РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXX
        
XXX

        
        Прымкнуўшы дзверы кухні з двара, Лабановіч борздзенька пабег да сябе на кватэру праз другі ход, што вёў у школу. Ціхенька ступаючы, падышоў ён да дзвярэй і толькі дакрануўся да іх рукою, як у той жа час панна Ядвіся кулём кінулася ў кухню, каб выскачыць на двор. Але дзверы не адчыняліся. Азірнулася – на парозе стаяў настаўнік.
        
        – Ах, попалась, пташка, стой,
        Не уйдешь из сети!
        Не расстанемся с тобой
        Ни за что на свете! -
        
        спакойна дэкламаваў Лабановіч, не зводзячы з яе вачэй, любуючыся ёю, шчасліва ўсміхаючыся.
        А яна і сапраўды выглядала як злоўленая птушка... Неспадзеўкі, пужлівасць, нейкая вінаватая ўсмешка разам адбіваліся на яе твары. Акруглыя цёмныя вочы пазіралі то на дзверы, то на настаўніка. Адна рука яе была сашчэмлена – напэўна, там была тая паперачка з двума словамі.
        – Нашто вы замкнулі тут дзверы? – зусім нявінна спытала яна.
        – А каб тыя самыя ножкі, што прыйшлі сюды праз школу, не выйшлі праз кухню.
        Лабановіч падышоў да яе зусім блізка. Яна неспакойна заварушылася.
        – Пусціце мяне!..
        – Вы – мая госця і нявольніца. Ніякаму на свеце паляўнічаму не здаралася злавіць такую слаўную сарначку, як мне сёння. Дайце ж хоць наглядзецца мне на яе! – І ён стаў пазіраць на яе.
        – Ну, другі раз вы не зловіце мяне.
        – А навошта мне лавіць, калі я вас ужо злавіў?
        Яна раптам кінулася яму пад рукі, каб уцячы. Але ён крэпка схапіў яе пад пахі і не пускаў.
        – Што вы робіце? – з гневам прамовіла яна. – Не смейце дакранацца да мяне!..
        – Вы ж самі кінуліся мне на рукі, – сказаў настаўнік і пачуў, як забунтавалася ў ім кроў.
        Лабановіч выпусціў яе і толькі трымаў за руку. Яна зноў стала вырывацца. Цёмна-русыя валасы раскінуліся па плячах пышнымі хвалямі.
        – Не, мілая палонніца, нічога не будзе – не пушчу!
        З распушчанымі валасамі, з залітымі агнём шчочкамі, яна была незвычайна прыгожая, і настаўнік не мог адвесці ад яе вачэй.
        – Не, слухайце, – тонам просьбы прамовіла яна, – ніяк я не спадзявалася, што вы будзеце мяне мучыць!
        – А вы мяне не мучыце? – спытаў ён і глянуў ёй у вочы. – Выкуп дайце, тады я пушчу вас.
        – Я не маю чым плаціць, – сказала яна і адною рукою старалася паправіць свае валасы.
        Настаўнік сумыслу раскідаў іх.
        – Ах, адстаньце вы!
        – Не, не адстану: каб вы ведалі, якая вы прыгожая з распушчанымі валасамі, вы заўсёды і хадзілі б так.
        – У маёй мамы таксама былі раскошныя валасы, але доля яе была нешчаслівая, – у засмучэнні прамовіла яна.
        Лабановічу стала незвычайна шкада яе. Ён выпусціў яе руку, глянуў у вочы.
        – Бедная вы, мілая, харошая, слаўная Ядвісечка!
        – У, усе вы такія гэрады, тыраны! – з нейкаю нянавісцю прамовіла яна.
        Лабановіч хацеў адказаць, што яна памыляецца, але не паспеў. Яна раптоўна абхапіла рукамі яго шчокі і, умомант прыблізіўшы яго галаву, пацалавала, а потым з сілаю адштурхнула яго і кінулася за дзверы. А ён, як бы апалены маланкаю, стаяў на месцы колькі моманту. Потым, як дзікі звер, кінуўся даганяць. Ядвіся стаяла на парозе, трымаючыся за клямку. Яна была зусім спакойная.
