|
XXXIII Раз адвячоркам ішла Аўгіня з лесу. Яна несла за плячамі даволі ёмкі мех першай маладой травы. У Аўгінінай маткі, дзе жыла яна цяпер з дзецьмі, была цялушачка. Для яе і несла Аўгіня траву. Ішла яна побач дарогі так, каб не кідацца людзям у вочы і асабліва польскім салдатам, якіх нядаўна прыгналі ў Вепры і якіх яна баялася: ад іх можна ўсяго спадзявацца. Ішла Аўгіня, а разам з ёю ішлі і яе думкі. З таго часу як пакінула яна дом свайго мужа, яна з ім і не бачылася. Хоць у маткі і жылося ёй нялёгка, але варочацца да Васіля яна не думала. Ды і як ёй, так ганебна, з такой зняславаю выгнанай, было варочацца, кланяцца яму, раняць перад ім свой жаночы гонар? Калі б так была яна патрэбна яму, то ці не знайшоў бы ён да яе дарогі? Аўгіня спадзявалася, што Васіль прыйдзе, калі не па яе, дык да хлапчукоў. З аднаго боку, яна не хацела ні ісці да Васіля, ні аддаваць яму меншых дзяцей. З другога ж боку, яна адчувала прыкрасць, што Васіль не паказваецца і не просіць яе вярнуцца. Разумеецца, яна і не вярнулася б, яна нагаварыла б кучу непрыемных для яго слоў, абразіла б і зняславіла б яго яшчэ горай, як абразіў і зняславіў ён яе тады. Потайкам, калі Васіля не было дома, яна забягала яшчэ раз да дзеда Купрыяна, каб разжыцца чым-небудзь з харчоў. Хіба не павінен быў Васіль плаціць ёй на ўтрыманне дзяцей? Але Васіль строга-настрога прыказаў старому бацьку не даваць ёй нічога. Дзед Купрыян бачыў, што пагадзіць іх трудна, і ўжо не рабіў з свайго боку ніякіх захадаў памірыць іх. Хто цяпер паслухае старога? Дзед трос сам сабе галавою і не ўмешваўся ў іх справы, але потайкам і ён перасылаў сяды-тады сёе-тое для ўнучкаў. Васіль жа чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлебаі самапрыйдзе да яго, паклоніцца яму і будзе ўніжацца перад ім. З таго моманту, як у яго сэрца запала падазронасць на Аўгіню, што гэта яна папярэдзіла старую Талашыху, выдала ёй патаемную змову яго з Саўкам Мільгуном, ён зацяўся на яе і чакаў толькі, каб яна вярнулася, – не для таго, каб жыць разам, а для таго, каб пагаварыць з ёю як следуе, а потым прагнаць яе раз назаўсёды. Войт ужо прыглядаўся, каб узяць сабе другую жонку. Ён яшчэ не стары. Хай толькі акажацца, – за яго пойдзе любая. Яго становішча, як войта і прыхільніка польскай акупацыі, умацоўвалася: белапалякі націскалі, а фронт чырвонага войска падаваўся назад. Палякі занялі ўжо к гэтаму часу Мазыр і Рэчыцу. Правае крыло іх войска шпарка пасоўвалася на Украіне і пагражала ўжо Кіеву. Партызанскі рух, здавалася, заціхаў. Сюды падагналі палякі войска. Яго заклятыя ворагі, Талаш і Мартын Рыль, напэўна, пайшлі разам з чырвонымі і сюды наўрад ці вернуцца, а калі і вернуцца, то Васілю цяпер яны не так і страшны. Вось якія думкі хадзілі ў войтавай галаве. Чырвоны кружок сонца ўрэзаўся ўжо ў верхавіны лесу і смутнаю ўсмешкаю развітання рассыпаў агністыя косы ў глыбіні веба, пакідаючы там ружовыя дарожкі, па паверхні зямлі, дзе яшчэ не злёг і не насунуўся цень ад лесу, па стрэхах будынкаў, па верхавінах кучаравых дрэваў і па знямелых у вячэрняй цішыні вепраўскіх ветраках. Ад балота патыхала прохаладдзю і сырасцю, і дзесь далёка-далёка вохкала