РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXV
        
XXV

        
        Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Як многа гэтых дарог і як разнастайны яны ў сваім руху і ў сіле свайго імкнення!
        Ёсць нейкія заваблівыя чары, паэзія і хараство ў гэтых дарогах-ручаях, што пракладаюць пуціны вясне і адноўленаму жыццю на зямлі, у іх мітуслівым бегу і залівістым бульканні, у вясёлым гомане і ў грозным шуме. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ўпачатку, струменяцца яны, як слёзы, па зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі, набываючы сілу з кожным часам, з кожным крокам руху наперад. I колькі перашкод, колькі нечаканасцей у іх падарожжы! Кожная грудка лёду, кожны парог-гарбінка, выступ зямлі, узгорачак становяць ім замінкі і труднасці ў іх імклівым руху. Але яны бягуць несціхана, бягуць безупынна, дзе шпарчэй, дзе павольна, абыходзячы перашкоды ці проста зносячы іх з свае дарогі, бягуць, покі не сальюцца ў бурлівыя патокі, покі не ачысцяць зямлі ад снягоў, каб магутным разводдзем пралажыць шырокі шлях для яе новага жыцця.
        Тысячамі дарог і ў розных кірунках ідуць і людзі, шукаючы сабе прастору, волі і ўсяго таго, што называюць яны сваёй радасцю і шчасцем.
        Шчасліва вярнуўся дзед Талаш у Высокую Рудню з часткай сваіх партызан і чырвонаармейцаў. На чале з Букрэем.
        Гэты паход навочна паказаў паўстаўшым сялянам, што іх сіла – дружны калектыў, арганізаванасць і строгая дысцыпліна. Удача, спадарожыўшая паходу, яшчэ вышэй узняла ваяцкі дух партызан, разгарнуўшы перад імі шырокія далі змагання за сваю волю, за сваё права жыць незалежна ад паноў. А ўсё гэта, разам узятае, гаварыла за пашырэнне, за далейшае развіццё той справы, пачатак якой клаў букрэеўскі паход сумесна з партызанамі. Немалое значэнне мела тут і аўтарытэтнае слова самога Букрэя.
        Перад тым як разысціся, закончыўшы паход, Букрэй сабраў у лесе на прывале агульны сход удзельнікаў усяго паходу. Ён горача прывітаў партызан і асабліва дзеда Талаша з першым баявым хрышчэннем і звярнуўся да іх з заклікам не кідаць так удала пачатай справы змагання з гвалтаўнікамі-акупантамі.
        – Таварышы, – казаў ён, – цяпер вы самі бачыце, што ваша сіла – згуртаванасць, строгі парадак, дысцыпліна і дружная работа плячо ў плячо з Чырвонай Арміяй. Наш паход – гэта маленькая драбніца ў радзе ваенных падзей, якія прыйдзецца перажыць нам у недалёкім часе.
        Тым не меней і гэта драбніца адгукнецца нямалым рэхам сярод нашых ворагаў. Вось чаму і хачу папярэдзіць вас, што вораг навострыць вушы і стане яшчэ болей жорсткім, каб выкараніць дух паўстання і непакоры. А ваш, таварышы, абавязак – шырыць, развіваць паўстанне, збіраць народ, гуртаваць яго ў баявыя групы, у цэлае войска і шчыльна трымацца Чырвонай Арміі. Яна дасць вам ваенную вывучку, дасць кіраўнікоў. Камандзіры ж знойдуцца і паміж вас, таварышы. Прыклад таму наш слаўны атаман і бацька – Талаш.
        Але, таварышы, і не ўсякага прымайце ў свае рады: пад відам вашага прыхільніка будуць прыставаць да вас і вашы ворагі, і правакатары. Дык будзьце асцярожны і не спускайце гэтага з-пад увагі.
        Некалькі слоў сказаў і дзед Талаш. Ён падзякаваў Букрэя і чырвонаармейцаў за дапамогу і добрую параду. Сумесна былі тут вызначаны і некаторыя прынцыпы арганізацыйнага парадку партызанскага руху. Былі назначаны начальнікі партызанскіх груп і выбрана месца збору, якое павінна было застацца ў строгім сакрэце, а таксама выпрацаваны і формы сувязі, і назначан быў час, калі начальнікі партызанскіх груп павінны былі з'явіцца для інфармацыі і далейшых планаў партызанскай дзейнасці.
