РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXXVI
        
XXXVI

        
        Калі часці Чырвонай Арміі перайшлі былі Прыпяць і падыходзілі ўжо да вёсак Прымакі – Вепры, Васіль Бусыга і яго прыяцелі перажывалі трывожныя дні. Няўстойлівасць фронту, усё болыпы і шырэйшы маштаб партызанскіх аперацый, іх стыхійны рост – усё гэта змушала войта і яго аднадумнікаў турботна чухаць патыліцу ды падумаць, што нясе ім хаўрусаванне з панамі. А што, калі паны прагараць? У меру хістання самога фронту хістаўся і іх настрой. Уцадніцкія думкі іх праходзілі, калі верх бралі палякі, асабліва настрой іх падняўся тады, калі часці Чырвонай Арміі змушаны былі зноў адысці за Прыпяць і калі прайшла весць, што палякі ўзялі Кіеў. Яшчэ болей павесялелі Бруй і Бірка, калі войт прынёс паведамленне, што супраць партызан дзеда Талаша палякі высылаюць войска, што на чале яго становіцца сам павятовы "камісарж" пан Крулеўскі. Пан Крулеўскі – афіцэр. Ён добра ведае мясцовасць, яго маёнтак таксама свяціў небу ў тую страшную ноч. З гэтага выходзіць, што пан Крулеўскі пастараецца.
        Весць аб карным батальёне пана Крулеўскага не мінула вушэй дзеда Талаша і яго ваяк. Партызаны мелі дасканалую інфармацыю аб усім, што чынілася іхнімі ворагамі. Кожны польскі наезд, кожная экзекуцыя, выбіванне харчоў і падаткаў, паяўленне дзе-небудзь у вёсцы польскай паліцыі, польскіх салдат – усё гэта станавілася вядомым партызанам, і яны рэагавалі на ўсё гэта раптоўным паяўленнем там, дзе іх не чакалі.
        У глухім лесе, адгароджаным непрыступнымі балотамі, мелі нараду партызанскія атаманы і іх выдатнейшыя памочнікі. Гаварыў дзед Талаш партызанскаму войску:
        – Таварышы грамада! Насоўваецца ліха на нас. Пасылаюць польскія генералы на нас войска; цэлы батальён, а за камандзіра паставілі пана Крулеўскага. Сказалі яму – што хочаш, а войска іхняе знішч усё да аднаго чалавека. А іхняга атамана, старога Талаша, і хто іншыя камандзіры, прывядзі жывымі. Вось, таварышы грамада, з чым ідзе да нас пан Крулеўскі. У яго бацькі я пасвіў гавяду, а сынок хоча, каб я на старасць папасвіў панскія вошы ў астрозе, а потым паздзекавацца з мяне і іншых нашых камандзіраў і ўжо тады пазабіваць нас.
        – А скулу ім у бок! – вырваўся з партызанскай грамады голас, поўны злосці і абурэння.
        – То як жа будзе, таварышы грамада? – дзед Талаш хоча ведаць настрой свайго войска.
        – Іх саміх перабіць, як шалёных сабак!
        – А пана Крулеўскага на асіне павесіць! – загула партызанская грамада.
        – Дык будзем ваяваць з імі?
        – Ваяваць, біцца да апошняга чалавека.
        – Добра, добра, хлопчыкі! Дзякую вам, таварышы грамада! Дык будзем ваяваць. У нас ужо ёсць свае думкі, як ваяваць. Але тут я вам не скажу пра іх. I хвоя можа мець вушы.
        – Мы верым табе, бацька, і нашым камандзірам.
        Дзед Талаш зняў шапку і бліснуў лысаю галавою.
        – Дык старайцеся ж, сокалы! Зорка глядзіце, чутка слухайце і рабіце ўсё тое, што скажуць вам камандзіры.
        – Будзем глядзець, будзем слухаць і рабіць усё так, як нам скажуць, – дружна адгукнуліся партызаны.
