РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XIII
        
XIII

        
        – А вас, панічыку, пыталася паненка, – далажыла бабка настаўніку, як толькі ён вярнуўся з гасцей. – «Дзе ж, кажа, бабка, твой паніч?» – «Пайшоў, кажу, паненачка, кудысь на чыгунку». – «А я, кажа, хацела папрасіць кніг у паніча».
        – Добра, бабка, кніг я выберу.
        Лабановіч пакапаўся ў сваіх кнігах і адабраў дзве: томік дробных апавяданняў Караленкі і невялічкае апавяданне Сельмы Лагерлёф «Легенда аднаго дома».
        Лабановічу хацелася перадаць кнігі самому, і панна Ядвіся, як дагадваўся настаўнік, напэўна хацела, каб ён сам прынёс іх. Кнігі тут былі толькі як зачэпка. Лабановіч крыху зафанабэрыўся. «Не, не пайду!» – сказаў ён сам сабе.
        – Вось, бабка, кнігі, занясі іх, калі ласка, паненцы.
        – Добра, панічок.
        Бабка крыху пастаяла, як бы разважаючы, але нічога не сказала і выйшла.
        Лабановіч, сказаць праўду, гневаўся на панну Ядвісю – пасля таго вечара, калі быў у пана падлоўчага Сухавараў, – і рашыў не паказвацца там. Апрача таго, вобраз другой дзяўчыны яго моцна зацікавіў і таксама крыху засланяў сабою Ядвісю.
        І само сабою напрашалася параўнанне гэтых дзяўчат. Панна Марына, без спрэчкі, мела перавагу над Ядвісяю ў харастве, але разам з гэтым уступала Ядвісі ў разнастайнасці праяўленняў жыцця. Марына была ціхая, сталая і, напэўна, вельмі добрая душа, але гэта была простая дзяўчына. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала, тады як Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая, якая яшчэ не выявілася і не сфармавалася ў пэўны характар.
        Лабановіч усміхнуўся сам сабе: яму прыпомнілася казка пра асла. Галодны асёл папаў між двух стагоў. Ён спыніўся і пачаў разважаць, да якога стога яму накіравацца. Разважаў да таго часу, пакуль не выпрастаў ногі.
        У канцы Лабановіч вывеў такое заключэнне, што гэтыя дзве дзяўчыны ахаваюць яго ад таго, каб закахацца ў адну з іх, і яму стала весела.
        – Занесла, панічыку, вашы кнігі. Паненка дзякавала вам. А чаму, кажа, паніч не прыйшоў? – сказала, вярнуўшыся, бабка.
        Па праўдзе сказаць, настаўніку хацелася пабачыць Ядвісю, тым болей што пасля таго, як быў там Сухавараў, яны не сустракаліся. І як ні хітрыў ён сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе – не думаць аб панне Ядвісі. І што б ён ні рабіў, аб чым бы ён ні думаў, не-не дый устане перад ім Ядвіся. І чым бліжэй быў ён да яе, тым больш адчувалася ўлада гэтай дзяўчыны над ім. Калі ён быў у гасцях і бачыў перад сабою другую дзяўчыну, ён ні разу не ўспомніў аб сваёй суседцы. А цяпер, як бы ў помсту за гэта, вобраз панны Ядвісі стаяў неадступна ў вачах, дражніў яго, кудысь зваў і смяяўся. А вокны ў пакоі пана падлоўчага святлелі прынадным бляскам. Цяпер там, напэўна, адна панна Ядвіся з сястрою, бо пан падлоўчы цэлымі днямі ездзіў прымаць сена ад палешукоў для графа Патоцкага; паненкі, напэўна, разглядалі, а можа, чыталі яго кнігі. Хата пана падлоўчага выглядала так, як бы хацела сказаць настаўніку: «Хлусіш! Ты ўсё ж такі да мяне прыйдзеш».
        – Што за насланне! – прамовіў сам сабе Лабановіч. – Або ў мяне няма сілы ўзяць сябе на павадок?.. Яловыя шышкі! Сказаў сёння: гарэлкі піць не буду, і не піў. А сказаў, не пайду да Ядвісі, значыцца, і быць так!
        Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Іграў ён зусім слаба, але ўзяўся за скрыпку, каб разагнаць думкі. Ён нават імкнуўся выявіць ігрою свой настрой, але з гэтага нічога не выйшла. Скрыпка, як зазначыў сабе сам музыка, раўла, нібы галодная жывёліна, загледзеўшы свайго гаспадара. Ён кінуў скрыпку на стол, звярцеў папяросу і, момант падумаўшы, адзеўся, узяў палку і пайшоў.
        У кухні каля грубкі стаяла бабка, а на зэдліку пры стале сядзела яе прыяцелька Наста.