        – Калі асмеліцеся пацалаваць мяне, то, клянуся памяццю мацеры, я кінуся пад машыну! – І цёмныя акруглыя вочы яе бліснулі іскрамі гневу.
        – Мілая, родная Ядвісечка! Не, не: не буду... А пагуляць мы пойдзем?
        – Дурань! – злосна прамовіла яна. Потым ускінула на яго свае добрыя, чыстыя вочы, усміхнулася і знікла за дзвярамі, трымаючы ў руцэ вузенькую паперачку.
        Лабановіч вярнуўся ў пакой. Яго рукі і ногі дрыжалі. Ён прысеў каля стала на край канапы і сядзеў, не думаючы ні аб чым. Пасля ўстаў, хістаючыся пайшоў у кухню, выпіў вады. Унутры ўсё кіпела ад нейкага шчасця і радасці.
        «Што за дзяўчына! Што за натура! – колькі разоў паўтарыў малады, шчаслівы настаўнік. – Яна любіць мяне!.. Ці ж можна не любіць яе, гэтую лепшую, прыгажэйшую казку Палесся. Ядвісечка!.. Мілая, любая!»
        Два старэйшыя вучні, якія рыхтаваліся да экзамену, прыйшлі і сказалі настаўніку, што ўсе ямкі пакопаны.
        – Збярыцеся ў школу, я вам скажу колькі слоў і пушчу дамоў.
        Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом.
        Настаўнік увайшоў, пахваліў дзяцей за работу і сказаў ім:
        – Заўтра ўжо кніг не прыносьце. Вазьміце колькі рыдлёвак (ён назначыў большых вучняў) і збярыцеся тут. Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. А цяпер ідзіце дамоў!
        Настаўнік не хадзіў нікуды ўвесь вечар. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў яго шчасцем, і яму здавалася, што гэтага шчасця стане надоўга. Ён перажываў кожны момант свайго шчасця, над некаторымі затрымліваўся доўга... Чаму яна сказала, што кінецца пад машыну, калі ён пасмее пацалаваць яе, і нават паклялася памяццю мацеры? Чаму кінула яна яму «дурань», а потым як бы пакаялася ў гэтым і падарыла яму такую добрую ўсмешку, як бы ёю перапрашала за гэта зняважанне? Ён хадзіў па пакоіку і ўсё думаў аб ёй. Але чым болей думалася, тым больш хацелася яму зноў пабачыць сваю мілую Ядвіську, пачуць яе голас, зазірнуць ёй у вочы, каб прачытаць, што робіцца ў яе душы. Ён часта паглядаў у вокны, каб убачыць яе. Яе імя гучала ў яго вушах незвычайнаю музыкаю і мела нейкае асаблівае значэнне.
        Назаўтра Лабановіч прачнуўся пазней, бо заснуў толькі тады, як пачало развідняцца, прачнуўся з думкаю аб сваім шчасці, аб Ядвісі. Ён устаў, калі ўжо ў школе чуліся дзіцячыя галасы. Успомніў, што сёння субота перад Вербніцаю, што ў гэты дзень ён скончыць сваю работу ў школе, бо пасля Вялікадня прыйдуць усяго толькі тры вучні, якім трэба падгатавацца да экзамену.
        З вясёлым шумам ішлі дзеці ў лес са сваім настаўнікам, збіўшыся вакол яго цеснаю грамадкаю.
