РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXXIV
        
XXXIV

        
        Некаторы час на партызанскім фронце было зацішша. Аб партызанскіх выступленнях не было ніякіх чутак. Самі палякі і іх прыхільнікі: фальваркоўцы, розныя арандатары і заможнае сялянства – радаваліся і цешыліся, іпто партызаншчына ў сувязі з пераможным белапольскім наступам скончылася, што польская ўлада зліквідавала яе. Але раз уночы, у другой палавіне красавіка, у разгар белапольскага наступу і трыумфавання паноў, раптам начное цёмнае неба афарбавалася чырвоным грозным бляскам. Крывавая чырвань агністымі снапамі раскідалася па небе. Крывава-агністыя снапы і нерухомыя бледна-ружовыя слупы свідравалі начную цемру, зацятую ў сваёй занямелай цішыні, разрывалі і злавесна асвятлялі яе грозным сваім бляскам.
        Было штось страшнае ў гэтых пералівах чырвані і ў яе фантастычным палыханні ў глыбінях агорнутага мрокам неба. Ноч разам пасвятлела, мрок рассунуўся, стала светла, як надосвіці перад усходам сонца. З парадзелай цемры выступалі няясныя абрысы лясоў, раскінутых на далёкім небасхіле, будынкі з панурымі спушчанымі к долу стрэхамі і высокія постаці адзінокіх дрэваў каля будынкаў. Устрывожаныя гэтым незвычайным з'явішчам сабакі заліваліся неспакойным брэхам і жудасна вылі, як бы прадчуваючы нейкую бяду і няшчасце.
        Людзі прачыналіся, пазіралі ў вокны і, уражаныя чырванавата-ружовым колерам, разлітым па дварах і па стрэхах будынкаў, выбягалі на двор і ў страху глядзелі на гэта грознае палыханне пажару і недаўменна пыталі саміх сябе: што гэта гарыць? Ды стараліся адгадаць, дзе гуляе страшны бляск пажару, хто гарыць і з якой прычыны, і трывожнае пачуццё непакою і страху западала ў іх сэрца. А там, дзе людзі жылі ў блізкім суседстве з пажарам, дзе выразна чуўся шум агнявога патоку і ясна віднеўся ўзлёт к небу языкоў полымя і цэлай мяцеліцы іскраў у хвастах чорнага і сівага дыму, там было яшчэ страшней і жудасней. I людзі там не гадалі, дзе гарыць і што, а проста казалі: гарыць маёнтак такога-та пана.
        Ціха спачывае ў глыбокім сне маёнтак пана Длугошыца, той самы маёнтак, дзе зімою было так шумна і весела, дзе грымела ваенная музыка і весялілася шляхта разам з шыкарным афіцэрствам. Старасвецкі панскі палац, старое гняздо радавітай польскай фаміліі, утуліўшы ў полаг цемры сваю вежу, панура вырысоўваецца на фоне цёмнага неба. Стайні, стадолы, свірны і клуні зліваюцца з мрокам і яшчэ, здаецца, ніжэй туляцца да зямлі.
        Ціха ў маёнтку пана Длугошыца, але ў гэтай цішыні, у цёмных закутках двара туляюцца невядомыя прышлыя людзі са стрэльбамі і гранатамі. Ціха, без шуму, шчыльна трымаючыся будынкаў, робяць яны патаемную работу. Там і сям успыхваюць маленькія агеньчыкі. Чуецца ўмоўлены свіст. Свіст паўтараецца ў розвых канцах двара. Невядомыя прышлыя людзі выходзяць з двара і полем накіроўваюцца ў лес. У маёнтку ў розных мясцінах выбухаюць агні, падымаюцца ўгору, шугаюць з болыпаю і большаю сілаю, асвятляюць двор, сад і крывавым водбліскам кладуцца на мураваныя сцены высокага палаца. Невялікая група цёмных сілуэтаў шпарка падаецца ў лес. Хаваўшы іх полаг цемры расступаецца ўсё болей і болей, і хутка ўсё поле, залітае бляскам пажару, вынырае з мроку і паказвае групу людзей – чалавек сем. Яны ўжо каля самага лесу, а калі ўвайшлі ў лес, прыпыніліся і паглядзелі на маёнтак пана Длугошыца. Бушуе агонь, кідае цэлыя патокі полымя высока ў паветра.
        – Ну, хлопцы, работа зроблена на заказ! – гаворыць адзін і смяецца. На яго выскаленых зубах, на твары і ў вачах адбіваюцца водбліскі пажару, робяць яго страшным і бязлітасным.
        – Пойдзем! – адзываецца другі.