        – А куды ж гэта вы, панічок? – запыталася бабка.
        – Пайду, бабка, лавіць таго чорта, што твайго Міхалку напалохаў, – сур'ёзна адказаў Лабановіч і выйшаў на двор.
        Ужо даўно звечарэла, і ў хатах усюды свяціліся агні.
        У адным канцы сяла, ад пераезда, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Простыя матывы, крыху змякчаныя адлегласцю, хвалявалі маладога настаўніка, як нейкі няясны прываб, і разам з гэтым паглыблялі яго смутны настрой. Цёмны лес, што стаяў недалёка за вёскай і глядзеў хмурна, як бы казаў: «Не слухай ты гэтых песень: у іх твая атрута. Уцякай ты адгэтуль – тут усё пранята атрутаю сэрца». Але настаўнік стаяў і слухаў дзявочыя песні.
        «Чаму яны такія жаласныя? Чаму мала разнастайнасці ў іх матывах, так мала, што трудна сказаць, аб чым спяваюць дзяўчаты: аб смутку ці радасці, бо калі толькі ні пачуеш іх спевы, яны заўсёды невясёлыя? Ці не аднатоннасць тутэйшага краявіду, гэтыя доўгія, бясконцыя дарогі між лясоў і балот адбіліся на іх?»
        За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Параўняўшыся з агароджай школы, яна прытрымала крок, пайшла павальней, прыглядаючыся на вокны кватэры настаўніка. Вокны свяціліся: выходзячы, настаўнік забыўся патушыць лямпу.
        Угледзеўшы настаўніка ці толькі дагадваючыся аб тым, што гэта ён, жанчына прыбавіла крок, ледзь падаючыся ў бок Лабановіча. Цёмная постаць, крыху адышоўшыся, павярнула назад і накіравалася да настаўніка.
        – Вам, мусіць, нявесела аднаму? – спытала жанчына ціха глыбокім маладым голасам, у якім чуўся нейкі прывабны смех.
        Лабановіч пачуў, што галава яго закружылася, як бы ад хмелю, а ў крыві і па ўсім целе нібы прабеглі іскры. Ён быў ужо крыху папярэджан і ведаў, што па глухіх вёсках Палесся, у звязку з так званаю «культураю», сустракаліся такія маладзіцы, якія набіваліся самі на кампанію. Цэлы віхор розных пачуванняў пранёсся ў маладым хлопцу. Але ён перамог сябе і груба адказаў:
        – Ці не думаеш ты, што мне было б весела з табою?
        Маладзіца, відаць, не чакала такога адказу. Яе жаночае самалюбства было моцна абражана гэтым грубым адказам і балюча ўшчымлена. Але яна не паказала гэтага.
        – Ха-ха-ха! – засмяялася яна спакусным смехам. – Хіба ж вы святы або калека? – І ўжо другім тонам, з відочнай знявагай дадала: – Вы, можа, думаеце, што я ішла дзеля таго, каб вас развясельваць?
        Лабановіч, раз стаўшы на пэўны грунт і пачуўшы сябе таксама ўколатым, ужо не мог змяніць тон і лінію паводзін і ў нейкай злосці, трасучыся, сказаў:
        – Няма чаго тут табе паказваць зубы, бо я іх усё роўна не бачу і бачыць не хачу.
        Лабановіч чуў, што ён гатоў падскочыць да гэтай спакусніцы, каб пагнаць яе ў шыю. Таксама не ручаўся ён і за іншы вынік, і, каб быць далей ад спакусы і захаваць чыстым сваё імя як настаўніка, ён борздымі крокамі пайшоў праз вуліцу, накіроўваючыся ў той бок, дзе была старая карчма, якраз па дарозе ў Сяльцо.
        Маладзіца хіхікнула ўслед, і да яго даляцелі словы:
        – Гэта мужчына: ад бабы ўцёк... Неданосак! Стоптаны лапаць!
        Настаўнік ішоў і тросся, як у хвэбры, бо ўся гэта праява яго дужа ўсхвалявала. Як толькі ўлеглася абурэнне, ён пачынаў каяцца ў сваёй грубасці з гэтай незнаёмай жанчынай. Хіба яна вінавата, што яе зрабілі такою розныя прахвосты, пацяробкі культуры? Хіба нельга было б ухіліцца ад яе больш далікатным спосабам, растлумачыўшы ёй усю гразь і ўвесь бруд гэтага лёгкага заработку? Цяпер яна смяецца і не сціскаецца ў розных мянушках па яго адрасу. І мае права, бо гэта права дала яго грубасць. Ну, што ж? На другі раз трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў.
