РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXXI
        
XXXI

        
        Ранні і раптоўны наступ польскай арміі, наступ на шырокім фронце, захапіў і Палессе. На яго акупаваных землях правялі палякі мабілізацыю. Тысячы маўклівых і суровых сыноў Палесся супраць сваёй волі і жадання мусілі пад аховаю польскай ваеншчыны ісці ў глыбокія тылы для фарміравання новых часцей, на папаўненне войск на фронце. Польскае ваеннае камандаванне, праводзячы мабілізацыю, мела на ўвазе і партызанскі рух, і мабілізацыяй думала яно зменшыць яго памеры. Але мера гэта прыводзіла якраз да адваротных вынікаў. Перш за ўсё, значная частка падлягаўшых мабілізацыі замест таго, каб ісці на мабілізацыйныя пункты, зразу ж падалася ў лясы, а рэшта, забраная гвалтам, тоячы нянавісць да акупантаў, бегла з казармаў, бегла з сваіх часцей, бегла адкуль толькі можна было бегчы пры кожным зручным выпадку. Іх лавілі, жорстка распраўляліся з імі, але і жорсткія кары не спынялі дэзерцірскага патоку сілаю забраных у войска людзей. Вясна, цеплыня і багацце лясоў спрыялі таму, што лясныя нетры сталіся надзейнымі прыпынкамі і сховамі для тых, хто вырваўся з польскай ваеншчыны, не жадаючы ваяваць за варожыя ім інтарэсы панскай Полыпчы. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Гэтыя ж лясы сталіся школаю іх класавай свядомасці. Следам за імі прыходзілі сюды і цэлыя кадры падполыпчыкаў і праводзілі сярод іх шырокую работу, вялі прапаганду за Саветы, тлумачылі праграму бальшавікоў, іх задачы і мэты, давалі ім арганізацыйныя формы, раскрывалі сэнс белапольскай вайны і ўсіх тых, хто стаяў за спіною панскай Польшчы і фактычна кіраваў ёю. Гэтыя лясы жывілі і множылі партызанскія групы і цэлыя згуртаванні іх, густа раскінуўшы іх сетку на далёкіх і блізкіх тылах польскага фронту.
        На пясчаным узгорку ўскрай лесу, дзе раскінуліся, як авечкі на пашы, маладыя разложыстыя хвойкі, ціха, утульна і добра. З аднаго боку рассцілаецца даволі шырокае поле, абкружанае лесам і стуленае па краях хвойнікам. Па другі бок узгорка стаіць мешаны лес, густы і пануры. I гэтае поле, і гэты лес у сваю чаргу абкружаны непраходнымі балотамі. З усіх бакоў гэты ўзгорак – дасканалая пазіцыя: ты сам стаіш на ім, і ніхто цябе не бачыць, але сам ты ўбачыш адгэтуль і поле, і дарогу на ім, і ўсе падыходы, і, апроч усяго, ты можаш пагрэцца тут на веснавым сонцы як не трэба лепей. А калі ты любіш паразважаць на розныя высокія тэмы або проста скупануцца ў хвалях прыемных мар, то і гэтаму твайму занятку ніхто не перашкодзіць тут.
        Вось чаму дзед Талаш і абраў сабе гэта месца для свайго часовага прытулку. Але цяпер дзед Талаш тут не адзін: з ім неразлучны яго друг і таварыш Мартын Рыль. I не для таго толькі, каб проста правесці час, прыйшоў сюды дзед Талаш з Мартынам Рылем: сюды павінны сысціся і іншыя іх таварышы: Цімох Будзік, Мікіта Самок і Кузьма Ладыга з Вепраў. Можа, нават прыйдзецца правесці тут шырокі сход – ёсць дужа важныя пытанні, аб якіх трэба пагаварыць. Трэба ж, нарэшце, пачаць і болей сур'ёзную работу. Сюды ж, на гэты ўзгорак, прыходзяць свае людзі з рознымі навінамі і весткамі.
        Словам, узгорак гэты – часовы штаб дзеда Талаша.
