|
XXVIII Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі. Яго нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног, білі і мялі, а потым чуць жывога прывалаклі ў хату, дзе ў гэты час войту прамывалі і завязвалі рану. Рана аказалася неглыбокая і не дужа страшная, хоць нож і задзеў яму край печані, і войт знайшоў у сабе сілы, каб аддаць распараджэнне даставіць Саўку куды трэба і перадаць там, што Саўка меў зносіны з паўстанцамі. Хай учыняць яму належны допыт: Саўка ведае, дзе хаваюцца паўстанцы. Для польскай контрразведкі Саўка Мільгун прадстаўляў дужа цікавую і дужа патрэбную знаходку. Вось чаму, калі там даведаліся, хто такі Саўка, куды і для чаго ён хадзіў і для якой ролі быў прызначан, кіраўнікі контрразведкі зрабілі экстраную нараду і пастанавілі зараз жа ўчыніць Саўку допыт, ужыўшы ўсе спосабы на тое, каб дабіцца ад яго патрэбнага паказання. Саўку надзелі наручнікі, абкружылі яго моцным канвоем і прывялі ў пакой допытаў. Калі Саўка акінуў вокам гэты пакой з яго дзіўным абсталяваннем і з яго прыладамі, аб прызначэнні якіх ён з садрыганнем сэрца мог толькі дагадвацца, то дух яго апаў, і яму стала жудасна, хоць Саўка на сваім шляху прайшоў не адну камеру допытаў. Пакой гэты быў досыць прасторны. Пасярэдзіне пакоя стаяў грамозны дзябёлы стол. За сталом сядзелі тры асобы. Адзін з іх, рыжы таўстаморды мужчына, асабліва кідаўся ў вочы сваім жорсткім абліччам і тупою халоднасцю. Другі быў кароценькі і шустры, зкрываватым носам і гладка падбрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок, сам ён увесь варушыўся, ківаўся, гатовы, здаецца, пралезці ў самую маленькую шчылінку. Трэці, доўгі, худы і пануры, з зямлістым колерам твару, сядзеў над нейкаю паперкаю, углыбіўшыся ў чытанне, і рабіў сяды-тады ў ёй паметкі. Збоку ў сцяне віднеліся яшчэ адны дзверы, вузкія і нізкія, наганяўшыя страх і наводзіўшыя на невясёлыя думкі. Некалькі хвілін на Саўку не зварачалі ўвагі. Трое сядзеўшых за сталом зрэдку перакідаліся паміж сабою глухімі сказамі ды ківалі галовамі ў знак згоды. Уся гэта абстаноўка і патаемнае перагаворванне прыгнятала Саўку і наводзіла на яго жудасць. Ён стаяў нерухліва, пазіраў у адзін пункт, каб паказаць сябе чалавекам лаяльным, ды чакаў са страхам, з якога боку і з якою сілаю паднімуць над ім абух. Яго мыслі, выбітыя з свае каляіны гэтаю неспадзяванаю праяваю, перабягалі з аднаго на другое, каб вырашыць цэлы рад неспакойных запытанняў. Нарэшце рыжы, відаць, старшы з іх, падняў галаву і ўставіўся ў Саўку пранізлівымі лупатымі вачыма. Пазіраў з хвіліну, як бы зачароўваў яго. – Ходзь тутэй! – ціха, але голасам уладнага загаду пазваў ён Саўку. Саўка, змяты і збіты, у сіняках і з наручнікамі, ступіў крокі два да стала і спыніўся. Шустры паўзіраўся ў Саўку мышынымі вочкамі. Салодзенькі смяшок яшчэ болей скрывіў яму нос. – Дзе цябе так пабілі? – спагадліва запытаў Саўку. Ад хвалявання і ад усяго перажытага за апошні час у Саўкі перасохла ў роце, і голас яго быў хрыплы. – Выпівалі і пабіліся, – адрывіста адказаў Саўка і падумаў сам сабе, што не варта гаварыць многа, каб не заблытацца горай, а толькі адказваць на запытанне. Так гаварылі і людзі, прайшоўшыя практыку допытаў. – Выпівалі і