РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXIV
        
XXIV

        
        Калі Саўка Мільгун сам не дадумаўся, якою справаю заняцца яму, дык за яго людзі падумалі, і добра падумалі. Цяпер Саўка злез з печы, ажывіўся, парухавеў, – словам, другім стаў чалавекам, і думак у яго поўная галава. Думкі яго ідуць па дзвюх асноўных лініях: першая – як практычна звязацца з партызанамі і другая – як застрахавацца ад іх на ўсякі выпадак. Іначай сказаць, што трэба зрабіць, каб і сена было цэлае і каб козы былі сытыя? Як вядома, такую мудрасць шмат хто праводзіць у жыцці. I Саўка бярэцца за работу. Не брацца нельга: барыш выпілі, задатак узяў. Крупы, мукі, сала таксама перапала. А наперадзе гэта перападанне абяцае стаць яшчэ болей шчодрым. Не трэба толькі спаць у шапку і не быць дурнем.
        Сабраўся Саўка ў дарогу, напусціў на сябе ваяўнічы выгляд і мнагазначна прайшоўся перад вокнамі войтавай хаты і яго прыяцеляў: няхай ведаюць, што ён выконвае свае абавязкі. I войт убачыў яго з двара і таксама мнагазначна кіўнуў яму галавою.
        Саўка ідзе ў Вепры – з Вепраў пачне ён сваю работу. Сустракаючы сяго-таго з сваіх знаёмых, ён асцярожна заводзіць гутарку аб гэтай бядзе, што на людзей насунулася, аб тым, як цяжка жыць пад польскай акупацыяй.
        – Куды, Саўка, ідзеш? – запытаюць яго.
        Саўка нахмурыць бровы і грозна адказвае:
        – Чалавеку цяпер адна дарога – у лес!
        I скажа такім трнам, што ўсім становіцца ясна, чаго трэба чалавеку ў лес ісці.
        – Охо-хо! – уздыхне толькі Саўкаў слухач.
        I нічога дзіўнага няма: зусім слушна гаворыць Саўка, і яго словы разумеюць як заклік да паўстання. Людзі спачуваюць яму, а некаторыя нават папярэджваюць, каб ён асцерагаўся, бо можна лёгка папасціся. Саўка і сапраўды думае, што трэба асцерагацца.
        Строга акрэсленага плана ў Саўкі няма. Ён накідаў толькі самыя агульныя абрысы яго, а рэшта – Саўка проста пакладаецца на шчаслівы выпадак. Вось чаму яго дзейнасць болей падпарадкуецца натхненню, чым папярэдняй прадуманасці, і калі Саўка выходзіў ужо з сяла, трымаючы кірунак на Вепры, і ў поле яго зроку трапіла хата дзеда Талаша, то ён рашыў не мінаць яе: ану ж, натрапіць на след старога паўстанца. Па істоце Саўка нічога не мае супраць дзеда Талаша і тых людзей, за якімі ўзяўся ён сачыць, ён глядзіць на іх як на сродкі да жыцця. Ён гатоў нават і спачуваць ім, але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці?
        Максім тупаў на двары. Тая бяда, што навалілася на дзедаву хату і яго сям'ю, здавалася, абмінула Максіма і не налажыла на яго свайго адбітка. Прынамсі, на Максімавым твары не заўважалася нічога такога, што сведчыла б аб згрызотах і трывогах душы. Але і не вечна ж заставацца твару адным і тым жа, а ў Максіма, быць можа, былі прычыны праясніць свой твар.
        Максім трохі здзівіўся, убачыўшы на двары Саўку: такі рэдкі быў ён тут госць. Але Саўка як ні ў чым не бывала падышоў да Максіма, прывітаўся.
        – Асірацеў ты, брат Максім, – пачаў гутарку Саўка.
        – Выходзіць, што асірацеў.
        Максім быў захоплен знянацку і не знайшоў болей трапнага адказу.
        Саўка ж трымаўся ўзятага тону. Ён дакорліва патрос галавой.
        – Вось, брат, часы насталі! Ні ў чым пэўнасці няма, і сам сабе не можаш быць гаспадаром. Я проста не ўрымшчуся. Месца сабе не знаходжу.
        – А табе што?
        Максім падумаў, што Саўку палякі пакрыўдзілі.
        – Ну, як-та што? Ты ж думаеш, баліць толькі таму, каго за жабры ўзялі? Баліць і таму, хто змушан глядзець на ўсё гэта. Ведаеш жа, што робіцца. Не мне гаварыць табе пра гэта.
        – Ну дык што? – і Максім недаверліва паглядзеў на Саўку.
        – А тое, што сядзець не трэба ціха.
        – А чаго ж ты сядзіш? – папікнуў Саўку Максім.
        – Вось жа і не ўседзелася мне. Людзі ідуць у лес, і я іду туды.
        Максім падазрона ўжо глянуў Саўку ў вочы.
