РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XVIII
        
XVIII

        
        Партызаны-разведчыкі сабралі дужа шмат важных вестак аб размяшчэнні часцей польскага войска, аб яго канцэнтрацыі. Усе гэтыя весткі Букрэй акуратна запісваў. На падставе іх можна лёгка разгадаць, на якія пункты накіроўвае польскі штаб свой галоўны ваенны ўдар.
        Букрэеўская разведка таксама ўстанавіла, які настрой пануе сярод сялян акупаваных палякамі вёсак. Яркі малюнак гаспадарання польскай ваеншчыны падаў Мартын Рыль і яго дружына – шэсць чалавек, якія ахвотна паўсталі на абарону інтарэсаў беднаты. Ён расказаў аб наездзе палякаў на Вепры, дзе ён сам быў сведкаю, як на яго вачах забілі Кандрата Буса, за якога ён папомсціўся, забіўшы аднаго польскага салдата і раніўшы другога. Ён расказаў аб спаленых будынках сялянскай беднаты, аб здзеках, што чынілі польскія капралы над старымі людзьмі, над жанчынамі і дзецьмі, чые бацькі выступалі супраць паноў. Беднаце няма куды дзецца. Яна змушана бегчы ў лес. Што ёй астаецца рабіць? Скарыцца перад панскаю ўладаю і налажыць зноў ярмо на свой карак? Не, лепей са зброяй у руках ваяваць за сваё права быць вольнымі, біцца за інтарэсы гарапашнікаў. Лепей загінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю.
        – Добра гаворыш, голубе! Праўду гаворыш! – падтрымаў свайго паплечніка дзед Талаш, – не будзем пакарацца панам. Не туды ідуць нашы дарогі, не ў тыя лясы глядзяць нашы вочы. Давайце, сябры, крэпка трымацца адзін за аднаго. Няхай кожны з нас збярэ каля сябе дружыну адважных людзей. Нечакана, раптоўна будзем біць гвалтаўнікоў. Порахам, кулямі будзем частаваць няпрошаных гасцей.
        Пасля дзеда Талаша выступаў чалавек з сякераю за поясам, немалады, сутулаваты, з даўно не брытым тварам. Цёмна-сінія вочы яго глыбока запалі ў лоб. На тонкіх сціснутых губах прабягала часамі горкая ўсмешка. Чалавек гэты зазнаў у жыцці многа крыўды і гора. Гэта Цімох Будзік з вёскі Карначы. Яшчэ пры цару яго засудзілі на два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы. А з панам у яго выходзілі нелады на грунце сервітутных спраў. За розныя дробныя праступкі ў парушэнні маёмасных адносін яго судзілі і штрафавалі. Цімох не мог знайсці нічога лепшага, як падпаліць панскую стадолу. Адбываючы арыштанцкія роты, ён каяўся, чаму падпаліў стадолу, а не панскі дом або клуню. Цяпер усе яго грахі прыпомніліся яму, і яго зноў сталі цягаць і калаціць. Цімох і цяпер прытрымліваецца старых спосабаў помсты і змагання, ёіг жыве думкамі аб падпале панскіх маёнткаў, і ён носіць у сваёй галаве шырокія планы падпалаў. Сустрэўшыся ў лесе з партызанамі дзеда Талаша, ён заявіў аб сваім жаданні далучыцца да партызанскага руху і шырока разгарнуць работу па часці падпалаў.
