РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXII
        
XXII

        
        Дагаварыцца аб справе з Саўкам Мільгуном узяўся разважлівы Бруй. Ён выбраў зручную часіну і вечарком, на змярканні, накіраваўся ў Саўкаў двор. Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас:
        – Хто там?
        – Гэта ты там, Саўка? – запытаў і Бруй.
        – Я! – спакойна азваўся Саўка і не дужа спяшаўся падымацца – проста не хацелася варушыцца: хата халодная, а печ была цёплая.
        – Здароў, Саўка! Што ты парабляеш там?
        – А вось ляжу і думаю сабе.
        – Ну што ж, і гэта работа, калі няма чаго лепшага... Аб чым жа ты думаеш?
        Бруй зайшоў з другога боку печы, бліжай да Саўкі. Саўка памкнуўся быў, каб устаць, але перадумаў і рашыў адказаць госцю лежачы.
        – Думаю, чым заняцца. Рабіць жа нешта трэба, а рабіць, дык вось не прыдумаю што.
        Пры гэтым Саўка падумаў: "Цікава, чаго ты прыйшоў?"
        – Галава ты, галава! Работы сабе не знойдзеш. Ды ты не любіш работы!
        – Ну, як то не люблю. Глядзя, якая работа.
        – Смешна гаварыць, каб чалавек работы сабе не знайшоў.
        "Ці не прыйшоў ты клікаць мяне на якую-небудзь сваю работу? – у мыслях сказаў Саўка. – Не, брат, дудкі, да цябе працаваць не пайду".
        – Чалавек шукае работы па сабе, – уголас сказаў Саўка.
        – Гультай ты, Саўка, вось я табе што скажу. У такі час, каб ты не знайшоў сабе чым заняцца!
        – Ну дык скажы – чым.
        Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў – Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы.
        – Ты вось што мне скажы, – адразу пачулася, што Бруй пераходзіць да справы, – да якой партыі належыш ты?
        – Як партыі? – пачухаў патыліцу Саўка.
        – А так, за каго ты стаіш?
        – Я? Ні за кога. Сам за сябе стаю.
        – Вось гэта і нядобра. Калі ты ні за каго не стаіш, то і за сябе не стаіш... Ты паглядзі, як ты жывеш: холадна, цёмна, пуста...
        – Ну, гэта не заўсёды так бывае, – запярэчыў Саўка, – калі пуста, а калі і густа.
        – Слухай, Саўка: ёсць адна справа – вазьміся за яе. Шкадаваць не будзеш... Якраз будзе густа.
        Саўка пачуў, што рыбка пачынае торгаць.
        – Кажы – што?
        – А вось што: зрабіся ты партызанам.
        Саўка памаўчаў, а потым адрэзаў:
        – Не хачу.
        – Ты не ведаеш, у чым тут соль.
        – Соль добра, калі ёсць што саліць, – заўважыў Саўка. "Закручваеш, брат, ты нейкую штучку. Чую – сальцам пахне", – сам сабе думае Саўка, але не спяшаецца выказваць рух свае душы.
        Разважлівы Бруй пакрыўдзіўся.
        – Калі ты не хочаш нават пацікавіцца, у чым тут справа, дык нам і гаварыць няма аб чым.
        I ён змоўк. Не падаваў голасу і Саўка. Ён разважаў так: пойдзе за дзверы, тады вярну яго. Але Бруй за дзверы не пайшоў.
        – Чаму ў цябе няма агню? – запытаў ён.
        – Дзеці ў суседа гуляюць. Жонка да маткі пайшла, а я, покі не надумаў, што рабіць, не маю патрэбы ў агні.
        – Цяжка ж ты думаеш.
        – Усякія думкі бываюць.
        – Дык ты партызанам быць не хочаш?
        – Не, не хочу.
        Як відаць, яму надакучыла гэта гульня ў хітрыкі, і ён дадаў:
        – Кажы проста і не хітруй, пане Бруй.
