РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XIV
        
XIV

        
        Напярэдадні Міколы сабраўся Лабановіч да свайго сябра Турсевіча і пайшоў на раз'езд. Дзяжурыў якраз Сухавараў. Ён запэўніў настаўніка, што праз паўгадзіны прыйдзе таварны поезд, з якім і можна будзе паехаць. Сухавараў распытаўся, як здароўе панны Ядвісі, як жыве сам настаўнік, як часта бачыцца ён з паненкамі. І тут жа пахваліўся, як гэтымі днямі залучыў ён да сябе адну маладзіцу. Лабановіч прыпомніў сваё не вельмі даўнае спатканне на вуліцы з незнаёмай жанчынай, і яму стала непрыемна слухаць усю гэтую брудную споведзь.
        – Выбачайце, – спыніў яго Лабановіч, – нашто вы ўсё выкладаеце?
        – А хіба вы не любіце слухаць такія рэчы?
        – А што ж тут можа быць цікавага?
        – Чаму? – спытаў Сухавараў і зірнуў на настаўніка сваімі шэрымі памаўзлівымі вачамі з выяўным насмяханнем.
        Настаўнік у сваю чаргу паглядзеў яму ў вочы. Не падабаўся яму гэты твар самаздаволенага самца і гэтыя адвіслыя мокрыя губы з паднятымі ўгару чорнымі вусікамі.
        – Як вам сказаць?.. Гадасць усё гэта, і пахваляцца гэтым чалавеку інтэлігентнаму ніяк не прыстала.
        – Эх вы, сарамяжлівая дзяўчына, – прамовіў Сухавараў крыху зняважліва.
        Тым часам падыходзіў таварны поезд. Сухавараў і настаўнік выйшлі на платформу. Прыпыніўшы поезд, Сухавараў пасадзіў настаўніка ў цяплушку і развітаўся з ім. Лабановіч пачуў сябе лёгка, сядзеў і разважаў аб тым, як спаткае свайго сябра.
        Як толькі поезд прыйшоў на станцыю, Лабановіч борздзенька выскачыў з цяплушкі, на ўсякі выпадак забег на станцыю, бо магло стацца так, што яго сябар зайшоў туды. Але сябра там не было, і Лабановіч пайшоў да вёскі па чыгунцы.
        Вечар быў цёмны і ціхі. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. На станцыі шумеў паравоз, ціха і роўна, нібы баючыся парушыць спакой лесу. Абложанае бялявымі хмарамі неба, здавалася, ніжэй навісла над зямлёй, і пухаўныя сняжынкі спакойна падалі на гэты высокі лес і дарогу. Было штось незвычайна прыемнае ў руху белых і чысцюткіх пушынак, і так далікатна лажыліся яны на зямлю, на шапку настаўніка. Чулае вуха, здавалася, само прыслухоўвалася да іх ціхусенечкага шолаху, як бы хацела ўцяміць мілую гутарку.
        Лабановіч ішоў борзда. Яму было лёгка, проста хацелася бегчы, ганяцца за гэтымі белымі пушынкамі, нібы яны былі жывымі або ён сам быў яшчэ дзіця.
        З правага боку дарогі лес скончыўся. Лабановіч ішоў і ўзіраўся ў цемру, каб не прамінуць гасцінца, бо дзесь тут ён павінен перасекчы чыгунку. А во гэты шлях, вось гэтыя старыя бярозы-прысады! На гасцінцы, у вярсце ад чыгункі, стаяла хата казённага лесніка Лукаша. Там змяшчалася школа, дзе жыў і вучыў дзяцей Турсевіч.
        Лабановіч борзда прайшоў гэту вярсту, здалёк убачыўшы сіняваты блеск у акне свайго сябра. Каля самае кватэры ён прыпыніўся. Акно з боку вуліцы было завешана просценькаю занавескаю. Турсевіч хадзіў па пакоіку і меў такі выгляд, як бы ён сам сабе пераказваў лекцыю. Лабановіч ціхенька падышоў да аконца, пастукаў пальцам па шыбе і схаваўся.