        Сакрэтна і патаемна рушыў у паход пан Крулеўскі на чале свайго батальёна пры чатырох лёгкіх гарматах з кулямётамі. Ехаў ён горда, пышліва, як праслаўлены ваяка. Нібы танцаваў пад ім гняды стаенны конь, як лебедзь, выгнуўшы пругкую шыю. Пану Крулеўскаму здавалася, што на яго цяпер пазірае ўвесь свет, і пышлівасці яго не было канца.
        Не даходзячы Вепраў, батальён спыніўся. Батальён налічваў соцень шэсць салдат. Пан Крулеўскі сабраў паноў афіцэраў і падрабязна вылажыў ім свой стратэгічны план, размеркаваў пазіцыю, даў кожнаму аддзелу сваю баявую задачу, назначыў пункт, да якога павінен рухацца батальён, расчлянёны на тры часткі, даў падробныя інструкцыі кожнаму начальніку, паклапаціўся аб сувязі між паасобнымі аддзеламі.словам.нічога не ўпусціў з-пад увагі. Аддаючы гэтыя загады, пан Крулеўскі пачынаў сам пераконвацца, што ён не толькі дасканалы камандзір батальёна, а мог бы камандаваць і дывізіяй, і, быць можа, нават яшчэ лепей, як батальёнам: ваяцкай творчасці яго было б там болей разгону.
        Батальён непасрэдна пераходзіў на палажэнне разгорнутых баявых часцей, гатовых пачынаць бой, хоць праціўнік яшчэ не быў знойдзены. Задача, пастаўленая батальёну панам Крулеўскім, была такая: ахапіць "жалезнымі лапамі" прадпрыпяцкую пушчу, дзе хаваліся партызаны, і ніводнаму з іх не дазволіць выйсці з яе. Батальён потайкам уночы абышоў Прымакі і Вепры і схаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры, і ў баявым парадку запыніўся на начлег у лесе.
        Саўка Мільгун, тоячыся дома, дачуўся аб карным батальёне. Страх папасціся ў панскія рукі змусіў яго падацца ў лес. У тую ж ноч ён сабраўся, палажыў у берасцяную кайстру хлеба і ў поўнач рушыў у дарогу. Ужо каля лесу яго аклікнуў вартавы і загадаў спыніцца. "Няма дурняў сныняцца!" – сам сабе сказаў Саўка і так драпануў у лес, што толькі вецер засвістаў каля вушэй. Салдат выстраліў. Саўка падскочыў ад страху, але тут жа сказаў сам сабе: "Трасцу ты пацэліш". На ўсходзе сонца ён быў ужо далёка ад Прымакоў і сядзеў у жарале старога дуба. Гэта схованка яму дужа спадабалася. Яму толькі прыйшла ў галаву страшная думка: а што, калі палякі падсмаляць гэта жарало? У Саўкі не было акрэсленага плана. Планы і камбінацыі давалі яму тыя ці іншыя праявы. Так вось і цяпер: ён не пайшоў бы ў лес і не зашыўся б у гэта жарало, калі б не карны батальён. Седзячы ў жарале дуба, ён агледзеў дзірачку.Праз яе ледзь-ледзьпрабіваўся пучочак святла вясенняй раніцы. У гэтым месцы быў калісь сук. Цяпер ён згніў. Саўка пракалупаў нажом шырэй шчылінку і зрабіў з яе вочка, праз якое можна было згледзець сёе-тое з таго, што рабілася ў лесе.