        – Казалі – бальшавікі робяць непадобныя справы, забіраюць набытак, дабро, – так пачаў Цімох Будзік. – Мы ведаем, як бралі і як бяруць бальшавікі. Яны бралі панскае дабро, дабро заможнікаў. Ды ці гэта іхнімі рукамі прыдбана яно? Мы здабывалі яго сваімі гарбамі. I бальшавікі аддавалі яго таму, хто век працаваў ды не меў нічога. А цяпер што робіцца? Вярнуліся паны са сваёю чэляддзю, пачалі заводзіць свае парадкі, ды яшчэ горш за царскія. Войтаў, солтысаў пазаводзілі. А там, дзе раней быў адзін ураднік, цяпер дзесяць жандараў паставілі на нашу галаву. Навалілася на мужыцкія гарапашніцкія плечы ненаедная саранча, выбіваюць духі, апошні скарб вытрасаюць. Вы паглядзіце, грамада, што робіцца па вёсках. Узброеныя польскія шайкі наязджаюць з кулямётамі, выбіваюць мужыцкі скарб і ўсякую жыўнасць. Мы тут гаворым, а па дарогах з вёсак снег пад палазамі рыпіць, стогне і плача сялянскім плачам. Сваё ж дабро самі сяляне вязуць, паганяюць коні, а саміх іх падганяе панскі бізун. Хіба ж можна далей цярпець? Няма ў іх літасці да нашага брата. Дык няхай жа, браткі, і ў нас не будзе літасці да іх. Біць, знішчаць, паліць іх трэба пякучым агнём пажараў!
        Будзік дужа маляўніча распісваў учынкі палякаў у часе іх наездаў на вёскі, што вельмі часта практыкаваліся імі для пабораў, выбівання гвалтам рознай даніны з сялян. Ён яшчэ болей разагрэў дух помсты і змагання супраць палякаў і польскай улады. Вось чаму і чырвонаармейцы, і партызаны дружна прынялі Букрэеў загад зрабіць напад на палякаў, што, як сведчылі сабраныя весткі, завітаюць у вёску Ганусы для чарговага збору сялянскага скарбу.
        Букрэй, начальнікі аддзяленняў, дзед Талаш, Мартын Рыль, Купрыянчык і Будзік устроілі цэлую нараду, каб падрабязна абмеркаваць план нападу. Прыняўшы пад увагу невялікую колькасць людзей і факт знаходжання на тэрыторыі, занятай палякамі, на нарадзе пастанавілі не ўвязвацца ў адкрыты бой, а зрабіць напад нечакана ў дарозе, калі палякі ўжо будуць варочацца з награбленым дабром.
        – Таварышы! Рыхтавацца ў паход, – перадавалі адзін аднаму чырвонаармейцы і партызаны.
        Раненька, надосвіці, выслалі разведку ў вёску Ганусы. Да Ганусаў ад Глухога вострава было кіламетраў пяць на ўсход – у бок пазіцыі Чырвонай Арміі. Дзед Талаш меў падставу не браць удзелу ў гэтым паходзе: пад яго апекаю быў Панас. Але ён даручыў Панаса Нупрэю і Кандрату Кругламу з Высокай Рудні. Панас адчуваў сябе добра і казаў, што ён ужо можа хадзіць, і яму дужа хацелася астацца пры войску.
        – Адпачынь, брат: няхай загоіцца нага, а паваяваць ты яшчэ паспееш, – сказаў Букрэй.
        Нупрэй і Круглы з Панасам накіраваліся на Высокую Рудню. У Гударовым лагу яны павінны былі чакаць букрэеўцаў і дзеда Талаша. Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным.
        Паход на вёску Ганусы ставіў пытанне аб назначэнні асобнага начальніка для партызан: іх было ўжо каля двух дзесяткаў. Фактычна дзед Талаш лічыўся іх правадыром, толькі юрыдычна не было гэта аформлена. У сувязі з гэтым стаяла і другое пытанне: як назваць начальніка партызан?
        – Ну, хлопцы, вам трэба абраць атамана! – зварачаючыся так да партызан, Букрэй прадрашыў пытанне аб назве начальніка.
        – Атамана, атамана абраць! – падхапілі партызаны.
        – З свайго боку, таварышы, я параіў бы вам абраць нашага бацьку, дзеда Талаша, ён чалавек змыслы, хітры, асцярожны, але рашучы і смелы і чалавек паважаны. Я прыглядаўся да яго і кажу: начальнік ён будзе кругом на сто дваццаць.
        – Абярыце каго маладзейшага і болей спрактыкаваяага ў ваеннай справе, – заявіў дзед Талаш.
        – Дзед Талаш!