пабіліся! – паўтарыў шустры і вельмі хітра і мнагазначна пасміхнуўся, а гэты смех як бы казаў: "Расказвай, расказвай! А мы ведаем нешта іншае і шмат горшае". Пасля допыт павёў рыжы. Ставіў адно пытанне за другім. – Як завуць? – Колькі гадоў? – Чым займаўся? – Ці судзіўся? – За што судзіўся? Усе гэтыя, як і іншыя, пытанні такога ж парадку для Саўкі былі ўжо няновыя, і ён адказваў на іх не адзін раз. Але і на гэтыя нескладаныя пытанні ён адказваў сумыслу трохі блытана, каб паказаць сваю дурноту: Саўка ведаў, што болей трудныя пытанні яго чакаюць наперадзе. I такія пытанні яму зараз жа і паставіў рыжы. – Ты прызнаеш польскі "угконд"? Саўка падумаў і сказаў: – Прызнаю. У такіх умовах Саўку трудна было не прызнаць польскага "ужонду". – Ты ведаеш, – гаварыў далей рыжы, – што войт ёсць "польска асоба ужондова". Што ж змусіла цябе зрабіць замах на забойства войта? – Замах на забойства? – здзівіўся Саўка. – Ніякага замаху на забойства я не меў, і ў думках у мяне гэтага не было. – Але нож у бок ты ўсадзіў яму? Саўка здзівіўся яшчэ болей. На яго твары адбіўся жах–ці можа гэта быць, каб ён усадзіў нож у бок войту? – Дык хто ж усадзіў яму нож? – Я не помню гэтага. – Але ты помніш, што "выпівалі і пабіліся"? – з салодзенькім смяшком напомніў Саўку яго словы шустры. – Што выпівалі і пабіліся, я гэта помню, але як пабіліся, ці кідаўся я на войта з нажом, не помню. – А з-за чаго ў вас выйшла бойка? Пытанне гэта для Саўкі было небяспечнае. Каб даць на яго адказ, трэба было шмат чаго расказаць. Саўка ж не ведаў, у якой ступені паінфармаваны яго следчыя. Лепш асцярожней, а потым відней будзе. – У выпіўках заўсёды бываюць і сваркі і бойкі. Я быў п'яны і нічога не помню, – як за якар збавення, ухапіўся Саўка за п'янства. Шустры не спускаў з Саўкі вачэй, і цяпер, калі Саўка спаслаўся на запамятанне, ён так хітра ўсміхнуўся, і такая выразная была гэта ўсмешка, што Саўку нялоўка стала: ён бачыў, што яму не даюць веры. – Ну, то я табе прыпомню, – сказаў рыжы. I расказаў аб гутарцы Саўкі з войтам і яго прыяцелямі. Саўка зразумеў, што следчым ужо вядома тая роля, на якую нанялі яго войт і яго прыяцелі. Ён кінуўся на хітрасць: самому расказаць пра ўсё гэта, не гаварыць толькі пра спатканне з Цімохам Будзікам і з дзедам Талашом, каб на ўсякі выпадак застрахавацца і ад іх. Ён так і зрабіў, пачаўшы сваё апавяданне з таго, што ён раскажа праўду і прызнаецца. Слухалі Саўку ўважна. Калі Саўка скончыў, яго нават пахвалілі, што ён узяўся за добрую справу, за справу выкрыцця злачынцаў і ворагаў польскага "ужопцу". Але яны чакалі ад Саўкі пачуць пра самае важнае для іх, і такім прызнаннем не задаволіліся. Але Саўка скончыў. З хвіліну памаўчалі. Рыжы, моўчкі пазіраючы на Саўку, пабарабаніў пальцамі па стале. У шустрага быў такі выгляд, як бы ён толькі-толькі навастрыўся слухаць пра самае цікавае, а Саўка так недарэчы спыніў на гэтым месцы сваё апавяданне. Нават доўгі натапырыў вушы. Шустры, не дачакаўшыся ад Саўкі фіналу апавядання, падагуліў тое, што ўстанавіла следства. – Лічым неабвержна ўстаноўленым, што замах на забойства асобы "ужондовай" з твайго боку быў... Нех пан так і запішэ, – павярнуў ён крывы нос да доўгага і панурага чалавека з зямлістым