РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXIX
        
XXIX

        
        Неспадзяваны мароз, раптоўна наваліўшыся на Палессе пасля некалькіх ціхіх і мяккіх дзён на сходзе зімы, пратрымаўся нядоўга. Надвор'е змянілася адразу. Паветра стала цёплым і лагодным, а над далечамі балот і палёў звісла сінеча-смуга – адзнака цяпла і адлігі. Асеў глыбокі снег па лясах і балотах. Зычліва калыхнуў паўднёвы вецер настыўшыя галіны, атрос засеўшыя на іх белыя снежныя покрывы, з песняю на веснавы лад прайшоўся над акачанелымі хмызнякамі і весцю аб вясне шаргануўся па саламяных стрэхах сялянскіх хат. Весялей зірнулі на свет вызваленыя ад холаду дрэвы, радасна адгукнуліся густым шумам на павевы цёплага ветру. Заплакала зіма пад капяжамі мільёнамі слёз. Размяклы, працяты вадою снег гурбінамі папоўз з саламяных стрэх, трывожным шэптам парушаючы цішыню, а на вуліцах і дарогах пачалі выступаць жаўтавата-мутныя лужыны, і рушылі ў свае дарогі першыя веснавыя ручайкі-перавальчыкі. Гімнамі вясне зазвінелі звонкія песні жаваранкаў... У тысячах з'яў заўважалася набліжэнне вясны, вясны ранняй і дружнай.
        Вясна – малады, бурлівы вір жыцця, імклівы, неспакойны рух у неакрэсленыя прасторы, шырокія, як сама воля, і няясныя, як засмужаныя іх далечы; рух, якому падпарадкуюцца людзі і жывая прырода. Вясны ж на Палессі чакалі са страхам і трывогаю... "Што прынясе вясна?", "Што будзе вясною?" – у прадчуванні важных падзей пыталіся людзі і ўпотайку рыхтаваліся да іх.
        Рухавей павялі сваю работу ваенныя штабы, дзе ўмацоўваючы пазіцыі, дзе перагрупоўваючы жывую сілу, падвозілі гарматы і бронемашыны, намацвалі найболей слабыя і балючыя цэнтры свайго праціўніка, камбінавалі, строілі планы, каб увесці яго ў аблуду і пры першым жа зручным выпадку стукнуць па ім там, дзе ён меней за ўсё спадзяецца. У той час, калі польскія генштабы ўшчыльнялі людзьмі і ваеннаю тэхнікаю свае пазіцыі, штабу Чырвонай Арміі ў сувязі з вайною на паўднёвым фронце, дзе насядаў Врангель, прыходзілася знімаць адгэтуль цэлыя вайсковыя часці і перакідаць іх на поўдзень. Але падрыхтоўка да вайны вялася і па іншых лініях. I на гэтых лініях асаблівую чыннасць праяўляў польскі бок: вялася ідэалагічная падрыхтоўка. У першых радах актыўных работнікаў па часці ідэалагічнай падрыхтоўкі да вайны з Саветамі ішлі ксяндзы.
        Гарадышчанскі касцёл носіць імя святога Казімера. Святы Казімер карыстаецца вялікаю пашанаю сярод каталікоў, і святкаванне яго прыпадае напрадвесні. "На Казімера зіма ўмера", – кажа каталіцкая прыказка. З самай раніцы каля касцёла незвычайны рух і ажыўленне. Плошча, бліжэйшыя двары і задворкі застаўлены коньмі і павозкамі. З блізкіх і далёкіх месц, фальваркаў, маёнткаў, хутароў і засценкаў з'ехаліся паны, панкі і простая шляхта. Хіба ж гэта не цуд Маткі Боскай, што "свенты косцел", анямеўшы на доўгі час, загаманіў сёння голасна на ўсю акругу сваімі тужліва-жалобнымі званамі? Сёння ў касцёле першае набажэнства. I правіць яго ксёндз Пацейкоўскі. Прыехаў сюды загадзя, прыехаў з цэлым штатам прыслужнікаў. Ён прыехаў, каб належным чынам падрыхтаваць касцёл да набажэнства. Яму адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны. Але ксёндз Пацейкоўскі ёсць манах і служка пана Бога. Ён суровы, просты і строгі ў сваім жыцці. Сурова і проста яго абстаноўка. Ніякага следу раскошы. Адно толькі кіпарысавае распяцце ды некалькі абразоў матак боскіх і святога Казімера аздабляюць сцены яго кабінета. Але ў сталовай туліцца ёмкі і стыльны буфет з цэлаю фалангаю пляшак дарагіх і рэдкіх він і розных трункаў. Ксёндз Пацейкоўскі не толькі служка пана Бога, але і спрытны і таленавіты артыст каталіцкай царквы. Ён вялікі мастак на тое, каб стварыць адпаведны настрой у свае паствы, каб потым выігрываць на яе струнах патрэбныя яму мелодыі. Уся ігра яго зводзіцца на тое, каб калектыўную волю парафіян падпарадкаваць інтарэсам касцёла, гэтага агітпропа старога эксплуататарскага свету. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. I цяпер сядзіць ён над ім, праглядае тэзісы, тэму і змест казання, робіць папраўкі, дадаткі, шліфуе, адточвае кожны сказ, кожнае слова. I калі ўдаецца яму які-небудзь надзвычай трапны сказ, зварот, ён паўтарае яго ўголас, і тады адступае ад манаскага статута і выпівае шкалік французскага трунка.