        – Дзеда Талаша! – дружна як адзін падалі голас партызаны.
        – Няхай дзед Талаш будзе атаман наш! – сказаў хтось нават у рыфму.
        Дзед Талаш расчуліўся. Зняў шапку. Жаўтавата-белая лысіна яго бліснула, як сонца. Куртаты, шыракаваты на канцы і трохі задзёрысты нос яго падняўся ўгору і апусціўся ўніз.
        – Дзякую вам, голубы мае. Яшчэ раз скажу: абярыце каго-небудзь болей вартага, чым я.
        – Талаш, Талаш атаман! – яшчэ грамчэй крыкнулі партызаны.
        Дзед яшчэ раз зняў шапку. Другі раз пакланіўся.
        – Я буду, таварышы, старацца за вас, за кожную кроплю вашай крыві буду дрыжаць. Будзем стаяць адзін за аднаго. Справа ж наша – біць гвалтаўнікоў. Ніякай літасці да паноў. Але ж паслушэнства павінна стаць нашым законам. Я буду слухаць ваш голас, а вы павінны слухаць мяне, бо іначай не будзе ладу.
        – Праўда, – пацвердзілі партызаны.
        – Дысцыпліна – першая справа, – заўважыў Букрэй.
        – А сваім памочнікам дазвольце абраць мне Мартына Рыля, – звярнуўся дзед да партызан.
        – Дазваляем.
        Вось як дзед Талаш стаўся партызанскім атаманам.
        Раніцаю, як толькі-толькі пачынала займацца на свет, усё войска рушыла ў паход. Сувязь паміж разведчыкамі ігалоўнаю калонаю падтрымлівалі партызаны. Першае данясенне разведкі прыйшло гадзіны праз дзве. Разведка данесла: у вёску Ганусы прыехала дваццаць чатыры коннікі і дзве фурманкі з кулямётамі. У букрэеўцаў кулямётаў не было. Чырвонаармейцы былі пры вінтоўках і з ручнымі гранатамі.
        Ціха, бясшумна прасоўваўся Букрэй і партызаны, трымаючы кірунак на дарогу ў Ганусы. Настрой быў узняты, асабліва сярод партызан, якім упершыню прыходзілася стыкнуцца з польскім войскам са зброяй у руках.
        Шльнасць чырвонаармейцаў і партызан стала яшчэ болыпаю, калі падышлі яны да краю лесу, дзе пачыналася ўжо ганусанскае поле, і сама вёска вырысоўвалася шэрымі плямамі сваіх уросшых у зямлю будынкаў на белым снежным фоне. За вёскаю выступаў хмыз журботнымі постацямі аголеных кустоў, а за хмызам сінела сцяна высокага лесу.
        Букрэй аддаў загад расставіць ланцуг дазораў для нагляду за вёскаю. Палякі, як данеслі разведчыкі, таксама паставілі варту на ўсход ад вёскі: адтуль спадзяваліся яны небяспекі – у тым баку былі пазіцыі Чырвонай Арміі. Яны ніяк не чакалі, што гэта небяспека іх можа налучыць з тылу, з заходняй часткі вёскі, дзе і спыніліся чырвонаармейцы і нартызаны.
        Букрэй, дзед Талаш і Мартын Рыль уважна агледзелі мясцовасць і выбралі пазіцыю. Пазіцыя знаходзілася на ўскрайку лесу, там, дзе дарога сціснута з двух бакоў цёмнаю кучмаю хвой і ялін. На балоце паабапал дарогі раслі кусты лазы і алешніку. Каб яшчэ болын сцясніць пазіцыю і не даць палякам разгарнуцца для бою, Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца не магла праскочыць. Чырвонаармейцы і партызаны так замаскаваліся, што іх нельга было згледзець з дарогі, як ні ўглядайся па баках.