        – Ідзіце, хлопцы, не чакайце мяне, – гаворыць першы, – а я пастаю тут трохі, пацешуся.
        Шэсць чалавек ныраюць у лес і зараз жа знікаюць з вачэй, а ён, спец па часці падпалаў, Цімох Будзік, астаецца адзін, туліцца на ўскрайку лесу і глядзіць, як бушуе агонь. Але гэта пазіцыя яго не задавольвае. Ён аглядаецца, выбірае лепшы пункт для назірання пажару. Яго вочы запыняюцца на пышнай фігуры магутнага дуба. Ідзе к дубу, закідае ямчэй за плечы стрэльбу і лезе на дуб. Залез да палавіны волата дуба. Становіцца на тоўсты развілісты сук, спіною ўпіраецца ў шурпаты ствол дуба. Вось гэта пазіцыя!
        Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору, выкідаючы агромністыя слупы бліскучага знізу і цёмнага ўверсе дыму. Цімох не зводзіць вачэй з гэтага дзікага шалу агню, пажыраўшага будынкі і знішчаўшага здабыткі людской працы. Буйства пажару знаходзіла жывое водгулле ў Цімохавай душы, пазнаваўшай цяпер вышэйшы экстаз радасці з поваду разбурэння гэтага змяінага гнязда яго адвечных класавых ворагаў. У меру таго як шугала полымя, абвіваючы і ліжучы сваімі пякучымі языкамі суседнія дрэвы і будынкі, вырываючы са стрэх і выкідваючы высока ў неба агромныя жмуты струхлелай саломы і мільёнаў іскраў, расло і Цімохава захапленне. З яго твару, афарбаванага баграю агнёў, не сходзіць усмешка, зларадная, помслівая ўсмешка чалавека, стаўшага вышэй гэтых людскіх законаў. Але па яго твары прабягае часамі і заклапочанасць і зніжае паўнату яго трыумфу. Цімох трывожна пераводзіць вочы на панскі горды палац. Заліты бляскам пажару, ён робіць уражанне, нібы ён у агні, але вецер адхіляе полымя ў другі бок, і палац застаецца някранутым агнём, стаіць, высока ўзнёсшы сваю вежу, і пазірае грозна і зняважліва на гэты шалёны вір агню. Няўжо Цімох схібіў, даў маху ў падпале гэтага ненавіснага панскага ідала? Цімох углядаецца, пазірае пільней, на момант як бы замірае. З яго твару сходзіць турботная заклапочанасць, проблескі дзікай радасці праменяцца ў яго цёмных бліскучых вачах: з высокай вежы палаца, як з гіганцкага коміна, паплыў борзда ўгору белаваты дым, штораз гусцейшы і болей цёмны. Успыхнулі агеньчыкі ў вокнах палаца. Агні залатымі расцёкамі пабеглі, паплылі, як жвавыя бліскучыя струменьчыкі, угору. Бухнула ў вокны густое і напорыстае полымя. Не, Цімох не схібіў! Цімох зрабіў сваю справу, аб якой так многа думаў у розныя моманты свайго бядацкага жыцця. Цімох гатоў быў танцаваць, крычаць ад радасці, каб цалкам аддацца ахваціўшаму яго вар'яцкаму экстазу. Сярод шуму і гуду пажару, трэску і грукату падаўшых перагарэлых бэлек і сцен чуліся распачлівыя, надрыўныя крыкі людзей. Усё гэта злівалася ў грозную і жудасную сімфонію разбурэння. Цімох, як нейкі чарадзей, стаяў на дубе і поўным кубкам чэрпаў асалоду свайго трыумфу.
        I раптам яго чуткае вуха ўлавіла тупат конскіх капытоў. Зірнуў Цімох у той бок – дарогаю і полем ад палаўшага ў агні маёнтка пана Длугошыца імчаліся на конях польскія уланы. Даскакаўшы да лесу, яны веерам рассыпаліся па яго ўскрайку па адзін і па другі бок дарогі. Група коннікаў, чалавек дванаццаць, ехала асобна, шчыльна збітаю кучкаю. Гэта былі пераважна афіцэры. Група накіравалася ў той бок, дзе сядзеў на дубе Цімох Будзік.
