РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
X
        
X

        
        Якраз за дзень да Уводзін Прасвятое Багародзіцы, свята, якое прыпадае на 21 лістапада, у вёсцы Цельшына паўстала вельмі важнае пытанне аб тым, калі святкаваць гэта свята: сёння ці заўтра? І паўстала гэта пытанне, як зазвычай усе важныя пытанні, выпадкова.
        Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Прыйшла яна якраз у той час, калі трэба ўжо тушыць у хаце агонь. Аўгеня зразу ж звярнула ўвагу, што ў хаце суседкі былі ўсе адзнакі свята: прасніцы вынесены вон, мужчыны не ўсе яшчэ былі абуты, а сама Югася падбівала цеста на аладкі і печы не падпальвала.
        – Што ж гэта ў вас, дзеўка, як бы свята?
        У Цельшыне быў такі звычай, што адна старая жанчына, зварачаючыся да другой, казала ёй «дзеўка».
        – А хіба ж не свята? – прамовіла Югася і зірнула на суседку.
        – Як свята? Што ты, дзеўка, гаворыш?!
        – А так што свята! – цвёрда і пэўна адказала Югася.
        – Ах, Божачка мілы! А я ж думала, што заўтра! – ускінула рукамі Аўгеня. – Лукаш мой даўно пайшоў у клуню малаціць грэчку!.. І сама я ўсю раніцу прала!.. А-а, як жа я гэта думала, што свята заўтра? Ах, матачкі мае родныя!
        Аўгеня борздзенька павярнулася і выйшла з хаты, нават і падсітак забылася пазычыць. Выйшаўшы на вуліцу, яна на хвілінку прыпынілася, а потым раптоўна кінулася да Нупрэя Бабка.
        – Што я прыйшла ў вас спытаць: сёння свята ці заўтра? – запыталася Аўгеня і акінула вачамі хату.
        Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот, падкурчыўшы доўгія ногі, бо яны, хоць печ была і прасторная, не маглі на ёй як мае быць змясціцца.
        – А пэўне, сёння, – адказаў ён з печы.
        Праўда, Нупрэеў голас вялікага аўтарытэту нідзе наогул не меў, а ў пытаннях свята тым болей, бо Нупрэй Бабок нічога не меў проці таго, каб святкаваць і будныя дні. Але і Малання, жонка яго, таксама пасведчыла, што свята сёння.
        – Ах, матухны, – зноў пляснула рукамі Аўгеня. – Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу. – І яна ледзь не бягом вымелася з хаты і пабегла дамоў.
        Надта знаёмае тухканне ў Міколкі Стукача адразу затрымала Аўгеню на месцы: калі сёння свята, дык чаму ж у Стукача таўкуць ячмень?
        Не думаючы доўга, Аўгеня кінулася да Стукачовых. Першае, што ўбачыла яна там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Міколка Стукач, лысы дзед з сівою бародкаю, падплятаў лапаць. Бабка Стукачыха прала кудзелю. Грук таўкачоў глуха аддаваўся па хаце, і пасля кожнага ўдару штось бразгацела на паліцы, дзе стаялі міскі з лыжкамі.
        Здзіўленая Аўгеня спынілася на парозе.
        – А хіба ж сёння не свята? – спытала яна.
        – Якое свята? – сярдзіта зірнуў на яе дзед Міколка.
        – Вось, скажэце, мае мілыя: як бы хто туману напусціў, – прамовіла Аўгеня, збітая з тропу. – Адны святкуюць, другія кажуць, што свята няма.
        – Хто святкуе? – запытала бабка Тацяна.
        – Я і сама думала, што свята павінна быць заўтра, аж прыходжу да Рамковых – святкуюць, Югася аладкі падбівае; зайшла да Бабковых – і там святкуюць. Прыходжу да вас, – у вас тут будны дзень. Каму ж верыць?
        – А можа, і сёння свята, – ужо іншым тонам пачаў разважаць дзед Стукач.
        Маладзіцы прыпынілі работу. Адна абаперлася на таўкач, не вымаючы яго са ступы, а другая трымала таўкач у руцэ. Яны таксама задумаліся.
        – Уводзіны святкуюць на восьмай нядзелі ад Пакроў, – вылічыла бабка Тацяна. – Колькі ж гэта нядзель ад Пакроў?
        – Ну, якраз восьмая нядзеля і пайшла, – сказала Аўгеня.
        – Мабыць, свята такі сёння, – пасля развагі прамовіў дзед Стукач, кінуўшы на зямлю лапаць, і пачухаў галаву ніжэй лысіны.
        – Матка! А калі гэта да нас Шпак з будкі прыходзіў? – спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Тацяну. – Тады казалі, што да гэтага свята засталося адзінаццаць дзён.
        Дзед Стукач, бабка Тацяна, нявесткі і старэйшы сын Стукача, Апанас, пачалі вылічаць, калі ў іх быў Шпак з будкі. Выходзіла, што адзінаццаць дзён якраз прайшло. Бабка Тацяна вынесла сваю прасніцу, маладзіца Мар'яна сказала, што куцця ўжо даўно стаўклася; крупы выбралі, а ступу выкацілі вон у сені. Раз свята, дык свята. Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёння свята. Не заходзячы ў хату, яна заскочыла да Лукаша ў клуню і накрычала на яго, што ён не святкуе і яе збіў і ўвёў у грэх.
        – Ты ж паслухай, стары пень, ці малоціць хто?
        Югасю, у сваю чаргу, занепакоіла старая Лукашыха: а можа, і праўда, што заўтра свята? Накінуўшы кажух, яна пайшла да свае кумы Насты. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца.