        Першы дзень баявых дзеянняў батальёна пана Крулеўскага не даў ніякіх вынікаў. Разведка, высланая ў лес, не вярнулася. Ці яна заблудзіла ў лесе, ці папала ў партызанскую засаду, ці проста дэзерціравала – асталося невядомым. Пан Крулеўскі аддаў батальёну загад прасунуцца глыбей у лес і заняць новыя пазіцыі. Сам ён са сваім штабам і сваім аддзелам, якім кіраваў непасрэдна, заняў цэнтр пазіцыі. Адной групе войска загадаў рассыпацца ў баявы ланцуг, ахваціўшы адно крыло надпрыпяцкай пушчы, і прайсці яе, трымаючы кірунак на цэнтр пазіцыі. Пан Крулеўскі меркаваў, што баявы ланцут, прайшоўшы пушчу, зрушыць і напужае партызан і яны будуць уцякаць у другое крыло, дарогу, якую ён пераняў сваім войскам. Вось тут, думаў ён, і будзе ім лазня. Такі манеўр болей дадаваўся для палявання на зайцоў, па часці якога пан Крулеўскі быў спец, чым для вайны з партызанамі. Не даў жаданага спаткання з партызанамі і другі дзень знамянітай аперацыі пана Крулеўскага, але ў гэты дзень здарылася адна даволі цікавая акалічнасць, абяцаўшая багатае жніво на ніве вайны: разведка затрымала ў лесе дужа фацэтнага чалавека-жабрака, ці то прыдуркаватага валацугу. Сядзеў ён каля дарогі, пад дзеравам, увесь тросся ад страху. Адзеты ў лахманы, абвешаны торбамі з доўгаю арэхаваю палкаю, ён па абліччу нагадваў нейкага ляснога гнома, і асабліва дзіўна была ў яго сівая бародка, збітая ў касмыкі.
        – Ты хто такі? – запыталі яго салдаты.
        – Ніхто. Чалавек.
        – Адкуль ідзеш?
        – З Петрыкава.
        – Куды ідзеш?
        – Нікуды.
        – А чаго ты трасешся?
        – Надалохалі мяне.
        – Хто напалохаў?
        – Не ведаю: можа, людзі, а можа, чэрці.
        Яго павялі да пана Крулеўскага.
        – Сконт ты ест? – запытаў пан Крулеўскі.
        – Га? – не зразумеў пытання дзед.
        – Адкуль ты?
        – З лесу, адкуль жа я? – спакойна адказаў дзед і плюнуў некалькі разоў. Ён апусціў уніз галаву і, відаць, нешта сам сабе думаў.
        – А ты ж казаў, што ідзеш з Петрыкава?
        – Ну але, з Петрыкава, – матнуў галавою дзед.
        – А цяпер ты кажаш, што ідзеш з лесу.
        – Ну і з лесу.
        – А хто напалохаў цябе?
        – Напалохалі, ой напалохалі! – ажывіўся дзед і плюнуў разы са два.
        – Хто напалохаў?
        – Ну хто ж? Яны – чэрці... з дрыгвы павылазілі. А дрыгва там вялікая! Людзі не ходзяць па ёй, бо калі ступіш на яе, дык ужо наверх не выберашся. Не, не выберашся.
        – Раскажы нам падрабязна пра іх. Мы ніколі не бачылі чарцей.
        – Кінь, панок, пытацца пра іх: сніцца паганыя потым будуць.
        Але дзеда ўгаварылі расказаць пра чарцей.
        – Іду я, мае мілыя паночкі, – пачаў стары, – аж зірк – выходзіць адзін, ды такі ж страшны, чорны! А на грудзях у яго накрыж цэлыя маністы ладункаў навешаны. З выглядунібытаічалавек.але скульжа тамчалавеку быць? Такая немарач, нетра, глухмень. Неба з-за лесу не відаць, а збоку–балота, ды такое дрыгвяністае, што толькі там і жыць ім. Страх мяне агарнуў. Стаю, пазіраю. А яны як шугнуць з балота ды як зарагочуць, убачыўшы мяне, – скура на мне шорхнула. Кінуўся я ўцякаць, хавацца. А яны за мною. "Стой!" – крычаць. Дагналі мяне, абкружылі. А мне і вочы туман заслаў. "Хто ты такі? Куды ідзеш? Хто падаслаў цябе сюды?" I ўсё напіраюць, чаго я ў іхняе пекла трапіў? Пусцілі мяне... "Ідзі, – кажуць, – ды глядзі, нікому не кажы, што бачыў тут: раскажаш – у багну ўкінем". I толькі як пусцілі мяне, успомніў тады, што я – хрышчоны чалавек. Стаў я хрысціцца ды пацеры шаптаць, бадай іх немач пабрала...
        – Лжэш, галгане! – крыкнуў пан Крулеўскі і схапіў старога за бараду. Збітая ў касмыкі дзедава барада засталася ў панскай руцэ.