        Так разважаючы, дайшоў ён да карчмы, што была пабудавана яшчэ ў даўнейшыя часы, тады, калі аб манапольках нікому не снілася. Цяпер гэта карчма дажывала разам са сваім гаспадаром, старым Абрамам, апошнія дні. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж.
        Лабановіч кожны раз, праходзячы тут, мімаволі зварачаў увагу на гэта месца і на гэту заняпалую карчму з пакрыўленымі сценамі і пагнутым дахам. І тое, і другое, як нельга лепей, стасавалася адно з другім. Месца было глухое і пустое і кожны раз выклікала ў настаўніка адно і тое пачуванне і пакідала адно і тое ўражанне. З чаго яно складалася і якая была яго сутнасць, выявіць і вызначыць было вельмі трудна, але вынікала гэтае ўражанне, відаць, таму, што ў самой мясціне было нешта варожае, непрыветнае і смутнае па сваім характары. Цікава і тое, што ніхто з сялян не будаваўся тут, нягледзячы на ўсе выгады гэтага месца. Старая карчма і яе гаспадар як бы адной нагой ступалі ўжо на край магілы. А гэта, разам усё ўзятае, хіліла думку настаўніка да заключэння, што на свеце ёсць нейкія розныя пачаткі жыцця. Адны з гэтых пачаткаў вызначаюцца ў бясконцых формах жывых арганізмаў, а другія – адбіліся ў так званай нежывой прыродзе. Але пакуль такія пачаткі не асочаны і не даследаваны як мае быць, яны і не паддаюцца нашаму разуменню, яны жывуць у нашых пачуваннях. Пачуванне ж ёсць папярэднік розуму ў доследах і вызначэннях сутнасці рэчаў.
        Мінуўшы старую карчму, Лабановіч прыпомніў фразу, якая зляцела з языка, калі ён выходзіў з кухні: «Іду, бабка, лавіць таго чорта, што твайго Міхалку напалохаў». Якраз гэта і было месца, дзе, па словах бабкі, Міхалку налучыла тое здарэнне, пасля якога ён ледзь не памёр. Паставіўшы ўсё гэта ў звязак з тым фактам, што ён прыйшоў іменна сюды, не маючы гэтага ў мыслях, Лабановіч здзівіўся і зацікавіўся. «Куды ж я іду і чаго іду?» – спытаў ён сябе і спыніўся, азірнуўшыся вакол.
        Было ціха, глуха і пуста, і толькі ў карчме быў відзен агонь. Лабановіч мімаволі пачуў нейкі страх. Яму прыпомнілася апавяданне бабкі. Разумеецца, гэта глупства. Міхалку мог напалохаць які-небудзь дзяцюк, помсцячыся за дзяўчыну, да якой хадзіў Міхалка. Але цікава, наогул, скуль бяруцца гэтыя страхі! Вось ён, настаўнік, не мае веры, што ёсць нейкая таемная варожая сіла, існуючая незалежна ад чалавека, але ён чуе ўплыў на сабе нейкага страху. Калі ён прыйдзе сюды ўдзень, гэтага ўплыву не будзе. Уся справа ў тым, што і другая ноч закрывае сваім змрокам яшчэ многа пытанняў, якія стаяць у звязку з псіхічнымі праяўленнямі чалавечага жыцця.
        Нягледзячы на ўсе гэтыя разважанні, Лабановіч чуў, што яму страшна, што яму бракуе сілы павесці змаганне з гэтым страхам. «Пакліч да сябе нячыстую сілу», – казала яму нейкая думка, але настаўнік прыкінуўся, што не чуе голасу гэтай думкі, і разам з гэтым пачуваў яшчэ большую жудасць. «Калі ў цябе не хапае на гэта смеласці, прыслухайся: ты штось пачуеш», – прывязалася да яго гэта думка. «Ну, што ж? – прамовіў сабе Лабановіч. – І буду слухаць!» І ён унікліва стаў прыслухоўвацца. Тая ж самая ціш, тая ж глушыня. «Чэрці, чэрці! пакажыцеся!» – ціхенька паклікаў ён і зноў стаў прыслухоўвацца. Усё было ціха, ніхто не аклікаўся, ніхто не паказваўся. Нервы настаўніка былі моцна напружаны, і ён чуў, што калі саступіць з нейкага пункта, на якім ён ледзь-ледзь трымаўся, то пападзе ў поўную абладу страхаў і пусціцца ўцякаць з гэтага месца. Ён павярнуў назад да карчмы і пайшоў, прыбаўляючы кроку. Каля карчмы затрымаўся, падумаў і павярнуў да старога Абрама. Там ён прысеў, папрасіў бутэльку піва і, крыху супакоіўшыся, пайшоў у школу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.