        Турсевіч адхіліў занавесачку і, засланіўшыся рукамі ад лямпы, стаў узірацца. Нікога няма. Як толькі ён адышоўся, Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў.
        Турсевіч рашуча падышоў да акна і громка запытаў:
        – Хто там?
        Лабановіч не аклікаўся.
        – Што за чорт? – пачуў Лабановіч нібы сярдзіты голас сябра.
        Счакаўшы яшчэ з хвіліну, Лабановіч зноў пастукаў. Турсевіч сярдзіта сарваўся з месца і накіраваўся да дзвярэй. Лабановіч схаваўся за тоўстую бярозу. Турсевіч прыадчыніў дзверы, ледзь прасунуў галаву і стаў пазіраць. Нідзе нікога няма. Як толькі ён зачыніў дзверы і замкнуў іх на засаўку, Лабановіч – скок на ганак!
        – Хто? – запытаў Турсевіч, не адчыняючы дзвярэй.
        – Не скажу! – адказаў Лабановіч.
        – Ах ты, мядзведзь цельшынскі! – крыкнуў радасна Турсевіч. – Ну, ідзі, ідзі, брат... Ах ты, фрукт гэтакі! – весела прамовіў ён і расчыніў насцеж дзверы ў сваю кватэру, каб было відно госцю.
        Турсевіч крыху адышоўся ад дзвярэй і нарыхтаваўся спаткаць сябра, якому ён быў вельмі рад. Бойкія шэрыя вочы яго так і ўпіліся ў Лабановіча; з іх так і сыпаліся іскры смеху; разам з тым у іх адбівалася жывая мысль, нейкая станоўкасць і ўпартасць.
        Лабановіч прыпыніўся каля дзвярэй.
        Момант сябры азіралі адзін аднаго, а твары іх свяціліся вясёлым смехам.
        – Няхай не падзе на цябе цень бярозы, пад якою сядзеў грэк! – важна і ўзвышальна прамовіў Лабановіч.
        – Да не апынешся ты ў становішчы сабакі, які сядзіць на плоце! – адказаў гаспадар.
        Перакінуўшыся жартлівымі прывітаннямі, сябры абняліся і сардэчна пацалаваліся.
        Турсевіч прыйшоў у рух і ўзбуджэнне, трос сябра за плечы, громка смяяўся.
        – Ну і малайчына! Далібог, маладзец... Я, па праўдзе сказаць, і думаў, што ты павінен праведаць мяне... Ну, сядай!
        Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. У яго пакоі быў самы строгі парадак і чыстата. Уся кватэра яго складалася з аднае клятушкі, сялянскае хаты, але ён умеў надаць ёй нейкую прытульнасць. Прыводзячы ўсё ў парадак, Турсевіч увесь час вёў размову, закідаў сябра пытаннямі, хапаўся, гаварыў і за сябе і за сябра.
        – Ну, вось што, Лабуня! Зараз закамандую гаспадыні самавар. Будзем сядзець, будзем піць чай і гаварыць. Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Эх, што ж я? Стой, брат! – спыніў Турсевіч самога сябе. – Мы наўперад закусім. У мяне, брат, вельмі слаўнае сала ёсць... Ну, ведаеш, чула душа, што ты прыедзеш: быў на станцыі і сала купіў. Чакай жа, брат. У нас ёсць зусім іншая музыка!
        – Такія разумныя рэчы не кожнае вуха пачуе, – адказаў Лабановіч. – Адным словам, галава твая міністэрская!.. І дазволь мне, вялікі пустэльніча і мой настаўніча, сказаць колькі слоў на гэты выпадак?
        – Валяй!
        Лабановіч падняўся, састроіў важную міну і пачаў:
        
