РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
V
        
V

        
        – Дазвольце пазнаёміць, – сказаў Саханюк, падводзячы калегу да пісара, – цельшынскі настаўнік.
        – А! – прамовіў пісар, акінуўшы Лабановіча прыжмуранымі вачамі, і падаў яму руку. – Прасвяшчаць, значыць, прыехалі? – спытаў пісар, каб хоць што-небудзь сказаць, і яшчэ раз азірнуў Лабановіча. – Ну, ну, справа патрэбная, – важна заўважыў ён, пасля чаго перастаў цікавіцца Лабановічам, як чалавек практычны, які з першага погляду адгадаў, што для пісарскага дому карысць ад новага настаўніка невялікая.
        Затое ж Дубейка выказаў многа ўвагі і адзнак шляхетнага тону, знаёмячыся з Лабановічам.
        – О! – казаў ён. – Нашага палку прыбывае. Вельмі прыемна, калі круг інтэлігенцыі павялічваецца. – Але разам з гэтым Дубейка запытаўся: – А гэта ўжываеце? – Адначасна з запытаннем ён ускінуў галаву і пстрыкнуў пальцам па сківіцы.
        Лабановіч здзіўлена глянуў на Дубейку. Гэта запытанне для яго было зусім нечаканае, і ён не ведаў, што адказаць.
        – Ну, разумеецца, не так, што б з ног скідацца, – паправіўся памочнік, – а ў кампаніі, пасля таго як пулечку згуляеш або стукалку, прапусціць чарачку, другую. Гуляеце ў карцішкі?
        – Не, не гуляю.
        Дубейка ў сваю чаргу здзівіўся, і ўвесь выраз яго твару як бы казаў: «Які ж ты пасля гэтага інтэлігент?»
        – Ну, нічога, – заспакоіў Дубейка. – Пажывяце, навучыцеся. Толькі часцей да нас даведвайцеся, бо ў вас там глуш, чалавека не ўбачыш і, апрача падлоўчага, і зайсці там няма да каго.
        – Э, гэта не бяда, – адказаў Лабановіч, – людзі ўсюды ёсць. Чым не людзі тыя ж самыя палешукі? Хіба да іх нельга зайсці? Я лічу, што сярод іх можна вельмі прыемна прабавіць вольную часіну і там напаткаць не толькі цікавае, але і разумнае, чаго ніколі не знойдзеш ні за чаркаю, ні за пулькаю.
        – Не разумею вас, – адказаў Дубейка. – Што цікавае можна знайсці сярод палешукоў? Калі можна там напаткаць што-небудзь цікавае, дык хіба толькі маладзіцу-салдатку. – Пры гэтым Дубейка выразна зірнуў на Саханюка і засмяяўся.
        – Калега – манах. Ён любіць глуш і адзіноцтва і хоча жыць пустэльнікам.
        – Ведаем мы гэтых пустэльнікаў, – зноў падміргнуў Дубейка. – У ціхай вадзе чэрці водзяцца.
        Першыя ўражанні знаёмства не спадабаліся маладому настаўніку, і ён, папрасіўшы выдаць пасылкі з кнігамі і сшыткамі для яго школы, развітаўся з новымі знаёмымі.
        Выйшаўшы са зборнай, Лабановіч накіраваўся да дзвярэй, каб падацца на вуліцу, але Саханюк затрымаў яго.
        – Не, калега: трэба пазнаёміцца з пісаранкамі, бо калі не зойдзеце да іх, то гэта будзе такая крыўда, якая вам ніколі не даруецца ні ў гэтым жыцці, ні на тым свеце.
        Саханюк узяў пад руку Лабановіча і павёў яго ў кватэру пісара.
        Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька і акуратна на мяшчанскі лад. Сталы і столікі былі засланы чыстымі настольнікамі і настольнічкамі. Крэслы стаялі ў парадку. На сценах віселі розныя малюнкі ў прыгожых асадках. Па кутках залы стаялі круглыя столікі пад белым кружавам: на століках ляжалі альбомы для фатаграфій. На вокнах вазоны розных гатункаў. Адным словам, на ўсім быў відзен адбітак дзявочага прызору і акуратнасці.
        Маня, старэйшая дачка пісара, ужо не маладая дзяўчына, гадоў за дваццаць пяць, па ўсім відаць было, падгатавалася спаткаць настаўнікаў. Яна надала свайму твару тую міну, той выраз, якія люстэрка падказала ёй як самыя лепшыя, што найбольш ішлі да яе, нявінна сядзела за сталом, нібы нічога не ведаючы, і разглядала «Ніву». Яна была чорная, як цыганка, даволі прыгожая з твару; але разам з гэтым было на ім і нешта такое, што рабіла яго сярдзітым, злым. Напэўна, доўгае чаканне свайго суджанага, якога дзесь затрымалі чэрці, мела свой уплыў. Саханюк галантна падвёў свайго калегу да пісаранкі.
        – Лабановіч, цельшынскі педагог.
        – Вельмі прыемна, – сказала Марыя Пятроўна. – Сядайце, калі ласка!