        – Дык вось слухай. Ты – чалавек, на якога крыўды мы не маем. Чым ты займаўся там, мы не ведаем. Дзяліць нас ты не збіраўся. Але былі таварышы, што на наша дабро, на наш набытак ужо разяўлялі раты і працягвалі рукі. Цяпер яны па лясах туляюцца ды ў шайкі сходзяцца. А з гэтага дабра не будзе. Парадак жа павінен быць, і вуха трымаць трэба востра. Вось бы ты і ўзяўся за імі пасачыць. А для гэтага табе і трэба партызанам прыкінуцца. Табе яны павераць, а ваяваць табе не канечне. Ты толькі праведвай, дзе яны хаваюода і што яны думаюць рабіць, і папярэджвай нас праз войта Васіля Бусыгу. Вось і ўся твая работа. А плата будзе табе някепская: хлеб будзе, да хлеба будзе, капейка будзе і ні ў чым нястачы не будзе.
        Саўка акінуў поглядам сваіх мыслей увесь складаны комплекс той ролі, на якую падбіваў яго Бруй, з усімі яе выгодамі і хібнымі бакамі. Ён адразу пачуў цвёрды і прасторны грунт дзеяння. У хаце было цёмна, і Бруй не мог сачыць за выразам Саўкавага твару. Ён цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад'ехаў ён да Саўкі.
        "Ці не пагарачыўся я?" – разважаў разважлівы Бруй і з некатораю трывогай чакаў Саўкавага слова. Саўка ж адразу ацаніў стратэгічную важнасць свае пазіцыі і ўзважыў сваю ролю і спосабы яе выпаўнення.
        – А што вы дасцё мне за гэта? – нарэшце запытаў ён.
        У разважлівага Бруя як бы камень з плеч скаціўся.
        – Аб плаце мы дамовімся лёгка, і крыўды мець ты не будзеш.
        Усякі такі торг і сканчэнне торгу звычайна адзначаецца барышом. Бруй заклікаў Саўку да рыжабародага Біркі, як гэта было ў іх зараней абмеркавана. Туды ж павінен быў падысці і Васіль Бусыга.
        Сышліся ў Біркі.
        Пілі самагон, елі скваркі. Тут за гуртам акрэслілі круг Саўкавых абавязкаў, а таксама дамовіліся і аб плаце, прычым у яе аснову быў паложан прынцып прэміі – болей старання, плата звыш нормы, і чым большы вынік, тым болыная прэмія.
        Падазроным, спасцярожлівым вокам акінула Аўгіня Васіля, калі ён выйшаў з хаты і па яго прыслалі ад Біркі. З таго дня, калі Аўгіня так няветла прыняла Васілёва паведамленне аб тым, што ён – войт, яны амаль што не гаварылі. Праўда, Аўгіня гатова была пайсці на згоду. У яе былі на гэта свае меркаванні, яна першая рабіла захады ў гэтым кірунку, але Васіль закуражыўся і астаўся глух. Гаварыў з ёю скупа, і то толькі ў афіцыяльных выпадках, калі справа датыкалася гаспадарскіх інтарэсаў. Зацялася тады і Аўгіня: цяпер яна мела на гэта права як абражаная і пакрыўджаная жанчына. У мыслях яна была нават і рада гэтаму, але ад прыроды яна была трохі артыстка і спрытна праводзіла ролю зняважанай жонкі.