        Тым часам падышоў і дзень набажэнства. Пануры, апушчаны і заняпалы ў часе свайго знямення, касцёл сурова глядзіць сваімі цяжкімі вежамі і пачарнелымі мурамі. Нават тысячы свечак, запаленых пад абразамі гарлівасцю набожных парафіян, не могуць разагнаць яго панурасці і суровасці.
        "Dominus, vobiscum", – разнастайнымі, з адценнем жудасці, трэлямі пераліваецца голас ксяндза Пацейкоўскага. Мяккім музычным громам адклікаюцца арганы. Кленчаць набожныя каталікі, разгортваюць кантычкі. Пачынаюцца агульныя спевы касцёльных модлаў. Няскладныя спачатку галасы выроўніваюцца, выпраўляюцца і, нарэшце, зліваюцца ў жудасным аднастайным шуме далёкай навальніцы, таемнай і страшнай у сваім невыразным многагалосым гомане. На кафедру выходзіць ксёндз Пацейкоўскі. Праграму набажэнства, паложаную статутам касцёльнага рытуалу, ён перасыпае казаннямі. А казанні гаворыць з натхненнем і перакананасцю. Уся ж абстаноўка – гром арганаў, адзенне ксяндза і прыслужнікаў, іх урачыстыя выхады, масіўныя шэрыя сцены мураў, пакутныя і бялесыя твары святых на абразах і ўся палітычная сітуацыя моманту – усё гэта спрыяе стварэнню патрэбнага ксяндзу настрою. Ён падымае рукі, закочвае вочы пад скляпенне касцёльных мураў, дзе павінен сядзець пан Бог, і пачынае гаварыць. Гаворыць аб моцы, гневе, справядлівасці і бясконцай літасці "вшэхмогонцэго" пана Бога. Боскі гнеў і дабрата даводзіцца прыкладам аб тым, што было і што сталася з касцёлам "свентэго Казімера". Як калісь народ ізраільскі быў у Вавілонскім паланенні, дзе змоўклі струны яго арфы, так быў у няволі і палоне "свенты косцел" і польскі народ, прагнявіўшы пана "бога-ойца". Цяпер жа пан Бог змілаваўся над святым сваім домам, бо толькі касцёл ёсць праўдзівы і сапраўдны дом божы, і над народам сваім і вывеў яго з няволі. Дык трэба цвёрда памятаць аб гэтым і ні на адзін момант не адступаць ад святой веры каталіцкай, не паддавацца граху і не загразаць у яго цёмнай спакуслівай багне. Святы касцёл, утрачаны праз грэх, цяпер вернут з ласкі боскай, але касцёл апушчан, і святы Казімер балесна пазірае з свайго раю на занядбаны дом свой. Трэба шчодрыя ахвяры для аднаўлення касцёла.
        Казанне сваё ксёндз Пацейкоўскі канчае заклікам даваць ахвяры, а разам з гэтым аддаць і "подзеньковане" пану Богу за яго літасць да верных католікаў, да ўсяго польскага народа, якому пан Бог таксама даруе і крулеўства.
        Казанне змяняецца зноў набажэнствам, громам арганаў і агульнымі спевамі, а касцёльныя служкі ў спецыяльным адзенні ходзяць па касцёлу з срэбранымі талеркамі, прычым адзін з іх стукае святою булавою, каб напомніць парафіянам аб іх абавязках перад панам Богам і святым Казімерам. Праз некаторы час кафедру зноў займае ксёндз Пацейкоўскі. Цяпер ён гаворыць казанне аб рэлігіі. Другое казанне – працяг першага. Рэлігія, як гаворыць ксёндз Пацейкоўскі, ёсць "святлосць", адсутнасць жа рэлігіі, бязбожніцтва, гэта – "цемносць".