        "Напэўна будуць ачэпліваць лес, каб злавіць падпальшчыкаў, – сам сабе падумаў Цімох: – А што, калі б паслаць ім з дуба гасцінца?" – Не разважаючы многа, дастаў Цімох з-за пояса гранату, заняў зручную позу, каб кінуць яе, улучыўшы адпаведную хвіліну. Трымаючыся адною рукою за сук, размахнуўся Цімох, высока ўскінуў гранату насустрач пад'язджаўшым коннікам і ў заміранні сэрца чакае, схаваўшыся за шырокія плечы волата дуба. "Раз... два... тры" – лічыць Цімох і раптам здрыгаецца: грымнуў выбух. Здрыгануў волат дуб. Са звонам і спевам паляцелі асколкі гранаты. Рвануліся спуджаныя коні, наскочылі адны на другіх. Адзін пахіснуўся і недалужна грымнуўся на зямлю разам з коннікам. Як ашалелыя, памчаліся коні, адны без коннікаў, другія валочачы іх па полі галовамі ўніз. Цяпер толькі апамятаўся Цімох і адчуў усю безразважнасць свайго ўчынку. А можа, гэта яму дапамагло. У часе сумятні і перапалоху ён шугнуў наніз, кінуўся ў лес і пабег у гушчар, чапляючыся стрэльбаю за сукі і галіны.
        Васіль Бусыга і яго прыяцелі, не паспеўшы належным чынам нагаравацца з прычыны налучыўшай іх бяды, а налучыла яна іх толькі мінулаю ноччу, і прыняць адпаведныя захады, каб знайсці невядома кім выведзеную з хлявоў скаціну, таксама пазіралі на бляскі пажараў і панура хілілі галовы. У гэтых блясках чыталі яны засцярогу сабе і свой уласны прысуд. Гэта была грозная і страшная ноч, навёўшая паніку на паноў і ўстрывожыўшая польскія ваенныя штабы. Яна паказала, што партызанскі рух пусціў глыбокія карэнні ў народзе акупаваных зямель, што ён вядзецца ўпарта, шырока, арганізавана і жорстка. ПІмат якія вайсковыя часці польскага войска, прызначаныя на падмацаванне фронту, былі затрыманы. З партызанствам прыходзілася лічыцца, і лічыцца сур'ёзна.
        Вайна ж, у якой бралі ўдзел рэгулярныя арміі двух бакоў, не спынялася. Палякі развівалі свой поспех на Кіеўскім кірунку, захватваючы сваім цэнтрам і частку Палесся на лініі Рэчыца – Мазыр. Слабая насычанасць нашага фронту жывою сілаю, нястача належнага ўзбраення давалі магчымасць белапалякам шпарка прасоўвацца наперад, адціскаючы малалікія часці Чырвонай Арміі. Каб аслабіць польскі ўдар у кірунку на Кіеў, часці Чырвонай Арміі, займаўшыя раён Палесся, перайшлі ў контрнаступ супраць цэнтра польскага фронту. У склад гэтай арміі ўваходзіў і батальён таварыша Шалёхіна. Дзед Талаш са сваімі партызанамі падтрымліваў сувязь з гэтым батальёнам. Але з наступам белапалякаў і з адходам Чырвонай Арміі сувязь абарвалася. Дзед Талаш са сваімі партызанамі апынуўся ўжо ў глыбокім тыле польскага фронту і вёў свае баявыя аперацыі самастойна або па ўказанню прадстаўнікоў падпольных камуністычных арганізацый. Цяпер яго войска ўжо налічвала каля дзвюх соцень байцоў, узброеных ваеннымі стрэльбамі і меўшых некалькі кулямётаў. Правей у гэтым жа раёне праяўляла сваю баявую чыннасць і група партызан Маркі Балука, налічваўшая ў сваіх радах добрую сотню байцоў.
        Палеская, або Мазырская, група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару на лініі Крыўцы – Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. У дваццатых чыслах красавіка, раніцаю на світанні, гулка загрукацелі чырвоныя батарэі, сканцэнтраваўшы агонь на польскіх пазіцыях. Некалькі гадзін грымелі нашы гарматы, і водгулле іх грому далёка расплывалася па нетрах лясоў і балот Палесся. Дакочвалася і па той бок Прыпяці да акупаванай часткі Палесся, разносячы весці аб наступе Чырвонай Арміі. Пасля кароткай, але напружанай артылерыйскай падгатоўкі імклівым патокам рынуліся ў атаку пяхотныя часці чырвоных байцоў. Загараўся ўпарты сустрэчны бой. Палякі намагаліся з усіх сіл, каб адбіць атаку і ўтрымаць свае пазіцыі. Баявыя ланцугі, як хвалі, ішлі адны за другімі, але скошваліся гарматным і кулямётным агнём. Сілы іх надарваліся, упартасць іх была зламана. Яны захісталіся, падаліся і пакаціліся назад, пакідаючы зброю, забітых, раненых і здаючыся ў палон. Ім не давалі апамятавацца і гналі іх к Прыпяці. Задача першай стадыі контрманеўра ўдарнай групы Чырвонай Арміі заключалася ў тым, каб кароткім ударам адкінуць палякаў за Прыпяць, на іх плячах перайсці яе, забяспечыўшы пераправу і тэрыторыю на заходнім беразе Прыпяці для разгортвання сваіх сіл у мэтах далейшага наступу. Разгромленыя, змятыя часці польскага войска ўжо не думалі, каб запыніць напор насядаўшых палкоў Чырвонай Арміі – яны думалі толькі аб тым, каб вырвацца са сціскаўшых іх кляшчэй і шчасліва адступіць за Прыпяць.