        Лабановічу здалося, што яна чымся ўгневана. «Ці не Саханюком, які шукае свайго шчасця не тут, блізка, а дзесь за сем вёрст, што яна з ім крыху неласкавая?» – падумаў Лабановіч.
        – Ну, як вам падабаецца наша месца? – спытала пісаранка.
        – А нічога. Месца вельмі добрае, і мне наогул падабаецца Палессе.
        – А вось вашаму калегу яно падабаецца мала.
        – Не скажэце, – адказаў Саханюк. – Каб гэта была праўда, то пяць год я не выседзеў бы тут.
        – Калісь падабалася, – сказала Маня і ледзь уздыхнула.
        Увайшла сярэдняя дачка, Саша, зусім не падобная да сястры. Яна была шчаслівейшая ад яе, бо мела жаніха ў асобе тутэйшага ўрадніка. Зараз жа за ёю ўвайшла і трэцяя сястра, Ніна. Самая малодшая, Вольга, вучылася ў горадзе, і яе цяпер не было дома.
        Лабановіч чуўся не па сабе ў кампаніі дзяўчат і не трапляў падтрымаць з імі гутаркі. Ён толькі адказваў на іх пытанні, адказваў сур'ёзна, што не падабаецца паненкам такога стану, якія звыклі, каб іх забаўлялі, жартавалі з імі і малолі гарох і кашу, абы было смешна.
        – А вы спяваеце? – спытала яго Саша.
        – Не. Спяваю няважна, – адказаў Лабановіч, і ў вачах яго бліснуў ледзь прыметны смех, – за практычную лекцыю па спевах у семінарыі наш Костка ледзьве тры з мінусам паставіў.
        – Якая костка? – здзівілася старшая пісаранка.
        – Выбачайце, не якая костка, а які Костка, – паправіў яе Лабановіч. – Гэта ў нас быў такі настаўнік у семінарыі, які выкладаў спевы і меў прозвішча Костка.
        – Не, – адказала Саша, – я не пра такія спевы пытаюся. Вы маглі даць няўдалую лекцыю, але гэта не можа пашкодзіць вам самім праспяваць, ну, напрыклад, раманс.
        – Крый мяне Божа! – засмяяўся Лабановіч. – Каб я яшчэ рамансы спяваў. І сам не спяваю, і не люблю, калі хто іх спявае. Іншая справа паслухаць добры хор.
        Такім адказам Лабановіч прыпыніў усякія запытанні ў гэтым кірунку: змоўклі паненкі, маўчаў і ён.
        Размова павялася між паненкамі і Саханюком аб справах другога зместу, аб іх знаёмых, адным словам, пачалося пераліванне з пустога ў парожняе.
        Некаторы час Лабановіч слухаў, а потым падняўся, папрасіў прабачэння і стаў развітвацца.
        Яго не затрымлівалі, хоць з далікатнасці папрасілі заходзіць.
        «Дудкі, – казаў сам сабе Лабановіч, выходзячы ад паненак, – не скора я тут буду».
        Разам з ім выйшаў і Саханюк.
        – Ну, як вам, калега, спадабаліся паненкі?
        – Ну, што ж? Дзяўчаты як дзяўчаты. А вось што я не спадабаўся ім, дык гэта ясна.
        – Чаму вы так думаеце?
        – Тут і думаць няма чаго. Перш-наперш не сказаў кампліментаў і не ўмею казаць іх. Можа б, і прыдумаў, але не асмельваюся вымавіць, далей, не пахваліў нічога з іх работы, не заспяваў раманса і наогул нічога не патрапіў сказаць у тон.
        І ён не памыляўся. Як толькі настаўнікі сышлі з ганка, першая Саша сказала:
        – Ну і мяшок! Як для Цельшына, дык лепшага і не падбярэш.
        – Зусім неачэсаны: так і відаць, семінарыст, гатовы кашлянуць і зацягнуць: «Благаславі, душэ мая, Госпада», – аклікнулася Маня.
        Настаўнікі тым часам ішлі да бацюшкі. Дарогаю Саханюк паказваў, дзе хто жыве і чым хто выдацен. Вось у гэтым дворыку жыве фельчар Гарошка, удавец, сышоўся з адною паляшучкаю і сам апаляшучыўся. Сын яго, Максім, вучыўся ва ўсіх школах Пінска, але ні аднае не скончыў, а з апошняе, з духоўнага вучылішча, проста ўцёк. Цяпер ён сядзіць на бацькавай шыі. Уцёк жа ён з тае прычыны, што ў гэтых школах не вучаць нічому такому, што адпавядала б яго шырокай натуры, якая знайшла здавальненне ў гарэлцы, картах і іншых забаўках вясковага лабатраса. Цяпер ён бярэ курс на дзяка або на памочніка валаснога пісара. Але пакуль што гэта толькі добрыя намеры.
        Бацюшка, яшчэ малады, крыху хваравіты, нікуды не ходзіць, але любіць, калі да яго заходзяць. Матушка была раней настаўніцай, кабета вясёлая і добрая, вельмі любіць пагуляць у стукалку.
        Вось гэты дом з садам, першы ад царквы, і ёсць пасада бацюшкі.
        Так непрыметна настаўнікі дайшлі да веснічак бацюшкавага двара.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.