        Дзень быў ясны, цёплы. Нават на цельшынскай вуліцы падсохла. Сяляне з сохамі, з каробкамі і мяшкамі з аўсом выязджалі на поле. Жалобна крычалі кнігаўкі, снуючыся над балотамі, над вадою, як бы шукалі вельмі дарагую страту і ніяк не знаходзілі. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Гэта буханне на далёкай адлегласці будзіла лясы, прыдаючы агульнаму настрою Палесся асаблівыя тоны. Сталыя і важныя буслы з незвычайнаю сур'ёзнасцю хадзілі па краях балота або ляталі да гнёздаў на старых хвоях і папраўлялі свае апушчаныя на зіму палацы. Там і сям на ўскраінах лясоў распускаліся маладыя лісточкі бярэзінак. Жоўтыя пухаўныя каткі звісалі на вербалозінах, купаючыся на сонцы і склікаючы пчолак і чмелікаў. Зялёныя кветачкі павыбіваліся ўжо на свет скрозь сухія выцвіўшыя лісці, і прынадныя пахі разлівала ў паветры маладая чаромха. Адны толькі паважныя дубы, узбагачаныя вопытам жыцця за свой доўгі век, не вельмі спяшаліся расчыняць свае покаўкі і выпускаць адтуль свежую зелень маладых лісточкаў, бо дуб – мудрае дрэва, і не паддаецца ён на зман няпэўнай у пачатку вясны.
        Настаўнік спыніўся з вучнямі на сухім месцы ў лесе і вёў з імі размову аб тым, што бачылі перад сабою, і аб значэнні тае справы, дзеля якой яны прыйшлі.
        Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Лабановіч доўга шукаў маладую грушку. Ён хацеў знайсці прыгожаньку грушку і пасадзіць яе на памяць аб сваёй каханай.
        Знайшоўшы маладое, крэпенькае і стройнае дрэва, ён доўга і асцярожна капаўся каля яго, пакуль акуратненька не было яно выкапана разам з зямлёю. Сам нёс яго дамоў, пасадзіў у куточку на школьным двары, дзе найболей свяціла сонца, і два разы паліў вадою ў гэты дзень. Пасля агарадзіў гэтую грушку высокімі коллямі, каб не патаптала і не паламала яе жывёла.
        На кожнае дрэва вызначыў ён вучняў, даручыўшы ім догляд за выхаванцамі.
        – Ну, а цяпер, дзеткі, ідзіце абедаць. Па абедзе збярыцеся і прынясіце свае кнігі, бо пасля Вялікадня парассыпаецеся вы па лясах і палях. А хто захоча хадзіць у школу і па Вялікадні, той потым і атрымае кнігу.
        Прыняўшы па абедзе кнігі ад вучняў і пусціўшы іх на святы, Лабановіч пачуў, як бы яму стала чагось шкада, хоць, праўду сказаць, крыху дакучыла за зіму гэта работа па восем і па дзесяць гадзін у дзень.
        Ён выйшаў на двор, абышоў пасаджаныя дрэвы, над некаторымі затрымліваўся даўжэй. Ён часта паглядаў на двор пана падлоўчага. Вельмі хацелася пабачыць Ядвісю і паказаць ёй гэту слаўную грушку, якую пасадзіў ён на памяць аб ёй. Але Ядвіся доўга не паказвалася на двары. Ён падкаравульваў яе з гадзіну. І калі заўважыў, аклікнуў і папрасіў яе падысці.
        Яна, радасная і вясёлая, падбегла.
        – Я хачу паказаць вам грушку.
        – А вы не будзеце лавіць мяне? – з мілаю і хітраю ўсмешкаю спытала яна.
        Ён памог ёй пералезці цераз плот і павёў да грушы.
        – Гэту грушку я пасадзіў на памяць аб вас.
        Яна доўга разглядала яе. Потым засмяялася і сказала:
        – Я вырву яе і выкіну.
        – Чаму?
        – Бо яна такая ж калючая і дзікая, як я.
        – Пойдзем гуляць сёння? – спытаў ён.
        – А вы памятаеце, што я вам учора на гэта сказала?
        – Зрабіце вы тое самае, што зрабілі ўчора, і тады скажыце мне хоць дзесяць разоў тое, што сказалі адзін раз.
        Яна паглядзела на яго строга і прамовіла:
        – Больш ніколі! Чуеце! Ніко-о-олі!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.