|
XX Не было па глухіх закутках Палесся ні газет, ні тэлеграфаў, ні тэлефонаў – гэтых здабыткаў людскога розуму, гэтых перадатчыкаў вестак аб падзеях на свеце. Але весткі хадзілі па глухіх палескіх вёсках. Ад чалавека да чалавека, ад сяла да сяла вандравалі яны тысячамі дарог і сцежак і расказвалі аб падзеях, што тварыліся на Палессі, дзе асталяваліся палякі і заводзілі свой парадак. I ўспрымаліся гэтыя весці па-рознаму. Адных яны радавалі і абнадзейвалі, другіх засмучалі і трывожылі, у залежнасці ад таго, хто іх успрымаў і якія былі весці. Па-рознаму ўспрымалі іх Васіль Бусыга і Аўгіня. Адна з такіх успрынятых па-рознаму вестак была весць аб тым, што грамада арыштаваных сялян раззброіла польскі канвой і разбеглася па лясах. Аўгіня ўжо ведала аб арышце Мартына Рыля. Дачуўшыся аб раззбраенні польскага канвоя, яна павесялела: у яе сэрцы радзілася надзея, што сярод уцёкшых з-пад арышту сялян быў і Мартын Рыль. Васіль Бусыга пахмурнеў: у яго сэрца закралася трывога, ці не было там Мартына Рыля, ці не на волі цяпер Мартын? Непакоіла яго і тая акалічнасць, што дзед Талаш хаваецца па лясах. Панаса забралі як заложніка, каб дзед Талаш прыйшоў і замяніў сына. Але дзед Талаш не спяшаецца. Або ён не ведае аб арышце Панаса, або штось тоіць на думках. Васілю, як войту, як чалавеку, што бароніць сваё ўласнае права і сваю волю, трэба аб гэтым падумаць і трэба нешта прыдумаць. Не пашкодзіць, можа, параіцца са сваімі аднадумнікамі. У гэтым кірунку шаволяцца Васілёвы думкі. Аўгіня, хаваючыся ад Васіля, зайшла да бабкі Насты пасля таго, як забралі Панаса. Гэта быў якраз той дзень, калі дзед Талаш начаваў тут з Мартынам Рылем, а надосвіці падаліся ў лес. Бабка Наста сядзела на дубовай калодачцы каля печы, унурыўшыся ў свае нескладаныя, апавітыя журбою думкі. I сапраўды – крыўдна было бабцы Насце: жылі век у беднасці, ды хоць спакойна, не ведалі такога ліха, а цяпер яшчэ болыная беднасць і разбітае жыццё. Забралі Панаса, хочуць забраць і старога, і як яно што абернецца, невядома. У хаце, апроч бабкі Насты, нікога не было. Максім і Алена, яго жонка, – яна толькі сёння вярнулася ад бацькоў, – былі на двары, пілавалі дровы. Яны нядаўна пажаніліся, і дзяцей у іх яшчэ не было. Чаго прыйшла сюды Аўгіня? Яна прыйшла ў няяснай надзеі прачуць што-небудзь з таго, што займала яе мыслі. Ёй хацелася ведаць, чым жывуць, што думаюць гэтыя людзі, да якіх так варожа становіцца Васіль і людзі яго круга. Не мела пэўнасці Аўгіня ў тым, што выпадкам зложаны стан рэчаў у выніку бурлівага ходу падзей замацуецца. Яна была ў прамежку паміж заможнікамі і беднатою. Матывы асабістага парадку хілілі яе ў процілеглы Васілю бок, асабліва цяпер, калі Васілёва гаспадарка і яго войтаўства, так неасцярожна прынятае, могуць пайсці прахам. Бабка Наста дужа здзівілася, калі Аўгіня ўвайшла ў хату. – Дзень добры вам, бабка! – ветла і весела прывіталася Аўгіня. У голасе яе было так многа шчырасці, што бабка Наста крыху