РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У палескай глушы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXXI
        
XXXI

        
        Вербніца і Благавешчанне ў гэтым годзе прыпалі на адзін дзень. На свята павінен быў прыехаць з Малевіч а. Мадэст з дзякам Цішкевічам, бо ў гэты дзень цельшынцы па старому звычаю зносілі свае грахі папу, пасля чаго ўжо рабіліся як бы святыя. Праўда, у Цельшыне было многа такіх палешукоў, як, напрыклад, дзед Мікіта, да якіх святасць не падыходзіла ніякім чынам. І замест таго каб здаць старыя грахі, яны не толькі не здавалі іх, а набіраліся яшчэ новых.
        Звычайна а. Мадэст прыязджаў напярэдадні пад вечар. Так і сёння прыехаў ён досыць рана, калі яшчэ сонца не паспела схавацца за дубам, што стаяў збоку раз'езда. Счакаўшы з паўгадзіны, з каплічкі, што стаяла ў зараслі панурых і цёмных могілак, панёсся глухі звон, як бы гэта званілі ў які-небудзь шчарбаты чыгун. Тым не меней звон гэты, такі рэзкі і такі незвычайны для Цельшына, рабіў моцнае ўражанне. І кожны, хто чуў яго тут, так ці іначай аказваўся на гэты звон.
        – А што гэта? – пытаўся хто-небудзь з цельшынцаў. – Звоняць, ці што?
        – А мабуць, звоняць.
        І пасля гэтага вяліся тыя ці іншыя разважанні:
        – Ужо, мабуць, піп прыіхаў: штось забомкалі.
        – Спавядацісямем?
        – А мабуць, шчо так.
        Але палешукі не вельмі кідаліся да царквы, бо яны народ дбалы і дасціпны. Таму паляванне ўсміхалася панадна, у другога было асочана месца, дзе яшчэ шчупакі не скончылі нераставаць.
        І цельшынскі звон, як відаць, добра ведаў звычаі сваіх парафіян, бо не спяшаўся канчаць скліканне. Толькі праз гадзіну, калі ўжо на цвінтарыку збіралася досыць многа палешукоў і паляшучак, а з дворыка Міхалкі Кугая паказваўся а. Мадэст, які ішоў роўна, і дзяк Цішкевіч, у якім было ўсё-такі меней «благадаці», з прычыны чаго ён крыху заграбаў нагамі, – ужо тады звон пачынаў залівацца ямчэй, прыхватваючы для гэтага сваіх меншых тонкагалосых братоў.
        Каплічка адмыкалася. Каля дзвярэй звычайна стаяла колькі маладзіц з дзецьмі на руках. Яны не смелі самі ўвайсці ў капліцу, бо былі яшчэ «нячыстыя». Маладзіцы мелі розныя тэрміны: каму трэба было «ўводзіцца» каля Сёмухі, каму каля Пятра, каму на Каляды, а хто яшчэ і зусім не вытрымаў свой тэрмін. Але ў Цельшыне гэта не мела значэння. Айцец Мадэст стаўляў цэлы шэраг маладзіц у капліцы па абодва бакі дзвярэй, браў свой трэбнік і чытаў малітвы, а дзяк Цішкевіч спяваў, крыху пагойдваючыся на нагах. Але гэта не шкодзіла яму назіраць і за «благочинием» у капліцы, бо маладзіцы, былі здарэнні, часамі і штурхаліся або выпіраліся наперад.
        – «Еліцы во Хрысце»... – спяваў Цішкевіч, і тут ён заўважаў, што якая-небудзь маладзіца парушала парадак. Тады ён прыпыняў спяванне і навучальна казаў маладзіцы: – Не прыся ты, а стой спакойна, – і спяваў далей: – «Крэсці-ісь-це-сяяя!»
        А тут ізноў рабілася што-небудзь не так, як трэба ў царкве.
        – Ці чуеце вы, ці не, што я вам кажу? – ужо досыць строга пытаў маладзіц Цішкевіч і ссоўваў бровы. Направіўшы парадак, ён прадоўжваў спяваць: – «Во Хрыста аблекосцеся!»