        – Ты, брат Максім, не ведаеш Саўку, але ты скора пачуеш пра яго, – развейваў Саўка Максімава падазрэнне.
        – Ты гаворыш так, што цябе і зразумець трудна, – заўважыў Максім. У яго голасе ўсё ж адчувалася недавер'е да Саўкі. Гэта адчуў і Саўка.
        – Ты хочаш сказаць – трудна паверыць? – запытаў Саўка і, не чакаючы адказу, дадаў:
        – Скажу проста – іду, брат, партызаніць, з добрымі людзьмі скампанавацца хачу. Ды толькі ты – маўчок, ні гу-гу.
        Максім пазіраў на Саўку шырока раскрытымі вачыма, а Саўка гаварыў далей:
        – Табе я скажу, а другому не скажу, бо твой бацька герой. Чым я горшы за твайго бацьку? Чаму ён павінен партызанам быць, а я дома сядзець?
        Максім затрывожыўся.
        – Бацьку не даюць дома сядзець: яго ловяць, і ён мусіць хавацца, бо ў астрозе сядзець нікому ахвоты няма.
        – Як за добрую справу, то і ў астрозе не шкада пасядзець. Але ты скажы – мне ты можаш сказаць праўду, – куды мне падацца, каб пабачыць твайго бацьку? А калі не яго, то Мартына Рыля ці каго-небудзь з іх?
        – А скуль я магу ведаць? Бацькі даўно дома не было. Як вырваўся ад палякаў тады, дык і не паказваецца. Дзе ён, што з ім – не ведаю.
        – Можа, яно і лепей, што не ведаеш, – разважліва зазначыў Саўка, – хіба людзям цянер можна верыць?.. Ну, але хто хоча свайго дабіцца, той даб'ецца. Дык бывай, Максім, здаровы!
        – Бывай!
        Саўка крэпка паціснуў Максіму руку.
        Максім доўга стаяў, пазіраў, як Саўка выходзіў з сяла і павярнуў на дарогу ў Вепры, пазіраў, покі зусім не знік з вачэй, і думаў над гэтым дзіўным візітам такога няпэўнага чалавека, як Саўка Мільгун. У выніку разважанняў над гэтаю гутаркаю з Саўкам Максім сказаў сам сабе: шалахтун... А ўрэшце ад яго ўсяго можна спадзявацца.
        I ўсё ж Максім не мог заспакоіцца на гэтай думцы. Саўкавы словы і яго намер пайсці ў партызаны ніяк не месціліся ў Максімавай галаве – ці не было тут якога падступства? Ці не падаслалі яго, каб выведаць пра дзеда Талаша? Максім жа, шчыра кажучы, нічога не ведаў пра бацьку і пра Панаса. З таго часу, як начавалі яны з Мартынам Рылем, бацька дома не паказваўся.
        Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам, і засланіла яго самога на некаторы час. Прыйшла Алена. Яна была на сяле. Не заходзячы ў хату, Алена падышла да Максіма.
        – Ведаеш, Максім, што за праява была ў Ганусах?
        Па тону Аленінага запытання Максім адчуў, што праява была дужа цікавая.
        – Не, не ведаю, не чуў, – адказаў Максім і з некатораю трывогаю зірнуў Алене ў вочы.
        – У сяле гавораць, што пад Ганусамі паўстанцы-сяляне ўшчэнт пабілі палякаў, паадбіралі награбленае дабро і жыўнасць, а саміх іх знішчылі да аднаго.
        – Вось гэта добра, калі то праўда! – азваўся Максім, і ў вачах яго бліснула радасць і здавальненне.
        – Праўда, Максім, і самі людзі з Ганусаў расказвалі пра гэта. I ведаеш, яшчэ што расказваюць? Што паўстанцамі камандаваў стары, ужо сівы чалавек, што там былі нашы салдаты. А гэты стары чалавек, па расказах, вельмі падобен да нашага бацькі.
        – Ну што ты кажаш?! – здзівіўся Максім.
        – Праўда, праўда, Максім!
        – Не, гэта, мусібыць, брахня.
        – Не брахня, а людзі гавораць, – стаяла на сваім Алена, – і не адна я так думаю, а і шмат хто думае так.
        – Ну калі ён управіўся народу назбіраць і трапіць аж у Ганусы?