заспакоілася. – Сядай, Аўгінька! Бабка Наста заварушылася і нават хацела ўступіць Аўгіні сваю калодку. – Нічога, бабка, я на хвіліну забегла да вас. Прысяду тут. Аўгіня прысела на палок супроць бабкі Насты. – Прыйшла я да вас, бабка, – Аўгіня адразу прыступіла да справы, каб паказаць, што яна сапраўды забегла на хвілінку, – ці не ўзялі б вы спрасці мне трохі кудзелі? Самой управіцца трудна. Кудзеля тут была толькі зачэпкаю. Бабка Наста ўздыхнула. – Чаму ж, можна і папрасці. Работы ў хаце няма такой. Ды і Алена вярнулася ад бацькоў, і ёй няма чаго рабіць. Вечары доўгія, і дзень сцягваецца, калі работы няма. Сядзіш вось ды думаеш. Думаеш, думаеш, галава як кацёл зробіцца, і не ведаеш, куды падзецца, за што рукі зацяць. А тут яшчэ і газа выйшла, запаліць няма чаго, і дзе дастаць яе, ліха яе ведае. Бабка Наста гаварыла доўга і многа. Адно слова чаплялася за другое, адна думка выклікала другую, і хоць моцнай сувязі паміж імі і не было, але гутарка лілася безупынным зацяжным восеньскім дожджыкам. Аўгіня ўважна слухала, ківала галавою ў знак згоды і глядзела на бабку ласкавымі, выразлівымі вачыма. I ёй таксама хацелася гаварыць. А гутарка між жанок – вір слоў, бясконцы паток іх. – У мяне газы трохі ёсць у запасе. Я вам зашлю праз Алесю. А ўжо аб заплаце мы сойдземся, ці кудзеллю заплаціла б вам, ці скорамам. – Ды ўжо ж памяркуемся, Аўгінька. – А што чуваць у вас? – асцярожна, украдліва запытала Аўгіня. – Ох, любая ты мая! – цяжка ўздыхнула бабка Наста, – такое ж ужо гора! Ды гэтакае ліха навалілася на нас! Распачала бабка цэлую доўгую тыраду пра бяду наогул, а потым пачала доўгую гісторыю аб ліху, што налучыла іхнюю хату. Расказала і пра стажок, і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колькі страху нацярпеліся! А бедны Панас! Горкі плач перарываў бабчын расказ. Расказала, як арыштавалі Панаса і для чаго арыштавалі яго. Бабка так разгаварылася, што нічога не прапусціла ў гісторыі гэтых ліхіх падзей. Расказала яна і пра тое, што прыходзіў стары Талаш гэтаю ноччу з Мартынам Рылем. – З Мартынам? – вырвалася ў Аўгіні. – Ах, міленькія ж мае! – пляснула рукамі бабка Наста, – а нашто ж я расказала пра гэта? Мая ж ты мілая Аўгінька! Не кажы ж ты нікому пра гэта. Не кажы, што яны прыходзілі! – Не бойцеся, бабка, мяне, дзецьмі прысягну, што нікому не скажу. – Не кажы, мая любая! Ты ж – войтава жонка. А войт дабра нам не мысліць. За бабчыну адкрытасць і шчырасць Аўгіня ад радаснай весці не магла стрымацца, каб не адказаць тым жа. – Ой, бабулька Наста: гэта яго войтаўства мне ўпоперак горла стаіць. Пасварыліся з-за яго. Хто цябе, кажу, за войта ставіць? Нашто табе, кажу, з панамі знацца? Табе з людзьмі, кажу, трэба жыць і ладзіць з імі трэба. Не залюбіў. З якімі, кажа, людзьмі? З Талашом? З Мартынам?.. Вы яго асцерагайцеся, бабка: дурны ён і злы чалавек. Дык вось жа я вас папярэджваю. У Вепрах гавораць, што гэта ён Мартына ўдаў... Але ж і вы, бабка, нікому-нікому не кажыце, што