        Весць аб наступе Чырвонай Арміі даляцела і да партызан. У той жа час іх начальнікі экстрана абмеркавалі важнае пытанне аб дапамозе Чырвонай Арміі і аб поўным разгроме адступаўшых белапалякаў. Дзед Талаш са сваім войскам спешным маршам рушыў на Прыпяць, каб заняць пераправу і пашкодзіць палякам замацавацца на яе правым беразе. Балуку было даручана вартаваць камунікацыі польскага тылу і ўсімі мерамі затрымліваць польскія рэзервы з тылу, каб не даць ім своечасова прыбыць на выручку сваіх. Пад вечар дзед Талаш на чале паўтары сотні партызан ужо быў у раёне Высокай Рудні, дзе меркавалася пераправа палякаў праз Прыпяць, і заняў флангавую пазіцыю на высокім правым беразе Прыпяці. Гэта пазіцыя загароджвала палякам шлях адступлення па адзіна зручнай у гэтым раёне дарозе на Ставок – Карначы. Авангард іх ужо выйшаў на правы бераг, кіламетра ў паўтара ад таго месца, дзе занялі пазіцыю партызаны. Перапраўляліся яны і па пантонах, і цераз мост. З таго берага грымелі нашы гарматы. Снарады падалі ў Прыпяць па адзін і па другі бок пераправы, уздымаючы высокія махрыстыя фантаны, заляталі на гэты бераг і наводзілі паніку сярод адступаўшых. Палякі густою калонаю перліся па мастах і пантонах, ціснуліся, зрываліся і кідаліся ў глыбокія воды Прыпяці. Пераправіўшы некалькі гармат, яны спешна вывозілі іх на пазіцыю, на той высокі бераг, дзе залеглі партызаны. Падпусціўшы іх на блізкую адлегласць, дзед Талаш падаў каманду, прычым ад хвалявання ён забыўся, як падаецца ваенная каманда, а крыкнуў проста:
        – Лупі іх, хлопцы!
        Грымнуў траскучы дружны залп, зататакаў кулямет, адзін і другі. Не чакалі палякі з гэтага боку ворага і не ведалі, хто ён. Кінуліся назад, пакінуўшы гарматы, беглі, падалі і не падымаліся. Кінуліся партызаны да гарматы, захапілі яе разам з двуколкамі і з усёю запрэжкаю. Знайшліся старыя салдаты-артылерысты. Гармату павярнулі жаралом у бок палякаў і пачалі біць у іх з блізкай дыстанцыі простаю наводкаю. Палякі пакідалі зброю, гарматы і бязладным натоўпам, не слухаючы сваіх камандзіраў, беглі ў лес, хто куды. Як ваенная арганізаваная сіла гэта часць польскага войска перастала існаваць.
        Неспадзяваны контрудар Чырвонай Арміі, нанесены з такою сілаю, грукатам грому разнёсся па польскім тыле і ўстрывожыў польскі ваенны штаб. Але вышзйшае польскае камандаванне, трэба аддаць яму справядлівасць, не згубіла галавы. Тэрмінова і рашуча арганізавала ліквідацыю прарыву свайго фронту, кінуўшы ўсё, што можна было кінуць з тылавых рэзерваў і з часцей, прызначаных на іншыя ўчасткі фронту. Ужо на другі дзень часці Чырвонай Арміі сустрэлі жорсткае і ўпартае супраціўленне палякаў. Польскія падмацаванні ішлі з усіх бакоў, беручы ў клешчы ў сваю чаргу нашы наступаўшыя часці. Гарачы, напружаны бой кіпеў у лясах, перасечаных балотамі, у ваколіцах і на вуліцах вёсак. Часці Чырвонай Арміі, у некалькі разоў устулаўшыя ў сіле праціўніку, змушаны былі запыніцца і падацца назад. Прычым сувязь між асобнымі вайсковымі злучэннямі страцілася. Некаторыя часці, батальёны, роты біліся самастойна, без агульнага аперацыйнага кіраўніцтва. I асабліва ў цяжкае становішча папаў батальён Шалёхіна, узяты палякамі ў вілы між Прыпяццю і прымыкаўшым да яе возерам з дрыгвяністымі берагамі. Змучаны безупыннымі баямі і паходамі на працягу некалькіх дзён, не маючы ні правіянту, ні патронаў, батальён стойка біўся да апошняга патрона, адбіваючы атакі ворага штыхамі.