        – Я ўжо чула, што некаторыя збіраюцца святкаваць сёння, але свята, я напэўна ведаю, заўтра. Піліпавы хлопцы ўжо даўно паехалі ў лес з сякерамі.
        Не прайшло і чвэрці гадзіны, як па ўсёй вёсцы толькі і было гутаркі што пра свята, пры гэтым ясна адзначыліся два станы: святочны і будны. Кожны стан меў вельмі паважных прадстаўнікоў свайго кірунку, што ніякім чынам не маглі дайсці да згоды, бо кожная рука мела вельмі моцныя доказы, на якіх засноўваліся іх пазіцыі наконт свята.
        Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца. На працягу ўсяе вуліцы то там то сям стаялі кучкі палешукоў і паляшучак, дзе меншыя, дзе большыя, і ў кожнай кучцы ішла спрэчка аб свяце. Усе цельшынскія законнікі і законніцы сышліся тут і горача судзілі погляды супраціўнага стану.
        Мікіта Тарпак, вылажыўшы ўсе доказы за заўтрашні дзень і ніколечкі не зрушыўшы станоўкасці поглядаў сваіх супярэчнікаў, плюнуў, сярдзіта павярнуўся і пайшоў да свайго двара. Яго рашучая хада і выраз твару ясна казалі, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна стварыць моцнае ўражанне і прынізіць тых, хто быў не згодзен з ім. Ён выцягнуў панарады, палажыў на іх дошкі і стаў навальваць гной, хоць вывозіць яго цяпер ніколі не меў на ўвазе. Наклаўшы воз гною, ён запрог каня і важна паехаў уздоўж вуліцы, высока паставіўшы сахор. Пад'ехаўшы да тае кучкі народу, дзе ён нядаўна вёў дарэмную спрэчку, Мікіта прыпыніўся і стаў папраўляць хамут, не зварачаючы ні на кога ўвагі, усё роўна як бы гэта была яго звычайная работа. Як толькі Мікіта павярнуў з вуліцы ў поле, зараз жа, з таго боку, адкуль ён выехаў, каля студні, пачуліся два жаночыя крыклівыя галасы. Галасы ўсё мацнелі і набіралі болей злосці. Гэта лаялася Аўдоля Латачыха з жонкаю Мікіты, Акуляю. Яны даўно ўжо былі не ў ладах, цяпер жа гэта свята сталася зачэпкаю для таго, каб даць волю языкам. Латачыха сыпала словы, як гарох. Мусіць, не раз практыкавалася яна ў сваіх мыслях у гэтай лаянцы. Здавалася, яна толькі адчыніла рот, а словы самі, як з мяшка, сыпаліся і сыпаліся. Акуля не паддавалася. Жанкі крычалі то па чарзе, то адначасна. Палаяўшыся з паўгадзіны каля студні, яны разышліся: адна пайшла ў адзін канец вуліцы, другая – у другі, бо ім збрыдла лаяцца, і гэта не давала жаданых вынікаў. І, каб дапячы адна другой, яны пайшлі па вёсцы выстаўляць адна другую перад людзьмі. Тут мелася на ўвазе, галоўным чынам, вастрэй падцяць свайго ворага.
        – Ах ты, чортава шлюндра! Пайшла па вуліцы зубамі званіць, языком мянціць, каб ён табе высах ды выпетраў! – крычала Акуля. – Ідзі, ідзі, так вось і павераць табе, брахусе. Думаеш, не ведаюць людзі, як ты да Міхалкі ў клуню бегала, га? Ведаюць людзі, за што цябе Крупеніч з раз'езда гарэлкаю частуе, каб цябе лейцамі частавалі... Ведаюць, не думай таго!.. Ты думаеш, не ведаюць, як ты з дарожным майстрам ночы гуляеш, як ты ў яго дзесяць рублёў падчапіла!.. Капач ты з-пад цёмнае хмары, хлеба замясіць не ўмееш, хаты ніколі, як людзі, не падмяцеш, каб табе вочы замяло!
        Аўдоля, у сваю чаргу, ідучы ў другі канец вуліцы, вяла сваё казанне. Жанчыны зрэдку прыслухоўваліся адна да другой і, такім чынам, скарыстоўвалі словы адна другой для далейшай лаянкі.
        – На мяне людзі глядзяць, бо я харошая, а на цябе і сабакі пазіраць не хочуць. Зайздросна табе?.. А ты забылася, як цябе бабка Тацяна на сваім дварэ злавіла! Чаго ж ты хадзіла туды? Чужых курэй сачыць? А гарбузы з гарода ў Рамковых хто цягаў, каб з цябе кішкі павыцягалі? А хто, калі не твой Мікіта, у дзеда Андрэя баранінку краў? Гэтага, можа, не ведаюць людзі, дык няхай жа ведаюць...
        Палешукі стаялі, як строгія і справядлівыя суддзі, але сур'ёзныя твары іх часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу. Пры гэтым палешукі, як па камандзе, адкідалі назад галовы і выпучвалі жываты. Але гэта было толькі ў тых выпадках, калі якая-небудзь з кабет, пераступіўшы ўсякія граніцы жаночага ўшанавання, адпускала штось вельмі жыццёвае і сакавітае. І ўсё ж такі вёска не прыйшла да згоды. Адны святкавалі сёння, другія – заўтра. А некаторыя, каб не ашукацца, святкавалі два дні.
        Гэта няяснае пытанне аб свяце адбілася і на школе. Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма.
        – Чаму ж вас так мала прыйшло?
        Дзеці перадалі гісторыю спрэчкі аб свяце, а разам з тым і прычыну адсутнасці вучняў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.