РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
Родныя вобразы / Я. Колас. «Дрыгва»
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XII
        
XII

        
        Пажылы, друзлы сівавусы палкоўнік сядзеў у штабе польскай дывізіі, схіліўшыся над ваеннай тапаграфічнай картаю Палескага раёна. Ён ставіў баявую задачу дывізіі і рыхтаваў ёй загад у сувязі з надыходзячай ваеннай кампаніяй супраць Чырвонай Арміі пасля зімняга перапынку. Палкоўнік пан Дэмбіцкі, даўшы волю і разгон сваёй стратэгічнай творчасці, старанна адзначаў на карце пункты важнейшых участкаў ваеннага ўдару, які, па меркаванню стратэга, павінен быў скрышыць супраціўленне Чырвонай Арміі, забываючы на тое, што ў часе бою абстаноўка мяняецца і што вынікі яго залежаць ад тысячы дробязей, якіх ніякі штаб не можа прадбачыць. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы, а бралі ініцыятыву людзі таленавітыя з рабочага асяроддзя, непасрэдна высунутыя рэвалюцыяй і ваенным часам. Тым не меней палкоўнік пан Дэмбіцкі рупліва размяшчаў на абраных участках тыя ці іншыя вайсковыя часці, прызначаючы ім розныя ролі. Але пан палкоўнік не мог цалкам аддацца сваім стратэгічным практыкаванням і выверыцьсвой планхоцьна ваеннай карце. Ужо некалькі разоў яго ўвагу перабіваў тэлефон. З розных пунктаў размяшчэння дывізіі паведамлялі яго аб варожым руху мясцовага насельніцтва, накіраванага супраць польскага войска. Пан палкоўнік злаваўся, што яго адрываюць ад важнай работы, і рэкамендаваў зварачацца да паліцыі і жандараў і прасіў, каб не турбавалі яго такімі глупствамі. Але калі яму далажылі аб раззбраенні польскага ваеннага канвоя натоўпам бяззбройных палешукоў, то пан палкоўнік падскочыў на крэсле, як бы яго кальнулі знізу шавецкім шылам.
        – Цо? цо? цо? – зацокаў ён разоў тры і аж затросся і пачырванеў увесь.
        Яго абурэнню не было канца – такая абраза, такі сорам прычынен быў польскаму войску ў асобе канвойнікаў, вёўшых няшчасных хлопаў. Пан палкоўнік аддаў строгі загад прыняць рашучыя меры аж да расстрэлу і канфіскацыі маёмасці за ўсякія "бандыцкія" замашкі, накіраваныя супраць славутага польскага войска, а канвойнікаў, даўшых сябе абяззброіць, судзіць ваенным судом.
        Гэты загад быў далёка не на руку Мартыну Рылю, які падыходзіў да свае вёскі, і ўсім яго таварышам, арудаваўшым пад камандаю бывалага салдата Балука з-пад Цернішч.
        Ужо надвечар таго дня, калі дзед Талаш спаткаўся з Мартынам Рылем каля тоўстага дуба, людзі з вёскі Вепры заўважылі адзнакі нейкай нядобрай праявы. Ваенны час, поўны неспакою і неспадзевак, прымушаў іх трымаць вуха востра і спасцярожліва. Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Напэўна, гэта была іх нейкая разведка, судзячы па тым, як яны туляліся, каб не быць заметнымі. Вепраўцы ўжо мелі выпадак бачыць на вуліцы і ў сваіх хатах польскае войска. Але палякі толькі паначавалі ў вёсцы, а назаўтра, забраўшы сякі-такі скарб, харчы для сябе і фураж для коней, яны падаліся кудысь у іншае месца. Дні праз тры пасля гэтага прыехалі жандары і забралі Мартына Рыля. Трое вепраўцаў: Мікіта Самок, Кузьма Ладыга і Кандрат Бус, спачуваўшыя бальшавікам і выступаўшыя за Савецкую ўладу, збеглі са сваіх хат і прыходзілі дамоў на кароткі час, рызыкуючы папасціся ў рукі польскай паліцыі ці контрразведкі. Вось чаму, калі прыйшла чутка аб паяўленні польскіх легіянераў, людзі затрывожыліся і спадзяваліся нейкага новага ліха. Але ноч прайшла спакойна, а раніца новага дня прынесла з сабою болей смелы настрой і ўпэўненасць, что нічога страшнага не здарыцца. I наогул удзень чалавек адчувае сябе болей смела. А палякі якраз раніцаю падкраліся незаметна, незаметна расставілі салдат вакол вёскі, пераняўшы ўсе дарогі, і толькі тады заўважылі іх вепраўцы, калі цэлы табар польскай конніцы галопам прамчаўся па вуліцы. Спачатку людзі не ведалі, чаго наехалі палякі. Сапраўдны страх пачаўся тады, калі палякі, разбіўшыся на некалькі груп, уварваліся ў двары. Мартынаў двор быў заняты ў першую чаргу. Два легіянеры, саскочыўшы з коней, рынуліся ў Мартынаву хату. Некалькі чалавек кінуліся ў клуню.
        – Дзе арыштант? – загрымеў легіянер, пераступіўшы парог Мартынавай хаты.
        Мартынава жонка млела ад страху і шырока раскрытымі вачыма пазірала на легіянера.
        Не дачакаўшыся адказу, легіянеры пачалі варочаць, трыбушыць штыкамі падушкі і дзяругі. Яны ўчынілі сапраўдны пагром, усё кідаючы на зямлю, разбівалі прыкладамі гаршкі і міскі.
