цяпер тут у пісара. Вечарам у пісара бліны будуць. Вось вы і падкаціцеся да яе. Яна дзяўчына сімпатычная. Хоць нашаму настаўніку сэрца пераешце.
        – Э, матушка! Панна Людміла мае столькі кавалераў, што ў мяне і адвагі няма рабіць да яе залёты.
        – Эх, вучыцелька, нічога вы не разумееце. Яна так зацікаўлена вамі, што будзе вельмі рада, калі звернеце на яе ўвагу.
        – Што ж? Дай, Божа, нашаму гароху ў гаршчок панскі папасці, – усміхнуўся Лабановіч.
        – Вас сяляне хваляць, – сказаў а. Кірыл. – Вы патрапілі заняць належнае становішча.
        – А за што ім хваліць мяне або ганіць? – спытаў Лабановіч. – У іх свая справа, у мяне свая. Нашы інтарэсы не стыкаюцца, і нам няма за што пасварыцца нават.
        – Вы – скромны чалавек, і гэта робіць вам чэсць, – адказаў а. Кірыл. – Не, трэба сказаць праўду: Цельшыну шанцуе на добрых настаўнікаў. Толькі што глуш там, як і наогул гэта Палессе.
        – Жаніцца трэба, – сказала матушка. – Тады і глуш не такая страшная будзе.
        – Што жаніцца! – махнуў рукою а. Кірыл. – Жаніцца кожны патрапіць, але што з гэтае жаніцьбы?
        Тым часам маладая служанка а. Кірыла, чырванашчокая паляшучка, прынесла самавар. Селі піць чай. Матушка ўвесь час гаварыла, перадавала вясковыя навіны і розныя плёткі, да якіх яна мела вялікую ахвоту. Паміж іншым, распачала апавяданне аб змаганні за панну Людмілу паміж Саханюком і Дубейкам. Але апавяданне не было даведзена да канца, бо якраз на гэты момант прыйшоў і сам Саханюк.
        На гэты раз Саханюк быў выфранчаны незвычайна, чыста пабрыты, манішка, гальштук, манкеты – усё на ім ззяла і зіхацела.
        – Майму супарату і калегу ніжэйшае шанаванне! – звярнуўся да Саханюка Лабановіч.
        – Вось маладзец цельшынскі вучыцель! – пахваліла матушка Лабановіча. – Адразу робіць выклік нашаму настаўніку.
        – Вы не так мяне зразумелі, – заўважыў Лабановіч. – Калега – мой супарат зусім другога парадку. Мы змагаемся з ім за гарцы.
        Айцец Кірыл зацікавіўся гэтым змаганнем, і Лабановіч расказаў, якое было ў іх змаганне.
        Айцец Кірыл смяяўся, смяяўся і сам Саханюк.
        – Наш настаўнік – гаспадар. Мае кабанка і кароўку, – заўважыла матушка.
        – Толькі гаспадыні не стае, – дадаў Лабановіч. – Так і быць, калега, жаніцеся – зраблю ўжо вам такі падарунак к вяселлю, аддам сваю ссыпку.
        – І добра зробіце, – смяяўся Саханюк. – Я чалавек практычны і адкідаць тое, што ідзе на патрэбу чалавеку, лічу неразумным. Калі жыць, дык жыць са смакам, а раскідаць рублі дзеля таго, каб пагадзіць двух буянаў-мужыкоў, не бачу сэнсу.
        Саханюк кіўнуў у бок Лабановіча і засмяяўся. Гісторыя з юшкаю была ўжо тут вядома. Лабановіч не знайшоўся што сказаць; ён крыху засаромеўся.
        – Так, – пацвердзіў і а. Кірыл, – наш настаўнік умее жыць. – Але спогадзь і спачуванне яго былі на баку цельшынскага настаўніка.
        – Вось што, калега, – звярнуўся Саханюк да Лабановіча, – вас прасілі на вечар да пісара, і мне выпаў такі гонар паведаміць вам аб тым. Нават і запіску вам перадалі.
        – Хто ж гэта звярнуў на мяне такую ўвагу? – пытаў Лабановіч, беручы запіску.
        – А каморнічанка там будзе? – запыталася матушка.
        – Н-не ведаю, – не зразу адказаў Саханюк.
        – Ідзіце, ідзіце, вучыцелька, – падганяла матушка. – Там паненкі будуць і, напэўна, панна Людміла.
        – Не хочацца мне туды ісці, – прамовіў Лабановіч. – Не люблю ў вялікай кампаніі быць.
        – Больш любіце быць у кампаніі аднае? – пажартавала матушка.
