РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXIII
        
XXIII

        
        Невысокі хударлявы чалавек размеранаю роўнаю хадою ідзе лесам. Лес, ахінуўшы свае плечы белаю накідкаю, урачыста захоўвае цішыню і спакой. Такі лагодны спакой бывае толькі ў мінуты мудрага разважання аб таемных, заваблівых глыбінях жыцця або тады, калі заціхае ўсякая трывога, усякі клопат і нічога ў свеце не турбуе ні мыслі, ні сэрца, а ты адчуваеш поўнае сугалоссе з тым, што над табой і вакол цябе.
        I гэты невысокі хударлявы чалавек, адзеты болей на гарадскі лад, прычым і абутак і адзенне яго дастасаваны да пешага перасоўвання, здаецца, паддаўся чарам гэтага ляснога спакою і цішыні. Сяды-тады ён углядаецца ў гэты лес, у гэта часамі дужа цікавае спалучэнне дрэваў у розныя вычварныя групы і згуртаванні. I нельга не запыніць увагі вось на гэтай групе. Невысокі хударлявы чалавек уважна ўглядаецца ў яе сваімі шэрымі халоднымі вачыма. Стаіць разложысты дуб. Магутныя сукі яго і шырокі верх крыху нахіліліся ў той бок, дзе свеціць сонца. Праз гэтыя сукі прасоўвае сваю круглую галаву стромкая асіна. З другога боку высокая танклявая елка праціскае скрозь дубовыя галіны свае зялёныя калючыя лапы. Там, дзе галіны стыкаюцца адна з другою, кара на іх сцерлася. Цялер яны застылі нерухома, але, калі вецер, спяшаючыся ў сваю дарогу, праходзіць над лесам, яны пачынаюць церціся адна аб другую і глуха скрыпець.
        Невысокі хударлявы чалавек спасцярожлівым вокам ловіць усе гэтыя драбніцы. Ён яшчэ раз акідае поглядам дзіўную групу, і ў мыслях паўстае пытанне: што гэта – змаганне за жыццё ці то – згода і дружба? Невысокі хударлявы чалавек наогул не верыць ні гэтай цішыні, ні гэтаму лясному спакою: гэта цішыня і гэты спакой – толькі зманлівая відомасць цішыні і спакою. На шырокіх прасторах зямлі бурліць вір змагання, жорсткага, бязлітаснага, але не бязладнага і хаатычнага, а змагання, падпарадкаванага акрэсленаму закону. У буры гэтага змагання невысокі хударлявы чалавек поўным нутром адчувае нараджэнне новай эпохі і замацаванне яе на зямлі. Вось чаму ён так упэўнена ходзіць у гэтым віры. Кажуць, хто сее вецер, той пажынае буру. Невысокі хударлявы чалавек – сейбіт буры: праз буру прыйдзе новы лад і народзіцца новы чалавек.
        Гэты сейбіт – таварыш Нявідны, той самы Нявідны, чыё прозвішча, ды і сам ён так здзівілі дзеда Талаша. У Нявіднага за пазухаю даволі ёмкі пакет. У пакеце зложаны адозвы да сялянства акупаванага Палесся, інструкцыі для падпольных бальшавіцкіх арганізацый, гэтых патаемных крыніц для жыўлення ідэй класавага змагання і апоры Саветаў на месцах. У гэтым жа пакеце ёсць шмат матэрыялаў, напісаных рукою класавага ворага і накіраваных супраць бальшавікоў. Тут жа ляжыць і адозва акупацыйнай польскай улады да абшарнікаў, каб яны варочаліся і займалі свае "законныя" маёнткі і сядзібы, а сяляне каб вярнулі ім розны набытак, забраны імі ў часе рэвалюцыі і ўлады Саветаў. Нявідны акуратна збірае ўсе гэтыя матэрыялы: на гэтых матэрыялах ён вядзе агітацыю супраць акупантаў і раскрывае іх сапраўднае нутро. Рызыкуючы сваёй галавою, пераходзіць ён з месца на месца, арганізуе новыя ячэйкі, падтрымлівае, дапамагае ўжо арганізаваным. Цяпер ён ідзе ў вёску Паставы. Гэта другі яго паход сюды. Быў ён там з месяц назад, калі вёска Паставы была яшчэ ў руках чырвоных. Былі ў яго там сувязі і знаёмствы. Нявіднага цікавіць, што сталася з ячэйкай, якую залажыў ён у Паставах і аб, якой не мае цяпер ніякіх вестак. Яму трэба дазнацца, як жыве, чым жыве і ці жыве яна наогул.
        Самая прыкрая рэч, калі чалавек знаходзіцца ў стане поўнага няведання. Што ведае Нявідны аб вёсцы Паставы? Нічога. Ведае толькі, што яна знаходзіцца пад палякамі, што ў Паставах, як і ў кожнай занятай палякамі вёсцы, ёсць іх шпіёны і агенты, што час ад часу паяўляюцца там польскія раз'езды і наезды. Вось чаму Нявідны ідзе асцярожна. Ён ведае, як зорка сочаць жандары, паліцыя і польская контрразведка за такімі небяспечнымі людзьмі, як ён. Ведае, што чакае яго, калі ён пападзецца ў іх рукі. Шкада не толькі волі, жыцця, а шкада і правалу той работы, якую даручыла яму партыя.