        I з надворнага боку дзед Талаш нагадвае цяпер ваеннага чалавека. На галаве ў яго красуецца чырвонаармейская шапка. Замест латанага зашмуленага і выцертага кажушка носіць ён мундзір ваеннага пакрою. Праўда, ад мундзіра застаўся толькі пакрой і матэрыял, усе ж адзнакі яго прыналежнасці да катэгорыі мундзіраў польскіх вайскоўцаў – каўнер, гузікі з белымі арламі – дзед Талаш павыпорваў і замяніў іх сваімі саматужнымі, паляшуцкімі. I на нагах у яго не лапці, а элеганцкія боты і майткі з добрага сукна, ды з лампасамі, як у казака або ў генерала. Хіба не заслужыў дзед Талаш, партызанскі атаман, насіць такую форму? Яна дужа да твару і вельмі выгодна вылучае яго з партызанскай грамады, і самім партызанам яна надзвычай імпануе.
        Мартын Рыль, апёршыся на локаць, ляжыць на баку на прагрэтым дзірване. Мыслі яго блукаюць дзесь далёка ад гэтага ўзгорка.
        – I калі ж мы, згінь яго доля, за работу возьмемся? Самы час сяўбы, – уголас разважае Мартын.
        – Будзем жывы, і каля зямлі паходзім, голубе, эге ж! А цяпер няхай жанкі ды хто дома застаўся спраўляюцца з работаю. Наша ж, голубе, работа цяпер толькі і пачынаецца.
        – Цяпер куды болей разгону, – ажыўляецца Мартын. – Вясною і сам чорт нам не брат. Знай толькі лес ды добрую часіну з лесу паказацца... А глядзі ты – паляк, падла, папёр.
        – Пачакай трохі, голубе: на ражон ён напорацца, – аўтарытэтна і мнагазначна адзываецца дзед Талаш. Трудна нават дагадацца, на што ківае тут дзед Талаш. Можна падумаць, што ён мае на ўвазе шырокія партызанскія аперацыі. Яно так і ёсць, але не на адно толькі гэта спадзяецца дзед Талаш. Ён да апошняга часу не траціў сувязі з Чырвонай Арміяй. А там ён дачуўся ад камандзіраў, што ў наступе палякаў нічога страшнага і неспадзяванага для Чырвонай Арміі няма, што Чырвоная Армія на некаторы час падасца на ўсход: шмат чырвонага войска знята з гэтага фронту і перакінута на поўдзень, каб хутка і дашчэнту дабіць Врангеля, а потым прыйдзе чарга і да белапалякаў. Між іншым, як дазнаўся дзед Талаш, і тая рота, дзе быў узводным Букрэй, паехала на Врангеля.
        – А там хтось выйшаў з лесу, – падымае галаву Мартын і паказвае на лес па той бок поля і на дарогу, што ідзе полем.
        Дзед Талаш і Мартын Рыль углядаюцца ў чалавечую постаць. Чалавек запыніўся, стаіць, разглядаецца.
        – Відаць, не наш, – заўважае Мартын.
        – Будзем жа ведаць: на дарозе наша варта стаіць, – спакойна адказвае дзед Талаш.
        Невядомы чалавек адлучаецца ад лесу, ідзе дарогаю, пераходзіць поле.
        Дзед Талаш і Мартын маўчаць, не спускаюць з вока незнаёмага чалавека. Ён праходзіць палавіну дарогі праз поле, набліжаецца да лесу. Ідзе размеранаю, роўнаю хадою. Ён ужо блізка ад лесу. Яшчэ некалькі хвілін і ён – у лесе.
        – Нібы дзесь бачыў я гэтага чалавека: такая ж самая фігура і такая ж хада, – прыпамінае дзед Талаш і не можа ўспомніць, дзе бачыў ён такога чалавека.
        – Можа, Саўка, – пасміхаецца Мартын.