        Трое малых дзяцей, насмерць перапалоханых, кінуліся да маткі, падняўшы немы крык і трасучыся ад страху. Старэнькі дзядок Мікола, Мартынаў бацька, нічога не разумеючы, жахліва ціснуўся да сцяны і маўчаў, пазіраючы на дзікае буйства азвярэлых вар'ятаў.
        – Дзе арыштант? – крыкнуў на дзеда легіянер. Тады дзед Мікола сказаў:
        – Вы ж забралі яго, шчоб вас боль забраў!
        – Смярдзюк стары! – агнём злосці запаліўся легіянер і сунуў кулаком у зубы старому Міколу. Дзед стукнуўся патыліцай аб сцяну, а з зубоў і носа палілася кроў. Анямеў дзед Мікола, стаіць аглушаны і моўчкі выцірае далонню акрываўленыя губы і размазвае кроў па твары і па рэдзенькай сівай бародцы, звісаўшай, як мох на старым дрэве, на расхлістаныя загрубелыя ад старасці і холаду грудзі.
        – О, пся крэў! – крычаў легіянер. – Мы пакажам, цо ест пожондэк і повага до польскего жолнежа.
        Разграмілі Мартынаву хату, павыбівалі вокны і вывіхрыліся на двор.
        Тое самае чынілася на дварах і ў хатах сялян, папаўшых у няласку і на падазрэнне паліцыі і польскай ваеншчыны.
        Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі, каб драпануць адтуль у лес. Ногі ў яго лёгкія, сам ён чалавек гадоў пад трыццаць – што яму значыць прабегчы з вярсту да лесу. Палякі ўязджалі ўжо ў двор, калі ён выбег з задворкаў на адкрытае поле. Выбіраючы лагчынкі, туляючыся каля хмызу, бег Кандрат, прыгнуўшыся, колькі было змогі. Ён завальваўся ў глыбокі снег, ногі яго вязлі, снег путаў іх і замінаў шпаркаму руху наперад.
        Конны польскі легіянер згледзеў з двара, як у лес шыбуе чалавек. Жалнер быў выдатны наезнік, і конь пад ім быў лёгкі і быстры. Дух паляўнічага і інстынкт ганчака абудзіўся ў конніку. Махнуў ён з канём на задворкі і праз расчыненыя веснічкі вылецеў у поле следам за Кандратам.
        Ад лесу ўлева напярэймы ўцекачу выбег польскі салдат. Убачыўшы верхавога, салдат запыніўся: верхавы махнуў яму шабляй, даў знак спыніцца – злавіць збега ён браўся сам.
        Азірнуўся Кандрат і ўвесь закалаціўся ад смяртэльнага страху. Адна мысль пранізала яго мазгі: прапаў! З гарачкі і безразважна бег ён напрасткі ў лес. А лес быў ужо недалёка. Лес – яго збавенне. У лесе яго не зловяць. Але адлегласць паміж ім і коннікам змяншалася з кожным момантам. Кандрат выбіваўся з сіл. Ад цяжкага і шпаркага бегу ён упарыўся, з ілба каціліся буйныя кроплі поту. Сэрца стукала моцна і гатова было разарвацца. Ногі і рукі дрыжалі, а горла сціскалі сухія спазмы. Коннік наганяў Кандрата і ўжо трымаў напагатове шаблю. Яму проста хацелася папрабаваць лоўкасць і сілу свайго ўдару. Але ў рашучы момант конь пад ім недалужна згайдануўся, нырнуў і заваліўся пярэднімі нагамі ў яму, прысыпаную снегам, і завіс на ёй, моцна прыціснуўшы конніку правую нагу і кінуўшы яго бокам у халодны сыпучы снежны пясок. Рука з паднятаю шабляю закапалася ў снег. Ні конь, ні коннік без дапамогі не маглі вырвацца з гэтай пасткі. Кандрату заставалася некалькі дзесяткаў сажняў, каб дабегчы да лесу. Група польскіх салдат, чалавек пяць, выбеглі з лесу і глядзелі на пагоню чалавека на кані за чалавекам без каня. I калі чалавек з канём упаў, а першы чалавек гатовы быў шмыгнуць у лес, яны кінуліся былі бегчы на дапамогу конніку, але запыніліся, ускінулі карабіны да пляча. Грымнулі стрэлы, і Кандрат Бус зваліўся ў снег ды так і застаўся там ляжаць, як загнаны і застрэлены звер. Пасля гэтага салдаты зноў пусціліся бегы ратаваць конніка. Але тут здарыласянечаканая замінка: з лесу таксама пачуўся стрэл, і адзін польскі салдат выпусціў карабін і прысеў на снег, схапіўшыся за нагу. Чацвёра другіх прыйшлі ў замяшанне і спыніліся. Пачуўся другі стрэл, і куля змяіным віскам праляцела над самаю галавою аднаго з салдат. Палякі залеглі ў снезе і сталі адстрэльвацца ад невядомага ворага, падаючыся назад і шукаючы прыкрыцця.
        Перастрэлка ўстрывожыла палякаў у вёсцы. Адтуль выслалі раз'езд у абход фланга нябачнага ворага. А гэты вораг паслаў яшчэ два стрэлы і адным з іх прабіў галаву залёгшаму ў снезе польскаму салдату, і болей стрэлаў з лесу не было.
        Падаспеўшыя з вёскі палякі выцягнулі з ямы каня. У конніка была вывіхнута нага і адмарожана рука. Падабралі забітага легіянера і раненага ў нагу. А Кандрат Бус ляжаў адзін у халодным снезе. А ўрэшце яму цяпер было ўсё роўна. Нават калі ў вёсцы Вепры гарэла некалькі двароў, у тым ліку і двор Кандрата Буса, то ён ляжаў нерухліва з застылым спакойным тварам.
        Так аднаўлялі польскія ваякі гонар і славу польскай арміі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.