РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
II
        
II

        
        Многа падзей адбылося за апошнія часы. Калі дзед Талаш успамінае аб іх, то яны здаюцца яму нейкім недарэчным вычварным сном. Вайна, рэвалюцыя, зноў вайна. Навошта яно ўсё гэта? Чаго не падзеляць людзі? Завіхрылася жыццё і бурліць, як чорны вір. Калі ж будзе той спакой? Што будзе далей? Дзед Талаш чутка прыслухоўваецца да шуму лесу, да ўсхліпвання ў чаротах неспакойных хваль шырокай Прыпяці. Ён востра ўглядаецца ў далечы маўклівых балот. Яны тояць штось невядомае, вострае і цікавае.
        I сяло таксама прыціхла. Момант сапраўды напружаны і цікавы. Перш за ўсё няма ніякай улады. Ад гэтага трохі неяк і страшна. Яшчэ ўчора стаяла тут чырвонае войска. Нават у дзедавай хаце кватараваў начальнік чырвоных, камандзір батальёна, чым дужа ганарыўся дзед Талаш. I цікавы быў чалавек гэты камандзір – гаваркі, просты...
        "Рабочы і селянін, вось, – кажа, – хто павінен кіраваць сваім жыццём і быць поўным гаспадаром свае дзяржавы. Паны, купцы, папы і розныя багацеі – гэта ўсё нашы ворагі".
        Але чырвонае войска падалося кудысь назад: кажуць, палякі насядаюць, і яны цяпер тут дзесь недалёка.
        Дзеду Талашу не сядзіцца ў хаце, але і ад хаты адрывацца не выпадае, тым болей, што і бабкаНаста працівіцца гэтаму, не пускае дзеда ні ў лес, ні на Прыпяць: ці мала што можа здарыцца ў такі небяспечны, няпэўны час! Але дзе Талаш усё ж такі выходзіць з хаты. У лес ён не пойдзе, вось толькі сходзіць на сяло ды паслухае, што гавораць людзі, ці не дачуецца чаго-небудзь новага. Па самай сярэдзіне сяла раскінулася невялікая, але даволі ўзнятая і трохі акругленая плошча. Упоперак плошчы праходзіць яшчэ адна вулачка, крыху карацейшая, што надае сялу форму крыжа, а на перасеку вуліц стаіць і сапраўдны крыж, высока падняўшы сваю верхавіну над саламянымі стрэхамі хат. Сюды і сходзяцца людзі, каб пагутарыць аб сваіх справах ці проста каб правесці вольную хвіліну.
        Дзеду Талашу кідаюцца ў вочы дзве чалавечыя постаці: адна – Васіль Бусыга і другая – сын пана Крулеўскага, таго самага пана, у бацькі якога служыў калісь дзед Талаш за пастуха. Малады Крулеўскі адзет у вайсковую форму царскага афіцэра. Вось толькі шапак такіх не насілі царскія афіцэры: па шапцы яго можна прыняць за афіцэра чужога войска. У галаве дзеда Талаша прамільгнула некалькі думак: адкуль з'явіўся гэты фацэт? На некаторы час ён быў дзесь знік – не відаць было яго. А шапка яго сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Васіль Бусыга быў кандыдат у валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Па іх тварах бачыць дзед Талаш, што яны дужа здаволены паваротам справы. Дзеду Талашу хочацца ведаць, аб чым гавораць з такім захапленнем, што і не заўважаюць яго. Дзед Талаш прыпыняе тэмп свае хады, прымае від чалавека ў глыбокай задумлёнасці, апускае ўніз вочы, і павольна ідзе сваёю дарогаю, і слухае, аб чым гаворыць пан Крулеўскі з Васілём Бусыгам. Да дзедавых вушэй далятаюць асобныя словы і часткі сказаў, але і па іх можна дагадацца, аб чым ідзе гутарка.
        – Барбары, пся крэў!
        – Ды ўжо такія абармоты!.. Парадак можа будзе.
        – Натуральна жэч... То ест, пане, Эўропа, культура!..
        Калі дзед Талаш падыходзіў ужо да іх, то яны раптам змоўклі. Дзед зрабіў выгляд, што вельмі здзіўлены гэтым "раптоўным" спатканнем і нават спалохаўся. Хапіўшыся за шапку, пакланіўся і сказаў дзень добры. Пан Крулеўскі не мог захаваць свайго добрага гумору і жартам запытаў дзеда Талаша:
        – Чый ты цяпер падданы?
        – А нічый! – адказаў дзед Талаш.
        – Ну, то праз тры гадзіны ты будзеш польскім падданым.
        – Польскім?! – здзівіўся дзед, нібыта нічога не разумеючы.
        З таго канца вуліцы, адкуль ішоў дзед Талаш, бяжыць ва ўвесь дух падлетак гадоў шаснаццаці. Гэта Панас, меншы дзедаў сын. Ад шпаркай беганкі Панас моцна засопся.