зямля, і боязна ўздрыгвалі балоты ад глухіх гарматных выстралаў. Гэта бухканне гармат напамінала Аўгіні аб вайне, і яна адчувала няясны смутак і страх перад невядомаю будучыняю. Адступленне Чырвонай Арміі адбівалася на ёй якводгаласнейкіх утрачаных надзей, як напамінак аб тым, што і яе асабістае становішча ў сувязі з гэтым пагаршаецца. Але звароту назад ёй не было і адкрытымі вачыма ёй трэба глядзець у твар гэтай будучыні. Аўгіня прыпынілася. Скрозь галіны дрэў ужо прасвечвалася вепраўскае поле, і самі Вепры выступалі даволі ясна з лёгкага вячэрняга суцення. Яна ўжо хацела рушыць далей, але асцярожнае, глухое шорханне галін і лёгкі хруст гнілога ламачча пад чыімісь нагамі ў гушчары хмызу змусілі яе азірнуцца ў той бок. Яна павярнула туды галаву і задрыжала: з ляснога змроку выступіў цёмны высокі сілуэт чалавечай постаці. Постаць гэта таксама запынілася. Аўгіня хацела ўжо кінуцца ўцякаць, каб выскачыць на поле, яно тут зусім блізка, і там, здавалася ёй, не так страшна, бо бліжэй да вёскі. – Аўгіня! – пазваў яе прыязны, нізкі, ціхі голас, і штось блізкае, даўно знаёмае пачулася ёй у гэтым голасе. Яна апусціла на зямлю мяшок і дапытлівымі, яшчэ ўсё ж захаваўшымі сваю прывабнасць вачыма зірнула на высокага чалавека і пазнала яго. – Мартын! – вырвалася ў яе. – Я, я! – ціха азваўся ён і падышоў усутыч. Аўгіня боязна азірнулася навокал. Каго баялася яна ў гэты момант, яна не ведала і сама. Можа, гэта была несвядомая боязнь, навеяная Васілём, а можа, гэта проста была звычайная засцярожлівасць маладой жанчыны. Мартын таксама азірнуўся, але страх яго быў іншага парадку. Ён доўга трымаў Аўгініну жорсткую і цвёрдую ад работы руку і пазіраў ёй у вочы. – Здарова, Аўгінька! Як жа даўно не бачыў я цябе, а думаў аб табе шмат усе гэтыя дні. – Не варта я таго, каб думаць аба мне, – адказала Аўгіня. Яна проста хацела выпрабаваць і праверыць перад самой сабою, ці варта яна таго, каб аб ёй думаў Мартын... – А я от думаў і... буду думаць. Аўгіня ўтуліла вочы. Ёй прыемна, што Мартын думае пра яе і будзе думаць. – А што думаў ты пра мяне, добрае ці благое? – Ды гэта і расказаць трудна. ПІмат чаго думаў. Думаў, як бы пабачыцца з табою, пагутарыць... паглядзець на цябе... і даўнейшае так от на думкі ўсплыве. Гэта "даўнейшае" Мартын гаворыць з асаблівым націскам і яшчэ бліжэй горнецца да Аўгіні. Ёй трохі няёмка і сорамна, і яна чутачку падаецца ад яго. А Мартын гаворыць далей, як бы нічога не зважаючы. – Не-не ды і ўспомніцца, як мы з табою на чаўнах гналіся. Даўно ўжо гэта было, а вось не забываецца. I ведаеш – ты і тая качка, што схаліў сом, злучаюцца неяк у маёй галаве, робяцца адною толькі Аўгіняю, а сом абарочваецца ў Васіля. – I гэты сом, – горка пасміхнулася Аўгіня, – узяў цяпер і выкінуў з свайго прожара гэту качку. – Лепей было б, каб ён падавіўся ёю адразу. Але тут, калі гаварыць праўду, не так быў вінаваты сом, як сама качка. Аўгіня апусціла галаву. Гутарка іх абарвалася. – А стралец, што падбіў качку, не быў вінаваты? – ціха пытае Аўгіня і кажа: – Але гаварыць аб гэтым цяпер па часе. Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Радасць не ў дастатку, і шчасце не ў багацці. Я была чужая для яго, а ён быў чужы для мяне. Аб адным я шкадую, мне трэба было самой кінуць яго, а не чакаць, пакуль ён мянс выжане – А чаму ж ты не зрабіла гэта? – З-за дзяцей, Мартын. Чым жа дзеці вінаваты? – Значыць, калі б ён не выгнаў цябе, дык ты дагэтуль жыла б там? – Не ведаю... напэўна б кінула, бо я думала аб гэтым і толькі чакала зручнай часіны: жыццё для мяне было там не такое салодкае, як ты думаеш. I ты ведаеш чаму... павінен ведаць. – Не, я гэтага не ведаю, – суха адказаў Мартын. Аўгіня маўчала. На яе твары адбівалася крыўда і засмучэнне. Мартыну стала шкада яе. – А чаму табе нясоладка жылося? Ты ж знайшла тое, што шукала. I што я павінен ведаць? Аўгіня з дакорам паглядзела Мартыну ў вочы. Няўжо ён нічога не разумее? – Я адна, Мартын, адна вінавата, і я адна павінна несці кару. – Чым жа ты вінавата? – Тым, што пайшла за яго замуж, любячы не яго самога, а яго дабро. Аўгіня прымоўкла і ціха дадала: – I пайшла не дзяўчынаю. Ты ж гэта павінен ведаць. Цяпер і Мартын сарамяжліва апусціў вочы. А потым абурыўся на Васіля. – Сволач ён! Панскі падліза! Даносчык! Шпіён! Гэта ён удаў мяне польскай паліцыі. Праз яго цягалі мяне па астрогах, спалілі маю хату. I не адну маю, і не аднаго мяне цягалі. Ах ты, сабачая морда! Смярдзюх! Пачакай жа ты, панскі выжал! Я яшчэ не такую свінню падлажу табе! Выліўшы сваю злосць на Васіля, Мартын крыху заспакоіўся. – Раскажы, як ён выгнаў цябе. Яны сядзелі на мяшку травы. У лесе ўжо цямнела. На вясеннім чыстым небе скрозь проразі верхавін мігалі далёкія халодныя зоры. – Ты не гневайся на мяне, Аўгінька! – ласкава сказаў Мартын і палажыў руку на яе плячо. – Я, можа, жорстка гавару з табою, і не так хацеў я гаварыць. Я многа думаў пра цябе. Ты не выходзіш з маёй галавы. I пэўна ж ніхто так не любіў цябе, як я. Я і цяпер люблю цябе, – сказаў ён зусім ціха і прытуліў яе. – Не трэба гэтага, Мартын! – устрывожана сказала Аўгіня. I ўсім целам адхіснулася ад яго, каб вызваліцца з яго рук. – Чаму? – запытаў Мартын. – Я ж люблю цябе. – А што скажа Ева? Напамінак аб Еве расхаладзіў Мартына. Ён разняў рукі і нават чутачку падаўся ў бок ад Аўгіні. Ева была добрая, ціхая жанчына, і ён шкадаваў яе. – Давай лепей так пагутарым. Я ж даўно не бачыла цябе і думала аб табе, быць можа, болей, як ты аба мне. Я таксама люблю цябе, але не так, як ты думаеш. – Ну, як? – А проста люблю, як брата. Я ж адна, Мартын, зусім адна. Матка мая» хоць і не гаворыць мне, хацела б, каб я вярнулася да Васіля. А я не хачу і не вярнуся ўжо да яго ніколі, Буду жыць адна з дзецьмі. I каго я люблю яшчэ – Алесю. Яна ж твая дачка, Мартын. Васіль зненавідзеў яе, як чужое дзіця. Яна адчувала гэта і дрыжала перад ім. У яе два бацькі, а яна не ведае бацькавай ласкі. А якая яна ціхая і добрая! Калі ён выганяў нас – забірай, кажа, свайго байструка і марш з мае хаты – і схапіў мяне за руку, каб выпхнуць за дзверы, яна стала даміж ім і мной, каб абараніць мяне ад яго злосці. Ён так штурхануў мяне і яе разам са мной, што мы паляцелі ў дзверы, і яна моцна стукнулася галоўкай аб касяк, але не заплакала, а толькі ручкаю схапілася за галоўку, сказаўшы мне