        Перш чым увайсці ў вёску, ён стаіўся ў лазовых кустах каля замёрзлай рэчкі і стаў прыглядацца і слухаць. У вёсцы было ціха і бязлюдна. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Але момант гэты не налучаўся.
        I раптам дзесь збоку на рэчцы пачуліся дзяціныя галасы. За кудамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Было іх пяцёра. Яны працерлі нагамі вузенькія доўгія сцежкі на лёдзе і коўзаліся, хто на дзервяных чурбаках, прыладзіўшы іх да лапця, а хто проста з разгону на сваіх нагах, абутых у самыя прымітыўныя лапці. Адзетыя яны былі ў старыя латаныя суконныя халацікі, падпяразаныя даматканымі каляровымі паясамі. На нагах смешна варушыліся радняныя нагавіцы. З-пад расхлістаных халацікаў віднеліся голыя грудзіны. Шапкі на іх былі самыя разнастайныя, непамерна вялікія, зімовыя ці проста летнія. Але хлопцам было весела. Яны громка перакідаліся словамі, часамі лаяліся і звонка рагаталі.
        Нявідны адчуў нейкую радасць, калі да яго слыху данёсся гэты шчэбет дзіцячых галасоў, а іх постаці паказаліся перад яго вачыма. Каб не спалохаць іх, ён асцярожна выйшаў з кустоў і памаленьку падаўся ў іх бок, бесклапотна высвістваючы нейкі матыўчык вясёлай песні. Хлапчукі раптам навастрыліся і змоўклі.
        – Гуляйце, хлопчыкі, гуляйце! Не бойцеся!
        – Мы не баімося! – храбра адказаў адзін з іх.
        Нявідны падышоў бліжэй. Хлопцы ўсё ж не зусім верылі яму і пазіралі спасцярожліва, прыпыніўшы свае забаўкі.
        – А чаму вы, хлопцы, у школу не ходзіце, а коўзаецеся?
        – Настаўніка няма! – дружна адказалі хлопцы.
        Нявідны відавочна затрывожыўся.
        – А дзе ж ваш настаўнік?
        – Палякі забралі.
        – Арыштавалі?
        – Эге ж! – пачуліся іх галасы.
        Нявідны сумеўся. Весць гэта яго моцна ўразіла.
        – А калі яго арыштавалі?
        – Учора.
        Настала кароткае маўчанне. Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага.
        – А скажыце, – парушыў ён маўчанне, – Нічыпар Барэйка дома ці не?
        Галасы хлопцаў падзяліліся. Адны казалі дома, другія – не. Яны зусім асвойталіся з Нявідным і лічылі яго за чалавека, з якім можна гутарыць смела. Яны адказвалі наўперад разам, але ў болей трудных выпадках, дзе адказ на запытанне павінен быць асцярожным і дыпламатычным, адказваў старшы з іх, Мікіта Гулік. Ён зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар. Каб скончыць спрэчку, умяшаўся і Нявідны.
        – Калі ён дома, то скажы, няхай падыдзе сюды: яго, скажы, хоча пабачыць Нявідны.
        Ахвотны Міхалка хацеў ужо бегчы, але Нявідны затрымаў яго.
        – Пачакай трошкі!.. А палякі ёсць у вёсцы? – запытаў ён хлопцаў.
        – Цяпер няма, – адказаў Міхалка, – але яны стаяць тут блізка.
        – Дык ты, браток, перадай Нічыпару ціхенька, каб ніхто не чуў.
        Міхалка пабег, а Нявідны стаў гутарыць з хлопцамі.
        – Ну, як – добра вам жыць пры паляках?
        Хлопцы ўтупілі вочы. Відаць, яны ўсё ж не адважваліся казаць тое, што думалі; боязна памыліцца. Нарэшце Мікіта сказаў з адценнем журбы ў голасе:
        – Не, нядобра!
        – Чаму?
        – Ды вось забралі нашага настаўніка. Хлеб, жыўнасць адбіраюць. А калі хто трошкі пачне спірацца, таго б'юць.
        – А як вы думаеце, за што забралі вашага настаўніка? – пацікавіўся Нявідны, хоць добра ведаў прычыну арышту. Дзецям спадабалася, што гэты дарослы чужы чалавек лічыцца з іх думкамі.
        – Кажуць, за тое, што бальшавіком быў, – нясмела азваўся Мікітка.
        – А як маглі даведацца палякі, што ён – бальшавік?
        – Крук Марцін удаў яго, – рашуча заявіў Мікітка.
        – А хто такі Марцін Крук?
        – Чалавек адзін тут. У яго бальшавікі забралі каня, дык ён са злосці і топіць усіх, хто бальшавік, – тлумачыў Мікітка.
        – А скуль тід ведаеш, што яго ўдаў Крук?
        – Усе так гавораць.