        – Што ж ты скажаш цяпер? – запытаў яго пан Крулеўскі, сунуўшы ў нос безбародаму дзеду касмыкі яловага моху.
        Пераадзеты партызан маўчаў.
        – Ты прыйшоў шпіёніць? Прызнавайся, лайдак.
        – Панок, прызнаюся, – бухнуў у ногі пану Крулеўскаму выкрыты партызан, – мяне паслалі на разведку. Вось я сабе і думаю, дай пайду, але назад не вярнуся, уцяку дамоў і кіну ўсё гэта. Ці ж мы, простыя мужыкі, можам ваяваць з такім войскам, як польскае? А калі дачуліся, што супраць нас ідзе сам палкоўнік пан Крулеўскі, дык на нас напаў страх, і пачало наша войска разбягацца. А рэшта пазашываліся ў такія трушчобы, што хутчэй з голаду паздыхаюць, чым іх знойдуць там.
        – А, пся маць! Цяпер толькі розуму дайшлі, – не сунімаўся пан Крулеўскі, але ён значна памякчэў, калі пачуў такую атэстацыю польскаму войску, калі яго назвалі палкоўнікам, – ён быў у чыне капітана.
        – А для чаго ж ты ў жабрака пераапрануўся?
        – Паночак, думаў, што жабрака не запыняць: жабракоў шмат ходзіць цяпер.
        – Не веру, пся крэў!
        – Панок! Праўду кажу! Няхай не пабачу я ні свету, ні дзяцей, калі лгу. Абрыдла мне ўсё гэта.
        – А ты пакажаш мне тое месца, дзе хаваюцца вашы разбойнікі?
        – Баюся, панок: усё роўна заб'юць мяне, калі даведаюцца. Я лепей раскажу, як зайсці туды.
        – Не, ты мусіш паказаць сам гняздо сваё, – не адступаўся пан Крулеўскі, – не пойдзеш, тут жа загадаю расстраляць цябе.
        Выкрытага партызана ўзялі пад строгую варту. Як ні адбрыкваўся ён, але змушаны быў паказваць месца прыпынку партызан.
        У сувязі з гэтым пан Крулеўскі злажыў новы план. Дзвюм ротам аддаў загад заняць усе праходы, а сам з галоўнымі сіламі рушыў к дрыгвяністаму балоту, дзе туліліся партызаны. Пасоўваліся даволі марудна. Узяты пад стражу партызан сумленна паказваў дарогу. Не давяраючы яму, пан Крулеўскі пасылаў на разведку месца і дарог.
        Прайшоўшы вёрст пяць, разведка данесла, што ў лесе знойдзена свежае вогнішча і вытаптана месца вакол яго. Каля вогнішча былі знойдзены і рэшткі партызанскай папаскі: скарынкі хлеба, лупіны ад бульбы. Пан Крулеўскі сам агледзеў яго. Праваднік пацвердзіў, што гэта партызанскае вогнішча, і нават паведаміў, што непадалёку ёсць яшчэ некалькі вогнішчаў. Усе яго паведамленні пацвярджаліся. Рух войск яшчэ болей замарудзіўся, і праваднік сказаў, што месца партызанскага схову ўжо недалёка.
        А лес глушэў болей і болей. Часцей пападаліся забалочаныя нізіны, заваленыя вываратамі і гнілымі калодамі. Сам пан Крулеўскі, афіцэры і салдаты заметна хваляваліся. У такім напружаным стане прайшлі яшчэ з паўгадзіны. Нарэшце праваднік падаў знак спыніцца.
        – Там! – ціха сказаў ён і паказаў рукою на прагаліну ў лесе.