        Пабачыўшы новы непарадак, Цішкевіч рашуча спыняў спевы і ўжо сярдзіта казаў:
        – Тфу! Што гэта за праціўная баба! Ці ты ёй кажы, ці не кажы – хоць кол на галаве чашы. – І не спускаючы з маладзіц свайго грознага погляду яшчэ колькі хвілін, Цішкевіч канчаў песню: – «Алілу-у-у-я!..»
        Айцец Мадэст нічым тут не выказваў свайго «я» і даваў Цішкевічу поўную магчымасць навучаць «паству», бо яны жылі вельмі згодна. І гэта была не навіна і не першыня, калі яны дома, у Малевічах, ішлі поруч, падтрымліваючы адзін другога, бо вельмі часта хварэлі на няўстойку ног. Ідучы дружнаю параю, часамі прыпыняліся на вуліцы і рабілі кароткую параду, куды зайсці? Яны падымалі галовы, пакладаючыся ўжо тут на свае вочы. І калі перад вачамі стаяла школа, яны і накіроўваліся туды. Узышоўшы на ганак школы, зноў прыпыняліся, і тут часамі бывала між імі невялікая спрэчка, бо, як праўдзівыя хрысціяне, яны ўступалі першае месца адзін другому. А з тае прычыны, што перад Богам усе роўныя, яны ўваходзілі разам, адначасна.
        Айцец Мадэст садзіўся першы на крэсла і казаў Цішкевічу:
        – Садзіся, дзяча, школа царкоўная і крэслы царкоўныя.
        Тут ён вымаў з-за пазухі расы бутэльку, сам цягнуў і дзяку даваў пацягнуць. Настаўніца не ведала, як трымаць сябе з гасцямі. Але госці былі непатрабоўныя, частаваліся сваёю гарэлкаю і закусвалі сваімі языкамі. Яны трохі спачывалі, спявалі «Хрыстос уваскрос» і спакойна выходзілі.
        Увёўшы маладзіц і крыху панасіўшы іх дзяцей, а. Мадэст прыступаў да споведзі. Палешукі, збыўшы гэты клопат, зараз жа выходзілі з капліцы і ішлі дамоў. Назаўтра зранку таксама ішла споведзь, а потым ужо служылася абедніца, набажэнства, спецыяльна створанае для палешукоў, бо звычайна іх доўга ў царкве не затрымлівалі. Невялічкая каплічка, якая магла ўмясціць якую-небудзь шостую частку цельшынцаў, была напалавіну пустая, і толькі тады, калі пачыналася прычашчэнне, у ёй рабілася цесна, бо кожнаму хацелася хутчэй узяць прычасце. І тут ужо без канфліктаў ніколі не абыходзілася.
        – Што ты мне на ногі ўзлез? – злосна глядзеў Трахім Буч на Рыгора Качана. – Прэцца, бы тая свіння, – усё яшчэ ў злосці казаў Буч.
        Качан пазіраў на Буча, як бы разважаючы, што адказаць яму на гэта. Ён успамінаў, што яны ідуць да прычасця і што не павінны мець гневу ў сваім сэрцы, і, з дакорам ківаючы галавою, казаў, а ў голасе яго чулася скруха:
        – Саладушнік ты, шчоб ты захлынуўся! Ідзеш да святога прычасця, а лаешся, як сабака, як бы ты не ў царкве, а ў карчме ў Абрама!
        Напамін аб хрысціянскай пакорлівасці, зроблены Качаном, меў значэнне і сілу, бо Буч нічога не адказваў і глядзеў перад сабою. А там, каля бацюшкі з чашкаю, таксама мітусіўся народ.
        – Чаго ты пхаесся? – аглядаецца на суседа паляшук.
        – А ты сам куды пражэсса? – адказвае сусед, па мянушцы Швайка, і займае першае месца, а другі сусед, злосны, становіцца за ім, бо сварыцца ўжо няма калі, і Швайка стаіць з разяўленым ротам.
        Айцец Мадэст лыжачкаю бярэ з чашы:
        – Прычашчаецца раб божы... Імя?
        – Габрусь! – адказвае Швайка.