        "Куды ж гэта пайшоў ён? Чаго?" – карцела пытанне ў Аўгінінай галаве. Ёй адразу цюкнула, што тут мае месца змова. Яна ўспомніла словы рыжабародага Кандрата Біркі аб партызанах. Усё гэта яе зацікавіла і занепакоіла. Ёй раптам стала страшна, страшна таго прамежнага стану, у які папала яна. Яна ўспомніла бабку Насту, гутарку з ёю. Перад ёю таксама ўсплылі апошнія падзеі ў Вепрах. Жыццё намотвала вакол яе ліпкія ніці, у якіх можна лёгка заблытацца, як муха ў павуціне. Адысціся ўбок ад усяго гэтага яна ўжо не магла. Ёй трэба ведаць, што робіцца вакол яе, і не хадзіць сляпою. Ёй трэба, нарэшце, на нешта наважыцца і пайсці па нейкай пэўнай дарозе.
        Аўгіня апранула кажушок, што вельмі ўтульна аблягаў яе, накінула на галаву цёплую хустку і выйшла на двор. Спынілася каля весніц. Ужо цёмная ноч густа заткала цемраддзю вуліцу, хаты і двары. Тускла і нясмела свяціліся вокны. Па вуліцы зрэдку праходзілі адзіночныя чалавечыя постаці. Аўгіня хвілінку пастаяла, а потым рашуча накіравалася ў бок хаты Кандрата Біркі. Хацелася праверыць сваю дагадку.
        Біркава хата стаяла непадалёку па другі бок вуліцы. Разглядаючыся, Аўгіня асцярожна ўвайшла ў двор, ціхенька расчыніўшы веснічкі, і стаілася за вуглом, каб не папасціся каму на вочы. Расслухаўшыся, яна высунула галаву ў палоску святла, што ішло ад акна. Яна хвалявалася, як чалавек, што змушан падглядаць спотайку, рызыкуючы быць злоўленым. Па хаце ківаліся цені, няясна даносіўся прыглушаны гоман. Разгледзець, што робіцца ў хаце, было трудна. Аўгіня прыгнулася, зайшла з другога боку і зноў зазірнула ў акно. Скрозь чысты, не затканы марозам кусочак шкла яна разгледзела мужчын, сядзеўшых за сталом і выпіваўшых. Дзве постаді найболей звярнулі на сябе Аўгініну ўвагу: Васіль і доўгі, хударлявы, чарнамазы Саўка Мільгун. У Аўгіні ніякіх сумненняў цяпер не заставалася: Саўку нанялі, купілі за грошы і ставілі на цёмную, здрадніцкую справу. Ад Саўкі можна спадзявацца ўсяго. Пачуцці страху і агіды калыхнуліся ў Аўгініным сэрцы. Аставацца тут болей не было чаго. Так жа ціхенька выйшла на вуліцу і пайшла ў сваю хату. Тут толькі ўляглося яе хваляванне, і сэрца стала біцца спакайней.
        Дзед Купрыян ужо драмаў на сваіх палатках, ці, можа, проста думаў пра ўсе гэтыя падзеі апошніх дзён. Не спачуваў дзед Купрыян усёй гэтай валтузні і калатэчы і не разумеў нічога з таго, што пачало тварыцца на свеце. У яго было цвёрдае перакананне ў тым, што ўсё ліха пайшло ад таго, што скінулі цара.
        Меншыя Аўгініны дзеці – два хлопчыкі – спалі бестурботным сном шчаслівага дзяцінства. Не спалі толькі Аўгіня і Алеся. Яны сядзелі каля камінка, пралі і ціхенька вялі гутарку. Алеся дзіцячым інстынктам угадвала бацькаву няласку да сябе, і пад уплывам гэтага яе псіхіка была сціснута і прыгнечана беспрычынным страхам і боязню. А ў апошнія дні гэты страх і неспакой яе дзіцячага сэрца сталі яшчэ болей вострымі, асабліва калі бацькава панурасць накіравалася і на матку. Яна трацілася ў дагадках, чаму гэта так, але не магла вытлумачыць сабе прычын бацькавых паводзін. Тое, што гаварылі ў хаце навокал яе старэйшыя, параджала ў яе сэрцы няясныя і страшныя мыслі аб людской жорсткасці і несправядлівасці.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.