        Яго папярэднія казанні толькі ўступ, падрыхтоўка да трэцяга, самага асноўнага і патэтычнага, дзе ён запыняецца і з усёю сілаю свайго красамоўства накідаецца на бальшавікоў, носьбітаў атэізму.
        Пасля набажэнства радавітая шляхта, паны-абшарнікі і ваенная арыстакратыя заходзяць да ксяндза Пацейкоўскага на "шклянку гарбаты". Ксяндза-пробашча віншуюць: яго прамова – шэдэўр красамоўства. Яму паціскаюць руку і пан Длугошыц, і палкоўнік пан Дэмбіцкі. Ксёндз Пацейкоўскі ўвесь цвіце і свеціцца здавальненнем. Але ён, як і сотні другіх служак пана Бога, у касцёле вядзе толькі тэарэтычную падгатоўчую работу. Ён паказвае гасцям газеты, часопісы, дзе змешчаны яго артыкулы, накіраваныя за вайну супраць бальшавікоў, паказвае адозвы, дзеліцца праробленай работаю па часці практычных мер, накіраваных супраць Саветаў: наладжванне шпіянажу, арганізацыя банд і свае агентуры на савецкай тэрыторыі. Стала і грунтоўна рыхтуецца панская Польшча да веснавой ваеннай кампаніі супраць Чырвонай Арміі і чакае толькі пагоды, калі прасохнуць дарогі, каб рушыць сваё войска ў паход.
        Вясна, пачаўшыся раптоўна, несулынна збірала сілу і ў некалькі дзён змяніла палескі краявід. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе маркотна выступалі адны толькі парыжэлыя купіны з сухою леташняю травою, голыя купы лазовых кустоў, да палавіны залітыя вадою, ды высокія шпяні алешын, ужо выбыўшых з строю жывога жыцця, захаваўшы толькі журботна ўзнятыя ўгару гнілыя цыбуры. Адны толькі цёмныя пушчы захоўвалі сваю звычайную суровасць, нават няветлую панурасць, тоячы ў сваіх нетрах звярыныя логавы, непраходныя дрыгвяністыя балоты, рэчкі, азярцы, пясчаныя груды-астравы, вузкія, не ўсім вядомыя, праходы, дарогі з бясконцымі бродамі і цэлыя шырачэзныя рэчкі снегавой вады, што рухліваю, хоць маруднаю, лавінаю пералівалася з балота ў балота па цёмных нізінах, накіроўваючыся ў Прыпяць. Але як вясёлы і прыветны цяпер ускраіны гэтых пушчаў, дзе кожнаяпядзязямлі, прыгрэтая веснавым сонцам, жыве радасным абуджаным жыццём, выпускаючы першыя парасткі маладога зеляніва. Заварушыліся мурашкі, разнастайныя жучкі, кузуркі, такія малюсенькія, што трэба ўважна прыглядацца, каб заўважыць іх радасны мітуслівы рух на кожным абагрэтым сонцам шматочку зямлі, на сухіх былінках, на кары даўно згніўшага дрэва. А паветра звініць птушыыым гоманам, крыкамі, шлюбнымі злётамі і клопатамі аб сваім доме, аб прыпынішчы, дзе б можна было асталявацца і зажыць сямейным жыццём. Аднаўляецца зямля, ажывае прырода, і радасны шолах жыцця ходзіць па галінах кустоў і старога лесу.
        Гуляе паводка, адбіваючы ў сабе чыстае неба і бліскучае сонца. Як астраўкі, сям-там параскіданы людскія паселішчы. I ціха ў іх, не відаць чалавека. Прытаілася палеская вёска. Але гэта толькі адна зманлівая відомасць цішыні і спакою. Носіць вадзяная пустыня на ўлоннях сваіх быстрыя вастраносыя чаўны і лёгкія чайкі-душагубкі. А ў гэтых чаўнах, а ў гэтых чайках шнуруюць ад вёскі да вёскі суровыя, замкнёныя ў сабе сыны Палесся, патрывожаныя, выбітыя з каляін жыцця ўварваннем ненавісных акупантаў. Спасцярожліва ўзіраюцца яны ў далечы залітых вадою балот і шыбуюць між кустоў, туляцца каля высокіх сухіх чаратоў. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў тояцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Патаемная змова туліцца пад стрэхамі заняпалых хат. іутка ловіць гукі спасцярожлівае вуха і зорка ўглядаецца ў далечы вострае вока...
        Надыходзіць вясна. Што нясе яна з сабою?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.