        Угневаны ім сусед дадае:
        – Дый яшчэ Швайка!
        Швайка зачыняе рот, адварочваецца да суседа:
        – Дый яшчэ чорт таўстаносы!
        Потым ён зноў разяўляе рот, павярнуўшыся да чашы.
        Айцу Мадэсту таксама не церпіцца, хоць у справы сваіх парафіян ён не мяшаецца. Але калі заўважае што, то выкідае ўсё гэта на вока.
        Дзед Мікіта толькі што вярнуўся з рыбы. Відаць, ён спяшаўся, каб не апазніцца на прычасце, бо моцна засопся і яшчэ ў капліцы зрабіў колькі шпаркіх крокаў, якімі ён ішоў з балота. Ён адапхнуў колькі кабет і стаў наперадзе. І вось, калі дайшла да яго чарга, а. Мадэст, зірнуўшы на ногі дзеда Мікіты, заўважыў, што яны па самы пояс былі мокрыя, а лапці плюхцелі.
        – Ты чаму ж гэта мокры прыйшоў сюды? – спытаў яго а. Мадэст.
        – Замачыўся, то і мокры, – адказаў дзед Мікіта, крыху адвярнуўшы ад бацюшкі лысую маршчыністую галаву.
        – Дзе ж гэта замачыўся?
        – На балоце, дзе ж?
        – А чаму ж ты на абедніцы не быў?
        Дзед Мікіта маўчыць.
        – Я табе прычасця не дам, – накінуўся на яго бацюшка. – Не мог ты паўгадзіны ў царкве пабыць, памаліцца? Дык ты скарэй на балота, да чарцей пабег, а цяпер, аблюманы і абрынданы, прычашчацца прыпёр? Не буду прычашчаць! – прамовіў а. Мадэст і павярнуўся з чашаю ўбок.
        – Го! – сказаў дзед Мікіта. – Не будзе прычашчаць!.. То і не трэба! Настрашыш ты мяне!
        Дзед Мікіта, ні на кога не пазіраючы, ідзе вон з капліцы. Айцец Мадэст колькі хвілін стаіць з чашаю і глядзіць услед дзеду... Ён яшчэ думае, што дзед вернецца і папросіцца ў яго. Але дзед Мікіта, той самы дзед, што з жарнавікамі танцаваў, падыходзіць ужо да дзвярэй.
        – Гэй! Як цябе там? Вярніся! Чуеш? – гукае а. Мадэст.
        Дзед спыняецца, паварочвае галаву да бацюшкі і кажа:
        – Не хачу!
        – Вярніся ты! – крычыць а. Мадэст. – Табе ўжо і слова нельга сказаць.
        Мікіта адпускаецца і, хлюпаючы лапцямі, зноў ідзе да амбона.
        Айцец Мадэст прычашчае яго. Дзед бярэ кусочак прасфары, кладзе ў рот і хоча ісці.
        – Ці злавіў жа хоць рыбы? – пытае а. Мадэст.
        Дзед зусім адпускаецца, глытае прасфару і адказвае ўжо лагодна:
        – Дзе там у чорта? Няма! – працягвае ён апошняе слова, махае рукою і выходзіць.
        Святая служба канчаецца. Цішкевіч бубніць апошнія малітвы, а. Мадэст скідае рызы. Малітвы скончаны, кніга загорнута.
        Айцец Мадэст падыходзіць да Цішкевіча, яны перакідваюцца колькімі словамі і выходзяць.
        На цвінтарыку духавенства прыпыняецца, знаёміцца з цельшынскім настаўнікам.
        – А вашы вучні добра чытаюць. Учора даў газету вашаму вучню, Рылку; такі маленькі, а як разбірае! Права слова! – гаворыць а. Мадэст.
        Цішкевіч панура слухае, потым падымае вочы на бацюшку.
        – Э, бацька! Ці ты яго хвалі, ці не хвалі, а на чай нас усё роўна не пакліча!
        – Цёмны тут у вас народ! – гаворыць на развітанне а. Мадэст і паволі з Цішкевічам ідзе да Міхалкі Кугая.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.