РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XIX
        
XIX

        
        У хуткім часе пасля таго, як Лабановіч вярнуўся ад Турсевіча, да яго прыехаў Саханюк. Лабановіч быў моцна здзіўлены, угледзеўшы на парозе высокую, сухарлявую фігуру хатовіцкага настаўніка. Перш-наперш ніяк не чакаў яго ў госці, асабліва ў будны дзень.
        – Зд'ястуйце! – прамовіў Саханюк, прычым губы і вочы смяяліся вясёлым смехам. – Што, не чакалі мяне? – спытаў ён, павітаўшыся з калегам.
        – Ніяк не чакаў, – здзіўлена адказаў Лабановіч, – ну, тым прыемней пабачыць вас тут. Заходзьце ж, калі ласка, у кватэру, а я зараз канчаю лекцыю і пушчу хлопцаў на абед... А можа, вам цікава пазнаёміцца з маёй школаю, то будзьце ласкавы.
        Саханюк больш з далікатнасці прайшоўся між вучнёўскіх лавак, заглядаючы на грыфелевыя дошкі і на сшыткі вучняў, а потым прыпыніўся каля шафы з кнігамі і слухаў, як калега вёў работу і якія адказы давалі вучні.
        Лабановіч стараўся не скасавацца перад Саханюком і паказаць сваю школу з найлепшага боку. Запытанні так і сыпаліся адно за другім, а следам за пытаннямі выклікаліся вучні. Яны давалі досыць добрыя адказы.
        – Можа, паэкзаменуеце маіх вучняў? – спытаў Лабановіч Саханюка.
        Саханюк махнуў рукою, даючы гэтым знаць, што ён не мае ніякіх запытанняў.
        – Схавайце кнігі! – звярнуўся Лабановіч да вучняў.
        Дзеці борзда пахавалі кнігі і дошкі.
        – Малітву!
        Школа хорам праспявала малітву прад абедам. З шумам рынуліся дзеці на вуліцу і запоўнілі яе сваімі звонкімі галасамі.
        – Ну, як вам падабаецца мая школа?
        – А нічога, добра! Добра!.. Вы, відаць, многа працуеце?
        – Працаваць-то прыходзіцца. Толькі мне ўсё здаецца, што ў маёй працы чагось не стае і што я раблю не так, як трэба.
        Настаўнікі ўвайшлі ў пакойчык.
        – Э, плюньце вы на гэта, – прамовіў Саханюк. – Навучылі чытаць, пісаць і задачы развязваць і – шабаш! Вы думаеце, медалёў заслужыце? Або свет гэтым перавернеце? Інспектар знойдзе, да чаго прычапіцца. Ну, у самым лепшым выпадку падзяку напіша, а дырэкцыя вам дзесяць рублёў вышле. Але сваё здароўе даражэй.
        – А як вы сваю школу пакінулі?
        – А дзе яна дзенецца? У лес не пабяжыць, – адказаў, смеючыся, Саханюк.
        «Відаць, брат, ты не так сюды прыехаў», – падумаў Лабановіч.
        – Мусіць, у вас нейкая важная справа, калі так. Можа, часамі ў сваты прыехалі да каго? – мяняючы тон размовы, жартліва запытаў яго Лабановіч.
        – А што ж? Сватайце. Гуляць будзем.
        – Дык бачыце, я кепскі сват. Каб часамі з-за дзяўчыны не пасварыліся.
        – Каб з-за дзяўчыны ды яшчэ сварыцца! Ці мала гэтага дабра на свеце? Хопіць на наш век!.. Паміж іншым, вамі цікавіцца адна паненка.
        – Паненка? Якая?
        – Такая, што ўсё аддай – і мала!
        – Ну, хто ж такая?
        – Кажа: хацела б пазнаёміцца з цельшынскім настаўнікам.
        – Можа, завітанская чараўніца?
        – Яна, калега, яна! Як гэта вы адгадалі?
        – А ў мяне бабка – знахарка; я ў яе лекцыі па знахарству бяру.
        – А ўсё ж такі цікава, чаму вы дагадаліся, што гэта яна?
        – А вельмі проста: усе кавалеры – сем пар вінных і сем пар нявінных і вы ў тым ліку – закахаліся ў панну Людмілу. У яе аж галава закружылася ад радасці і дух заняўся. Але яе засмучае адно: чаму не ўсе кавалеры нясуць падатак яе хараству? Я, калі хочаце, той гарбач у казцы «Царэўна – чырвоная краска», які не пакланіўся царэўне. І не буду ёй кланяцца.
        – Вось вы які! – сказаў Саханюк і засмяяўся.
        – А што ж вы думалі!
        – І не пазнаёміцеся з ёю?
        – Ва ўсякім разе сам да яе не пайду.
        – Чаму?
        – Проста не пайду, і ўсё.
        Саханюк гаварыў, часамі смяяўся, але Лабановічу здавалася, што чагось самага галоўнага яго калега не кажа, бо не можа быць, каб ён прыехаў сюды толькі дзеля таго, каб паведаміць, што дачка каморніка хоча пазнаёміцца з цельшынскім настаўнікам.