колерам твару. – Так, замах на забойства – устаноўлены факт, – зноў паўтарыў шустры, зварочваючыся да Саўкі, – гэтага аднаго даволі, каб па закону ваеннага часу павесіць цябе. Так, павесіць. Далей. З твайго паказання выходзіць ясна і лагічна, што ты меў дачыненне з паўстанцамі супраць польскага "ужонду", і ты гэта ўтаіў. А з гэтага выходзіць, што ты спачуваеш злачынцам і пакрываеш іх, іначай сказаць – ты сам такі ж злачынец і другі раз заслугоўваеш таго, каб цябе падняць на шыбеніцу. Так, так. Але збавенне для цябе яшчэ не страчана, калі ты раскажаш нам, дзе "ест" злачынцы, з якімі ты бачыўся і меў гутарку, і дапаможаш "злапаць" іх. Саўка папаў у акрутнае становішча. Але ён быў упэўнены, што яго бяруць "на зыхер", як называецца на мове арыштантаў. Ён зацяўся і ўпарта адмаўляў, што бачыўся з паўстанцамі і гаварыў з імі. Доўга біліся з ім у гэтым пункце паны следчыя. Націскалі на яго то ўгаворамі, то абяцаннямі, то пагрозамі, ушчувалі рознымі спосабамі. А Саўка цвярдзіў сваё: – Не ведаю. Не бачыў. Тады рыжы крута змяніў тактыку допыту. Ён раптам ускочыў на ногі, калодка-твар яго пачырванеў. Як шлягаю, грукнуў кулаком па стале і крыкнуў: – Лжэш, галгане! Але мы запытаем цябе іначай. Сарваўся з-за стала і злосна накіраваўся да вузкіх і нізкіх дзвярэй. Стукнуў два разы гучна ў дзверы і крыкнуў: – Адольф! У той жа момант дзверы расчыніліся. Прыгнуўшы галаву, граміла волатаўскага складу пераступіў парог і апынуўся ў пакоі допытаў. – Слухам пана! – прагрымеў яго голас. Рыжы кіўнуў яму на Саўку. – Запытаць у яго праўды! Саўка і не агледзеўся, як яго схапілі жалезныя рукі і павалаклі да той страшнай прылады, якая яшчэ спачатку звярнула на сябе яго ўвагу. На момант ён страціў прытомнасць. Апамятаваўся толькі тады, калі шыя яго была крэпка ўшчымлена дзеравянымі ліштвамі. Ён пачуў, што нейкая сіла адрывае яго ад зямлі. Нясцерпны боль туманам заслаў яму вочы. Жылы і косці яго расцягваліся і гатовы былі лопнуць у кожны момант. Ён закрычаў не- мым і дзікім крыкам і абамлеў. Калі ён ачнуўся, то ўбачыў, што ляжыць на падлозе, а каля яго стаіць страшны Адольф, рыжы і шустры. Саўка тупа паглядзеў рыжаму ў вочы. – Скажаш праўду? Дзе паўстанцы? – Не ведаю, – адказаў Саўка. Ён думаў, што цяпер яму павераць, але рыжы зноў назваў страшнае імя: – Адольф! Саўка адчуў, што сілы болей не хопіць, не вытрымае, і ён здаўся. · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · Тры фурманкі на добрых конях, запрэжаных у шырокія прасторныя сані, шпарка шыбуюць ляснымі дарогамі і гацямі паміж балот. У санях сядзяць незнаёмыя людзі, відаць, здалёк. На трох фурманках іх трынаццаць чалавек. I народ усё крэпкі, малады, здаровы, як на падбор. Па віду яны фальваркоўцы, сярэдняй рукі абываталі. I трымаюць сябе шляхетна, паважна. Куды яны едуць? Ці не ў госці ў які-небудзь хутар? Цікава толькі, што едуць адны мужчыны. Але ноч закрывае іх сваёю цемраю ад погляду цікаўных. Хіба толькі рэдкі падарожны, запазніўшыся ў дарозе, правядзе іх дапытлівымі вачыма, сышоўшы набок, ды сам сябе запытае: "Што гэта за людзі?" I ніяк не дагадаецца, што гэтыя людзі – пераапранутыя агенты польскай контрразведкі, што на пярэдняй фурманцы сядзіць Саўка Мільгун і