        Пан Крулеўскі запыніў галаву калоны і падаў знак падцягнуць войска. Афіцэры сабраліся вакол свайго начальніка і чакалі распараджэнняў. Пан Крулеўскі пачаў аддаваць загады ротным камандзірам. I раптам густы траскучы залп з тылу, а потым з правага фланга перарваў дачу гэтых загадаў. Некалькі дзесяткаў салдат упала. Град куль са змяіным піскам завыў над галовамі афіцэраў, вырваўшы з іх групы трох чалавек адразу, і стукнуўся ў галіны і камлі дрэваў. Салдаты рынуліся, хто ўрассыпную, хто збіраючыся ў кучы, а хто без каманды кладучыся на зямлю ці хаваючыся за дрэва. Узвод і роты перамяшаліся. Тры салдаты, вартаваўшыя правадніка, кінуліся таксама наўцёкі.
        У гэтай мітусні пераадзеты ў жабрака партызан Марка Балук шчасліва далучыўся да сваіх байцоў.
        Пан Крулеўскі кідаўся сюды і туды, угнуўшы галаву, штось крычаў, але ніхто яго не слухаў.
        Адзін толькі паручык Жыгалкоўскі не згубіў галавы. Ён кінуўся да свайго ўзвода, падаючы каманду лажыцца і рассыпацца ў баявы ланцуг. Але ў гэты ж момант меткая партызанская куля яго самога палажыла на дол, і ўзвод яго быў захоплен агульным патокам сумятні і панікі. Пад несупынным агнём, у мітусні і бязладдзі займалі палякі пазіцыі, але іх выбівалі невядомыя ворагі, не давалі ім часу замацавацца. Толькі ў адным месцы запынілася група салдат з двума афіцэрамі, паставілі кулямёты і адкрылі бурны агонь, секучы кулямі камлі старога лесу, стрымліваючы партызанскі напор.
        – Забраць кулямёты! За мною! – крыкнуў Мартын Рыль. Сам уперадзе, а за ім чалавек трыццаць партызан рынуліся на кулямёты. Крокаў дваццаць аддзялялі Мартына Рыля ад жаданай мэты. Польскі афіцэр, сам страляўшы з кулямёта, страляў да апошняй мінуты. Тры кулі ўрэзаліся ў шырокія Мартынавы грудзі. У гарачцы атакі абмінулі яго партызаны, пакідаючы за сабой сцятых кулялеётам таварышаў. Дабеглі, штыхамі і прыкладамі перабілі кулямётную каманду і зацятага афіцэра-кулямётчыка.
        З другога боку партызанская лавіна кінулася на фланг палякаў. Не вытрымалі палякі, кінуліся бегчы, але дарогу ім перагарадзіла дрыгвяністае балота. Некалькі салдат з гарачкі і страху скочылі ў балота і праваліліся ў багну з галовамі. А партызаны гусцей і цясней зажымалі свій грозны круг. Пакідалі салдаты стрэльбы, пападымалі рукі. Бледны і перапалоханы, стаяў пан Крулеўскі адзін збоку, не палажыўшы зброі і не падняўшы рук угору.
        – Ану, сынкі, выходзьце на пляц! – сказаў польскім салдатам дзед Талаш. Стаяў ён і пазіраў, як горды арол палескіх пушчаў. На грудзях яго блішчалі стужкі патронаў, апяразваючы крутыя дзедавы грудзі двума шырокімі паясамі. У адной руцэ трымаў ён "настаяшчую" ваенную стрэльбу, апёршы яе прыкладам на імшысты дол. Побач з ім таксама з патроннай стужкаю цераз плячо стаяў яго меншы сын Панас і ўсе партызанскія камандзіры. Не было толькі сярод іх Мартына Рыля.
        – А ты, пан, што ж не складзеш зброі? Ці ваяваць яшчэ хочаш? – запытаў дзед Талаш пана Крулеўскага. Той моўчкі зняў шаблю і рэвальвер і аддаў іх партызанам.
        – Ну, чый жа ты цяпер падданы? – прыгадаў яму дзед Талаш тое ж пытанне, што сам ад яго чуў колісь. Пан Крулеўскі маўчаў.
        – Вядзіце іх туды, – вялікім пальцам левай рукі паказаў у лес стары атаман. – I яго вядзіце! – кіўнуў ён на пана Крулеўскага.