гэта я вам казала. Аўгіня, як і бабка Наста, спалохалася, што залішне сказала. У выніку, як і ў алгебры, мінус на мінус дае плюс: гэта лішніца, сказаная з аднаго і з другога боку, прымушала іх маўчаць і ў той жа час клала пачатак для ўзаемнага давер'я. Васіль зайшоў да свайго прыяцеля Кандрата Біркі. Бірка добры гаспадар, хоць скупы і зажымісты. Рыжая, як агонь, барада і такія ж валасы, маленькія хітрыя вочкі сведчылі аб жорсткасці і драпежнасці яго натуры. Сюды падышоў яшчэ і Сымон Бруй, станавіты на выгляд мужык, разважлівы і спакойны. Яны – блізкія прыяцелі між сабою і самыя багатыя людзі на вёсцы. Кандрат і Сымон болей актыўна і жыва адгукнуліся на Васілёва паведамленне аб тым, што ён – войт. Гэта ў значнай ступені падняло Васілёў дух. Яму патрэбна была перш за ўсё нейкая маральная апора і спачуванне, чаго не знайшоў ён у Аўгіні. А калі Кандрат і Сымон азнаёміліся і з войтавымі абавязкамі, то актыўнасць іхняя і здаваленне з поваду прызначэння Васіля ў войты праявілася яшчэ з большаю сілаю. Станавіты і разважлівы Бруй урачыста заявіў новаспечанаму войту: – З цябе, брат, належыць фундацыя, – на што Васіль Бусыга выказаў поўную сваю згоду. Ён нават падміргнуў сваім прыяцелям і таемна прызнаўся, што ў яго ёсць польскі спірытус пад прыгожаю назваю "злоты клос", і запрасіў іх на вечар да сябе. А пасля ўжо гэтага пачалася гутарка, адпаведная войтавай годнасці. – Дык значыцца – войт? У гэтыя простыя словы Кандрат Бірка ўкладаў многа зместу. – Войт, – важна пацвердзіў Бусыга. – Раз войт, дык трэба і за парадкам дасачыць, – далучыўся да гутаркі Бруй, – а то ўжо на нашы голавы падымалася даўбежка – свярбелі рукі ў "таварышаў". Вось тут ралтам усердаваўся Кандрат. – Як ты дасочыш, калі, паміж намі кажучы, польскія салдаты – бабы: ну як гэта можна дапусціць, каб гэтыя самыя "таварышы" з голымі рукамі абяззброілі канвой? Смех адзін. А вось цяпер ты іх злаві, папрабуй. Пазашываюцца ў лес, і ўдзень ты іх са свечкаю не знойдзеш. А яны табе сядзець там будуць? – I не сядзяць, ужо не сядзяць і не будуць сядзець. А вось прыйдзе вясна, тады, брат, разгону ім болей будзе. Разлайдачыліся. Давай ім усё: і зямлю, і гаспадарку. А яна табе, гаспадарка, сама прыйшла ў рукі? – Разважлівы Бруй сказаў цэлую ўсім вядомую прамову на тэму, чаму адны жывуць і хлеб маюць, а другія толькі на чужое дабро раты разяўляюць. Выслухаўшы прыяцеляў, слова ўзяў сам войт. Ён заспакоіў іх. Страшнага няма нічога ў тым, што канвой абяззброілі. Такія выпадкі бывалі і бываюць, і свет ад іх не пераварочваўся. Але і нам што-колечы рабіць трэба, а не чакаць, покі цябе дзяліць прыйдуць. – Што ж, нам ці што ў партызаны ісці? – запытаў Кандрат. Разважлівы Бруй на ляту падхапіў думку: – А ты кажаш праўду. Не пашкодзіла б нам сваіх партызанаў мець. – А ты, Сымоне, праўду кажаш: трэба было б знайсці чалавека ды падаслаць да іх нібы іх хаўрусніка, – ухапіўся войт за гэту думку. Прыяцелі знайшлі спосаб. Усім спадабалася такая камбінацыя, і яны сталі падшукваць адпаведнага чалавека. Называлі кандыдатаў. А ў кандыдатах ніколі нястачы не бывае на свеце. Знайшоўся падхадзяшчы чалавек і ў нашых прыяцеляў. Разважлівы Бруй назваў такога кандыдата, а прыяцелі дружна падтрымалі яго. Гэтым кандыдатам аказаўся Саўка Мільгун. Хто ж такі Саўка і ў чым яго кандыдацкія вартасці? Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Гаспадаркаю ён не займаўся, гуляў, выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Яго можна было наняць на якую хочаш справу. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супраць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Прасцей сказаць, прыяцелі прызначалі Саўку ролю правакатара і даносчыка. Як толькі разышліся, па сяле прайшла чутка аб вепраўскіх падзеях. Гэта чутка дужа моцна ўсхвалявала сяло. Але і гэту весць людзі ўспрынялі па-рознаму. Васіль Бусыга адчуў здаваленне. Тая акалічнасць, што палякі спалілі Мартынаву хату, гаварыла за тое, што яны шукаюць Мартына і ўсю кампанію, што была з ім, і помсцяцца за раззбраенне канвоя. У той жа час на яго павявала непакоем: хто ж такі той невядомы, хто застрэліў польскага салдата і раніў другога? I яго не злавілі. Можа, гэта Талаш? А можа, Мартын? Калі дачулася аб гэтым Аўгіня, то яна моцна затрывожылася. Нашто спалілі Мартынаву хату? Куды ж падзенецца яго сям'я? За што забілі Кандрата Буса, таго Кандрата, з якім яна калісь дружыла, які любіў яе? Ёй прыпомнілася, як ішла яна з Мартынам з Прыпяці, як сустрэўся ёй Кандрат Бус і яны пайшлі з ім поруч. Мартын угневаўся і не прыйшоў да яе. Цяпер усё гэта ўсплыло ў яе памяці, і яна асудзіла свой легкадумны ўчынак. Весць аб смерці Кандрата і аб падпале яго хаты зрабіла цяжкае ўражанне на Аўгіню. Яе цешыла толькі думка аб тым, што нехта невядомы папомсціўся за Кандрата і яго не злавілі. Хто ён? Можа, Мартын з дзедам Талашом? I гэта падобна было да праўды: яны сёння былі тут. Першы прыйшоў да войта Кандрат Бірка. У хаце была адна Аўгіня і меншыя дзеці. Аўгіня стаяла каля печы, папраўляла вілкамі дровы. Кандрат паздароўкаўся і запыніўся каля Аўгіні. Ён ніколі не прапускаў здарэння, каб не зачапіць яе. – Ой, холадна, Аўгінька! Ці няможна пагрэцца каля цябе? – сказаў ён і пасунуў сваю рыжую мардасіну бліжэй да Аўгінінага твару і абняў яе адною рукою. Аўгіня рэзка павярнулася, хоць і сказала, што любіць рыжых, і вызвалілася ад яго рукі. Яна зараз жа стрымала сваю рэзкасць і лагодна зазірнула яму ў вочы, зазірнула так, як умела зазіраць яна. – Бач, які ваяка: на бабу напаў. Ты б у лес пайшоў ды паваяваў. Маленькія Кандратавы вочкі замасліліся. – I зусім не нападаю: дакрануцца да цябе лічу за шчасце... Эх! – змяніў ён рэзка голас. – Ну, каб ты не была войтава жонка!.. Войта мне шкада. А ваяваць я не пайду: мы за сябе ваяку паставім. I расказаў Аўгіні пра камбінацыю з Саўкам. Такой прыгожай жанчыне, ну хоць добраю навіною дагадзіць. Расказаўшы, самазадаволена захіхікаў.
|
|