        Падрыхтавалі пазіцыю, размеркавалі на ёй байцоў, заняўшы два бакі дарогі і пераняўшы яе трохі далей, у лесе, і сталі падкаравульваць палякаў. Марудна і напружана праходзілі хвіліны чакання. Букрэй і атаман дзед Талаш абходзілі пазіцыю, правяралі начальнікаў звенняў і кожнага байца, зварачаючы ўвагу на вытрыманасць, спакой і строгае выкананне каманды. Без каманды не падаваць ніякіх адзнак жыцця.
        Дзед Талаш хваляваўся глыбокім нутраным хваляваннем. Была трывога за лёс гэтай стычкі, дзе ён першы раз будзе браць удзел як баец і як начальнік. Але ён нічым не выказваў свайго пачутку. Яго мыслі цалкам уваходзілі ў гэтую першую стычку з палякамі арганізавана, па-ваеннаму.
        Яму паказалася – частка пазіцыі, што бліжэй да вёскі, слаба насычана байцамі, што палякі там могуць прарвацца і праскочыць: баявая задача заключалася ў тым, каб ніводзін польскі салдат не быў выпушчан. Гэты ўчастак пазіцыі падмацавалі – Букрэй мусіў згадзіцца з дзедавымі довадамі.
        Гадзіны ў дзве папаўдні цэлы абоз сялянскіх фурманак, наладованых жыўнасцю, прадуктамі і фуражом, выехаў з вёскі. Абоз расцягнуўся больш як на вярсту. Уперадзе ехала шэсць конных легіянераў. За імі паўзлі дзве фурманкі з кулямётамі, а на іх сядзелі па тры, па чатыры салдаты. Група коннікаў, гарланячы песню, ехала ў сярэдзіне, а рэшта знаходзілася ў хвасце абозу. Чатыры коннікі замыкалі абоз.
        Дзіўны і нязвычны малюнак станавіў сабою гэты абоз. Маўкліва і панура сядзелі палешукі ў санях, нехаця паганяючы коні. Некаторыя моўчкі мяліся каля фурманак, азіраючыся на лес і на ненавісных легіянераў, гарцаваўшых на конях і палайваючых падводчыкаў. То там, то сям з саней падавала свой прарэзлівы голас свіння, бляяла авечка. Усе гэтыя тлумныя, рознагалосныя гукі зліваліся з адрывістаю песняю салдат і з іх сярдзітымі вокрыкамі па адрасу палешукоў-падводчыкаў.
        Галава абозу ўжо мінала грэблю, паабапал якой залеглі партызаны і чырвонаармейцы. Здавалася, абоз пройдзе спакойна і нічога не здарыцца. Партызаны сударажна сціскалі стрэльбы ў руках, гатовыя паслаць кулю ў польскага салдата. Але яны чакалі каманды. I раптам, здрыгануўшы паветра, уперадзе пачуўся гук, нібы ляснуў пярун. Гэта гранатчыкі кінулі гранаты ў пярэднюю групу коннікаў. У той жа момант грымнуў залп у хвасце абозу. Паніка, мітусня, суматоха падняліся ў абозе. Коні папудзіліся, крута рванулі хто куды, кінуліся ў хмыз, імчачы за сабою перакінутыя набок або палазамі дагары сані. Залп у цэнтры абозу падняў яшчэ болыпы перапалох і хаос. Тут была самая большая група коннікаў, тая самая, што спявала песню. Людзі, ездакі і салдаты, жывёла, выкінутая з саней, качаліся на снезе. Адзін коннік, астаўшыся на кані пры хвасце абозу, кінуўся ў лес. Наперарэз яму, як з-пад зямлі, выскачылі партызаны пад камандаю Мартына Рыля і штыхамі перагарадзілі дарогу. Конь захроп, падняўся на задніх капытах. Спрытны наезнік, як уліпшы да сядла, выхапіў з гарачкі шаблю і замахнуўся на Рыля. Мартын карабінам адвёў удар шаблі. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла.
        Уся баталія цягнулася некалькі мінут. Болыная палавіна польскіх салдат была перабіта, частка была ўзята ў палон, а трох цяжкапараненых адправілі назад у Ганусы. Яны раскажуць палякам аб гэтай падзеі, і віна ўсім цяжарам не ляжа на вёску Ганусы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.