        Пана Крулеўскага вялі асобна ад салдат. З афіцэраў адзін толькі ён і застаўся: усе яны палі ў часе бою. На маленькай гарбінцы зямлі, шырока раскінуўшы нерухомыя рукі, ляжаў грамозны чалавек. Смерць налучыла яго тады, калі з невялікай западзінкі выбягаў ён на гэты гарбок зямлі. На левай руцэ яго, ніжэй локця, ляжаў неразлучны яго спадарожнік, загранічны карабін. Бледны твар забітага героя-партызана, абернуты к небу, слепа глядзеўшаму на зямлю скрозь густыя макушы старога лесу, быў урачыста спакойны. Суровыя складкі на лбе разгладзіліся, і строгі былі яго самкнёныя губы і выгнутыя чорнымі дужкамі вусы на іх.
        Нежывою групаю трохі далей ляжалі забітыя партызаны.
        Дзед Талаш акінуў іх смутнымі старымі вачыма. Ён спыніўся над трупам свайго вернага таварыша і панура звесіў над ім пасівелую галаву. Ні на кога не гледзячы, гаварыў дзед Талаш словы развітання над трупам свайго друга і забітых таварышаў.
        – Не падымецеся болей, мае саколікі, на голас ваяцкай трубы! Мартыне, мой голубе! Вырваўся ты з панскай няволі, і гэты карабін, што лёг на тваю нежывую руку, здабыў ты, баронячы сваю волю. Расплюшч жа, мой голубе, вочы ды зірні: вунь ён, вораг наш, стаіць, апусціўшы вочы. Не ўдалося яму забраць нас жывымі... Спачывайце ж, сокалы мае родныя, і не турбуйцеся: не загіне наша справа, – мы будзем вартаваць яе пільна і дзяцей вашых мы не пакінем.
        Дзед Талаш змоўк і нізка апусціў галаву.
        – Капайце, таварышы грамада, магілу: пахаваем іх!
        Падняў дзед Талаш вочы, зірнуў на польскіх салдат.
        – А вы, сынкі, што? Паны ці панскія слугі, што прыйшлі занявольваць нас, гаралашніцкую галечу?
        З натоўпу палонных выступіў салдат.
        – Бацька-камандзір! Вярні мне волю і стрэльбу: з вамі плячо ў плячо я буду ваяваць.
        I яшчэ выступіў адзін з палонных. Падышоў да Панаса.
        – Ці пазнаеш ты, хлопчэ, мяне? – запытаўся і ўважна паглядзеў Панасу ў вочы. Панас паглядзеў на яго і радасна ўсміхнуўся.
        – Бацька! Вось ён, той самы салдат, што выпусціў мяне з астрога!
        Зірнуў дзед Талаш на пана Крулеўскага.
        – Бачыш, пан: твае салдаты на наш бок пераходзяць, і ўсе яны пяройдуць, калі дазнаюцца праўду.
        I яшчэ адзін чалавек стаяў адзінока ў лесе, наглядаючы гэту сцэну. Ён хацеў падысці сюды і сказаць сваё слова, але не адважыўся. Чалавек гэты быў Саўка Мільгун.
        
        
        Вастраносы човен шыбуе ўпоперак Прыпяці. Два чалавекі сядзяць у чоўне. Адзін малады, курносы, з узбітым чубам, не спяшаючыся, рытмічна, узмах за ўзмахам гоніць човен. Другі важна сядзіць на пярэдняй частцы чоўна. Пад пахаю ў яго партфель. Шмат гадоў запісалі часы ў маршчынах яго твару.углыбокіх складках на высокім ілбе. Удумлівапазіраюць кудысьуглыб.відаць у мінулае, яго цёмныя, яшчэ жывыя і вострыя вочы. Гэта – дзед Талаш, старшыня сельсавета. Човен гоніць яго сакратар, Самок з Вепраў. Адпачывае дзедава "настаяшчая" стрэльба, ужо астыўшая ад гарачыні зацятых боек па дзікіх трушчобах Палесся. Цяпер у дзеда Талаша другі клопат, іншыя мыслі, але гэта шырокая Прыпяць будзіць дзедавы ўспаміны аб нядаўнім мінулым.