ціхенька: "Нашто ты, мама, сварылася з ім?" – З чаго ж у вас пачалося? За што ён цябе выгнаў? – Ну, як табе сказаць? Ладу ў нас не было ніколі. Ён часта папікаў мяне табою, але я цярпела або абарачала ўсё ў жарты і яго старалася ўлагодзіць, абы ціха было ў хаце. Пачалося ж усё з прыходам сюды палякаў. Ён хадзіў да гэтага самага пана Крулеўскага. Там яго паставілі за войта. Ён прыходзіць і хваліцца мне. А я ў той жа дзень хадзіла сюды, у Вепры, і дачулася, што гэта ён выдаў цябе польскай паліцыі. Зненавідзела я за гэта яго і кажу яму: "Адступіся ты ад свайго войтаўства. Трэба з людзьмі жыць і ладзіць, а не з панамі, бо твае паны, – кажу, – у паветры целяпаюцца". – "З якімі, – кажа, – людзьмі? З Талашом? З Мартынам Рылем?" – убачыў ён, што я не ў адну дудку з ім іграю. Ну,і пайшло. Далей, болей. Хадзіла я потайкам да бабкі Талашыхі. Мне ж хацелася ад яе і пра цябе пачуць. Яна прагаварылася, што ты начаваў з дзедам Талашом у іх, а потым схамянулася, спалохалася, што расказала мне, войтавай жонцы, пра дзеда і пра цябе. Я заспакоіла яе. Потым кудзелю прыносіла ёй прасці. Цяжка мне стала, Мартын, жыць з чалавекам, які пачаў займацца непадобнымі справамі, тапіць людзей, наводзіць паліцыю. Навошта гэта? Да чаго? З-за таго, каб сабе толькі жыць, а другім не даваць ходу? Ды няхай яно прахам пойдзе, такое жыццё! Нават дзіця, малая Алеся, не спачувае гэтаму. Пытала мяне пра палякаў, хто яны, чаго хочуць. Раз ён падпільнаваў мяне, як выходзіла я з Талашовай хаты. Вось ён убягае ў хату, як толькі вярнулася я, і давай дапытвацца, чаго я туды хадзіла. Аўгіня падрабязна расказала, як выйшла і чым кончылася сварка. – А ці ведала ты, – запытаў Мартын, – пра яго змову з Саўкам Мільгуном? – Ведала. Выпадкам даведалася. Яны хаваліся ад мяне, таіліся. Але я падгледзела, як яны частавалі Саўку, а потым Кандрат Бірка прагаварыўся. "Я, – кажа, – ваяваць сам не пайду, а за нас пойдзе ваяваць Саўка", і расказаў мне ўсё. А я папярэдзіла бабку Насту. – А ты, Аўгіня, вялікую паслугу зрабіла нам. – А скажы, Мартын, што будзе з гэтаю вайною? Няўжо так і застануцца тут палякі? I няўжо ж вы будэеце ўвесь час туляцца па лясах? Не будзе ж тады жыцця ні вам, ні мне. – Пачакай трохі, Аўгінька, пацярпі: пакоцяцца палякі адгэтуль, толькі стрыбалкі бурчаць будуць ды пяты іх блішчаць. – А куды ты ідзеш, Мартын? – Хачу дамоў забегчы, паглядзець, як яны жывуць. – Не хадзі, Мартын: у вёсцы салдаты польскія. – А чорт іх бяры! Ты правядзеш мяне. Я вазьму твой мяшок, і мы сабе пойдзем, памаленьку, як хадзілі калісь з Прыпяці. – Я баюся за цябе, Мартын! – А ты не бойся, Аўгінька. Мы пойдзем памаленьку, разглядаючыся. Мартын узяў мяшок, прыкрыў ім свой неразлучны карабін, і ў шэраватым вячэрнім змроку рушылі ў Вепры. На развітанні Мартын сказау Аугші: – Ты ж глядзі Алесі. Пабагацею, дапамагу і ёй, і табе. – Ну, бывай жа здаровы, Мартын! Ды асцерагайся, каб не злавілі. Яна хацела ўжо ісці, але Мартын затрымаў яе руку. – Аўгінька, можа, я болей і не пабачу цябе. Развітаемся шчырэй! Прыблізіў яе твар да свайго твару, цалаваў яе. Аўгіня ішла і думала, ці можа яна смела глядзець цяпер у вочы Мартынавай Еве.
|
|