        – Бацька! – крычыць яшчэ здалёк Панас, – паляк забірае наша сена!
        Голас і словы і сам выгляд Панасаў балюча кальнулі дзеда Талаша. Ён дзіка азірнуўся і крута павярнуў назад, забыўшы ў гэты момант і Васіля Бусыгу, і пана Крулеўскага, і іх гутарку. Шпаркімі крокамі, а дзе і подбегам накіраваўся дзед на сваю сядзібу. Старшы дзедаў сын Максім, нахмураны і сур'ёзны, панура пацвердзіў Панасавы словы, хоць і патрэбы ў гэтым і не было: дзедаў стажок, вазоў на пяць, стаяў непадалёку ад сядзібы ўскрай балота, ад якога адыходзіла густая бародка нізкарослага хмызу, і быў добра відаць. Каля стажка стаялі дзве запрэжаныя ў сані параконныя фурманкі, а каля іх варушыліся два польскія жалнеры. Трэці сядзеў на стажку і скідаў зверху сена. Добрая чвэрць стажка ўжо была разабрана. Бабка Наста, накінуўшы чырвоны кажушок, стаяла на двары, ламала рукі і галасіла: чым жа цяпер карміць худобу?
        Нічога не кажучы, засунуў дзед Талаш за пояс сякеру - у дзеда быў звычай браць сякеру, адлучаючыся з дому, – і пайшоў да свайго стажка, дзе гаспадарылі польскія жалнеры. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны.
        – Не заводзься з імі! – перасцерагла дзеда бабка Наста, – а то яшчэ заб'юць або заарыштуюць.
        Яна засталася на двары і са страхам пазірала, што будзе далей. Як толькі дзед Талаш падышоў да стажка, бабка Наста зноў залямантавала на ўвесь двор па стажку, як па нябожчыку. Лямант яе голасна даносіўся да балота, дзе стаяў дзедаў стажок, а таксама расплываўся і па вуліцы, парушаючы яе трывожны спакой. Людзі выходзілі на вуліцу, і весць аб паляках зараз жа абляцела сяло.
        Падышоў дзед Талаш да стажка, нізка пакланіўся жалнерам, зняў шапку. Але жалнеры не звярнулі на яго ўвагі і не адказалі на дзедава прывітанне. Адзін жалнер сядзеў на санях і таптаў сена, другі падаваў яго бярэмамі, а трэці разбіраў стажок.
        – Паночкі, што вы робіце? – палахліва загаварыў дзед Талаш, – нашто забіраеце сена?.. Апошняе сена!.. Чым жа я худобу карміцьму?
        – Ідзь до д'ябла! – азваўся з саней жалнер.
        А другі, што сядзеў на стажку, сумыслу кінуў на дзеда жмак сена і так спрытна, што ссунуў на патыліцу дзедаву шапку, што вельмі пацешыла жалнераў, выклікала іх рогат.
        Дзед Талаш моўчкі знёс гэту абразу і крыўду.
        Больш таго, ён схапіў рукамі за шынель жалнера, што падаваў сена, і стаў перад ім на калені.
        – Паночкі! Не бярыце апошняга сена! У людзей ёсць у запасе, а гэта мой апошні стажок...
        – Ідзь до д'ябла, стары пёс! – ускіпеў жалнер і штурхануў дзеда ў грудзі.
        Са спрытам маладога дзецюка ўсхапіўся з каленяў дзед Талаш. Вочы яго заіскрыліся страшнаю злосцю.
        – Сабака! – грымнуў ён голасам, поўным нянавісці і помсты.
        Сякера, як маланка, узвілася ў дзедавых руках, бліснуўшы ўгары халодным, вострым лязом. Жалнер, на якога замахнуўся дзед, пабялеў як палатно і падаўся крута ўбок, каб ухіліцца ад сякеры.
        – Апамятайся, бацька! – падскочыў да дзеда Максім і схаліў бацьку за рукі.
        Збянтэжаныя жалнеры замерлі на момант. Яны ніяк не чакалі такога рэзкага пераходу ў паводзінах дзеда.
        – Бяры яго! Вяжы праклятага азіята! – першым апамятаўся жалнер з саней і саскочыў на дол.
        Накінуліся жалнеры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуў сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жалнеры паадляталі ад яго, як шчэпкі. А адзін паляцеў потырч носам у снег.
        – О, шатан стары! – прамовіў толькі ён, падымаючы сваю канфедэратку.
        Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Цяпер толькі ўспомнілі палякі, што яны жалнеры, што ў іх ёсць наганы. Выпалілі некалькі разоў у той бок, дзе знік дзед Талаш.
        Пачаў збягацца народ. Першымі дабеглі Васіль Бусыга і пан Крулеўскі.
        – Вар'ят, вар'ят! – спачуваў палякам Бусыга.
        – Бальшавік! – заключыў пан Крулеўскі.
        Забралі палякі дзедаў стажок, а рэштку сена прымусілі Максіма павезці на сваёй фурманцы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.