        – А помніш, Самок, як лоўка вырвалі мы батальён таварыша Шалёхіна з польскіх лап і пераправілі на той бок?
        Самок весела падымае шэрыя вочы, і ў вокнах іх іскрыцца смех.
        – Паднеслі ім, называецца, дулю пад нос... Ну, дзівіліся ж яны, куды зніклі чырвонаармейцы!
        Дзед Талаш толькі ў вус пасміхаецца.
        – Ну, а як ты мяркуеш, голубе: ці пойдзе наша гуртовая гаспадарка?
        – А чаму не пойдзе? Зямля ёсць, коні ёсць, рабочых рук хапае... Пойдзе! – і ўпэўненасць чуваць у сакратаровым голасе.
        – Эге ж! I я думаю, што пойдзе. – Па справе "гуртовай" гаспадаркі едуць яны ў валвыканком, каб аформіць яе. Гуртам надумаліся залажыць яе. Яна практычна развязвае цэлы клубок турботных пытанняў аб дапамозе сем'ям забітых партызан: Мартына Рыля, Кандрата Буса і іншых. У гэту гаспадарку адводзяцца землі Кандрата Біркі і Сымона Бруя. Іх судзілі пралетарскім судом і засудзілі на высылку. Войта Васіля Бусыгу ў "расход" вывелі, як зацятага контррэвалюцыянера. Аўгіня не захацела аставацца на Васілёвай гаспадарцы, аддала "грамадзе" ўсю маёмасць і падала заяву, каб і яе прынялі ў "гуртавую" гаспадарку. Абмеркавалі заяву, узялі пад увагу Аўгініную заслугу перад партызанамі і пастанавілі – прыняць.
        Шуміць і гамоніць Савецкае Палессе, і новыя акорды чуваць у гэтым шуме і ў гэтым гомане. Прынікае вецер гарачым тварам да шырокіх, анямелых у сваім адвечным застоі балот і шэпча зялёнай жорсткай траве на купінах аб тым, што ідзе сюды новы, савецкі чалавек, каб парушыць іх зняменне, каб абярнуць іх у багатыя лугі і нівы. Гуляе вецер над купчастымі макушамі палескіх пушчаў, калыша галіны над свежымі курганамі-магіламі, параскіданымі на высокіх пясчаных выспах, і толькі ён адзін, гэты вольны. баян, апявае славу пахаваных у курганах-магілах ды складае людзям песні аб сейбітах буры і змагання.
        Над дрыгвяністым балотам узнімаецца выспа, на выспе – курган. Высокі і шырокі слуп, старанна ачэсаны партызанскаю сякераю, вартуе гэту магілу-курган. На дубовым слупе выразаны рукою няхітрага разбяра два словы: "Мартын Рыль". На магіле ляжыць просты вянок з жывых кветак Палесся. Сюды зрэдку, у вольныя дні, прыходзяць дзве жанчыны: маці і дачка. Адкрыла маці дачцэ сваю тайну, праўду аб тым, хто яе бацька. У засмучэнні падымае Алеся сваю чарнявую галоўку на высокі дубовы слуп. Гэта яна прыносіць на магілу вянок жывых кветак. Моўчкі ідуць яны ад магілы, адна ў засмучэнні аб тым, што было, другая ў радасным усведамленні, што сапраўдны бацька яе – герой-партызан.
        Праходзяць гады. Дзеду Талашу цяпер восемдзесят гадоў з хвосцікам. Трудна ўжо яму займацца грамадскаю работаю, але без работы ён застацца не хоча. Ён – вартаўнік на Прыпяці. Яго работа – даглядаць і запальваць ліхтары нанач. Дзед Талаш любіць успамінаць сваё партызанства. Як вынік тых успамінаў і з'явілася аповесць "Дрыгва". I яшчэ адзін штрышок да абрысоўкі постаці старога партызанскага атамана.
        Калі дзеду Талашу напомніць аб ворагах Савецкай улады і аб вайне супраць яе, тады ён выпрастае прыгнутую гадамі спіну, зірне па-арлінаму.
        – Го! Я сеў бы на каня і паказаў бы яшчэ, чаго варт стары Талаш!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.