        – Саўка? Не, гэта не Саўка... А ведаеш, Саўка не такі ўжо прапашчы чалавек. Вось жа не сказаў Васілю пра нас, хоць злодзей і канакрад. З нажом кінуўся, бок прапароў. Шкада толькі, што насмерць не закалоў гада. А мы ж яшчэ з ім не паквіталіся.
        – А скажы, дзядзька Талаш, скуль вы даведаліся пра гэту змову Саўкі з Васілём і яго хаўруснікамі?
        Дзед Талаш колькі хвілін глядзіць на Мартына, маўчыць.
        – Мяне дужа прасілі не казаць пра гэтага чалавека, хто выдаў іх змову. Але табе я скажу: сказала гэта Аўгіня, Васілёва жонка.
        Мартын злёгку страсянуўся, але пастараўся схаваць ад дзеда Талаша сваё хваляванне.
        – Цікава! – спакойна, нават безуважна азваўся Мартын. Ды і што яму Аўгіня?
        – Але гаварыць пра гэта ты нікому не будзеш? – пытае дзед Талаш і хітравата глядзіць у вочы Мартыну.
        Мартын не ўправіўся адказаць: з боку лесу пачулася глухое тухканне ног па мяккай зямлі. Дзед Талаш і Мартын павярнулі галовы ў той бок. З-за купчастай хвойкі зараз жа высунуліся дзве постаці: вартавы партызан з карабінам і незнаёмы чалавек, той самы, што ішоў дарогаю праз поле.
        Зірнуў дзед Талаш на незнаёмага. На дзедавым твары адразу засвяцілася ўсмешка. Як дзяцюк, борздзенька падняўся на ногі і кінуўся насустрач.
        – Таварыш Нявідны, здаровенькі булы! – на палескі лад прывітаў яго дзед Талаш. На момант Нявідны сумеўся: у новым адзенні дзед Талаш так змяніўся, што адразу трудна было пазнаць яго. Потым твар Нявіднага адразу прасвятлеў.
        – Дзед Талаш! – і па-прыяцельску паціснуў дзеду руку. – Як добра, што я сустрэўся з вамі, стары дружа... А я іду ды думаю: куды ж гэта вядзе мяне таварыш?
        I паказвае на вартавога партызана.
        – Ну, я ж вас не ведаю, а праверыць трэба, што вы за чалавек, – дзелавіта заўважае партызан.
        – Правільна, таварыш, правільна!
        А дзед Талаш здаволена пасміхаецца: яго ваякі ведаюць службу. У іх жа парадак і строга, як у арміі.
        – Які ж добры вецер і скуль нясе вас, таварыш Нявідны?
        – А я абход раблю свайго раёна. Работы шмат. I трэба ж на гэту работу людзей падабраць і паставіць.
        – Што ж добрага чулі, бачылі?
        – Ды шмат чаго бачыў... Справа наша жыве, расце... У вас жа што чуваць?
        Расказаў дзед Талаш пра падзеі апошняга часу, пра букрэеўскі паход, пра стычку з палякамі пад Ганусамі, пра свае прыгоды, пра захват польскай контрразведкі.
        Нявідны слухаў з захапленнем.
        – Дык вы дарма не сядзелі. Малайцы! Пра вас далёка гавораць.
        – Варушымся патрошку, – адказвае дзед Талаш, – а сёння ў нас і нарада будзе. Хочам трохі з лесу выйсці. I вельмі добра, што вас мы знайшлі. Вы скажыце нам колькі слоў пра вайну з панамі.
        – Дужа рад буду пагутарыць з вамі.
        – Дык давай, Мартыне, – гэта мой верны таварыш, адзін з тых, што раззбройвалі польскі канвой, – цяпер толькі адрэкамендаваў дзед Талаш Нявіднаму Мартына Рыля, – давай, дружа, народ склікаць!
        Мартын моўчкі падняўся.
        Цяпер толькі заўважыў Нявідны, што ў Мартына ёсць не толькі карабін, а і труба пры боку на зялёным шнурку, ёмкая крывая труба, дзервяная, самадзельная, шчыльна абверчаная бяростаю.