        – Выбачайце, я зараз вярнуся.
        Лабановіч выбег у кухню.
        – На табе, бабка, пяцьдзесятку, прынясі гарэлкі.
        – Вы яго, панічок, частавацімеце? – шэптам спыталася бабка.
        – А што?
        – Не варта, панічыку! Гэта ж ён, панічок, прыехаў гарцы збіраць!
        – Якія гарцы?
        – Ссыпку з нашага вобчаства на школу!
        – Каму ссыпку?
        – Сабе, панічыку!
        Бабка, гаворачы гэта, аж сіпала ад абурэння.
        Лабановіч пазіраў на яе і дзівіўся. Уся гэта справа для яго была незразумелаю, хоць у значнай меры пралівала святло на прыезд Саханюка.
        – Ну, бабка, прынясі гарэлкі; вып'ем, тады, можа, да сэнсу прыйдзем.
        Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача.
        Лабановіч вярнуўся да госця. Яшчэ нічога не разумеючы, ён зірнуў на Саханюка.
        – Ведаеце, што кажа мая бабка: быццам вы прыехалі збіраць нейкую ссыпку. Што вы на гэта скажаце?
        Саханюк апусціў вочы, як бы пачуўшы нейкую нялоўкасць, а потым ускінуў іх на калегу.
        – Так, мне належыць ссыпка ад вашага сяла, – прамовіў ён спакойна.
        – Вы не жартуеце? – здзівіўся Лабановіч.
        – Не, кажу зусім сур'ёзна.
        – Ха-ха-ха! – Лабановіч так і паехаў ад смеху.
        Саханюк пазіраў на калегу, таксама ўсміхаючыся.
        – Што вы знаходзіце тут смешнага? – спытаў ён.
        – Ну, як жа не смяяцца? Вы прыехалі да мяне адбіраць мой хлеб. Я буду вучыць, а вы толькі будзеце гарцы браць.
        – Чакайце! – загарачыўся Саханюк. – На валасным сходзе была зроблена пастанова, каб на хатовіцкую школу давалі ссыпку. Ад вашага сяла мне належыць дванаццаць пудоў трыццаць фунтаў жыта. Ну? Я і маю поўнае права ўзяць сваё.
        – Выбачайце. А калі была зроблена такая пастанова? Напэўна тады, калі Цельшына не мела свае школы? А раз гэта школа цяпер ёсць, то было б па меншай меры смешна браць ссыпку ад свае школы і даваць у чужую. І наогул гэта справа такая простая і відавочная, што і дзіця зразумее ўсю недарэчнасць вашага дамагання.
        Саханюк ніколечкі не пакрыўдзіўся.
        – Я грунтуюся на цыркулярах дырэкцыі народных вучылішчаў, які зазначае, што раз была пастанова валаснога сходу даваць ссыпку, дык ваша вёска не мае права яе адабраць. Вось чаму я і прыехаў забраць гэту ссыпку.
        – Але вы яе не атрымаеце.
        – Вазьму!
        – Не, не возьмеце!
        Колькі хвілін Лабановіч узіраўся ў Саханюка. Саханюк таксама глядзеў на калегу. У яго жаўтаватых вачах блукаў нявінны смех.
        – Ведаеце што, – прамовіў Лабановіч. – Мне не шкада гэтае ссыпкі, Бог з ёю. Аднак, калі пайшло ўжо на рызыку, магу вас не толькі запэўніць, але і перазапэўніць, што вы адгэтуль не возьмеце ні аднюсенькага зярнятка.
        – Ну, пабачым, – сказаў Саханюк.
        – Нічога вы не пабачыце!
        У самы разгар спрэчкі рыпнулі дзверы з кухні. Старожка прасунула галаву.
        – Вось, панічыку, вам грошы: нідзе не дастала! Была і ў Лявона, і ў Губаровых – няма.
        – Ну, то давай будзем абедаць.
        Саханюк адмовіўся абедаць. Ён прыехаў сюды з Дубейкам і ўмовіўся з ім па дарозе заехаць на пачастунак. Куды, Саханюк не сказаў. Цяпер жа ён мусіць ехаць, бо Дубейка ў старасты яго напэўна ўжо чакае.
        Саханюк развітаўся з калегам, заклікаючы яго да сябе ў госці.
        – Дзякую, – сказаў Лабановіч, – але, калега, майце на ўвазе, што ссыпкі вы не атрымаеце.
        – Буду судзіцца, – не адступаўся Саханюк. – Вось прыеду і земскаму жалабу падам на вашага старасту.
        Пад вечар таго ж самага дня стараста сабраў гарцы і прывёз іх Лабановічу.
        – Што, панічок, звар'яцеў ён, ці што? Як-то мы аддамо яму ссыпку, калі ў нас ёсць свой настаўнік!
        У старасты быў важны начальніцкі выгляд і пачуццё выпаўненага абавязку перад школай і настаўнікам.
        – Хоць бы ён пасаромеўся, – абурліва гаварыла бабка. – Як гэта можна забраць ссыпку з чужое школы?
        Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.