        Дзед Талаш цяпер проста шчаслівы чалавек, калі толькі ёсць на свеце шчаслівыя людзі. Усе яго жаданні збыліся: ён папомсціўся палякам за сваю асабістую крыўду і за крыўды, прычыненыя палякамі другім. Але гэта між іншым. Ён мае сапраўдную ваенную стрэльбу, і, апроч таго, уся адабраная ад палякаў зброя, што папала ў рукі партызан і чырвонаармейцаў, паступіла ў яго распараджэнне – так пастанавілі на ваенным сходзе. Ён знайшоў свайго зняволенага сына, і сын яго з ім на волі. Пад руплівым доглядам Нупрэя Панас можа не толькі хадзіць, але і бегаць. Нарэшце дзед Талаш – партызанскі камандзір. Праўда, войска яго яшчэ павялічыцца, і значна павялічыцца – на гэты конт сякія-такія меры ўжо прыняты. Чырвоныя камандзіры прынялі яго ў сваю сям'ю, іменна як камандзіра і свайго чалавека. Хіба гэта не говар дзеду Талашу? Але дзедава галава знае меру і не пераходзіць той граніцы, ад якой галава пачынае кружыцца. Ён цвяроза глядзіць на рэчы. У гэтай галаве жывуць цяпер пераважна чыста ваенныя і камандзірскія мыслі. Ён думае аб далейшым ходзе падзей: не за гарамі вясна, а вясною пачнуцца такія справы, што трэба быць гатовым да ўсяго. У дзедавай галаве ёсць месца і для думак аб доме – аб бабцы Настусі, аб Максіме і аб гаспадарцы. Бабка Наста з жалю заходзіцца па Панасу ды і аб ім трывожыцца. I не ведае яна, што Панас вырваўся з няволі і што ён разам з бацькам. Гэтыя мыслі і накіроўваюць дзеда Талаша ў бок свайго дому.
        Пасля некалькіх мяккіх і лагодных дзён пагоды дыхнуў з поўначы вецер, пазганяў нізкія воблакі і заціх. Неба раз'яснілася, афарбавалася ў зеленаваты халодны колер, і на Палессе зноў насунуліся пякучыя маразы.
        Патаемнымі сцежкамі і дарогамі, а дзе і без дарог, прабіраецца, ідзе дзед Талаш у сваю вёску. Не ведае дзед, што ён – вядомая асоба не толькі сярод партызан і вайсковых людзей, але і сярод яго заклятых ворагаў, што за ім з асабліваю ўвагаю і пільнасцю сочаць польская контрразведка і паліцыя. Пасля захвату польскіх афіцэраў і салдат у Віркуцці і ганусанскіх падзей палякі прынялі рад строгіх захадаў, накіраваных на вылоўліванне такіх небяспечных людзей, як дзед Талаш, Мартын Рыль і іх паплечнікі. Дзед Талаш і Мартын Рыль былі запісаны ў асобны спісак з пералічэннем прымет, па якіх можна пазнаць іх.
        Хоць і не ведаў аб гэтых строгасцях дзед Талаш, але, адчуваючы свае грахі перад акупантамі, ён таксама трымаў вуха востра. Так, ён не адважыўся ўзяць з сабою "настаяшчую" стрэльбу, хоць разлучацца з ёю яму было цяжка: пападзешся са стрэльбаю, тады прапаў вечным правам. Гэта засцярога і дасканалае веданне свайго Палесся дапамагалі дзеду шчасліва дайсці дамоў. Пад поўнач ужо ўваходзіць дзед у сваю хату.
        Бабка Наста не можа цалкам аддацца сваёй радасці, пабачыўшы дзеда і даведаўшыся аб Панасе: абставіны былі такія, што кожны час, кожная мінута пагражала і дзеду, і Панасу, і ўсім ім страшным ліхам, і цяпер бабка трасецца ад глухой і цёмнай трывогі. Што можа сказаць яна дзеду Талашу, калі ён так далёка зайшоў у сваіх учынках?
        Адно можна сказаць: не паказвацца болей тут, не дражніць ліха, покі жыццё не зменіцца ў лепшы бок, – ад свайго дому ён сабе адрэзаў усякія дарогі.
        Дзед Талаш моўчкі і з глыбокаю ўвагаю слухае навіны, што расказваюць яму бабка і Максім. I што асабліва зацікавіла дзеда Талаша, дык гэта паведамленне аб Саўку і яго фальшывым партызанстве і аб той ролі, якую адыгралі ў гэтым Васіль Бусыга і яго прыяцелі. Дзед Талаш маўчыць.