        Падышоў Мартын трохі бліжэй да лесу, паднёс да губ трубу, выставіў крыху наперад левую нагу і затрубіў так, як трубяць у лесе пастухі. Громкі і даволі несамавіты зблізку дзервяны гук паплыў па лесе і змоўк. Хвілінку счакаўшы, дзесь у глыбіні лесу адгукнулася другая труба. Дзед Талаш слухаў і ківаў галавою, паказваючы ў той бок, адкуль пачулася труба. Яшчэ далей і яшчэ болей ціха азвалася трэцяя. Дзед Талаш, відочна, быў здаволены, слухаючы водгулле труб.
        – Каму што да таго, што ў лесе "пастухі" трубяць? – заўважыў ён.
        Не прайшло і чвэрці гадзіны, як з лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абрэзамі, з бярданкамі, з аўстрыйскімі і нямецкімі стрэльбамі. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Яны стараліся прыдаць сваім падначаленым выпраўку і ваенны выгляд. Адзеты і абуты былі ваякі як папала. На галовах пападаліся старыя салдацкія шапкі, бачыўшыя на сваім вяку Галіцыю, Карпаты, Полыпчу і Нямеччыну. Сям-там пракідаліся былыя гімнасцёркі і казёныя раменныя папругі. Абуты былі хто ў боты, хто ў шчыблеты з абмоткамі часоў керыншчыны, а хто ў традыцыйныя палескія лапці, але сам народ быў сур'ёзны, цягавіты, гартаваны бурамі вайны і рэвалюцыі і гатовы біцца не на жарты, народ, з якім не Так-та лёгка змагацца ў гэтых балотах і палескіх трушчобах.
        А групы ваяк прыбывалі, натоўп узброеных людзей рос і рос. Нарэшце, калі збор кончыўся, выступіў дзед Талаш.
        – Таварышы, партызанскае войска! Давайце пагамонім аб справе. Пара нам за дзела ўзяцца. Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі, папалілі нашы хаты, разбурылі нашы гарапашніцкія двары, разграбілі наш набытак. А за што? За тое, што не захацелі быць панскімі батракамі, што асмеліліся скінуць ярмо, у якое ўпрэглі гарапашніцкі бедны народ паны і капіталісты; за тое, таварышы, што стаялі мы і стаімо за бальшавікоў, за Савецкую ўладу, якая скінула ўладу багатых і перадала яе ў рукі рабочых і беднага сялянства. Рушылі паны ў наступ сваё белае войска, каб адабраць ад нас зямлю, каб парабіць нас сваімі падданымі ды зноў прымусіць працаваць на сябе. Ці ж згодзімся ізноў стаць панскімі нявольнікамі?
        – Далоў паноў! – грымнулі партызаны.
        – Дык не будзем жа мы туляцца па лясах ды сядзець злажыўшы рукі. У нас ужо ёсць сіла, і сёе-тое можам рабіць. А што нам рабіць? Мы звяжам тут рукі панам, прымусім іх трымаць тут войска, будзем нападаць на іх абозы, разбураць дарогі, паліць іх маёнткі, без літасці біць таго, хто будзе стаяць за паноў. Паможам нашай Чырвонай Арміі, покі збярэ яна сілу, і разам з ёю пагонім паноў і іхнюю паліцыю, ксяндзоў і ўсякую поскудзь.
        Пасля дзеда Талаша слова ўзяў Нявідны.
        – Дазвольце, таварышы, ад імя партыі бальшавікоў прывітаць вас, актыўных барацьбітоў, выступіўшых арганізавана і са зброяй супраць нахабнай навалы наймітаў капіталістычнай Еўропы.