        Была глыбокая ноч. Скрозь галіны дрэваў скупа прабіваўся тужлівы бляск месяца. Стомленыя байцы, акапаўшыся на выспе, з трывогаю чакалі недалёкай раніцы заўтрашняга дня. Болыпая частка іх спала, скурчыўшыся каля камлёў, палажыўшы галаву на карані. Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротныя камандзіры і начальнік кулямётнай каманды. Змучаныя, стомленыя і атупелыя, яны панура маўчаць, зрэдку перакідаюцца кароткімі фразамі.
        – Справа – швах! – гаворыць начальнік кулямётнай каманды.
        – Ты б сказаў што-небудзь новае, – панура заўважае адзін з ротных камандзіраў.
        – Мая думка – спрабаваць прабіцца, – кажа другі.
        – Калі б для гэтага зброяй служыў кулак, то, можа, і прабіліся б, – адзываецца камандзір другой роты.
        – Куды прабівацца? – пытае кулямётчык.
        – Дык што ж па-твойму? Здавацца ў палон? – сярдзіта асаджвае яго ПІалёхін.
        Ён дзелавіта чухае патыліцу і крэпка лаецца, ні да кога не адрасуючы сваіх крэпкіх слоў.
        Камандзір першай роты недарэчы і не да месца ціха спявае старую песню, колісь модную ў царскіх казармах:
        
         Бывалі дні вясёлыя,
         Гуляў я, маладзец.
        
        – I дагуляўся, – іранічна заўважае кулямётчык.
        Шалёхін думае і прыдумаць нічога не можа. Ён нервова кусае губы. У такім паганым мяшку не быў ён ніколі. Яму прыкра, прыкра перад усім батальёнам, перад радавымі байцамі, даручыўшымі яму свой ваяцкі гонар і славу.
        – Хоць бы закурыць, чэрці б яго пабралі, – чуецца чыйсь голас, а потым і адказ на яго:
        – Дажыліся палякі, што ні хлеба, ні табакі.
        Маўклівая цішыня змяняе іх гутарку. Стомлены Шалёхін не спіць. Не спяць камандзіры. Упадніцкія мыслі западаюць у сэрца, але ніхто аб іх не гаворыць: не да твару яны байцу. Астаецца дзесь у глыбінях свядомасці і – месца для надзеі: ану ж, выхад знойдзецца.
        Шалёхін раптам падымае галаву: пачулася яму ці гэта проста галюцынацыя слыху? Ён кладзе руку на наган, прыслухоўваецца. Чыесь асцярожныя крокі, нібы хтось крадзецца. Падымае галаву і камандзір першай роты, высокі, сухі, з глыбока запаўшымі вачыма. Яны ўзіраюцца ў цемру ночы, яшчэ болей густую пад навіссю галін. Прысадзістая цёмная постаць чалавека выплывае з цемры.
        – Таварыш Шалёхін! – ціха аклікае цёмная постаць.
        Камбат прыпадымаецца.
        – Хто мяне кліча?
        – Я, Талаш! – адказвае цёмная прысадзістая постаць.
        Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша.
        – Бацька, гэта вы!
        I крэпка трасе старому руку.
        – Не журыцеся, таварышы: я выратую вас!
        – Ды ты будзеш наш бальшавіцкі ангел! – чуецца чыйся радасна-жартлівы голас.
        – Склікайце ж начальнікаў, збірайце байцоў і ў паход!
        – У які паход?
        – Ццсс! – сунімае дзед Талаш громкі голас кулямётчыка, – за мною, на Прыпяць: мой флот і мае матросы чакаюць вас, таварышы, – урач&ста-жартліва гаворыць стары атаман.
        Мінута – батальён на нагах. Бясшумна цянююць на Прыпяць. Без канца доўгая фаланга чаўноў і лодак упіраецца ў бераг вострымі насамі. Пагрузілі на лодкі ўсе кулямёты. Паселі байцы. Суровыя і маўклівыя перавозчыкі са стрэльбамі і гранатамі адчальваюць ціха, без шуму, плывуць некаторы час уздоўж берага між высокіх маладых чаротаў, а потым вернуць упоперак Прыпяці і шчасліва прыстаюць на яе другі бераг.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.