РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
V
        
V

        
        На подступах да Прыпяці польскае войска змушана было запыніцца. Першыя дні ў гэтым раёне вяліся жорсткія баі. Улічваючы важнасдь пазіцыі на Прыпяці, палякі імкнуліся перайсці яе, каб потым павесці свой далейшы наступ супраць Чырвонай Арміі. Але ўсе спробы польскіх легіёнаў прасунуцца наперад не мелі поспеху, і польскі ваяцкі запал значна апаў і астыў. Снягі і марозы, нечакана скаваўшы Палессе, прыпынілі ваенныя аперацыі шырокага маштабу. Адзін і другі бакі падцягвалі тылы і рэзервы, зорка сачылі адны другіх, умацоўвалі свае пазіцыі, рыхтуючыся да наступных рашучых схватак.
        Значныя часткі Палесся, амаль уся Піншчына, частка Рэчыцкага і Мазырскага Палесся былі акупаваны белапалякамі.
        Новую, рэзкую мяжу палітычных і сацыяльных форм праводзіла польская акупацыя. З глыбі вякоў паўставалі даўно забытыя, сцёртыя ў памяці народа парадкі, традыцыі і адміністрацыйныя функцыі абуджанай польскай дзяржаўнасці, паўставалі, як магільныя прывіды, узрушаючы псіхіку шырокіх пластоў працоўных мас. А калі што і заставалася ў народнай памяці з пахаванага, здавалася, мінулага, то яно выклікала ў яе прадстаўленні чорныя моманты прошлага, звязанага з польскім шляхецтвам, з панскасцю і прыгонніцтвам. Ваяводствы, староствы, павятовыя "камісаржы", войты, пастарункі – ужо адны гэтыя голыя формулы змушалі падазрона наставіць вушы і станавіцца да ўсяго гэтага скептычна, варожа, безнадзейна. Але былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга.
        Акрыяў духам Васіль Бусыга. Проста як бы ў яго выраслі крыллі. Ён хадзіў раўней і вышэй падымаў галаву. Толькі часамі і асабліва спачатку яго браў страх, каб зноў не вярнуліся бальшавікі. Тым часам ішлі дні, бальшавікі не варочаліся, і сумненні наконт трываласці новага ладу жыцця глушэлі і глушэлі, і перад Васілём усё смялей і смялей рысаваліся ружовыя далечы жыцця. Яго не засмучалі такія праявы, як расправа польскай адміністрацыі з аматарамі парушыць святое права чужой уласнасці. Адчувалася адразу, што польская ўлада нясе за сабою парадак, закон і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, і Васіль з асаблівым замілаваннем прыкідаў у думках розныя меркаванні ў сваіх гаспадарскіх справах. Расчыняліся і мажлівасці значна павысіць вагу свае гаспадаркі. Розныя планы аб павелічэнні зямлі прыходзілі яму ў галаву. Спрыяла яму і тая акалічнасць, што пана Крулеўскага прызначылі павятовым "камісаржам". I як гэта добра, што ён, Васіль Бусыга, умее ладзіць з такімі людзьмі, як пан Крулеўскі.
        Гэта акалічнасць наводзіць Васіля на думку зрабіць візіт пану Крулеўскаму, цяпер павятоваму "камісаржу". А зрабіць гэты візіт Васілю нятрудна: хіба ў яго не знойдзецца адпаведнай прычыны для ўгрунтавання свайго візіту? Прычын такіх многа. Па-першае, трэба ўпарадкаваць зямельныя справы – не пакідаць жа іх так, як засталіся яны ад бальшавікоў. Ды трэба ж і ў вёсцы заводзіць нейкі іншы лад. Праявіць жа свой пачын ніколі не пашкодзіць.
        Васіль Бусыга расчасаў акуратначорную бараду, адзеў кажух чорнага вырабу, дагнаны да стану, падперазаўся шырокім пышным поясам, спецыяльна вытканым рукамі яго Аўгіні, жанчыны віднай і павабнай. I калі Васіль, выстраіўшыся па ўсіх правілах мастацтва, стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні, яна толькі сказала: 'Тэ ж, які ты шчогаль!"
        Пан Крулеўскі сядзеў у сваім кабінеце на шырокім мяккім крэсле. На стале, засланым зялёным сукном, стаялі прылады пісьма і розныя дарагія рэчы, для пісьмовага стала спецыяльна прызначаныя. Тут жа ляжалі і розныя паперы. А ўсё гэта павялічвала значэнне адміністрацыйнай асобы пана павятовага "камісаржа". На сценах віселі партрэты польскіх генералаў, такіх непрыступных і строгіх. Між гэтых запраўскіх ваякаў кідалася ў вочы духоўная асоба, партрэт біскупа, стрыжанага, брытага, з усімі біскупскімі атрыбутамі. Васіль, зірнуўшы на яго, падумаў сам сабе: "А чаго папаў сюды гэты галамоўза?" Але ўголас не выказаў свае думкі, бо Васіль быў чалавек палітычны і спрытны. Цэнтральнае месца сярод партрэтаў займаў партрэт даволі панурага віду генерала з даўгімі, спушчанымі ўніз, як у маржа, вусамі. На грудзях у яго быў цэлы музей крыжоў, медалёў і розных цацак, што вядуць свой пачатак яшчэ з таго часу, калі роданачальнікі нашых продкаў фарсілі ў хвартушках і звярыных шкурах.