        Пісарава гасціная ярка асвятлялася дзвюма лямпамі. Пераступіўшы парог і акінуўшы поглядам гасцей, Лабановіч прыпыніўся ў нейкім замяшанні: да каго наўперад падысці і з кім павітацца, проста не ведаў хлопец, куды дзецца – так многа было тут гасцей. Трэба б было пачаць з гаспадара, але гаспадар сядзеў за столікам, трымаў цэлую жменю карт і пільна ў іх углядаўся. Насупраць блішчаў урадніцкі каўнер. Збоку сядзеў фельчар Гарошка.
        Ён падганяў пісара:
        – Хадзі, хадзі, кум! Пад туза! Пад туза яму!
        Але пісар не спяшаўся. Ён доўга ўглядаўся ў свае козыры, і здавалася, вось-вось чыхне.
        Сядзелец, па прозвішчу Кляп, выказваў усе адзнакі нецярплівасці ад такой маруднасці пісара.
        – Не пары гарачкі, бо так астанешся без аднае, а будзеш гарачку пароць, без дзвюх астанешся.
        Максім, сын фельчара Гарошкі, лятаў, як матыль, ад аднае паненкі да другой. Як відаць, у гэтай дзейнасці ён быў дужа напрактыкаваны. Лабановіч нямала быў здзіўлены, убачыўшы тут пана падлоўчага, бо ён крыху пагарджаў пісарскаю кампаніяй. Дубейка, заціснуўшы шыю ў накрахмалены цесны каўнерык, вельмі павабна і вельмі прыгожа, як яму здавалася самому, ківаў сваёю птушынаю галавою то да аднае, то да другое паненкі.
        У глыбіні пакоя на мяккім крэсле сядзела панна Людміла. Поруч з ёю прымасціўся Сухавараў. Цяпер Лабановіч дагадаўся, што пан падлоўчы мусіў уступіць Сухавараву і паехаць з ім, каб пазнаёміць яго з паннаю Людмілаю, якою таксама зацікавіўся і Сухавараў.
        – А, паночку! – прамовіў пан падлоўчы. – Ці бачыш, які ён шпаркі. Я заходзіў да пана, каб разам з панам Сухаваравым паехаць. А ён ужо тут!
        Пан падлоўчы весела павітаўся са сваім суседам, узяў яго пад руку і павёў да панны Людмілы.
        – Проша быць знаёмымі: пан Лабановіч, прафесар велькіх букваў.
        Панна Людміла ўсміхнулася сваёю прыветнаю ўсмешкаю і жартліва прамовіла:
        – Мы бадай што і знаёмы. – І падала сваю мяккую ручку.
        – Дык наш прафесар шмат дасціпнейшы, як гэта я думаў, – прамовіў пан падлоўчы.
        – У ціхай букце чэрці водзяцца, – дадаў і Сухавараў і распусціў свае мокрыя губы ў крыху абразлівую ўсмешку.
        Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў.
        Павітаўшыся з усімі, Лабановіч сеў адзін у больш спакойным месцы і стаў прыглядацца да гасцей. Старэйшая пісаранка, як гаспадыня, часта адлучалася; кавалеры з далікатнасці ўдзялялі ёй шмат увагі, што прыдавала ёй гонару і здавальнення.
        – Ну, як жывяце? – спытаў Лабановіча Дубейка. – У нас, бачыце, не тое, што ў вас – публікі многа, паненкі... Як вам падабаецца наша Людміла?
        – А чаму яна ваша, а не наша? – спытаў і Лабановіч. – Ну, што ж? Дзяўчына як дзяўчына.
        – Вы паглядзіце, як каля яе гэты жалязняк увіваецца!
        – А вам зайздросна? Чаму ж вы не ўвіваецеся?
        – Маё ад мяне не ўцячэ, – горда зазначыў Дубейка.
        Яму нядаўна абяцаў земскі начальнік пісарскую пасаду.
        Падышоў Максім Гарошка.
        – Што вы так рэдка ў нас бываеце? – спытаў і ён Лабановіча.
        Максім быў вяртлявы, нізкага росту дзяцюк, з тонкімі чорнымі дугамі-брывамі і жывымі вачамі. Ён быў досыць прыгожы хлопец і сярод паненак лічыўся цікавым кавалерам, хоць і нявыгадным жаніхом. Максім любіў весці размовы на грамадскія тэмы. Ён не меў службы. Чаму? А проста таму, што ніякая пасада яго не здавальняла і ніякая прафесія не адпавядала яго поглядам на жыццё. Ён проста быў трохі шалапай і распуснік. У яго быў востры язык і нахіленне да высмейвання людзей.
        То той, то другі з гасцей падыходзіў да цельшынскага настаўніка і што-небудзь казаў яму. Саханюк сыпаў жарты паненкам. Да панны Людмілы ён не падыходзіў, хоць спотайку сачыў за ёю вельмі ўважна.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.