        Гутарка спынілася: бег Міхалка. Усім было цікава ведаць, з чым вернецца ён. А Міхалка яшчэ здалёку паведаміў, што Нічыпар дома і зараз ідзе сюды сам. I сапраўды, хвілін праз колькі прыйшоў і Нічыпар, пануры і заклапочаны. Рыжаватыя бровы яго зрасліся на носе, а сам нос яго, хоць і задзёрысты, выглядаў даволі маркотна і нявесела.
        На выгляд Нічыпару можна было даць гадоў дваццаць з невялікім хвосцікам. Відаць, нейкая думка яго моцна непакоіла.
        Твар яго трохі пасвятлеў, калі падышоў ён да Нявіднага.
        Нявідны паглядзеў у вочы Нічыпару.
        – Што, брат, нявесел?
        – Не вяселіцца штось, – вінаватаю ўсмешкаю ўсміхнуўся Нічыпар.
        Хлапчукі стаялі тут жа: ім хацелася чуць, аб чым будуць гутарыць мужчыны. Мікітка, як старшы, пагнаў іх коўзацца і сам адышоўся: прыроджаны такт падказваў яму, што не хлапецкая справа слухаць гутарку дарослых, ды яшчэ пры такіх абставінах.
        Нявідны і Нічыпар таксама рушылі з месца. Ідучы гутарылі.
        – Сакратар арыштован?
        – Арыштован, таварыш Нявідны! – панура адказаў Нічыпар.
        – Якую ж работу рабілі вы тут?
        – Збіралі сходы. Агітавалі супраць белапалякаў, выступалі за Саветы.
        – I якія вынікі?
        – Ды ўжо згуртавалі чалавек дванаццаць хлопцаў. А вось цяпер работа прыціхла: паліцыя пачала дужа нася-даць. Шпіянаж на ногі паставілі. А тут і настаўніка забралі!.. Настрой зніжаны.
        – А баявую дружыну маеце вы?
        Нічыпар крыху замяўся.
        – Парассыпаліся хлопцы.
        – Ні чорта вы не зрабілі. I грош цана такой вашай рабоце.
        Ціхі і лагодны з віду Нявідны загаварыў цвёрда і жорстка:
        – Як жа гэта вы не паставілі людзей, здольных узяць у рукі зброю! На вас насядае паліцыя... Дзеці адкрыта гавораць пра даносчыка Марціна Крука. А што вы з ім зрабілі?
        – А што зрабіць з ім? – запытаў Нічыпар.
        Нявідны паглядзеў на яго халоднымі вачыма.
        – У расход яго вывесці! – цвёрда прамовіў ён. – Ці вы спадзеяцеся, што паліцыя запросіць вас на работу і скажа: калі ласка, агітуйце супраць нас!.. Ні к чорту ваша работа! Бабы вы! Старыя дзяды самі сваім розумам даходзяць да думкі, што трэба ўзброенае змаганне супраць акупантаў. Самі збіраюць людзей, зброю самі дастаюць і самі становяцца на чале партызан. А вы спалохаліся паліцыі, арыштаў і стаіліся, як мышы пад мятлою... Склікаць сёння ж сход.
        Але Нічыпара непакоіла адна думка, і не сказаць пра яе Нявіднаму не выпадала.
        – Горш за ўсё вось што, таварыш Нявідны: на вобыску ў часе арышту нашага сакратара забралі дакумент – спісак членаў замосцінскай падпольнай арганізацыі.
        Яшчэ халадней глянуў Нявідны на Нічыпара.
        – Самі работы не робіце ды яшчэ другіх падводзіце. Далі знаць аб гэтым у Замосце?
        Нічыпар маўчаў вінавата і панура.
        – Паведаміць? Ва што б там ні стала паведаміць Замосце.
        – Замосце на вялікім падазрэнні ў паліцыі, і прабрацца туды трудна.
        Нявідны змераў Нічыпара -з ног да галавы халодным поглядам.
        – Няма ў вас арганізацыі, няма ў вас работы... людзей у вас няма. Ёсць людзі, але вы не здолелі паставіць іх на работу.
        Нявідны змоўк. Што было гаварыць Нічыпару?
        – Вось што, – памаўчаўшы, сказаў Нявідны, – сход склікаць на паслязаўтра. Калі я не вярнуся, праводзьце сход самі. Задача сходу – разгарнуць работу, жывую, бальшавіцкую. Арганізаваць партызанскі актыў, іначай вы не людзі змагання, не бальшавікі, а мёртвы баласт. Не чакаць, покі паліцыя дазволіць вам насіць зброю, – самі вазьміце яе ў паліцыі.
        I перадаў Нічыпару жмут адозваў.
        – Расклеіць гэтыя адозвы, дзе толькі можна. – Нявідны пайшоў; Нічыпар маўчаў, пазіраў яму ўслед.
        – Таварыш Нявідны, і я іду з табою.
        Нявідны азірнуўся.
        – Аставайся тут і рабі тое, што я табе казаў.
        Нявідны знік у кустах. Нічыпар яшчэ пастаяў некалькі хвілін. Яму стала прыкра і сорамна.
        Нічыпар задумаўся, і ў другім кірўнку пайшлі яго мыслі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.