        
         Люблю я слухаць шум ад таркі -
         Дзяруць картофлю на бліны,
         У печы піск люблю ад скваркі -
         Прынадна пахнуць мне яны.
         Няхай злуе айцец духоўны,
         Няхай суліць мне пекла ён, -
         Люблю я больш, як звон царкоўны,
         Скаварады аб прыпек звон.
        

        
        – Ха-ха-ха! – зарагатаў Турсевіч. – Ах ты, багахульнік! Толькі ў Цельшыне і можна дадумацца да гэтага:
        
        
         Люблю я больш, як звон царкоўны,
         Скаварады аб прыпек звон!
        

        
        Лоўка, далібог, лоўка!.. Ну, я зараз!
        Турсевіч выбег у сенцы, а адтуль да гаспадыні з загадам прыгатаваць вячэру і зараз жа вярнуўся.
        – А ведаеш, Лабанок, – таемна прамовіў Турсевіч, панізіўшы голас, – можа б, ты выпіў чарку?
        – Мілы ты мой друг! Мала таго што галава твая міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, адным словам – кудзеснік! – натхнёна прамовіў Лабановіч. – Чаму ж не выпіў бы, як кажа мая бабка?
        – Дык, кажаш, добра было б выпіць? – спытаў з нейкаю сур'ёзнасцю Турсевіч.
        – А які ж дурань асмеліцца сказаць, што нядобра?
        – Дык няма ж, братка!
        Твар Лабановіча крыху выцягнуўся.
        – Ха-ха! – аж прысеў Турсевіч ад смеху, потым усхапіўся, не перастаючы смяяцца і паказваючы на сябра пальцам.
        – Абязвечыў ты мяне гэтым, – прамовіў Лабановіч, спаўшы з настрою.
        – На тое ж я кудзеснік, – не пераставаў смяяцца Турсевіч.
        Ён падышоў да шафіка, пакапаўся ў ім і важна выцягнуў адтуль паўбутэльку.
        – Не журыся, брат! – сказаў ён і патрос паўбутэлькай.
        Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры.
        – Што, можа, твая бабка патрапіць так зрабіць? – спытаў Турсевіч сябра, як толькі Лукашыха прынесла вячэру.
        – Затое ж мая бабка шаптаць умее.
        – Шаптаць-то яна ўмее, але капусты зварыць не патрапіць. Ведаю тваю бабку.
        Сябры селі за стол. Выпілі па чарцы.
        – Ну, закусвай, брат!
        Увесь час ішла самая вясёлая, самая жывая бяседа. Гаварыў, галоўным чынам, Турсевіч. У яго была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж.
        Турсевіча вельмі насмяшыла адно здарэнне на чыгунцы, і аб гэтым апавядаў ён цяпер Лабановічу.
        Справа датыкалася аднаго кантроля, вельмі адданага служакі. Захацелася яму злавіць аднаго старасту на чыгунцы. А стараста, трэба сказаць, быў жулік: прыпісваў лішніх рабочых, каб іх плату палажыць сабе ў кішэню. Налятае гэты кантроль. Старасты пры рабочых не было – дзесь у будцы сядзеў. Пералічыў кантроль рабочых і хацеў знячэўку на старасту наляцець, каб праверыць яго кніжку. Але выпадкова была тут дачка старасты. Дзяўчына пусцілася ў будку бацьку папярэдзіць, а каб кантроль не здагадаўся, яна бокам дарогі пабегла. Кантролю тут і цюкнула. Ён за дзяўчынаю! Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол, а за ёю, як ганчак за зайцам, кантроль чэша. І дабеглі яны да будкі, праве, адначасна.
        – Паказвай запісную кніжку! – загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. – Я аддам цябе пад суд!
        – Я на вас падам у суд, – спакойна адказаў стараста. – Бо вы ганяліся за маёю дачкою, хацелі яе згвалціць.
        Кантроль вырачыў вочы, як бы яго даўбешкаю агрэлі.
        – І пабачым, каму ад гэтага будзе болей нясмачна, – казаў усё так жа спакойна стараста. – Я дзесяць сведак пастаўлю, і кожны пацвердзіць, чаго вы за дзяўчынаю ганяліся.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.