        I біскуп, і ўсе гэтыя генералы, і стол з яго ўкрасамі надавалі яшчэ болей важнасці і пыху асобе павятовага "камісаржа". Гэту асаблівасць адразу адчуў Васіль Бусыга, а таму прывітанне яго пану Крулеўскаму было яшчэ болей пачцівым, як звычайна.
        Павятовы "камісарж" чуць-чуць кіўнуў галавою, і гэты ківок быў повен велічнасці і паважнасці.
        – Цо повеш?
        Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, афіцыяльны, начальніцкі тон.
        У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Размовы ж ён меў пераважна з валаснымі пісарамі, з папамі, ураднікамі, часам з прыставам. Ад іх запазычаў ён і расійскія словы, хоць вымаўляў іх са сваім палескім акцэнтам.
        – Прыйшоў я да гаспадына пана-камісара прачуць пра сэ-тэ, бо мы сяйчас тэрас жывэма, як гарох пры дародзы, нічаво ніц не ведаючы.
        Пан Крулеўскі зірнуў на Васіля. Хацеў зрабіць заўвагу аб польскай мове ў Васілёвым вымаўленні, але замест гэтага запытаў: •
        – А як становяцца "веснякі" да польскай улады?
        – Каторыя, проша пана, станавітыя, гаспадары, тыя Богу дзякуюць – парадак прыходзіць, каб можна спакойна жыць і працаваць.
        – А рэшта?
        – Усякія, проша пана, ёсць... Дык і трудна сказаць, покі блізка лачальства няма, каб хто мог цікавіцца гэтым.
        Васіль Бусыга недагаварыў свае думкі: інстынкт самазахавання дыктаваў яму не расчыняць ёй занадта шырока дзвярэй. Але наконт начальства намякнуў ён тонка: быў жа Васіль кандыдатам на старшыню. Але гутарка на гэтым абарвалася: у двары павятовага "камісаржа" пачуўся шум, галасы і грубыя салдацкія вокрыкі, нагадваючы сабачы брэх. Пан Крулеўскі падняўся з крэсла, падышоў да акна. Туды ж павярнуў галаву і Васіль.
        Двор запаўняла цэлая грамада палешукоў, пераважна маладых і сярэдняга веку людзей. Яе абкружаў ланцуг польскіх легіянераў. Лахматыя шапкі розных форм і колераў. Доўгія і кароткія заношаныя кажушкі, чорныя простага сукна пільчакі, світкі, і ўсе абутыя ў дрэнныя лазовыя лапці з высока накручанымі анучамі. Раменныя і берасцяныя кайстры, перакінутыя цераз плечы, завяршалі іх адзенне. Твары іх былі замкнёныя, панурыя, суровыя. Дасціпныя і праз меру адданыя канвойнікі навадзілі парадак у гэтым тлумным стракатым натоўпе, стараючыся паставіць сагнаных невядома адкуль і за што людзей у рады, лаяліся, штурхалі, пагражалі. Не прывыкшыя да такіх строгасцей і адчуваючы агіду да гэтага капральскага парадку, палешукі агрызаліся і на гэтым грунце вынікалі канфлікты, гатовыя перайсці ў цэлую буру грозных учынкаў.
        – Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш!
        Высокі, плячысты, жылісты паляшук, сярдзіта ссунуўшы бровы, абсыпаў іскрамі знявагі і злосці штурхнуўшага яго канвойнага. Легіянер, сустрэўшы знішчаючы погляд злосных вачэй, трусліва здаўся.
        – Мільч, сцерва! – прыкрыкнуў ён, але на ўсякі выпадак падаўся далей ад раззлаванага гіганта.
        – Ды гэта ж Мартын Рыль! – апазнаў Бусыга хударлявага шырокага палешука з суседняй вёскі Вепры, і па яго целу прабегла нервовая дрыготка. Але гэта нечаканасць выклікала ў ім здаваленне.
        Запыненых на некалькі хвілін палешукоў павялі за рог дома, дзе была падрыхтавана каталажка, служыўшая раней складам для рознага гандлярскага хламу. Хвіліны праз дзве з'явіўся капрал і далажыў пану Крулеўскаму аб прыводзе злачынцаў, бунтаўшчыкоў супраць новай улады, выяўна сімпатызуючых бальшавіцкаму "барбарству" і анархіі.
        Вяртаючыся дадому ад павятовага "камісаржа", Васіль Бусыга разважаў сам з сабою аб сваім войтаўстве, – яно было забяспечана яму панам Крулеўскім, і аб сваіх абавязках, – яны выплывалі з яго войтаўскага чыну. I яшчэ думаў ён і аб Мартыну Рылю, а пытанне аб тым, ці сказаць аб гэтым Аўгіні, ці не, аставалася адкрытым.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.