        Таварышы! Наша партыя, загартаваная ў агні Кастрычніцкага паўстання, разбіла і скінула ўладу капіталу ў Расіі і ўзяла дзяржаўнае стырно ў свае рукі для таго, каб разняволіць закабаленыя масы рабочых і сялян ад гнёту капіталу, ад панскага ярма, каб аддаць у рукі працоўных фабрыкі, заводы, зямлю, каб зрабіць іх гаспадарамі гэтых фабрык, заводаў, зямлі, каб яны самі сталі вольнымі будаўнікамі свайго дабрабыту, свайго жыцця на новых сацыялістычных асновах. Выгнаныя фабрыканты, купцы, прамыслоўцы, памешчыкі, царскія генералы і іншы зброд дармаедаў знайшлі сабе спачуванне сярод замежных капіталістаў. З іх дапамогаю сабралі яны полчышчы белагвардзейцаў, узброіўшы іх браневікамі і танкамі, і пад камандаю царскіх генералаў і афіцэраў рушылі іх супраць улады Саветаў, каб у крыві рабочых і працоўных сялянскай беднаты заліць агонь рэвалюцыі і вярнуць сабе ўладу, уладу бізуна і нагайкі. Якая гэта ўлада, вы ведаеце самі цяпер. Дзянікін з поўдня, Калчак з Далёкага Усходу, Юдзеніч з захаду, ангельцы з поўначы здушылі цесным колам нашу краіну, каб замарыць яе голадам, каб прыбраць нас, галодных, абяскроўленых, у свае рукі і знішчыць Савецкую ўладу. Але, таварышы, наша маладая рэвалюцыйная рабоча-сялянская Чырвоная Армія, пад кіраўніцтвам бальшавіцкай партыі, напаўгалодная, слаба ўзбрбеная, разбіла ўшчэнт царскіх генералаў і адміралаў, выгнала вон чужацкае войска замежных капіталістаў, а цяпер дабівае Врангеля. Але нашы бязлітасныя класавыя ворагі, замежныя капіталісты на чале з Англіяй не супакойваюцца. Яны ўтварылі так званую "Вялікую Польшчу" і выкарысталі панскую прагавітасць захапляць чужыя землі для таго, каб накіраваць яе супраць Савецкай улады. I вось, таварышы, вайна гэта пачалася. Што нясе нам гэта вайна, вы ведаеце. Вы самі, таварышы, узяліся за зброю – вы сталі на правільную дарогу: другога шляху нам няма. Таварышы, мы ваюем не для таго, каб забіраць чужыя землі, мы змушаны ваяваць, абараняць сваю айчыну, сваю ўладу, свае інтарэсы: наша ўлада – гэта мы, гэта нашы інтарэсы. Савецкая ўлада – гэта сімвал вызвалення ўсяго прыгнечанага чалавецтва ад няволі капіталізму. Мы ваюем не з Польшчаю наогул, мы ваюем з панскаю белаю Польшчаю, з Польшчаю капіталістычнага прыгнечання. У нашых радах, у радах бальшавіцкай партыі, ёсць многа, тысячы выдатных рэвалюцыянераў-бальшавікоў палякаў, якія разам з намі б'юцца з панскаю Польшчаю. У радах польскага войска ёсць шмат рабочых і сялян, часткаю абдураных сваім урадам і ксяндзамі часткаю змушаных гвалтам стаць у рады арміі. I трэба, таварышы, не толькі пускаць у ход зброю знішчэння ў вайне з панамі, а трэба таксама і развязваць вочы несвядомым польскім салдатам, абуджаць іх класавую свядомасць: з ворагаў яны стануць нашымі саюзнікамі і плячо ў плячо з намі пойдуць супраць сваіх прыгнятальнікаў. Таварышы, мы пераможам, будучыня наша! Цяпер жа, таварышы, прыступайце да арганізацыі, рэвалюцыйных камітэтаў – гэтай паходнай баявой Савецкай улады: недалёка той час, калі Савецкая ўлада стане тут цвёрдымі нагамі. Няхай трыумфуюць нашы ворагі з прычыны сваіх перамог – трыумф іх нядоўгі. Дык за справу, таварышы, за адзіна справядлівую нашу рабоча-сялянскую класавую вайну з панамі!
        Няхай жывуць чырвоныя партызаны!
        Няхай жыве Чырвоная Армія і яе арганізатар – Камуністычная партыя!
        Мітынг скончыўся клятваю біцца да канца з панамі, біцца за вызваленне працоўных.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.