        Уся яго злосць пераходзіць на войта і яго прыяцеляў.
        – Бач іх, якія спрытныя! – нарэшце падае голас дзед Талаш. – Ну, добра.
        У гэтым "Ну, добра" чуваць пагроза. Дзед Талаш яшчэ і сам не ведае, якою мераю адмерае ён войту, але гэта ён так не папусціць.
        Пасля доўгага разважання над усім тым, што даведаўся дзед Талаш, ён сказаў рашуча і цвёрда:
        – Дык вось што, мае мілыя, паслухайце ж вы мяне.
        Адразу пачулася, што дзед скажа нешта вельмі важнае.
        – Вам усім трэба сысці з дому, – катэгарычным тонам заявіў дзед Талаш, – так, трэба сысці.
        Дзедава заява была такая нечаканая, што ніхто не знайшоў, што сказаць на яе. А дзед тым жа тонам казаў далей:
        – Рашыць гаспадарку – яна ў нас не дужа вялікая. Хату забіць, бо калі будзеце тут сядзець, яе ўсё роўна спаляць палякі, а вы набярэцеся лішняй бяды і страху.
        – А куды ж мы дзенемся? Што ты гаворыш, стары, – жахліва запытала бабка Наста.
        – Ты, маці, – спакойна, але цвёрда адказаў дзед Талаш, – перабірайся ў Макушы да Тэклі. Алена пажыве ў сваіх бацькоў, а табе, Максім, няма чаго пільнавацца бабы. Калі Саўка пайшоў у партызаны, то і табе трэба туды падацца, ды толькі не па Саўкавай дарозе ісці. Пакуль вы будзеце ліпець тут, чакаючы кожны дзень бяды, то і мяне і Панаса будзе цягнуць хата, і позна ці рана паловяць нас, літасці нам не будзе.
        Трудную задачу задаў дзед Талаш, і выйшла яна зусім нечакана і для самога дзеда, і для яго сям'і.
        Ламалі над ёю галовы і нарэшце мусілі згадзіцца, што іншага і лепшага выхаду з іх становішча няма. Пакінутая хата можа астацца цэлаю... Сапраўды, не кепска гаворыць стары.
        Выходзячы з дому яшчэ досвіту, ён весела сказаў:
        – А што да Саўкі, дык я вельмі здаволен гэтай навіной: мы з ім трохі пагутарым. Знайдзіце ж яго і скажыце яму: няхай ідзе ў Карначы і запытае Цімоха Будзіка. Гэта наш верны чалавек. Цімох і пакажа яму дарогу да нас.
        Ужо кіламетраў пяць прайшоў дзед Талаш, калі пачало ўзыходзіць сонца. У лесе было ўрачыста ціха. Адзін толькі мароз гучна палускваў у галінах старадрэвін ды звонка скрыпеў сухі снег пад дзедавымі нагамі. Самыя небяспечныя мясціны, як здавалася дзеду, засталіся ззаду, і ён ішоў павольна і спакойна, аддаўшыся цалкам сваім думам. Думаў ён пра Саўку Мільгуна, пра Васіля Бусыгу. Затым думаў дзед і пра сваю хату, што праз колькі дзён застанецца адна без гаспадароў. Што будуць гаварыць людзі, як успрымуць яны весці аб тым, што Талаш і яго сям'я сышлі з дому? Дзеду здавалася, што гэта весць усхвалюе людзей, і ён яшчэ болей упэўніўся ў правільнасці свайго ўчынку. Ды і спакайней будзе і яму з Панасам і ўсім ім. З такімі думкамі падыходзіў дзед Талаш да Сухога поля, дзе ён, чакаючы Панаса, сустрэўся з Мартынам Рылем. Вось і той стары каржакаваты дуб. Стаіць ён з тым жа комам снегу, заціснутым між развілін, такі ж, як і быў, крэпкі і звязісты, толькі мароз, аздобіўшы яго інеем, зрабіў яго яшчэ болей паважным і сталым.
        Заглядзеўся дзед Талаш на гэты дуб і даў зевака: і не агледзеўся ён, як перад ім, быццам з снегу выскачыўшы, вынырнулі легіянеры.
        Наставіўшы на дзеда стрэльбы, грозна крыкнулі:
        – Стой!
        Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь усярэдзіне каля сэрца. "Прапаў ты, брат Талаш!" – сам сабе сказаў дзед і спыніўся. Але ў той жа момант моцна ўзяў сябе ў рукі.
        – Тфу, тфу, тфу, – тры разы плюнуў дзед Талаш і сказаў пры гэтым: – Як жа вы злякалі мяне, гіцлі!
        Дзед пастараўся прыняць самую пацешную постаць перапалоханага чалавека. Такая перапалоханасць і дзедава збянтэжанасць развесяліла легіянераў і пальсціла ім.
        – Хто ты і куды ідзеш? – спытаў старшы легіянер.
        – Тутэйшы, пане! Іду на балота – бучы паставіў, можа, уюн ці не ўлез?
        – Ідзі з намі! – загадаў той жа салдат.
        – Куды і чаго? – вялікае недаўменне адбілася на дзедавым твары.
        – Ідзь, ідзь, галган стары! – салдат злёгку штурхануў дзеда.
        Паскроб дзед патыліцу.
        – Ды мне ж і часу няма.
        Дзеда штурханулі яшчэ энергічней.
        – А бадай жа вы па свеце не хадзілі! – сказаў дзед і пайшоў з салдатамі.
        "Канец", – думаў сам сабе дзед Талаш. I вялікі прадсмертны сум ахапіў яго душу.
        Наабапал іх дарогі стаіць лес, пасівелы ад інею, як і дзед Талаш ад старасці. Дзед прыглядаецца да лесу. Няўжо гэта апошні раз бачыць ён гэты лес? I так жа не хочацца ўміраць. Ён успамінае сваю хату. Ці добра зрабіў, сказаўшы сваім дамашнім сысці з дому? Апошні яго ўчынак устае перад ім у іншым святле. Жаль і вялікую адзіноту і поўную адарванасць ад свету, ад людзей адчувае дзед Талаш. Але гэты мінутны ўпадак духу і слабасць яго праходзяць. Маланкай мільгаюць яго мыслі. З незвычайнай быстрынёй і з неймавернаю чоткасцю праходзяць перад ім перажытыя з'явы, падзеі і цяперашняе яго становішча. Успомніў і сваіх таварышаў па зброі: Мартына Рыля, з якім ён так моцна зжыўся і палюбіў, як роднага сына, за часы агульнага туляння па лясах і агульных паходаў, Нупрэя, Купрыянчыка, Цімоха Будзіка і ўсю грамаду сваіх ваяк. Што ж будзе цяпер з імі? ПІто станецца з тою агульнаю справаю, якую выношвалі ўсе яны ў сваім сэрцы, за якую так многа цярпелі і пакутавалі? Жыць, што б там ні стала! Вось заключны акорд усяго складанага комплексу жыцця, што праходзіць перад яго вачыма.
        З паразліваю яснасцю вынікае перад ім Мартын Рыль, яго апавяданне пра сваё вызваленне з-пад польскага канвою. Ён пераводзіць вочы на свой канвой. Легіянеры курчацца ад марозу, наставілі каўняры шынялёў. Двое ідуць наперадзе. За імі дзед Талаш, а трэці, старшы, ідзе ззаду і трохі наўзбоч. Дзед Талаш мерае вокам іх фігуры, ацэньвае іх фізічную сілу. Яны здаюцца яму, як сам ён казаў, "шчуплымі". I раптам нешта знутры штурханула дзеда Талаша. У момант вока ён хватае карабін з рук старшага легіянера, таго, што ішоў наўзбоч ззаду, і б'е яго з такой сілай прыкладам па галаве, што ложа карабіна ломіцца. Трэск зламанага карабіна і хруст чэрапа зліваюцца ў адзін гук. Як сцяты маланкаю, легіянер тут жа падае. Толькі адзін крык, немы і невыразны, вырваўся з яго грудзей.
        – Сюды! Ка мне, хлопцы! – дзіка крычыць дзед Талаш і кідаецца з металёваю часцю карабіна, што засталася ў яго руках, на другіх салдат. Яны ж ад нечаканасці і страху пакідалі свае карабіны і кінуліся наўцёк у лес.
        Падабраў дзед іх карабіны і, 'як дзікі звер, сам кінуўся бегчы.
        Калі ён крыху апамятаўся і заспакоіўся, то першае, што ён адчуў і што потым доўга не забывалася, гэта быў хруст разбітага ім чэрапа невядомага яму чалавека. Хруст гэты некалькі дзён стаяў у яго вушах.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.