        Алена не здолела растлумачыць, як гэта магло здарыцца, але яна была цвёрда пераканана ў тым, што ў ганусанскіх падзеях браў удзел і дзед Талаш. Яе ўпэўненасць была такая моцная, што перадалася, нарэшце, і Максіму. У сувязі з гэтым ён успомніў Саўку Мільгуна. Саўкавы словы, яго паводзіны і намер прадставіліся цяпер у іншым асвятленні: проста Саўка дачуўся аб геройстве партызан, і ўчынкі іх натхнілі яго на ваяўнічы лад. Нічога дзіўнага няма ў тым, што пры такіх абставінах Саўку і сапраўды захацелася зрабіцца партызанам. Але чаму Саўка нічога не сказаў пра падзеі ў Ганусах? А ён, відаць, проста сумыслу не гаварыў пра іх, каб не зніжаць свайго ваяўнічага намеру. Гэтыя меркаванні здаваліся Максіму зусім натуральнымі і яшчэ болей умацоўвалі ў ім тую ўпэўненасць, што перадавалася яму ад жонкі. Сваімі думкамі ён падзяліўся з Аленаю, расказаўшы ёй пра сваё спатканне і гутарку з Саўкам. Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Такім чынам, усе няяснасці і сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся.
        Навіны ж аб ганусанскіх падзеях перадаваліся з хаты ў хату і глыбока захаплялі ўсіх і хвалявалі. Яны сталіся асноўнаю тэмаю для гутарак, разважанняў і розных спалучэнняў падзей у іх цэлым жывым вянку, сплеценым людскою пакутаю і кроўю. Раззбраенне польскага канвою, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах – усё гэта адышло цяпер на другі план, засланілася ганусанскімі падзеямі. Людская гутарка аздабляла сапраўдныя падзеі, прыплятаючы сюды розныя эпізоды, драбніцы і такія акалічнасці, якіх у сапраўднасці не было, але якія маглі быць. Ганусанскія падзеі набывалі значэнне гераічнай быліны, дзе партызаны выступалі як волаты, а іх атаман рысаваўся як народны герой, як рука караючай справядлівасці і помсты за людскія крыўды і пакуты. Гэтыя ж падзеі падымалі дух працоўнага сялянства і клікалі яго да актыўнага змагання супраць акупанцкай навалы.
        Толькі бабка Наста па-свойму прыняла гэту весць аб падзеях у Ганусах. Яе асабліва занепакоіла тая акалічнасць, што ў гэтых падзеях мог браць удзел і дзед Талаш. Быў ён там ці не быў, напоўна ніхто не ведаў. Але ж людзі называлі яго імя. Ведаючы ж характар свайго старога, бабка Наста зусім была гатова паверыць, што ён там быў, і гэта акалічнасць яе зусім не цешыла. Што ж будзе з Панасам? Што станецца з іх хатаю? Неспакойна было на сэрцы ў бабкі Насты.
        Вечарам, калі зусім ужо змерклася, бабка Наста сядзела адна ў хаце, запаліўшы газовачку, прала кудзелю, што прынесла ёй Аўгіня. Невясёлыя думкі, такія ж аднастайныя і доўгія, як і тыя ніці, што смыкала яна і накручвала на верацяно, віліся над яе старою галавою. Бабка Наста адчувае сябе зусім адзінокаю. Максім і Алена – крыўдзіцца на іх бабка Наста не магла – болып паміж сабою перагаворваюцца. Яны маладыя. Усё жыццё яшчэ перад імі. Моладасць жа не так кратаюць згрызоты, як старасць. Яны ўдваіх. Бабка ж Наста зусім, зусім адна. Яна думае пра Панаса, і слёзы, як восеньскія дажджавыя кроплі на халодным шкле, паволі коцяцца па яе маршчыністым твары.
        Дзверы бабчынай хаты ціха скрыпнулі.
        Бабка Наста зірнула – парог пераступіла постаць маладзіцы. Яна была таіс захутана, што нельга было разгледзець яе твар. I толькі калі яна сказала:
        – Добры вечар, – бабка па голасе пазнала Аўгіню.
        – А, гэта ты, Аўгінька!.. А я кудзелі яшчэ недапрала.
        – Ліха з ёю, з кудзеляю!
        Аўгіня падышла зусім блізенька да бабкі Насты. Голас яе перарываўся. Сама яна хвалявалася.
        – Бяда, бабка Наста! – здушаным голасам сказала Аўгіня. – Я прыйшла вас папярэдзіць.
        Яна расказала пра Саўку Мільгуна і пра яго ролю, якую адводзілі яму войт і два яго прыяцелі.
        – Што ж цяпер рабіць? – сашчаміла рукі бабка Наста.
        – Трэба даць знаць, папярэдзіць трэба вашага старога і тых, хто з ім. Не палохайцеся, бабка!
        Аўгіня прадумала ўсе спосабы і расказала аб іх бабцы Насце. Трэба даць знаць у Вепры жонцы Мартына Рыля. Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Гэту справу можна даручыць Алене або Максіму. Нарэшце, бабка Наста сама можа гэта зрабіць. Баяцца няма чаго. Саўка вялікай бяды не наробіць, калі будуць ведаць, што ён за партызан.
        – Толькі ж, бабка, Божа барані, не кажыце, што гэта я перадавала вам!
        Аўгіня так жа ціха выйшла з хаты дзеда Талаша, як і прыйшла.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.