паказвае дарогу ў той лес, дзе знайшоў сабе схоў і прыпынак выгнаны з дому Талаш, як не дагадваецца і Саўка, што там у лесе яго ўжо чакаюць разам з "гасцямі". Не дужа добра пачувае сябе Саўка, і не таму, што яго моцна набілі войтавы прыяцелі і аддалі ў рукі гэтых катаў, не таму, што яго катавалі, расцягвалі яму жылы і косці, а таму, што волю яго, упартасць, зацятасць зламалі і прымусілі рабіць так, як ім было трэба. Саўка хацеў паквітацца з войтам і яго прыяцелямі, парваць з імі кантракт і адступіцца ад той бруднай ролі, на якую падбілі яго. Але сталася не гэтак. Гадка, паршыва павярнулася справа, і страшна Саўку таго лесу, салаша таго, дзе ён гутарыў з дзедам. I сам дзед Талаш у вачах стаіць, а ў вушах гучаць яго словы: "Трымай язык за зубамі". I Саўка хацеў трымаць за зубамі язык – не таму, што так казаў дзед Талаш, не – ён проста сам жахнуўся агіднасці той справы, за якую ўзяўся так легкадумна. А можа, там нікога не будзе? Вось было б добра, каб там быў пусты салаш! Рыжы нічога не зробіць з ім, калі салаш знойдуць пусты: не прывязаць жа было Саўку дзеда Талаша. А сляды яго нойдуць. Саўка не думае, што будзе далей, калі вернуцца з лесу. Не думае нават і аб тым, што ён – нявольнік, што з яго рук не зняты наручнікі: іх знімуць тады, калі Саўка пакажа салаш, дзе прытуліліся небяспечныя канаводы паўстанцаў, – так яму абяцалі. Ды Саўка і не верыць ім. Але цяпер за кожным яго рухам пільна сочаць дзве пары вачэй. Дзве рукі трымаюць напагатове рэвальверы. Варта Саўку толькі паварушыцца чутачку мацней, як гэта трэба, або падаць голас людзям, што ён – нявольнік, каб яго тут жа застрэлілі, як сабаку. А можа, усё ж папрабаваць у лесе даць драла? Ноч, лес, глухмень. Авось вырвецца, уцячэ?.. Пагана адчувае сябе Саўка, а ўсё таму, што не дадумвае сваіх думак, робіць на авось, пакладаючыся на шчаслівы выпадак. Страшна Саўку таго лесу. Не, не лесу; страшней за ўсё суд людскі. А лес гэты ўжо блізка. Зараз дарога скончыцца – трэба ісці пехатой. Пярэдняя фурманка спыняецца. Дзве другія пад'язджаюць усутыч і таксама спыняюцца. Тры кіламетры адлегласці да таго месца, дзе стаіць салаш, схоў і прыпынак старога атамана, яго сына і памочніка яго, Мартына Рыля. Рэй вядзе рыжы. – Да зброі! – ціха камандуе ён. Шпікі і агенты скідаюць маскарад, бяруць карабіны, рэвальверы, закладаюць патроны і вылазяць з саней. Зрушваюцца з месца, ідуць расцягнутым ланцугом адзін за адным вузкаю лясною дарожкаю. Паперадзе Саўка і два яго канваіры. Яго не спускаюць з вока, не выпускаюць з рук. Ідуць як мага ціха, ступаюць асцярожна, каб не рабіць шуму. А лес, апавіты цемраю, чутка ловіць кожны неасцярожны гук, кожны шолах. Лес маўчыць глуха, зацята, знямела. Здаецца – пуста ў ім, бязлюдна і мёртва. Але гэта толькі відомасць цішыні і амярцвення. У гэтай глухой зацятасці начной цемры лесу шнуруюць, як цені, невідомыя людзі, прабіваючы яе вачыма. Яны ўжо ведаюць – вораг у лесе, смяртэльны іх вораг, ад якога няма ім літасці. Яны падлічваюць яго сілу, шэптам перадаюць па густому кругу людзей аб здабытых пра ворага вестках і звужаюць сваё кола. А вораг набліжаецца. Саўкавы вочы трывожна, неспакойна ўглядаюцца ў цемру лесу, у той бок, дзе стаіць салаш. Крадуцца ўжо з гадзіну. Салаш павінен быць блізка. I раптам – блісь у лесе агеньчык. Агеньчык мігае, як воўчае вока, у начной цемры, пад навіссю лесу. Эх, стары, стары! Сам дапамагаеш ворагу, палягчаеш задачу яму. Саўка дрыжыць, як у ліхаманцы, рукі яго трасуцца. – Тут! – шэпча канвойнікам і паказвае на маленькую баязлівую чырвоную плямку. Запыняюцца. Саўка і два яго канвойнікі застаюцца ззаду. Саўкава місія, паганая, здрадніцкая місія, скончана. А дзесяць чалавек пад камандаго рыжага ідуць далей, разыходзяцца кругам, здалёку абхватваюць гэтым кругам салаш і лагодны мірны агеньчык каля яго. Марудна, да болю напружана праходзяць хвіліны, доўгія, тамлівыя. У меру таго як звужваецца каля салаша кола, насоўваюцца канвойнікі, падштурхваюць Саўку – ногі не хочуць служыць яму, дранцвеюць. Салаш ужо блізка, аточан шчыльна, безнадзейна для тых, хто знайшоў сабе ў ім схоў і адпачынак. Праходзіць момант, адзін і другі, праходзяць хвіліны нясцерпнай цішыні. Бліснуў белы бляск, шпікі ліхтарыкамі асвяцілі салаш. У салашы пуста: засталося толькі жорсткае сена і пара старых дзяружак. Рыжы і яго каманда сходзяцца ў кучу, мітусяцца каля агеньчыка, даносяцца іх галасы. Яны расчараваны, абескуражаны: пракляты паўстанец знік, як злы дух! А ён тут быў, быў нядаўна! Рыжы мяркуе, абдумвае план бліжэйшага дзеяння. Ён гатоў ужо аддаць новы загад, і раптам, як порах, успыхнуў агонь з боку ад салаша, і полымя зараз жа ўзнялося да палавіны лесу, абвіло яго сукі і галіны. I другі агонь, такі ж раптоўны і імклівы, асвяціў лес з другога боку. Салаш і лес вакол салаша асвяціўся, як летнім паўднёвым сонцам. Гэта Цімох Будзік, спец па часці падпалаў, устроіў такую ілюмінацыю. – Складай аружжа! – як гром, пачуўся чыйсьці страшны голас. – Складай аружжа! – як рэха падхапіў паток людскіх галасоў. З усіх бакоў, з берагоў цемры, адсунутай і згушчанай агнямі, рынулі партызаны,трымаючывінтоўкі, як для штыхавога бою, і абкружылі густою сцяною рыжага і яго каманду. Моўчкі і пакорна пакідалі яны сваю зброю. – А мы вас даўно тут чакаем! – сказаў стары атаман, і нядобрая ўсмешка рассунула яго губы і асвяціла суровы твар. З натоўпу партызан праціснуўся Панас. Ён здрыгануўся, зірнуўшы на рыжага. – А гэта той самы, што мяне заарыштаваў! Саўка ўпаў у снег. Перапалоханыя канвойнікі таксама пападалі. Ззаду падбеглі партызаны, наставіўшы на іх цэлыя пукі вострых штыкоў, Абяззброілі і ўсіх трох па- вялі да салаша. Тут жа адбыўся і кароткі суд. Судзілі агулам. Некалькі залпаў з'явіліся адказам на прыгавор суда. А Саўку судзілі асобна, судзілі ўважна і доўга. У лесе было вядома, што Саўка ўсадзіў нож у бок войта, што Саўку аддалі ў рукі польскай улады. У Саўкі на руках былі наручнікі, на твары сінякі, а на шыі сляды катавання. Але не было згоды ў поглядах суддзяў. Адны стаялі за тое, каб Саўку дараваць, другія – за Саўкаву смерць. Нарэшце пастанавілі: аддаць на вырашэнне справу дзеду Талашу і Мартыну Рылю, паколькі Саўкава злачынства ў першую чаргу было накіравана супраць іх. Дзед Талаш паглядзеў на Саўку, паглядзеў доўга, дакорліва, а потым сказаў: – Ідзі, ідзі прэч, каб цябе не бачылі мае вочы!.. Жыві! – Запытаў Мартына: – Ты згодзен? Мартын моўчкі кіўнуў галавою.
|
|